На Купальскае свята
Традыцыйны Купальскі фэст адбыўся ў мінулую суботу на беразе возера Мястра. Мяркую, ніхто з тых, хто адклаў убок справы і завітаў на мерапрыемства, пра гэта не пашкадаваў. Бо меў магчымасць дакрануцца да вытокаў багатай народнай спадчыны, паслухаць добрыя песні і проста адпачыць душой.
Як і кожны раз, так і цяпер не абышлося без прыгожай тэатралізаванай дзеі, дзе галоўнымі героямі былі Купаліш і Купалінка. Яны і распавялі прысутным, а таксама гасцям свята — Дзеду і Бабе — пра традыцыю, якая прыйшла да нас ад продкаў. Так-так, менавіта ў купальскую ноч — самую кароткую за ўвесь год — прырода расцвітае ва ўсёй сваёй непаўторнасці і прыгажосці.
Сустракаюцца чатыры стыхіі: вада — гаючая і жывая, паветра — празрыстае і чыстае, зямля — шчодрая на свае дары і агонь — саграваючы і ачышчальны. А яшчэ — расцвітае Папараць-кветка: хто знойдзе
яе — будзе шчасце мець на ўвесь век! Праўда, сарваць яе не так і проста, бо перашкаджае гэтаму нячыстая сіла, якая ўсю ноч гуляе і забаўляецца. Яна і на свята ў Мядзел завітала, і нават Купалінку ўкрала. Толькі як заўсёды бывае, дабро перамагло зло: чорт з чарцянятамі вымушаны былі пакінуць мерапрыемства. Але перад гэтым яны вярнулі Купалінку, і ўрачыстасць на беразе прыгажуні Мястры прадоўжылася з яе ўдзелам. А тым часам і вогнішча разгарэлася. Удзельнікі свята завялі вакол яго карагод. Дарэчы, галоўнае прызначэнне вогнішча — прагнаць усё дрэннае і нячыстае, што іншы раз наведвае людскія душы, збіраецца вакол нас, у тым ліку злосць, зайздрасць, сквапнасць, баязлівасць…
Здаўна па традыцыі ў купальскую ноч варажылі. Вось і дзяўчаты-купалінкі паклалі на ваду вяночкі, з любоўю сплеценыя з ліпеньскіх красак. Яны паплылі ўдалячынь па люстраной вадзе ў пошуках шчасця.
Працавалі таксама ў той вечар тэматычныя пляцоўкі. Як мне здалося, найбольш запатрабаванай была “Купальскі вяночак”, дзе праводзіўся майстар-клас па пляценні вянкоў. Шмат дзетвары сабрала і “Казка ў красцы” (бодзі-арт). Карысталася папулярнасцю і “Зялёная аптэка”, дзе была наладжана выстава-продаж зёлак, бярозавых і дубовых венікаў. Сувеніры на любы густ прапаноўвалі жадаючым майстры Лацвянскага і Дзягільскага Дамоў майстра. З цікавасцю разглядалі ўдзельнікі свята таксама выставу вышыванак мядзяльчанкі Ніны Герасімавай. Раз-пораз спыняліся гараджане ў фотазоне. Многія фатаграфаваліся на добрую памяць аб мерапрыемстве ў вянках з палявых кветак. Была наладжана і работа гандлю. А таму можна было падсілкавацца, смагу наталіць і прысмакаў паспытаць. Для дзяцей працавалі атракцыёны, ладзіліся гульні.
Шмат прыемных хвілін падаравала многім і культурная праграма, якая плаўна змяніла тэатралізаваную дзею. Хораша спявалі Вікторыя Стэрнад, Аксана Вязевіч, Ірына Кушнір, Валянціна Мандрык, Пётр Аміраў, Таццяна Іванова. Выдатным дапаўненнем да прыгожых мелодый стала выступленне танцавальнага калектыву Мядзельскага раённага Цэнтра культуры. А завяршыла свята дыскатэка “Таямніца рытмаў”.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.