Жыхары Лоеўшчыны маюць права ганарыцца гісторыяй свайго краю, якая тут на самай справе адметная, напоўненая надзвычай важнымі падзеямі з глыбокай старажытнасці да нашага часу.
Па-першае, Лоеў мае ўнікальную легенду свайго паходжання, якая не сустракаецца больш нідзе на ўсім працягу ад вытокаў да вусця Дняпра. Паводле падання, якое запісалі яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя вядомыя мясцовыя краязнаўцы Павел Міхайлавіч Шарэпа і Іван Рыгоравіч Ермакоў, першым пасяленцам-гандляром тут быў легендарны Лой, які атрымаў для сталага жыцця свайго роду гэтае прывабнае і зручнае для гандлю ўзвышша пры ўпадзенні Сожа ў Дняпро на шляху «з варагаў у грэкі». Лой стаў першым гаспадаром Лоевай гары і ракі і збіраў тут мыта з замежных гандляроў.
Заўважым, што Лой, па легендзе, не князь або баярын, а гандляр на важным гандлёвым шляху. Такой легенды не мае ніводзін горад у Беларусі і наогул у Падняпроўі.
Аб этнічнай прыналежнасці знакамітага Лоя паданне нічога не распавядае, але сведчыць, што гэта быў чалавек з прадпрымальніцкімі здольнасцямі.
Што гэтае паданне мае права на сур’ёзнае ўспрыманне, гаворыць і зафіксаванае ў летапiсах пад 1351 г. асабовае прозвішча Ходка Лоєвіч, магчымага нашчадка легендарнага Лоя — заснавальніка Лоева [7].
Па-другое, у часы Вялікага Княства Літоўскага Лоеў выконваў падобна Полацку, Гродна і Брэсту гандлёвыя і абарончыя функцыі пры вялікіх рэках, і яго замак быў адначасова шчытом і варотамі на паўднёва-ўсходнім напрамку Княства.
Параўнальна нядаўна навуковец з Кіева Белавус Наталля Аляксееўна адкрыла яшчэ адну старонку гісторыі Лоева, калі адшукала ў польскіх архівах звесткі, што з ініцыятывы кіеўскага кашталяна і любечскага старасты Паўла Іванавіча Сапегі, дзядзькі славутага канцлера ВКЛ Льва Іванавіча Сапегі, 3 жніўня 1576 г. кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Лоеву поўнае Магдэбургскае права, якім на Гомельшчыне валодалі толькі Мазыр (з 1577 г.) і Гомель (з 1670 г.). Гэта значыла, што Лоева гара пераводзілася на нямецкае права, рэарганізоўвалася сістэма мясцовага кіравання, пры якім гарадской адміністрацыі надавалася права прымаць унутраныя адміністрацыйныя, судовыя і эканамічныя рашэнні [10]. З 1585 г. Лоеў стаў цэнтрам стараства, што адкрывала перадумовы для яго развіцця ў больш значны рэгіянальны цэнтр, аднак гэтыя магчымасці не былі выкарыстаны з-за войнаў і разбурэнняў, якія напаткалі рэгіён у XVII ст. [5].
Па-трэцяе, у сярэдзіне XVII ст. Лоеўскае стараства было ў самым эпіцэнтры антыфеадальнай казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг. Менавіта на яго тэрыторыі адбыліся лёсавызначальныя для ВКЛ Лоеўскія бітвы 1649 і 1651 гг., у выніку якіх была захавана цэласнасць Княства.
Шмат гадоў мінула з часоў ліхалецця казацка-сялянскай вайны, якая на Лоеўшчыну прынесла вялікія людскія ахвяры і разбурэнні. Напамінкам аб гэтай вайне і яе ахвярах сёння служаць тапанімічныя назвы ўрочышчаў «Ляхава гара», «Казацкі пясок», «Разгром» і памятныя знакі, усталяваныя краязнаўцамі каля Татарскага броду, на месцы, дзе быў стан войска ВКЛ польнага гетмана Я. Радзівіла, і на Гладкім полі, дзе 31 ліпеня 1649 г. пачыналася Лоеўская бітва.
Па-чацвёртае, з лоеўскага плацдарма пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка- фашысцкіх захопнікаў. Падчас баёў на лоеўскім плацдарме, якія вяліся з канца верасня па канец лістапада 1943 г., савецкія воіны розных нацыянальнасцяў праявілі тут мужнасць і гераізм. 365 з іх атрымалі званне Героя Савецкага Саюзу, больш за 10 тысяч загінулі і спачываюць у лоеўскай зямлі. Вялікі подзвіг савецкіх воінаў і партызан на Лоеўшчыне ўвекавечылі 27 помнікаў манументальнай скульптуры і мемарыяльны комплекс у цэнтры Лоева.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і абнаўленняў!
Вядома, што гарады, якія атрымлівалі Магдэбурскае права, звычайна мелі прывілеі на правядзенне кірмашовага гандлю. Першым кірмашом, афіцыйна дазволеным у Беларусі, быў кірмаш у Полацку ў 1498 г. У ХV ст. кірмашы праводзіліся ў Менску і Оршы, у ХVІ ст. — у Гародні і іншых гарадах ВКЛ. Як сведчыць дакумент аб наданні Лоевай гары Магдэбургскага права, улады мястэчка атрымалі тады дазвол на правядзенне аднаго кірмаша на праваслаўнае свята Пятра і Паўла [10]. Але, верагодна, кірмаш на гэтае свята не паспеў трывала ўвайсці ў мясцовую традыцыю. Пачынаючы з другой паловы ХVІ ст. галоўным кірмашом, які праводзіўся на Лоеўшчыне, стаў Дзесяцінны кірмаш, з якім звязана паданне аб з’яўленні ў ваколіцах Лоева абраза Святой Параскевы Пятніцы — нябеснай заступніцы Лоева.
Менавіта ў гэты перыяд адбываецца росквіт местачковага кірмашовага гандлю. Кірмашы звычайна прымяркоўваліся да рэлігійных святаў ці пэўнай пары года, ад якіх часта паходзілі і іх назвы. Замежным купцам тады дазвалялася гандляваць толькі на кірмашах, таму яны ператвараліся ў цэнтры міжнароднага гандлю.
На жаль, пра кірмашы ў Лоеве пакуль што знойдзена няшмат дакументальных звестак, але і тыя звесткі, якія выяўлены, дазваляюць зрабіць выснову, што на працягу ХVІ-ХVІІІ стст. Лоеў быў важным цэнтрам кірмашовага гандлю на паўднёвым усходзе ВКЛ і з’яўляўся перавалачнай базай у транзітным гандлі паміж Беларуссю і Украінай. Аб значнай ролі Лоева як гандлёвага цэнтра сведчаць і наступныя радкі з фальклорнай песні, якую яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя, як я памятаю, спявалі ў нас на Лоеўшчыне пры застоллях:
А ў пана Івана умная жана.
Бог яму даў умную жану ў яго даму!
Умная жана сенечкі мяла.
Сенечкі мяла, шэлежкі знайшла
Ды закупіла, ды тры гарады.
Бог яму даў умную жану ў яго даму!
Што першы горад — ды славен Кіеў,
Што другі горад — ды славен Чарнігаў,
А трэці горад — славен наш Лоеў.
Бог яму даў умную жану ў яго даму!
Як Кіеў славен — то ўсё царквамі,
Чарнігаў славен — усё казакамі,
А Лоеў славен усё гандлярамі.
Бог яму даў умную жану ў яго даму!
Што ў Кіеў хадзіць — Богу маліцца,
А ў Чарнігаў — ваяваціся,
Ой, а ў Лоеў — таргаваціся,
Бог яму даў умную жану ў яго даму! [1].
Паўстае пытанне: як у тыя часы называлася форма гандлю і месца, дзе ён вёўся? Найбольш раннім абазначэннем гандлёвага месца было слова «торг». У ХІІІ ст. разам з нашэсцем на рускія землі мангола-татараў да нас з усходу прыйшло цюркскае слова «базар», якое ўкаранілася і ў беларускім Падняпроўі. Гэтае слова не трапіла далей на захад, бо там панавала нямецкае слова «рынак». Недзе ў ХV ст. слова «рынак» прыйшло праз Польшчу і на беларускія землі. Прыкладна ў гэты ж час да нас трапіла яшчэ адно нямецкае слова — «ярмарка». Нашы продкі запазычылі ў Заходняй Еўропе не толькі гэтае слова, але і традыцыю правядзення вялікіх святочных таргоў-ярмарак, якія суправаджаліся народнымі гуляннямі і забавамі.
Але слова «ярмарка» ў Беларусі таксама не надта прыжылося, яно добра замацавалася на Русі і ва Украіне. У Беларусі ж сталую прапіску атрымала яшчэ адно нямецкае слова — «кірмаш». Права ствараць ці дазваляць ярмаркі-кірмашы ў тыя часы было адным з важных феадальных прывілеяў. Яго атрымлівалі звычайна ад вялікага князя асобныя гарады, духоўныя або свецкія феадалы.
Зараз можна меркаваць, што словы-сінонімы «базар», «рынак», «ярмарка», «кірмаш» яшчэ з Позняга сярэднявечча ўжываліся на Лоеўшчыне для абазначэння вялікіх штогадовых традыцыйных таргоў.
Уладальнікі Лоева графы Юдзіцкія, як і ўладары іншых прыватнаўласніцкіх мястэчак, мелі прывілей на правядзенне кірмашоў у мястэчку. Вядома, што ў ХVІІІ ст. Юдзіцкія атрымлівалі значны прыбытак ад здаваемых у арэнду гандлёвых радоў на Базарнай плошчы [4]. Лоеўскія кірмашы былі ўніверсальнымі. Тут можна было набыць самыя разнастайныя тавары: прамысловыя і рамесніцкія вырабы, зерне, лён, жывёлу, сена, дровы, дзёгаць, салёную рачную рыбу (платану), макуху — жмых ад семак сланечніка і льну, што выкарыстоўваўся для корму жывёлы, і іншае. Вядома, што ў 1861 г. на лоеўскі дзясяты кірмаш было прывезена тавараў на суму 2800 руб., прададзена — на 1 300 руб. У 1863 г. было прывезена тавараў на 3200 руб., прададзена — на 1550 руб., у 1864 г. адпаведна на 3600 і 2000 руб. [2]. Ёсць падставы сцвярджаць, што гадавы абарот усіх лоеўскіх кірмашоў складаў ад 20 000 да 30 000 руб., што было па тым часе значнай сумай. Лоеўскія кірмашы па гадавому гандлёваму абароту не саступалі вядомым беларускім кірмашам у Бешанковічах, Зэльве, Несвіжы, Свіслачы, якія звычайна былі спецыялізаваныя і больш працяглыя.