26 чэрвеня Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла праект закона аб узмацненні жорсткасці прызыву ў беларускае войска. Прадстаўляючы дакумент дэпутатам, міністр абароны Андрэй Раўкоў заявіў, што ў краіне існуе шмат абставін, якія вызваляюць грамадзян прызыўнога ўзросту ад службы ў войску. У выніку ўзброеныя сілы сутыкнуліся з вострым недахопам прызыўнікоў.
"Па колькасці катэгорый грамадзян, якія не прызываюцца на ваенную службу, а гэта 76 катэгорый у нашай краіне, Беларусь абагнала не толькі краіны постсавецкай прасторы, але і краіны далёкага замежжа", — сцвярджае Раўкоў.
У выпадку прыняцця праекта закона армія атрымае 1,5-2 тысячы дадатковых прызыўнікоў у вясновы прызыў і да 3 тысяч — у восеньскі. Андрэй Раўкоў адзначае, што гэта малы працэнт ад агульнай колькасці прызыўнікоў.
Бегаць ад павесткі больш не варыянт: разбіраем новы закон аб прызыве ў армію
Міністр абароны агучыў колькасць маладых людзей, якія ўхіляюцца ад вайсковай службы. 4000 чалавек на кожны прызыў "прыходзяць у ваенкамат, калі ім споўнілася 27 гадоў, атрымліваюць ваенны білет і ідуць працаваць туды, куды ім хочацца". "Мы лічым, што такія паводзіны несумяшчальныя з працай на дзяржслужбе, — кажа Андрэй Раўкоў. — Як яны могуць служыць дзяржаве, калі ўхіляліся ад абавязку выконваць воінскі доўг?"
Пасля выступлення міністра разгарнулася гарачая дыскусія. Дэпутаты задалі больш за дзесяць пытанняў — такое здараецца нячаста.
У першую чаргу народных абраннікаў цікавіла, як абараніць прызыўнікоў ад карупцыі з боку ваенкаматаў. Маўляў, на падставе якіх аб'ектыўных крытэрыяў будзе прымацца рашэнне аб абмежаванні грамадзян у правах і ці выключаны тут элемент суб'ектывізму?
Андрэй Раўкоў заяўляе, што адказ на пытанне: ці ўхіляўся малады чалавек і ці ёсць у яго падставы для таго, каб пазбегнуць службы ў войску, — можна знайсці ў асабовай справе прызыўніка.
Дэпутат Аляксандр Старавойтаў пытаецца, ці не стане шчылінай норма аб тым, што служба па кантракце вызваліць выпускнікоў ад размеркавання? Маўляў, малады лекар, замест таго, каб ехаць у правінцыю і працаваць лекарам у Хоцімскім раёне, будзе паступаць на кантрактную службу і служыць пад Мінскам?
Прызыў па-новаму: адвучыўшыся два месяцы, вазьмі "акадэмку" і ідзі служыць
Дэпутат Ганна Канапацкая задае пяць пытанняў запар. Для пачатку пытаецца, чым рэальна абгрунтавана ўнясенне такіх дыскрымінацыйных мер сёння і якія захады робяцца для павышэння прэстыжнасці службы ў войску?
Андрэй Раўкоў кажа, што войска робіць шмат добрых рэчаў і для ваеннай службы, і для грамадзянскай гаспадаркі. Калі адкрыць вочы, то стане ясна, што добрага больш. Ваенныя, якія спакойна робяць сваю працу, і ўздымаюць прэстыж узброеных сіл. Міністр называе канкрэтныя меры, што прымаюцца для павышэння прэстыжу кантрактнай службы: павелічэнне грашовага забеспячэння i вырашэнне пытанняў па працаўладкаванні.
Канапацкую гэты адказ не задавальняе.
— А вам колькі гадоў? — злёгку нетактоўна цікавіцца Раўкоў.
— За сорак. Сорак тры, — адказвае Канапацкая.
— Гэта яшчэ прызыўны ўзрост, — кажа Раўкоў. — Можна з'ездзіць у часць і самой паглядзець.
— Паслухайце, але 10 тысяч чалавек, якія ўчора падпісалі петыцыю...
— Ганна Анатолеўна, не перабівайце міністра! — дакарае дэпутата спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка.
— Ці не пагоршыць ваш праект закона становішча ў беларускай адукацыі? — працягвае Канапацкая.
— Я думаю, што не пагоршыць. У інтэрнэце я чытаў такое меркаванне: Мінабароны наносіць удар па Мінадукацыі. Маўляў, навошта ісці вучыцца, калі трэба ісці служыць? Але праект закона рэальна закране невялікую колькасць прызыўнікоў. — адказвае Раўкоў. — А навуку здольны рухаць далёка не кожны навуковец. Такія людзі — яны ж як зорачкі, яны бачныя. Кропкавыя адтэрміноўкі для іх — гэта для дзяржавы не праблема.
Дэпутат Рассоха з Мазырскай акругі прапануе не абмяжоўваць прызыў на тэрміновую службу 27 гадамі. Андрэй Раўкоў у адказ нагадвае аб практыцы прызыву з запасу (на вучэбныя зборы) і з рэзерву. Але Рассоха не сунімаецца: "Гаворка ідзе пра тых, хто не служыў. У 27 гадоў яны атрымліваюць ваенныя білеты і сыходзяць. А мы іх зловім на службу і ў 30, і ў 40 гадоў, яны ж здаровыя!"
Дэпутаты пытаюцца пра тое, як з часам зменіцца колькасць ваеннаслужачых у беларускай арміі. Раўкоў кажа, што да канца 2020 года плануецца давесці колькасць узброеных сіл да 65 тысяч. З іх 15 тысяч — гэта грамадзянскі персанал, і 50 тысяч — вайскоўцы.
Яшчэ адно важнае пытанне падымаюць дэпутаты: пра тое, чаму служба ў арміі не ўключаецца ў страхавы стаж. Маўляў, не трэба тут эканоміць.
Дэпутат Мікалай Улаховіч бярэ слова і дзякуе Андрэю Раўкову за разумную і сістэмную работу па патрыятычным выхаванні, якую вядзе Міністэрства абароны.
Услед за ім дэпутат Ігар Марзалюк кажа, што сам служыў у беларускім войску — і гэта не перашкодзіла яму абараніць кандыдацкую і доктарскую дысертацыю. "Мужчына — калі гэта мужчына, а не імітацыя сярэдняга полу — бярэ адказнасць за Радзіму і за сваю сям'ю", — пафасна заяўляе Марзалюк. І заклікае прыняць праект закона.
Ганна Канапацкая вяртае сабе мікрафон. Яна кажа, што праект закона змяшчае шмат супярэчлівых нормаў. "Раз Беларусь выконвае карту для ўступлення ў Балонскі працэс, мы павінны даць грамадзянам адтэрміноўкі для атрымання дзвюх ступеняў вышэйшай адукацыі", — падкрэслівае дэпутат і прапануе пачакаць з прыняццем праекта закона.
"Мы не ўсе палажэнні Балонскага працэсу падтрымліваем!" — парыруе адзін з дэпутатаў. Ён нагадвае пра канстытуцыйны абавязак абараняць радзіму.
"Я не лічу, што мы гэтым праектам закона парушаем Канстытуцыю, — дадае спікер Уладзімір Андрэйчанка. — Можна адслужыць і потым пайсці вучыцца".
Дэпутаты галасуюць. "За" — 91 дэпутат, "супраць" — 3, не галасавала 6.