Найти в Дзене

“Залатое стагоддзе” і “постсавецкасць” Светлагорска

Развіццё сучасных Шацілак-Светлагорска далёка ад таго, што было ў савецкі час. За апошнія дваццаць год горад паступова згубіў пазіцыі ў будаўніцтве жылля, вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, прамысловасці. Няма ўжо таго размаху, той рамантыкі. А гэта значыць толькі адно: “залатое стагоддзе” Шацілак-Светлагорска завяршылася.

У 1954 годзе ў гарадскі пасёлак Шацілкі пачалі ехаць першыя будаўнікі, якія пакладуць цэглу ў падмурак Васілевіцкай ДРЭС – самай магутнай тады электрастанцыі у БССР. Будаўніцтва прадпрыемстваў у Шацілках выклікала сапраўдны дэмаграфічны бум. Сюды пачало з’язджацца насельніцтва з найбліжэйшых вёсак, іншых раёнаў БССР і з ўсяго СССР.

Росквіт Шацілак пачаўся ў той час, калі тутэйшыя людзі, выйшаўшы з падворкаў звычайнай вёскі, пакрочылі па шырокім гарадскім шляху развіцця. Гэта адбылася ў 1956 годзе, калі вёска Шацілкі набыла статус пасёлка гарадскога тыпу. Насельніцтва населенага пункта павялічвалася так шпарка, што ўжо праз 6 год пасёлак ператвараецца ў горад.

29 ліпеня 1961 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Шацілкі набываюць статус горада. Людзі, якія прыехалі сюды, вядуць сябе як сапраўдныя каланізатары: пад уплывам савецкай рамантыкі, яны парахрысцілі гэтае месца, назваўшы яго Светлагорскам. Населены пункт з такім назовам з’яўляецца першым у Беларусі і пятым на прасцягах СССР. Чатыры Светлагорска знаходзяцца ў Расійскай Федэрацыі. А вось Шацілак (Шацілавіч) нідзе болей няма. Набыўшы недарэчную назву “светлая гара”, прыдуманую малаадукаванымі камуністамі, Светлагорск стане падобны на класічны горад савецкай эпохі: з сярпамі-малаткамі, д’ябальскімі пяцікутнымі зоркамі і спрэс панэльнымі дамамі.

“Залатое стагоддзе” Шацілак-Сваетлагорска цягнулася ўсяго 42 гады: з 1956 па 1998. За гэты час насельніцтва вырасла амаль ў 25 разоў – з 3 тысяч да 74,5 тысяч жыхароў. У горадзе пабудавалі  дзясяткі прадпрыемстваў, 12 школ, 2 палацы, 1 кінатэатр, музычную школу, школу мастацтваў, ліцэй (СПТУ- 50), каледж (тэхнікум) і іншыя сацыяльныя аб’екты, у тым ліку вялікую колькасць жытла. Пачынаючы з 1990-ых у горадзе былі адноўлены і пабудаваны храмы: праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія. Да гэтага ў Шацілках было ўсяго 2 школы, 1 каталіцкі храм, 1 клуб, адно прадпрыемства – суднаверф.

“Залатое стагоддзе” Светлагорска пачало завяршацца ў 1995 годзе, калі насельніцтва горада спынілася на рэкорднай колькасці – 74,5 тысяч чалавек. З наступных гадоў яно будзе заўсёды памяншацца, скарачацца, што з’явіцца вынікам разбурэння савецкага светапогляду. У 1998 годзе на 660 народжаных дзяцей прыйшлося 692 памерлых гараджаніна – упершыню ў іншы свет сыйшло болей светлагорцаў, чым нарадзілася.

Светлагорск адназначна прайграе Мазыру, Жлобіну, Рэчыцы – гарадам, блізкім па ўзроўню жыцця і па колькасці насельніцтва. У суседзяў лепей развіваецца інфраструктура, напэўна, менш хабарніцтва, карупцыі.

За апошнія дваццаць год у Светлагорску былі пабудаваны сем новых сацыяльна значных аб’ектаў. Калі пагдядзець, што гэта за аб’екты, сумнеў у дынамічным развіцці горада ахутае нават самых апантаных прыхільнікаў сацыяльна-арыентаванай дзяржавы.

Гэта даўгабуд, які цягнуўся з савецкага часу, – школа №12. Яна была цалкам здадзена ў эксплуатацыю ў 2008 годзе. Будавалася школа 15 гадоў!!! Рэкорд для нашага раёна! Працуе, хоць і не цалкам уведзены ў эксплуатацію, новы будынак Музея гісторыі горада. Няма грошай, каб прывесці да ладу знутры левае крыло. З’явіўся ў нас дзьмуты тэнісны корт. Трэба дзякаваць Аляксандра Якабсона, які нам яго падкінуў пад час кіравання Гомельскай вобласцю. Нямалыя выдаткі ляглі на плечы мясцовых падаткаплацельшчыкаў. Момантам яго акупляльнасці, я так думаю, будзе з’яўленне светлагорскага Мірнага ці Азаранкі. Будзем чакаць.

І, канешне, узняліся ў нас банкі. Пабудаваны тры філіі: “Аграбанк”, “Беларусбанк” і “Белпрамбудбанк”.


Дзьмуты тэнісны корт. 2008 г. Фота аўтара.
Дзьмуты тэнісны корт. 2008 г. Фота аўтара.
Адкрыццё "Пасажа". Выступае бізнесовец Крук.2008 г. Фота аўтара.
Адкрыццё "Пасажа". Выступае бізнесовец Крук.2008 г. Фота аўтара.

Апошні аб’ект - гэта гандлёвы дом “Пасаж” (час будаўніцтва 2006-2008 гг.), які вырас дзякуючы прыватнаму капіталу бізнесоўцаў Крукоў, які яны зарабілі, гандлюючы з намётаў па вуліцы Батава, дзе ў 1990-ых працаваў рынак адзення.

Канешне, ёсць яшчэ будынкі цэркваў, якія выраслі за гэтыя гады. Але тут болей праглядаецца рэлігійны чыннік, чым сацыяльны. У той жа час у Светлагорску былі заяўлены пяць будоўль, але ператварыліся яны дзе ў пусты гук, дзе ў даўгабуд. Сярод аб’ектаў, якія ніяк не могуць заняць месца ў светлагорскай прасторы, я б вылучыў тры групы: заяўленыя, “адмарозкі”, на якіх спынена будоўля, і даўгабуды.

Палац гульнявых відаў спорту сёння ў кагорце “адмарозкаў”. Аб яго будаўніцтве ўпершыню загаварылі ў 2005 годзе на нарадзе ў Светлагорскім райвыканкаме. Ідэя ўзвядзення такога аб’екта, лічылі на той час, прадыктавана патрабаваннямі часу. Меркавалася, што палац зойме плошчу 1,5-2 га. У ім будуць залы валейбола, баскетбола, гандбола, міні-футбола і трыбунамі на 1000-1500 месцаў. Палац будзе мець трэнажорныя залы, невялікую гасцініцу (на 30 месцаў), бар-буфет з кухняй, саўну, салярый, масажны кабінет і аўтамабільную паркоўку. Згода на ўзвядзенне такога аб’екта была атрымана ў абласным выканаўчым камітэце. “Новае спартовае збудаванне стане сапраўдным падарункам для гараджан, гонарам і красою Светлагорска і дазволіць прымаць спаборніцтвы самага высокага ўзроўню”, – заяўлялі тады ў мясцовай адміністрацыі. У канцы студзеня 2006 года план будучага грандыёзнага будынка прывезлі з вобласці, надрукавалі ў мясцовых газетах. Фінансаваць будаўніцтва меркавалася з абласнога і мясцовага бюджэтаў. Гэта было напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў на Беларусі. А пасля выбараў усё заціхла.

Я заўважыў такую заканамернасць: казаць пра грандыёзныя будоўлі ў Светлагорску пачынаюць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. А праходзяць яны, і громкія галасы аб будаўніцтве аб’ектаў губляюцца рэхам у бяздоннай прорве – да наступных выбараў.

У 2011 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў зноў “прачнуліся”. “Нахілілі” нафтавікоў, якія пералічылі грошы. І, нарэшце, будоўля светлагорскага “лядовага палацу”, як яго назвалі ў народзе, распачалася. Злыя языкі адразу напрарочылі, што гэта ненадоўга, бо ў мясцовым бюджэце няма грошай. “Будаваць будзем паэтапна”, – супакоілі гараджан у райвыканкоме. Быў звалены лес, акрэслена і агарожана пляцоўка, пазначаны дарогі бардзюрамі, вырыты катлаваны, закладзены падмурак. Але будаўнікі так і не вылезлі з земляных работ. Выбары скончыліся – і гэты аб’ект заснуў доўгім сном, так і не паўстаўшы вышэй зямлі. “Гэта чарговы даўгабуд, як і гандлёвы дом”, – адзначылі светлагорцы і змірыліся.

Гандлёвы дом у мікрараёне Першамайскі ў маім спесе значыцца як доўгабуд. У народзе атрымаў мянушку – “новы будынак райвыканкама”. Я, праўда, не бачу асаблівай сувязі. Будаўніцтва гэтага аб’екта цягнецца з 2005 года – ужо 7 год. Прынцыпова новы для Светлагорска будынак, які займае значную прастору (яго яшчэ называюць першым у Светлагорску гіпермаркетам), павінен быў адчыніць дзверы ў 2007 годзе. 

Фота аўтара. 2009 г.
Фота аўтара. 2009 г.

Аднак працы былі згорнуты і закансерваваны. Па словах гаспадароў будоўлі – сям’і бізнесоўцаў Кузьмянкоў – прычына крылася ў недахопе грашовых сродкаў. У 2009 годзе імі быў атрыманы буйны крэдыт у адной з мясцовых філій банка на заканчэнне будаўніцтва і працы аднавіліся. Новы тэрмін завяршэння аб’екта – сакавік 2011 года зноў пратэрмінаваны. 

У Светлагорску не шанцуе нават тым аб’ектам, якія будуюцца ў самых прэстыжных месцах – цэнтры горада. Такі дзівосны аб’ект нашага гарадка – элітны жыллёвы комплекс, які ў народзе называюць “іранскім кварталам”. Аб ім загаварылі у кастрычніку 2005 года. У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкома разглядалася пытанне аб будаўніцтве прынцыпіяльна новага жытла – дамоў павышанай камфортнасці. На светлагорскіх форумах у байнэце жартавалі: гэта прыдумана з мэтай “засвяціць” падпольных светлагорскіх мільянераў. Будаўнічая пляцоўка была выбрана ў цэнтры горада, за будынкам пракуратуры. У жніўні 2007 года знайшоўся замежны інвестар – іранская фірма «Мэта-інтэрнэшнл».

Праект "іранскага квартала".
Праект "іранскага квартала".
Закладванне капсулы пад "іранскі квартал". 2008 г. Фота Віктара Папко.
Закладванне капсулы пад "іранскі квартал". 2008 г. Фота Віктара Папко.
Першы памятны камень, адкрыты ў гонар "іранскага кварталу", пад ім капсула. Фота аўтара 2010 г.
Першы памятны камень, адкрыты ў гонар "іранскага кварталу", пад ім капсула. Фота аўтара 2010 г.
Урачысты момант адкрыцця будаўніцтва аб'екта. 2010 г. Фота не маё.
Урачысты момант адкрыцця будаўніцтва аб'екта. 2010 г. Фота не маё.
Другі памятны камень, адкрыты ў гонар "іранскага кварталу". 2010 г. Фота аўтара.
Другі памятны камень, адкрыты ў гонар "іранскага кварталу". 2010 г. Фота аўтара.
На пачатак будаўніцтва яны стаялі разам. 2010 г. Фота аўтара.
На пачатак будаўніцтва яны стаялі разам. 2010 г. Фота аўтара.


Апаганеныя памятныя камяні. 7 ліпеня 2010 г. Фота аўтара. Потым іх зруйнавалі.
Апаганеныя памятныя камяні. 7 ліпеня 2010 г. Фота аўтара. Потым іх зруйнавалі.

Па праекту, у «іранскі квартал» павінны ўвайсці двухпавярховы гандлёва-грамадскі цэнтр, які складаецца з двух аўтаномных будынкаў, злучаных пераходнай галерэяй, два жылыя дамы рознай паверхавасці: па дзевяць і пяць паверхаў. У дзевяціпавярховых секцыях жылых дамоў - па 48 кватэр (па шэсць на паверсе), пяціпавярховых – жыллё павышанай камфортнасці (па тры кватэры на паверсе свабоднай планіроўкі). На першым паверсе жылога дзевяціпавярховага дома – офісы. Меркавалася, што першы этап будаўніцтва завяршыцца ў першым квартале 2009 года. Але працы так і не пачыналіся ў вызначаны тэрмін. 4 кастрычніка 2008 года, падчас святкавання Дня горада, прадстаўнікі іранскай кампаніі-заказчыка «Мэта-інтэрнэшнл» і Светлагорскага райвыканкама на месцы будучага аб’екта заклалі сімвалічную капсулу з пасланнем нашчадкам. Аднак будаўніцтва “іранскага квартала” так і не пачалося ў 2008 годзе.

У кастрычніку 2009 года прадстаўнікі іранскай кампаніі «Мэта-інтэрнэшнл» ізноў пабывалі ў нашым горадзе і запэўнілі, што будаўніцтва жылога комплексу падвышанай камфортнасці пачнецца ў 2010 годзе. У прызначаны час яно, нарэшце, распачалася. Не паспелі аформіцца скрынькі першых двух будынкаў, як усё спынілася. Сёння на аб’екце – цішыня. У 2012 годзе папаўзлі чуткі, што іранцы адмовіліся ад свайго праекта, разумеючы, што за вялікія грошы кватэры ў элітных дамах светлагорцам не прададуць. Мясцовыя людзі, у большасці, – небагаты народ, нават не могуць сабе дазволіць купіць больш таннае жыллё, якое прапапануе ім дзяржава. Па апошніх чутках, іранцы хочуць прадаць аб’ект карэйцам. “Іранскі квартал” стане “карэйскім”?

Аб будаўніцтве новага будынка ЗАГСа ў Светлагорску загаварылі ў канцы 2007 года. Меркавалася пачаць работы на дзялянцы паміж кінатэатрам “Юнацтва” і Домам быту. Кажуць, гэта была помста ўласніку, які адкрыў у размешчаным на гэтым месцы гандлёвым павільёне гульнявыя аўтаматы. Яго хацелі “выселіць” распараджэннямі райвыканкама, нават прынялі рашэнне. Але трымаўся казус: рашэнне не прайшло юрыдычную экспертызу ў вобласці. Грымнула сусветная фінансавая крыза, і ідэя будаўніцтва новага будынка ЗАГСа заглохла.

У чэрвені 2008 года Светлагорск пазбавіўся гарадскога парку, які быў адкрыты ў 1970 годзе. Усе атракцыёны былі дэмантаваныя і здадзены ў металалом. Прычына - 100% іх выпрацоўка. Новы парк з атракцыёнамі ў горадзе павінен з’явіцца, пагаджаюцца мясцовыя чыноўнікі з жыхарамі горада, але калі – невядома. Ёсць праект гарадскога парку, які быў прэзентаваны на эканамічным форуме 7 верасня 2012 года ў Гарадскім цэнтры культуры. Інвестары пакуль не аб’явіліся.

Апошнім часам пачалося будаўніцтва яшчэ двух аб’ектаў. Нягледзячы на сабраныя больш за 10 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва Завода белёнай цэлюлозы ў жніўні 2012 года пачалося пілаванне лесу каля ТАА “СЦКК”. Зараз там рашчышчана пляцоўка, вядуцца земляныя работы. Думка гараджан ў гэтым пытанні нікога  наверсе не цікавіць. Завод будуецца з пазіцыі сілы і прымусу.

У "восьмым" мікрараёне заяўлена аб будаўніцтве ўніверсама з кафэшкай. Пакуль там толькі падрыхтавана пляцоўка.

Сёння Светлагорск крыху ператвараецца геаграфічна – яшчэ будуецца жытло ў новых мікрараёнах: Палессі і "восьмым". Па сённяшніх сацыяльных стандартах усе жыхары Светлагорска забяспечаны жыллём. Яно прадстаўлена пераважна састарэлымі тэхналогіямі мінулага стагоддзя – панэльнымі дамамі, якія паступава пачынаюць прамярзаць зімой.

Светлагорск збольшага змяняецца знутры. Перабудоўваюцца крамы, прыбудоўваюцца новыя плошчы да гандлёвых кропак, рамантуюцца жыллёвыя будынкі, кладзецца новая брукаванка, уцяпляюцца старыя панельныя дамы.

“Залатое стагоддзе” Шацілак-Светлагорска скончылася. Ці ёсць перспектыва ў яго, як у горада?  Што чакае горад ў наступныя 50 год? Я думаю, Светлагорск кардынальна зменіцца. Панэльныя дамы давядзецца разбіраць, як аварыйныя. Калі насельніцтва горада будзе так скарачацца, то на месцы былых мікрараёнаў Кастрычніцкі, Першамайскі, Моладзевы, могуць вырасці прыватныя прыгожыя пабудовы пры ўмове, што светлагорцы будуць мець дастаткова сродкаў. Дзяржава не будзе стрымгалоў скакаць за паказчыкамі па будаўніцтву жылля, памнажаючы архітыктурны “савок”.

Жыхары Шацілак самі будуць выбіраць дызайн і планіроўку свайго дома, прысвоваць імёны вуліцам сваіх славутых землякоў, а не прыйшлых тэрарыстаў і душыльнікаў беларушчыны.

А потым… Потым Светлагорск стане новымі Шацілавічамі – невялікім утульным мястэчкам са сваёй цікавай гісторыяй, культурай і самабытнасцю. І назоў Светлагорск знікне, як не маючы гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Віктар Раманцоў. 18 лістапада 2012 г.

Матэрыял папраўлены і дапоўнены.

Першапачатковая рыніца: https://dobramir333.livejournal.com/21683.html