Найти тему

Скоро у работников прокуратуры профессиональный праздник. Хотите узнать, как они работают?

Гэты год для пракуратуры Гродзенскай вобласці юбілейны, спаўняецца 75 гадоў з дня яе ўтварэння. Смаргонская пракуратура крыху маладзейшая на Гродзеншчыне, ёй 71 год. Звязана гэта з тым, што наш раён у пасляваенны час уваходзіў ў колішнюю Маладзечанскую вобласць, а потым яго перавялі ў Гродзенскую.

Сваё прафесійнае свята смаргонскія работнікі пракуратуры сустракаюць абноўленым калектывам у мадэрнізаваным і адрамантаваным будынку. Ветэраны пракуратуры пайшлі на заслужаны адпачынак, іх месцы занялі маладыя работнікі.

З колішняга складу заставаўся толькі Сяргей Кавальчук, намеснік пракурора. Але яго ў красавіку гэтага года прызначылі пракурорам Ашмянскага раёна. А пасаду намесніка ў Смаргоні заняў старшы памочнік пракурора Аляксей Бандарчук.

Пракурор Смаргонскага раёна Андрэй КЛЫШЭВІЧ

Аднаго маладога пракурорскага работніка прызвалі на службу ў армію, але пракуратура атрымала папаўненне. Цяпер тут стажыруецца малады спецыяліст Святлана Вечар. Неўзабаве пасаду старшага памочніка пракурора зойме былая работніца мастоўскай пракуратуры.

-2

Намеснік пракурора Аляксей БАНДАРЧУК

Кожны работнік пракуратуры вядзе пэўны напрамак дзейнасці. Нехта падтрымлівае абвінавачванне ў судзе, у кагосьці агульнанаглядальныя праверкі, нагляд за дзейнасцю следства, міліцыі. І толькі стажор пакуль пакрысе асвойвае ўсе напрамкі пракурорскай дзейнасці, а пазней таксама будзе адказны за пэўны ўчастак работы.

Пракурорскія работнікі плануюць сваю работу, на паўгода складаецца план, у які ўключаюцца розныя праверкі. Частку іх для мясцовай пракуратуры плануюць абласная і генеральная. Ёсць і пазапланавыя праверкі. Усё залежыць ад сітуацыі, якая складваецца ў той ці іншай сферы раёна. Правяраецца выкананне працоўнага, іншага заканадаўства, надаецца ўвага прафілактыцы злачынстваў, рабоце па выкараненні п’янства, алкагалізму, недапушчэнні распаўсюджвання наркаманіі.

-3

Старшы памочнік пракурора Алена НАЙДЗІЧ

Паколькі пракуратура з’яўляецца наглядальным органам, то звяртаецца ўвага на тое, як выконваюць свае функцыі іншыя суб’екты прафілактыкі. За кожным пракурорскім работнікам замацаваны грамадскі пункт аховы правапарадку. Адсочваецца сітуацыя ў сельсаветах, у цэлым па раёне. Калі павялічваецца колькасць злачынстваў, то пракуратура аналізуе, што паўплывала на гэта, прымаюцца меры па паляпшэнні крымінагеннай абстаноўкі. Праводзіцца каардынацыйная нарада, якую ўзначальвае пракурор, на ёй разглядаюцца любыя пытанні і прымаюцца канкрэтныя рашэнні. Яны абавязковыя для выканання. Работнікі мясцовай пракуратуры сочаць за сітуацыяй у іншых рэгіёнах нашай краіны, каб папярэдзіцьнейкія здарэнні і надзвычайныя сітуацыі ў нашым раёне.

Працоўны дзень у пракуратуры Смаргонскага раёна пачынаецца з 9 гадзін і заканчваецца ў 18. Але, як адзначыў пракурор Смаргонскага раёна Андрэй Клышэвіч, прыём грамадзян праводзіцца і ў нерабочы час згодна з адпаведным графікам. Сам Андрэй Антонавіч, у якога прыёмны дзень – серада, прымае наведвальнікаў у няцотныя серады – з 8 гадзін раніцы, а ў цотныя – да 20 гадзін вечара. Кожны дзень нехта з памочнікаў пракурора прымае наведвальнікаў за гадзіну да пачатку працоўнага дня.

Пракурору дадзена права ўзбуджаць крымінальныя справы, калі патрабуе абароны чалавек, які ў сілу нейкіх прычын не можа сябе абараняць сам. Сюды адносяцца сямейна бытавыя канфлікты. Напрыклад, муж ударыў жонку, потым яны памірыліся. “Але калі мы бачым, што гэта адбываецца і ў далейшым, - кажа пракурор Андрэй Клышэвіч, - і можа прывесці да больш цяжкіх вынікаў, то аналізуем сітуацыю і ўзбуджаем крымінальную справу. Дарэчы, пасля прыняцця такой жорсткай меры зменшылася колькасць забойстваў у нашым раёне”.

Узровень прафесійнай падрыхтоўкі работнікаў пракуратуры даволі высокі, таму ўсе пастаўленыя задачы выконваюцца своечасова і якасна. Калектыў сустракае сваё прафесійнае свята з добрымі паказчыкамі, знаходзіцца на добрым рахунку ў кіраўніцтва пракуратуры Гродзенскай вобласці.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.