Найти в Дзене
Наш край

Траецкая абраднасць Гомельшчыны: багацце мясцовай спецыфікі

Оглавление

Траецкая абраднасць беларусаў, як і іншыя віды веснавых каляндарных абрадаў, захоўваюць агульнаэтнічную аснову і вылучаюцца рэгіянальна-лакальнымі асаблівасцямі, якія выяўляюцца на ўзроўні розных элементаў, звязаных з дзеяннямі, прадметнай атрыбутыкай, прыкметамі і павер’ямі, песенным суправаджэннем. Адзначым, што асаблівай развітасцю традыцыя святкавання Тройцы ў беларусаў не вылучаецца. Даследчыца В.К. Сакалова падкрэсліла, што “цэласны траецкі абрадавы комплекс склаўся ў рускіх: 1. Упрыгожванне дамоў, двароў, цэркваў і вуліц зелянінаю, бярозамі. 2. Завіванне бярозак і вянкоў. 3. Кумленне пад бярозамі. 4. Упрыгожванне бярозкі, шэсці з ёй і патапленне. 5 Кіданне вянкоў у ваду. 6. Агульнае абрадавае частаванне дзяўчат” [1, c. 206]. З названых структурных кампанентаў у найлепшай ступені прадстаўлены на тэрыторыі Гомельшчыны звычаі ўпрыгожвання хаты і падвор’яў зелянінай, а таксама ў памяці інфарматараў захаваліся сціплыя звесткі пра абрады завівання і развівання бярозкі, кумленне і інш. Звернемся непасрэдна да экспедыцыйных матэрыялаў, зафіксаваных у розных раёнах Гомельскай вобласці, каб засведчыць ступень захавання на сённяшні дзень тых ці іншых траецка-сёмушных абрадаў і звычаяў. Напрыклад, адносна мясцовых асаблівасцей траецкай абраднасці на тэрыторыі Добрушчыны адзначым, што ў розных вёсках можна заўважыць лакальныя адметнасці асобных рытуалаў і абрадавых дзеянняў. Заўважым, што палявыя экспедыцыйныя матэрыялы дазваляюць ўмоўна рэканструяваць траецкі абрадавы комплекс Добрушчыны, які, можна меркаваць, меў у мінулым цэласны характар.

Пра абрад кумлення прыгадалі звесткі жыхары вёсак Баршчоўка, Агародня, Ларышчава, Івакі, Карма, Кругавец, Крупец, Церахоўка, Жгунь і г. Добруш. У асноўным змест мясцовых абрадавых дзеянняў, аб’яднаных назвай “кумленне”, у в. Ларышчава вылучаўся адметнай семантыкай і быў звязаны з агульным частаваннем, калі “маладыя выносілі стол, елі, выпівалі — куміліся” (запісана ад Пракапцовай Лідзіі Пятроўны, 1933 г.н.).

У в. Усохі, сэнс абраду кумлення, які адбываўся на другі дзень Тройцы, знайшоў адлюстраванне ў звычаі “гасцяваць”: “Хадзілі ў госці адзін да аднаго, збіраліся кумаўё і куміліся” (запісана ад Прэндзіч Праскоўі Іосіфаўны, 1910 г.н.). У в. Церахоўка гэты абрад ўзнаўляў агульнабеларускую традыцыю кумлення і адбываўся на беразе рэчкі, дзе на другі дзень пасля Тройцы “збіраліся дзяўчаты, спявалі песні, цалаваліся і станавіліся сяброўкамі” (запісана ад Цяньковай Таццяны Сідараўны, 1924 г.н.). Паводле ўспамінаў Евы Піліпаўны Сердзюковай, 1930 г.н., “у нядзелю ўжэ былі толькі дзеўкі. Дзеўкі ўжо ішлі на рэчку, там пелі песні, плялі вянкі, цалаваліся. І тады ўжо шчыталася, што яны падругі, і ўвесь год да Тройцы ня будуць ругацца, будуць дружыць” (запісана ў г.п. Церахоўка).

Абрад кумлення ў в. Агародня адрозніваўся багатай мясцовай спецыфікай: удельнічалі ў выкананні абрадавых дзеянняў прадстаўнікі трох груп: дзеці, сямейныя пары, сталыя людзі. Кумленне дзяцей нагадвала тэатралізаванае шэсце па вуліцы пераапранутых у “бабу”, “барыню”: “На першы дзень Тройцы куміліся дзеці. Збіраліся ў хаце, ім рабілі квас з хлеба, жарылі блінцоў, пяклі пампушак. Дзеці паядуць і ідуць па вуліцы. Здзелаюць бабу і барыню надзенуцца ў што зра. Ідуць па вуліцы і забаўляюць людзей, танцуюць і спяваюць:

Барыня, барыня,
Барыня-сударыня,
Патанцуй нам, барыня,
Патанцуй, сударыня” (запісана ад Хадзьковай Вольгі Васільеўны, 1938 г.н.).

Калі куміліся на другі дзень дарослыя людзі, то абавязковым быў абход імі двароў аднавяскоўцаў: “Выносілі стол на вуліцу. Кожны нясе, што ў каго дома ёсць, каб накрыць стол: яйцы, пірагі, кашу” (запісана ў в. Агародня ад Хадзьковай Вольгі Васільеўны, 1938 г.н.). Паводле ўспамінаў Сямёна Рыгоравіча Руднікава, 1941 г.н., на другі дзень Тройцы кумяцца сямейныя пары: “Кумленне праходзіць дужа эмацыянальна, з бальшой выдумкай і пераадзяваннем (жанчыны — у мужчынскае, мужыкі — у жаночыя плацці, платкі…)” (запісана ў в. Агародня). На трэці дзень куміліся старыя людзі: “Сабіраюцца ў хаце, пасядзяць, пагавораць, патанцуюць і ідуць дадому” (запісана ў в. Агародня).

Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!

Важны элемент траецкай абраднасці — упрыгожванне зелянінай падвор’яў. З гэтай мэтай вяскоўцы выкарыстоўвалі галінкі ліпы, клёну, бярозы, лугавыя травы, мяту. Адзначым, што папярэдне зеляніну асвячалі ў царкве, а потым развешвалі ўсюды і верылі ў яе магічную сілу “адганяць ад двара ўсё кепскае” (запісана ў в. Карма ад Парукавай Еўдакіі Лявонаўны, 1927 г.н.). З хуткасцю высыхання зеляніны, якой былі прыбраны падвор’і і хаты вяскоўцаў, звязвалі хуткасць высыхання сена (прынцып семільнай магіі): “Як у хату прынясуць голькі і пасохнуць яны быстра, то сена будзе добра сохнуць” (запісана ў в. Кругавец ад Кабанчук Святланы Мікалаеўны, 1938 г.н. (перасяленка з в. Астрагляды Брагінскага раёна)).

Жыхары в. Кругавец траецкую зеляніну, як і ў іншых мясцовасцях Гомельшчыны, называлі “маем”, захоўвалі яе да Вялікадня і потым ёю “выганялі з хаты ўсю нечысць”, прыгаворваючы: “Май, май, усю нечысць з хаты выганяй” (запісана ад Філімонцавай Ніны Платонаўны, 1937 г.н.). У гэтай вёсцы “май” клалі “ў падвалах, штоб мышэй не было і гаварылі так: “Май, мышэй ганяй” (запісана ў в. Кругавец ад Красноўскай Наталлі Васільеўны, 1937 г.н.). Рабілі яшчэ так, бо былі перакананы, што “май” такую сілу мая, якая ад плахога ахраняе і чалавека, і хату” (запісана ў в. Кругавец ад Красноўскай Наталлі Васільеўны, 1937 г.н.). Аналагічныя дзеянні выконвалі ў іншых вёсках Добрушчыны. “Як атыйдзе Тройца, як нядзелю павісіць зелень, яе знімалі і клён няслі ў падвал, там стыркалі, каб не было мышэй” (запісана ў в. Агародня ад Хадзьковай Вольгі Васільеўны, 1938 г.н.). У в. Усохі верылі, што “май” засцерагае “хату ад пажару, а хлеў, дзе скаціна стаяла, — ад ведзьмаў” (запісана ад Прэндзіч Праскоўі Іосіфаўны, 1910 г.н.).

Рытуал аблівання вадой з’яўляўся адметным элементам у мясцовай традыцыі святкавання Тройцы ў в. Баршчоўка: “У сухі траецкі чацвер абліваліся вадой усе: і дарослыя, і дзеці” (запісана ад Машуковай Пелагеі Лукінічны, 1921 г.н.). Можна меркаваць, што ў прыведзеным кантэксце вада — зацерагальны і ачышчальны магічны сродак, а таксама выкананне названых дзеянняў з вадой магло забяспечыць выкліканне дажджу. Невыпадкова, калі “да Троіцы не было дажджу, то на другі дзень збіралі ўдоў, запрагалі і пераворвалі ўпоперак вуліцу, і пелі песні, клікалі дождж”(запісана ў в. Кругавец ад Філімонцавай Ніны Платонаўны, 1937 г.н.). У гэтай жа вёсцы на Тройцу было прынята кідаць у ваду з маста свежую траву і лугавыя кветкі. З выкананнем гэтых дзеянняў былі звязаны надзеі вяскоўцаў на атрыманне багатага ўраджаю: “Калі кінеш траву ці цвяты, то год будзе багаты, усё ўродзіць, а калі не, то галодны год будзе, ці засуха будзе, ці жыта не ўродзя” (запісана ад Красноўскай Наталлі Васільеўны, 1937 г.н.).

Гушканне на арэлях і пераапрананне ў жаніха і нявесту , а таксама выкананне вясельных песень — важныя моманты ў святкаванні Тройцы ў в. Церахоўка: “У першы дзень свята збіралася моладзь, падлеткі. Гулялі, спявалі, каталіся на качэлях, пераадзяваліся ў жаніха і нявесту. Спявалі вясельныя песні” (запісана ад Сердзюковай Евы Піліпаўны, 1930 г.н.).

На

чацвёрты дзень пасля святкавання Тройцы ў в. Баршчоўка, які меў назву “Аброчнае”, імкнуліся нічога не рабіць, бо на працягу трох гадоў у вёсцы здараліся няшчасці: то саранча знішчыць пасевы, то град паб’е жыта, то здарыцца пажар і згараць усе пабудовы: “От тагда ўжэ людзі абракліся. Сказалі, шчо ў эту срэду дзелаць нічога не будзем, шчоб Бог не наказуваў нас так жыстока. Вот паслі трох такіх случаяў і абраклісь” (запісана ад Грудавенка Валянціны Гаўрылаўны, 1930 г.н.).

Як і ў вёсках Добрушскага раёна, жыхары Буда-Кашалёўшчыны таксама здаўна прытрымліваюцца традыцыйных народных прадпісанняў, звязаных са святкаваннем Тройцы, якую называлі Пяцідзесятніцай, бо “явленіе Святога Духа на апосталаў было ў пяцідзесяты дзень па Вялікадню. Гэта трайная радасць. Гэта Бог Ацец, Бог Сын, Бог Святы Дух. Тры дні святкавалі гэта свята” [2, с. 147]. У стуктуры мясцовага траецкага абрадавага комплексу можна вылучыць, зыходзячы з палявых запісаў, такія кампаненты, як гушканне на арэлях, упрыгожванне хаты і падвор’я зелянінай, абрады завівання і развівання вянкоў, кумленне (“Даўней у нашай вёсцы на Тройцу куміліся — гатавалі настойку з парэчак, хадзілі ў госці, частавалі ёю суседзей” — в. Глазаўка) [2, с. 145], выкананне траецкіх песень. Як адзначылі жыхары п. Чарняціна, абрад развівання вянкоў выконвалі абавязкова, бо “бярозы маглі праклясці дзеўку, якая яго завівала, і яна магла памерці” [2, c. 147]. Акрамя адзначаных абрадавых момантаў, у асобных вёсках менавіта на Тройцу мелі месца абрад пераносу свечкі (у в. Буда-Люшаўская “на Тройцу свячу пераношвалі” [2, с. 145], а таксама абрад ваджэння куста: “У гэты дзень прыбіралі ў кляновае адзенне і дзелалі такі ж вянок самай прыгожай дзеўкі. Яе называлі куст і вадзілі вакруг яе харавод, пелі песні. Удзельнічалі адны незамужнія дзеўкі” [2, с. 147].

Працяг чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.