Мікалай Страшынскі нарадзіўся 22 мая – на свята Мікалая Цудатворцы. У выбары імені для хлопчыка бацькі не сумняваліся і назвалі яго ў гонар праваслаўнага святога. І таму кожны год 22 мая мужчына адзначае адразу два святы – дзень нараджэння і імяніны. Родам Мікалай Страшынскі з вёскі Сукневічы. Звычайны сялянскі хлопец. Скончыў школу, пасля – Ашмянскае ПТВ, пазней прыйшоў на працу ў родную гаспадарку і з той пары працуе ў цяперашнім ААТ “Шутавічы-агра” механізатарам. Няма той работы, якую б не даводзілася выконваць Мікалаю Віктаравічу. Але часцей за ўсё, як самаму адказнаму і рупліваму, яму давяралі палявыя работы. З шутавіцкімі наваколлямі ён знаёмы з дзяцінства. Памятае, як яму, дзесяцігадоваму хлапчуку, бацька даваў касу і выпраўляў у поле касіць іржышча і траву, якая пачынала расці пасля жніва. У тыя часы, вядома, калгасы не песцілі вяскоўцаў вялікімі сенажацямі. Кароў па вёсках было шмат. Кожнаму давалі сенакос “за буракі”. Гэта значыць, каб атрымаць дзялку, людзі павінны былі ўзя