Найти тему

Як завуць першага шацілаўца-светлагорца, які нарадзіўся ў трэцім тысячагоддзі?

Першы светлагорац трэцяга тысячагоддзя - Вераніка Карнеева. Фота Віктара Раманцова 2004 г.
Першы светлагорац трэцяга тысячагоддзя - Вераніка Карнеева. Фота Віктара Раманцова 2004 г.

Першага чалавека, які нарадзіўся ў трэцім тысячагоддзі, у горадзе Светлагорску, завуць Вераніка Карнеева.

Вераніка Алегаўна Карнеева – першы светлагорац і жыхар раёна трэцяга тысячагоддзя. Нарадзілася яна 1 студзеня 2001 года каля 9 гадзіны раніцы ў дзіцячай лякарні, бо радзільня на той час была зачынена на рамонт. Вага дзяўчынкі склала 3 кілаграмы 250 грамаў, рост – 51 сантыметр [1]. Шчаслівымі бацькамі стала сям’я працаўнікоў Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Светлагорскае вытворчае аб’яднанне "Хімвалакно": Алег Міхайлавіч і Іна Мікалаеўна Карнеевы. Бацька Веранікі на той момант працаваў аператарам дыстанцыйнага пульта кіравання прадзільнага цэха №3 вытворчасці поліэфірных тэкстыльных нітак, маці – перамотчыкам нітак круцільнага цэха №2 завода штучнага валакна РУП "СВА "Хімвалакно". Вераніка стала другой дачкой у сям’і Карнеевых. Яе родная сястра Лаліта Карнеева старэйшая на 1 год і 9 месяцаў.

Імя для Веранікі бацькі адшукалі ў слоўніку, калі дзіцё яшчэ не нарадзілася. 20 студзеня 2001 года ў Светлагорскім аддзеле ЗАГСа адбылося ўрачыстае ўшанаванне першага жыхара горада, які нарадзіўся ў трэцім тысячагоддзі. Родныя і блізкія, прадстаўнікі прадпрыемстваў горада, гарадскога выканаўчага камітэту перадалі сям’і Карнеевых падарункі. Самы дарагі з іх – ордэр на аднапакаёвую кватэру плошчай 32,2м2 па адрасе: мікрараён Маладзёжны, дом №60, кватэра 11 – падараваў Карнеевым гарадскі выканаўчы камітэт. Адміністрацыя РУП "СВА "Хімвалакно" даслала сям’і сваіх работнікаў халадзільнік [2].

Урачыстае віншаванне першага светлагорца ІІІ-га тысячагоддзя ў ЗАГСе. Фота Віктара Папко. 2001 год.
Урачыстае віншаванне першага светлагорца ІІІ-га тысячагоддзя ў ЗАГСе. Фота Віктара Папко. 2001 год.

Аднапакаёвую кватэру, падораную гарвыканкамам, сям’я Карнеевых абмяняла з даплатай на трохпакаёвую кватэру ў доме №12 Юбілейнага мікрараёну г. Светлагорска.

Крыніцы:

1. Щербин Л. Дитя столетия // Регион-вести. 2001. 12 студзеня. С. 1.

2. Романцов В. Первый человек третьего тысячелетия // Ранак-плюс. 2004. № 29. С. 4.

Аўтар: Віктар Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. С. 107-108.