Вывучэнне пытання аб правядзенні нацыянальна-культурнай, у першую чаргу беларускай, работы і яе асаблівасцей ва ўсходніх беларускіх губернях у час іх знаходжання ў складзе РСФСР мае прынцыповае значэнне для разумення ролі культурнага фактару ў сучасным беларускім грамадстве.
Кіраўніцтва БССР ніколі не пакідала па-за ўвагай беларускія тэрыторыі, якія знаходзіліся ў складзе РСФСР. Усевалад Ігнатоўскі сцвярджаў, што «хутка адрадзіць Савецкую Беларусь магчыма толькі ўключыўшы ў тэрыторыю Беларусі блізкія ёй суседнія раены, больш дэцэнтралізаваўшы кіраўніцтва галінамі прамысловасці мясцовага значэння, уцягнуўшы шырокія колы працоўных мас у актыўнае савецкае будаўніцтва, узмацніўшы культурна-асветную працу на родных (беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай) мовах; задушаная царызмам беларуская культура павінна адрадзіцца» [1, с. 238].
Ва ўсходніх беларускіх губернях партыйна-савецкая работа па нацыянальна-культурным пытанні праводзілася ў рэчышчы агульнарасійскай палітыкі, зыходзячы з дакументаў адпаведных цэнтральных устаноў. На месцах ствараліся аддзелы, пададдзелы, камісіі, нацыянальныя секцыі і бюро, уводзіліся пасады ўпаўнаважаных па справах нацменшасцей пры выканкамах, інспектараў па рабоце з нацменшасцямі пры аддзелах народнай адукацыі, арганізоўваліся нацыянальныя бюро пры губернскіх партыйных камітэтах. Першачарговае месца адводзілася развіццю адукацыі і культуры.
На тэрыторыі ўсходніх беларускіх губерняў пражывалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якія мелі статус «нацменшасці». Ужо з 1919 г. пры Віцебскім і Гомельскім губернскіх камітэтах РКП(б), пры аддзелах народнай адукацыі дзейнічалі яўрэйскія, польскія, латышскія секцыі і пададдзелы. Аднак у гэтых губернях доўгі час не ўдавалася стварыць нацыянальныя ўстановы, якія б разгарнулі культурна-асветніцкую работу сярод беларускага насельніцтва. Нягледзячы, на тое, што, напрыклад, яшчэ ў канцы кастрычніка 1917 г. Віцебскі губернскі з’езд настаўнікаў, сходы чыгуначных службоўцаў, фабрычных работнікаў у шэрагу рэзалюцый выказалі гатоўнасць працаваць «на беларускай ніве». У 1918 г. было адчынена Віцебскае аддзяленне Белнацкома, але ўжо ў канцы гэтага ж года губвыканкам без згоды Белнацкама і Наркамнаца РСФСР закрывае яго. Міхась Мялешка — беларускі гісторык, этнограф, публіцыст, выкладчык Віцебскага археалагічнага інстытута пісаў: «Што дала рэвалюцыя ў Віцебшчыне беларусу ў яго нацыянальных памкненнях? Самавызначэнне? Свабоднае развіцце нацыянальнай культуры?… Царскі русіфікатарскі беспарадак у Віцебшчыне застаўся і да сенняшняга дня. Паны-русіфікатары, што засталіся, змянілі толькі свае вонкавае аблічча. Адны з іх сталі «камуністамі», другія — беспартыйнымі «спецамі», трэція засталіся такімі ж манархістамі, якімі і былі» [2, арк. 24]. М. Мялешка параўноўваў першыя паслярэвалюцыйныя гады для беларускага народа Віцебшчыны з «мураўеўскімі часінамі» [3, с. 50]. Часткова непрыняцце беларускай работы на Віцебшчыне можна вытлумачыць небеларускім нацыянальным складам партыйнага і савецкага апарата губерняў. Вясной 1921 г. пры ўрадзе РСФСР было заснавана Беларускае Цэнтральнае бюро (БЦБ). Яго задачай з’ўялялася арганізацыя і кіраванне нацыянальнай сістэмай адукацыі і асветы ў раенах кампактнага пражывання беларусаў на тэрыторыі РСФСР. БЦБ, падобна іншым нацыянальным бюро, падпарадкоўвалася Цэнтральнаму Савету па асвеце нацменшасцей РСФСР. Адразу пасля заснавання БЦБ прыступіла да арганізацыі беларускіх секцый пры губернскіх аддзелах народнай адукацыі. Нягледзячы на тое, што вясной 1919 г. Магілеўская губерня была рэарганізавана і губернскі цэнтр перамясціўся ў колішні павятовы горад Гомель, было прынята рашэнне аб неабходнасці стварэння белсекцыі і пры Магілеўскім павятовым аддзеле народнай адукацыі. Такая неабходнасць абумоўлівалася значным беларускім рухам на Магілеўшчыне і наяўнасцю зацікаўленных у справе работнікаў павятовага аддзела народнай адукацыі.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!
Усевалад Ігнатоўскі і яго аднадумцы — Аляксадр Чарвякоў, Зміцер Жылуновічдобра ўсведамлялі, што становішча ў губернях насіла складаны характар па прычыне шматвякавой, спачатку паланізатарскай палітыкі пануючых класаў Польшчы, а затым русіфікатарскай палітыкі царызму. Наркамат асветы БССР намагаўся паступова, праз арганізацыю нацыяналь-культурнай, асветніцкай дзейнасці ва ўсходніх губернях паўплываць на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва, асабліва беларусаў. Неабходна было зламаць супраціўленне мясцовага кіраўніцтва і разгарнуць шырокую сетку школ і іншых устаноў для абслугоўвання беларускага насельніцтва на роднай мове, што ўжо паспяхова рабілася для іншых нацыянальнасцей, пражываючых у губернях.
Паспрыяла гэтай працы і нацыянальная палітыка РКП(б), дэклараваная Х з’ездам. У Віцебскай губерні са жніўня 1921 г. актыўна працавала яўрэйская секцыя губана. Яўрэйскія аддзелы былі створаны пры Веліжскім, Гарадокскім, Невельскім, Полацкім, Лепельскім павятовых аддзелах народнай адукацыі. З 1 мая 1921 г. пры Віцебскім губаддзеле нацменшасцей працаваў латышскі пададдзел, крыху пазней была створана польская секцыя [4, арк. 14]. Аднак намаганні Масквы і Мінска разгарнуць культурна-асветніцкую работу сярод карэннага насельніцтва праз арганізацыю белсекцый непрыхільна ўспрыняло мясцовае кіраўніцтва. Асаблівай варожасцю выдзяляліся кіраўнікі Віцебскай губерні. Менавіта па гэтай прычыне белсекцыя ў губерні фактычна так і не была створана. У маі 1922 г. Віцебск наведала інструктар Цэнтральнага бюро пры Саўнацмене Наркамасветы РСФСР Шышава. На пасяджэнні калегіі губана яна зрабіла даклад аб стварэнні белсекцыі. Дакладчык адзначала, што ў губерні неабходна тэрмінова разгарнуць нацыянальна-культурную работу сярод беларускага насельніцтва на роднай мове і пачаць падрыхтоўку да арганізацыі беларускага педагагічнага тэхнікума і інстытута народнай адукацыі. У якасці галоўнага аргумента для пацвярджэння тэрміновай неабходнасці стварэння белсекцыі прыводзіліся дадзеныя Статбюро, па якіх на тэрыторыі Віцебскай губерні пражывала 1,5 млн. чалавек, з іх каля 1 млн. — беларусы. На думку Шышавай, колькасць беларусаў у губерніі яшчэ большая [4, арк. 14]. У ліку сродкаў, выдзеленых НКА РСФСР губернскаму Савету па асвеце нацменшасцей, планавалася ўтрыманне трох пасад беларускіх інспектараў, якія павінны былі распачаць работу па арганізацыі белсекцыі. Аднак кіраўніцтва губана выказалася катэгарычна, адзначыўшы, што стварэнне белсекцыі толькі пашырыць апарат, а беларуская мова — ненатуральная, зусім незразумелая масам. Ды і пачуць «паўбеларускую» гаворку можна толькі на поўдні губерні. Зыходзячы з дадзенай пазіцыі ў пастановах губана неаднаразова фіксавалася: «Калегія губана лічыць арганізацыю белсекцыі несваечасовай». Гэтае пытанне таксама ўздымалася і ў губкаме РКП(б), і ў губернскім савеце па асвеце нацменшасцей. Жадаючы пазнаеміцца з пастаноўкай беларускай культурна-асветніцкай работы на Віцебшчыне ў пачатку мая 1922 г. Віцебск наведаў нарком асветы БССР Ус. Ігнатоўскі. Ён выказаў думку, што на Віцебшчыне ў гэтай справе дапушчана вялікая памылка, якую неабходна тэрмінова выправіць, бо яна шкодна адаб’ецца не толькі для Віцебшчыны, але і для ўсей тэрыторыі эканамічна-этнаграфічнай Беларусі «як савецкай, так і закардоннай». Ус. Ігнатоўскі лічыў, што русіфікацыя на Віцебшчыне зачапіла невялікую групу беларускай інтэлігенцыі і гарадскога беларускага пралетарыята, які нешматлікі; вясковы ж пралетарыят і сялянства ў масе сваей гавораць на беларускай мове. Ус. Ігнатоўскіпадаў дакладную запіску ў КП(б)Б і ЦК РКП(б) аб становішчы беларускай культурна-асветніцкай работы на Віцебшчыне. У ей адзначалася, што пастановы губкама і губана аб неадчыненні белсекцыі: «1. Супярэчаць пастановам Х з’езда РКП(б) па нацыянальным пытанні; 2. Супярэчаць першаму пункту палажэння працоўнай школы аб навучанні ў школе на роднай мове; … 4. У Беларусі Савецкай стварае разгубленасць… і шавінізм у беспартыйных беларускіх колах; 5. У Беларусі закардоннай, дзе нацыянальнае пачуцце беларусаў надзвычай узбуджана, змяншае цягу да Савецкай Беларусі і Расіі» [2, арк. 41б]. Пазіцыя губернскага кіраўніцтва заставалася нязменнай: «Для правядзення беларускай работы ў Віцебскай губерні няма ні партыйных, ні школьных работнікаў, а галоўнае — няма сродкаў» [4, арк. 14].