Ва Ушачах Віцебскай вобласці ласіха прыйшла ў цэнтр горада і зламала плот у парку. У ноч на 24 траўня жывёла трапіла на камеру відэаназірання на будынку мясцовай міліцыі, які знаходзіцца побач. За два крокі ад парку знаходзіцца Ушацкая дзіцячая школа мастацтва. Там Еўрарадыё распавялі, як паводзіла сябе жывёла ў горадзе.
“З аднаго боку жывёла, калі заскоквала, паклала плот, а з іншага — калі выскоквала, — паведамілі ў школе. — Камера на будынку міліцыі зафіксавала. Відаць, з рэчкі ішла. На плоце шэрсць засталася, зачапілася. Добра, што больш нічога не закранула. А то недалёка стаянка аўтамабільная”.
Ва Ушацкім ЖКГ Еўрарадыё распавялі, што рамантаваць плот пачнуць 28 траўня.
“Гэта ласіха была, — дадаюць камунальнікі. — На камеры відаць. Хацела прайсці і ўпёрлася ў плот. Выбіла два пралёты. Кажуць, што яшчэ ў школьным двары градкі патаптала. Цэглу, метал замовілі, будзем мяняць гэта ўсё. Да 1 чэрвеня, калі ўсё добра будзе, павінны адрамантаваць”.