Найти тему

Ці стаяў у Светлагорску помнік Уладзіміру Леніну?

У Светлагорску ніколі не стаяў помнік правадыру сусветнага пралетарыяту Уладзіміру Леніну.

19 кастрычніка 1991 года на старонках раённай газеты “Светлагорскія навіны” (заснавальнік – Светлагорская Рада народных дэпутатаў) з’явіўся фотаздымак помніка Леніна. Любімаў А. Ленiн пад... плотам // Светлагорскiя навiны. 1991. 19 кастрычніка.
19 кастрычніка 1991 года на старонках раённай газеты “Светлагорскія навіны” (заснавальнік – Светлагорская Рада народных дэпутатаў) з’явіўся фотаздымак помніка Леніна. Любімаў А. Ленiн пад... плотам // Светлагорскiя навiны. 1991. 19 кастрычніка.

У Саюзе Свецкіх Сацыялістычных Рэспублік існавала жалезнае правіла: у кожным горадзе ўсталёўваўся помнік Уладзіміру Ільічу Леніну (Ульянаву) – стваральніку першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы. Але, як гэта ні парадаксальна, у горадзе Светлагорску Гомельскай вобласці, які быў пабудаваны і вырас дзякуючы сацыялізму, ніколі не стаяў помнік правадыру сусветнага пралетарыяту.

Улады Светлагорска спрабавалі выправіць сітуацыю на пачатку 1990-х гадоў. Правадыр сусветнага пралетарыяту павінен быў заняць звычайнае месца: на цэнтральным пляцы горада. У 1991 годзе бронзавы помнік Уладзіміру Леніну быў замоўлены, выраблены і дастаўлены ў горад. Па тым часе ён абыйшоўся ў 130 тысяч савецкіх рублёў. Але помнік так і не паўстаў перад светлагорцамі. Рэч у тым, што ў краіне ішла перабудова. У сродках масавай інфармацыі з’явіліся раней невядомыя шырокай грамадскасці негатыўныя звесткі пра асобу Уладзіміра Леніна. Усталяванне ў такі момант бронзавага помніка было б успрынятае грамадскасцю неадназначна. Гатовы помнік Уладзіміру Леніну быў завезены далей ад людскіх вачэй за горад на тэрыторыю санаторыя-прафілакторыя “Срэбныя крыніцы” (ВА “Хімвалакно”) і кінуты пад адкрытым небам, крыху прыкрыты драўляным плотам.

19 кастрычніка 1991 года на старонках раённай газеты “Светлагорскія навіны” (заснавальнік – Светлагорская Рада народных дэпутатаў) з’явіўся фотаздымак помніка Леніна ў такім непрывабным выглядзе [1]. Гэта стала нагодай для пачатку шырокай дыскусіі жыхароў раёну ў газеце на тэму: ці трэба ў Светлагорску ўсталёўваць помнік стваральніку першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы. Меркаванні гараджан на гэты конт падзяліліся.

“Давайце прададзім помнік, а на атрыманыя грошы паставім помнік жанчынам-удовам франтавікоў, якія ў маладым узросце засталіся з дзецьмі і, каб не памерці з голаду ў пасляваенныя часіны, працавалі быццам нявольніцы, – унесла сваю прапанову жыхарка горада Н. Кругаль. – Гэта ім павінны ставіць помнікі, а не Леніну, бо помнікаў яму і без таго хапае” [2].

Ветэран працы, пенсіянер Светлагорска М. Серп заўважыў, што “да глыбіні душы абураны такім вандалізмам”.

“Нельга вінаваціць У.І. Леніна, што сацыялізм у СССР пабудаваны ў скажоным выглядзе. Сталінскі пераварот зрабіў сваю чорную справу, – сцвярджаў ён. – Помнік павінен быць пастаўлены ў цэнтры горада, на самым бачным і прыгожым месцы... З развіццём горада да нас будуць прыязджаць турысты з розных краін і рэспублік Саюза. Яны с павагай будуць адносіцца да нас, як да людзей, якія памятаюць сваю гісторыю. Да помніка будуць прыходзіць маладыя, бацькі з дзецьмі, ды і ўсе шчырыя людзі будуць шанаваць памяць Вялікага Леніна. Ленін з намі! Прэч рукі ад Леніна!” [3].

Іншай думкі прытрымліваўся жыхар горада М. Паседзька, які прапанаваў помнік правадыру абмяняць на дэфіцытны тавар: “Цэлыя пакаленні нараджаліся і паміралі з гэтым імем. Ён для нас быў усім: і сонцам, і ласкавым дзядулем, і мудрым правадыром, і рашучым заступнікам ад багацеяў, дзякуючы чаму багацеяў тых знішчылі і ў краіне пачала жыць адна галота. Міф аб Леніне лунаў над намі дзесяцігоддзі. Верылі мы і ў геній Ільіча, у яго сумленне, надавалі яго вобразу выгляд Бога, але дзеля чаго? Ці не для таго, каб зрабіць сумленны і працавіты люд наш быдлам, а потым кіраваць ім з пугай у руцэ? І не грошай ім шкада, што пайшлі на помнік, – дзеля такіх спраў яны іх ніколі не шкадавалі, а балюча ім за тое, што на вачах губляецца іх улада”.

М. Паседзька працягваў: “Можна шмат гаварыць пра супярэчлівасць характару і дзеянняў правадыра, але як назваць тое, што адбывалася па яго загадзе і бласлаўленні? Вельмі ўжо не любіў Ільіч папоў, і ў выніку да 1922 года былі знішчаныя больш за 700 манастыроў, расстраляныя па прысудзе 5409 манахаў і манахінь, 1691 святар. А быў жа яшчэ суд “революционной совести”, па якім знішчылі 15 тысяч чалавек чорнага і белага духавенства...

Уся краіна развітваецца з помнікамі Леніну, а мы збіраемся ставіць. Шукаем для гэтага патрэбнае месца. Цікава ведаць, якое яно павінна быць? Не менш цікава было б глянуць і на святочны момант урачыстага адкрыцця помніка. Што людзям будзеце гаварыць, паважаныя? Ці зноў, як раней, будзе панаваць палітычнае забабонства?

Было б добра прадаць бронзавага Ільіча за мяжу... Паспрабаваць дамовіцца з Фідэлем Кастра можна. Мы яму правадыра, ён нам – цукар” [4].

Жыхар раёну А. Русіновіч звярнуў увагу на безадказнасць з боку фінансавых, наглядных структур: “Ці ёсць сумленне ў тых таварышаў, што замовілі помнік? Гэта тое ж самае, што нарадзіць дзіця і выкінуць на сметнік. А замаўлялі тыя, хто кожны дзень стукаў сябе ў грудзі, што ён сапраўдны ленінец, пры кожным, нават нязручным моманце спасылаўся на У.І. Леніна. Дык вось, за дзяржаўныя грошы трэба і спытаць з гэтых дзяржаўных людзей.

Незразумелыя адносіны ў гэтым выпадку фінансавых органаў, якія выдалі грошы – і будзь здаровы! Што далей здарылыся, выходзіць, не іх справа. Згноены грошы, згноены душы, згноена наша культура. Інакш і не скажаш” [5].

Zametka-Viktora-Romantsova-o-pamyatnike-Leninu-v-1991-godu-v-gazete-Svetlagorskiya-naviny.
Zametka-Viktora-Romantsova-o-pamyatnike-Leninu-v-1991-godu-v-gazete-Svetlagorskiya-naviny.

Светлагорская ўлада не рызыкнула ўвекавечыць у городзе правадыра сусветнага пралетырыяту, бо Савецкі Саюз ужо распаўся, Беларусь аб’явіла аб сваёй незалежнасці. Бронзавага Валодзю Ульянава змясцілі ў жалезную скрыню і паклалі на складзе санаторыя-прафілакторыя "Срэбныя крыніцы" на доўгае захаванне [6]. Атрымалася, што на 14 гадоў.

Лёс помніка Уладзіміру Ульянаву вырашыўся ў 2004 годзе, калі непадалёк ад набярэжнай у Светлагорску мясцовыя чыноўнікі пажадалі рэканструяваць пахаванне савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні раёну падчас Другой сусветнай вайны [7]. З бронзавага помніка Леніну былі адліты іншыя – Звон-набат, які быў усталяваны ў 2005 годзе на месцы братэрскага пахавання і помнік Раману Шацілу (адкрыты 16 верасня 2006 года). Але афіцыйна гэтыя звесткі не спяшаюцца пацвярджаць, каб не траўмаваць пачуцці тых, для каго савецкія ідэалы і асоба Уладзіміра Леніна дагэтуль у пашане [8].

-3

Над помнікам Уладзіміру Леніну для горада Светлагорска працаваў вядомы савецкі скульптар Анатоль Арцімовіч, распрацоўкай праекту займаўся архітэктар Армен Сардараў. Дарэчы, скульптар Анатоль Арцімовіч неаднойчы звяртаўся да светлагорскіх уладаў з просьбай перадаць ці прадаць яму ўласны твор, аднак дарэмна.

Праект помніка Уладзіміру Леніну для Светлагорска. Але фігура Леніна не супадае з арыгіналам. Там Ленін указвае рукой (гл фота з газеты "Светлагорскіх навін").
Праект помніка Уладзіміру Леніну для Светлагорска. Але фігура Леніна не супадае з арыгіналам. Там Ленін указвае рукой (гл фота з газеты "Светлагорскіх навін").

Паводле ідэі аўтараў, помнік Уладзіміру Ульянаву павінен быў стаяць на гранітным пастаменце вышынёй каля 8 метраў. Сам бронзавы правадыр пралетарыяту дасягаў вышыні 4 метраў. За спіной у кіраўніка першай савецкай краіны мусіў лунаць сцяг вышынёю каля 3 метраў. Бронзавая фігура Уладзіміра Леніна важыла 12 тон [9].

Крыніцы:

1. Любімаў А. Ленiн пад... плотам // Светлагорскiя навiны. 1991. 19 кастрычніка. С. 1.

2. Кругаль Н. Лепш помнік удовам // Светлагорскiя навiны. 1991. 2 лістапада. С. 2.

3. Серп М. Прэч рукі ад Леніна! // Светлагорскiя навiны. 1991. 2 лістапада. С. 2.

4. Паседзька М. Помнік? Каму? // Светлагорскiя навiны. 1991. 2 лістапада. С. 2.

5. Русіновіч А. Жахліва, але гэта так... // Светлагорскiя навiны. 1991. 23 лістапада. С. 2.

6. «Запакованный» Ильич // Регион-вести. 1998. №4.

7. Сапоненко И. Солдата увольняют в запас // Ранак-плюс. 2004. №25. С. 1, 6.

8. Мурашкина. Р., Василевская И. В Светлогорске из памятника Ленину вылили «царь-колокол»? Комсомольская правда в Беларуси [Электронный ресурс]. 2005. 13 мая. Доступ через Интернет: http://kp.by/daily/23509.4/138736/. Дата доступа: 23.09.2010.

9. Левашов М. Забытый вождь // Регион-вести. 2003. № 16. С. 12.

Аўтар: Віктар Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. С. 77-81.