Найбольш папулярнай сярод моладзі была варажба аб асабістым жыцці, замужжы (жаніцьбе), знешніх і ўнутраных якасцях мужа (жонкі), характары ўзаемаадносін у сям’і і гаспадарчым дабрабыце. Дзяўчаты і хлопцы, жадаючы атрымаць веды аб будучым, прыкладвалі разнастайныя намаганні: звярталіся да сноў з іх багатымі сімвалічнымі вобразамі, да прадметаў, што неслі на сабе адбітак таямнічасці і загадкавасці, да жывёл, якія, паводле народных уяўленняў, мелі дачыненне да звышнатуральных сіл або іншасвету, выбіралі для варажбы “нячыстыя” месцы з іх магічнымі ўласцівасцямі. Такімі месцамі, па словах Л.М. Вінаградавай, лічыліся “закінутыя дамы, нежылыя памяшканні (баня, асець, хлеў, падвал, гарышча, сенцы), а таксама локусы, асэнсоўваемыя як памежная прастора паміж “сваім” і “чужым” светам (печка, парог, знешні кут дома, штыкетнік, вароты, месцы каля калодзежа, крыніцы, палонкі, скрыжаванні, межы, могілкі і інш.) [1, с. 482-483].
Каб даведацца, ці выйдзе дзяўчына замуж у гэтым годзе, варажылі пад вокнамі чужых хат (“Дзяўчыне нада было ўкрасці блін, каб ніхто не ведаў, яна выходзіла на вуліцу і станавілася пад чые-небудзь вокны. Калі пачуе “сядзь”, то ў гэтым годзе замуж яна не пойдзе, а калі пачуе “ідзі”, то выйдзе замуж” (в. Фашчоўка Гомельскага р-на)), а каб вызначыць, якая з іх выйдзе раней за астатніх, варажылі на парозе хаты, што ў дадзеным выпадку сімвалізаваў своеасаблівую мяжу асабістага лёсу дзяўчыны, перайшоўшы якую, яна апынецца ў новым сацыяльным статусе – статусе жонкі: “Дзяўчаты пяклі з рэшткаў цеста маленькія булачкі, клалі іх на парог хаты, потым прыводзілі сабаку і назіралі: чыю булачку ён з’есць раней, тая дзяўчына і замуж раней пойдзе” (в. Лубенікі Брагінскага р-на); “Маці даюць дочкам першы спечаны блін, дзяўчаты збіраюцца і кладуць бліны свае на парог і клічуць сабаку: чый блін возьме, тая дзяўчына замуж пойдзе ў гэтым годзе” (в. Сасна Жлобінскага р-на).
Знакавы статус дарогі, раздарожжа (ростані), мяжы “сваёй” і чужой” прасторы (дом / двор, двор / вуліца) як локусаў, цесна звязаных з іншасветам і здольных прадстаўляць інфармацыю аб лёсе чалавека або ўплываць на яго (пры ўмове знаходжання ў тым ці іншым месцы ў пэўны часавы прамежак), выразна выяўляецца ў шлюбнай варажбе аб накірунку замужжа (жаніцьбы). Так, каб вызначыць, з якога боку жаніх або нявеста будзе:
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!
- выходзілі на вуліцу, дарогу, ростані або сметнік і слухалі гукі-сігналы: шум (“Перад Раждзяством ці Крашчэннем выносілі мусар на перакростку. Выходзіш на дарогу і слухай, пакуль шум нейкі не пачуеш. Адкуль шум – адтуль і нявеста” (г. Буда-Кашалёва); “Дзяўчыны выходзяць на перахрэст 4 дарог і гавораць: “Доля мая, адзавісь”. І ў якой старане ці што грукне, ці будзе ехаць поезд, тады ў тую старану яна пойдзе замуж” (в. Грышы Ельскага р-на)), брэх сабак (“Пасля вячэры хлопцы бягуць на растанцы і слухаюць, у якім баку забрэшуць сабакі, то адтуль ім трапіцца жонка, бо гэта так суджано” (в. Юравічы Калінкавіцкага р-на); “Хапаем па аднаму бліну і бегом на вуліцу, слухаем: у яком боцы сабакі гаўкаюць – там і подам замуж” (в. Хільчыцы Жыткавіцкага р-на); “Дзяўчата пасля вячэры выбягаюць на двор, становяцца на сметніку і слухаюць: дзе забрэша сабака, у той бок яны пойдуць замуж, а калі сабакі саўсім не забрэшуць, то тая дзяўчына застанецца ў дзеўках ці пойдзе за ўдаўца” (в. Юравічы Калінкавіцкага р-на)). Трэба заўважыць, што інфармацыя, атрыманая ў працэсе варажбы, магла быць не заўсёды пазітыўнай: замест звестак аб чакаемым замужжы дзяўчына даведвалася аб няшчасці (смерці). У такім выпадку ў тэксце варажбы ўзнікае згадка яшчэ аб адным прасторавым локусе, толькі ўжо з негатыўнай семантычнай афарбоўкай, – могілках: “Яшчэ рабілі так: бралі смецце, выносілі яго на перакрэсную дарогу ў 12 часоў ночы і гукалі: “А ты, смецце, сыпся, рассыпайся, а дзе мой – адзывайся”. У яком баку адзавецца, туды і замуж пойдзеш. А еслі на кладбішчы застукае, то, значыць, дзеўка ўмрэ, жыць не будзе” (в. Малейкі Брагінскага р-на);
- перакідвалі за межы свайго двара праз вароты і дах дамоў абутак, венікі або выходзілі непасрэдна на вуліцу (“Перакідвалі цераз варота обувь (сапог ці што) каб знаць, адкуль прыйдзе жаніх” (г. Гомель); “Яшчэ чобаты перакідвалі цераз хату. У які бок носа глядзіць, туды і замуж выйдзеш” (в. Дуброва Ельскага р-на); “Венікі перакідвалі чэраз вароты: у якую сторану ўкажа, адтуль і прыйдзе твой мужык (в. Сінск Лоеўскага р-на); “А то яшчэ было. Выйдам на вуліцу і станем кідаць галошы. У які бок галош павернецца, у той і замуж пойдзеш” (г.п. Лоеў)).
Убачыць выяву будучага мужа можна было варожачы ў бані (“Сядзелі з зеркалам у бані, каб сужанага пабачыць” (п. Мічурынскі Гомельскага р-на); “Хадзілі гадаць у баню. Абручальнае кальцо кідалі ў стакан з вадой, свечкі запальвалі і глядзелі ў ваду: каму ўжо што там пакажыцца” (в. Карма Добрушскага р-на)), склепе (“А тады ўжо ідуць у пограб, стаўляюць свечку і зеркала і глядзяць: хто пакажацца, то жаніх, значыць, будзе” (в. Крупейкі Лоеўскага р-на)) і гарышчы хаты (“Перад старым Новым годам дык тожа гадалі, нада было лезці на чардак у дванаццаць, пасматрэць, каго ты ўвідзіш. Я палезла, а там ў іх ацец умер, і паявілась такая ікона – “Хрыстос распяты”. Яі абрушылася, дык доўга ляжала: паламала рэбры, была ўся чорная” (в. Пірэвічы Жлобінскага р-на)), якія, па народных уяўленнях, з’яўляліся месцамі кантактаў з “нячыстай сілай”, што, дарэчы, абумовіла і выбар прадметаў для варажбы (люстэрка, вада, свечка), і набор эмацыянальных станаў (адчуванне пастаяннай прысутнасці “нячыстай сілы”, пачуццё страху і небяспекі (“На зеркалы ў бане мы ніколі не гадалі, бо вельмі страшна было. Казалі, што дзеўка адна гадала, вылезла з зеркала рука і дала ёй па шчаке, у той пляма чорна на ўсю жызнь асталася” (в. Пагост Жыткавіцкага р-на)) варожачых.
Да калодзежа (у некаторых раёнах да крыніцы), які, дарэчы, “з-за сувязі з вадой і падзямеллем асэнсоўваецца як памежная прастора, шлях у ірый і канал сувязі з іншасветам” [2, с. 536] і даволі часта выступае месцам шматлікіх магічных дзеянняў, ішлі дзяўчаты, каб вызначыць характар будучага мужа і свекрыві: “Шлі да калодца ці рэчкі, бралі камень і кідалі ў ваду. Еслі камень падаў ціха, то муж будзе ціхі, добры, еслі з шумам – не будзе саглашэння ў сям’і” (г.п. Уваравічы Буда- Кашалёўскага р-на); “У крыніцу камень маленькі кідалі: калі ціха на дно пойдзе, то і свякруха будзе ціхая, а калі “б-р-р-р”, то свякруха бурчэць будзе” (в.Новы Мір Веткаўскага р-на).