Бацькі загінулага лейтэнанта ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча не вераць у суіцыд сына. Яны патрабуюць правесці эксгумацыю цела і незалежную экспертызу. Пра гэта бацька міліцыянта паведаміў тэлеканалу "Белсат".
Уладзімір Патаповіч сам праслужыў у ДАІ 20 гадоў. Ён сышоў у адстаўку ў 2018 годзе ў званні капітана міліцыі. Яўген захацеў пайсці па слядах бацькі, таму вучыўся ў Магілёўскім інстытуце МУС. Бацька кажа, што сыну вельмі падабалася ягоная праца.
Нагадаем, што цела лейтэнанта ДАІ знайшлі ўвечары 16 траўня ў лесе каля Магілёва. Ён памёр ад стрэлу ў галаву. Следчы камітэт заявіў, што асноўная версія здарэння — самагубства. Перад суіцыдам хлопец, як заявілі следчыя, наўмысна сам спаліў свае штаны.
Пасля смерці міліцыянта ў Магілёве адбыліся масавыя затрыманні цыганоў. Незадоўга да смерці ад яго прыйшло паведамленне ў мэсэнджары пра чорную "Волгу" з трыма асобамі цыганскай нацыянальнасці. Пазней гэтая версія не пацвердзілася.
"Я не веру ў версію пра суіцыд, бо, па-першае, на фотаздымку, які абнародавалі, бачныя пашкоджанні ў ніжняй частцы жывата і яўна бачна, што парэзаная бялізна і ёсць нажавая рана. Па-другое, сын быў забяспечаны фінансава, меў кватэру, жыў з дзяўчынай адэкватнай, нядаўна ездзіў знаёміцца са сваякамі — там добрая сям’я. Прычын здзяйсняць самагубства ў яго не было. Ні псіхалагічных, ні нейкіх іншых. Чалавек імкнуўся жыць", — заяўляе бацька лейтэнанта.
Ён хоча, каб пасля эксгумацыі праверылі, ці ёсць у сына пашкоджанні ў ніжняй частцы тулава.
Бацька дадае, што на працы Патаповіч быў моцна загружаны, бо ў ДАІ некамплект кадраў. Пазыкі ў яго былі, але нязначныя.
У Магілёве развіталіся з 22-гадовым міліцыянтам, якога застрэлілі невядомыя
Бацькі Патаповіча не жывуць разам. Але маці Вольга Паўлаўна таксама лічыць неабходнай эксгумацыю цела Яўгена. Яна таксама не верыць у самагубства, бо ў сына ўсё было добра ў жыцці. "Атрымліваецца вельмі дзіўна: пахавалі Жэню імгненна, прычым хавалі як героя, што загінуў пры выкананні. У морг нас не пусцілі паглядзець на цела. Міліцыя сказала: няма чаго там рабіць, а работнік моргу — што "відовішча не для слабанервовых", — дадае яна.
Па словах маці, летась у лесе пад Брэстам застрэліўся блізкі сябра Патаповіча — Валерый Калькіс. Пасля гэтага магілёўскі лейтэнант нібыта пакляўся адпомсціць за яго.