Беларуская пісьменніца, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат" пракаментавала дзеянні Аляксандра Лукашэнкі ў Курапатах, у месцы масавага пахавання ахвяр сталінскага рэжыму, дзе існуе народны мемарыял. Пасля загаду кіраўніка дзяржавы "навесці там парадак" вясной 2019-га былі выцягнутыя з зямлі і вывезеныя дзясяткі крыжоў. А днямі Лукашэнка спыняўся з чыноўнікамі каля Курапатаў і прапанаваў пасадзіць па перыметры ўрочышча туі. Ён нагадаў, што без дазволу там нічога не павінна рабіцца, інакш гэта будзе "палітычная дэманстрацыя".
Туі замест крыжоў: Лукашэнка спыняўся каля Курапатаў (відэа)
Алексіевіч мяркуе, што гэтыя дзеянні Аляксандра Лукашэнкі сведчаць пра тое, што ён "разгублены" і "страчвае глебу пад нагамі". Магчыма, гэта і рэакцыя на прыніжэнне на перамовах з тым жа Уладзімірам Пуціным, кажа пісьменніца.
Алексіевіч: "Калі вас прыніжаюць, калі ў вас сыходзіць глеба пад нагамі, вядома, вам патрэбна нейкая сатысфакцыя. Чалавеку псіхалагічна патрэбна нейкае зацверджанне. І вось на гэтай прасторы, якая называецца Беларусь, беларускім народам, Лукашэнка сябе адчувае гаспадаром. І вось гэта, напэўна, была форма, каб сказаць: я — гаспадар, я на месцы. Я здзіўляюся, што ён гатовы прыніжаць і сварыцца з уласным народам у гэты час, калі Беларусь стаіць перад вялікай небяспекай. Нашы адносіны з Расіяй пад вялікай небяспекай і чым усё гэта скончыцца, невядома".
Святлана Алексіевіч падкрэслівае, што ў сітуацыі з Курапатамі людзі асуджаюць дзеянні ўладаў. І дзіўна, што гэтага не адчувае Лукашэнка.