Па даручэньні Гомельскага краязнаўчага таварыства я і т. т. Зьвінагродзкі, Мерман і Саламыкін зрабілі 22-24 чэрвеня м. г. абсьледваньне бабровых колёній на рэчцы Сож, Чачэрскага раёну, Гомельскай акругі.
Вышэй гораду Веткі, не даяжджаючы вёскі Шапатовіч, ад рэчкі Сож адыходзіць у правы бок рэчка Старык, якая недалёка ўпадае ў рэчку Ліпу, а Ліпа ў сваю чаргу — у рэчку Сож. Такім чынам памянёныя рэчкі ўтварылі востраў абшарам каля 800 дзесяцін зямлі. На гэтым востраве пасьля рэволюцыйных часоў утварыўся пасёлак Востраў з 12 гаспадаркамі.
Увесну і ўвосень востраў гэты на вялікім абшары ахапляецца вадою і зносіны з ім адбываюцца толькі на чаўнох. Наўкола вострава ў берагох рэчкі Сож разьмясьціліся пяць бабровых колёній: вур. Старык, Яршова Валока, Ялізваў (часовая колёнія), Перакоп і Рачышча.
Калі ехаць па рэчцы Сож зьверху ад вёскі Шапатовіч, дык не даяжджаючы пасёлка Вострава ў вурочышчы Яршова Валока супроць вур. Ялізгава (назва часткі вострава) Сож на левым сваім беразе ўтварыў ціхую затоку, падобную да падковы. Глухі канец затокі накірованы ўверх Сажа і аддзяляецца ад яго лазовым зарасьняком на два-тры сажні. Такім чынам паміж затокай і Сажом таксама ўтварыўся падковападобны паўвостраў, які ўвесь зарос лазой, а па другі бок яго цягнецца на некалькі вёрст удаўжкі і ўшыркі нізкі луг вуроч. Сьвенч, увесь пакрыты лазьняком.
У верхняй частцы гэтае затокі (лічачы зьверху Сажа) сажняў у 10 ад левага берагу Сажа і ад глухога канца затокі ёсьць бабровая хатка, якая пабудавана 6-7 год таму назад з дубцоў і валежніку. Кожны год бабры рамантуюць і паднаўляюць сваю хатку. Пры нашым аглядзе хаткі аказалася, што яна пабудавана ў некалькі паверхаў над роўнем вады, вышынёю ў рост сярэдняга чалавека. Хатка мае выгляд тупога стажка (конуса). Зьверху стажка ляжаць больш тоўстыя дубцы, а на іх камкі зямлі і дзёрну. Надворны бок хаткі не паказвае правільнасьці разьмеркаваньня дубцоў. Яны ляжаць у розных напрамках, і, як відаць, бабры ня дужа клапоцяцца аб правільнасьці і харастве знадворнага боку хаткі. Затое моцнасьць хаткі вельмі вялікая. Яна вольна вытрімлівае цяжар двох чалавек, якія ўсходзілі на самы яе верх. Асаблівую ўвагу бабры зьвярнулі на нутраную частку будоўлі. Дубцы ўнутры хаткі раскладзены так, каб добра было сядзець на задніх нагах і апірацца пярэднімі, а зьверху, па бакох і ўніз ёсьць невялікі вольны прастор, які запаўняецца вадой у часе яе падняцьця.
Мы бачылі такія два верхнія паверхі, але колькі іх ёсьць унутры хаткі — невядома. Паводле нашых меркаваньняў іх можа быць 5-6.
Да хаткі і затокі ў беразе ёсьць тры ходы: адзін па сярэдзіне, 2 па бакох хаткі. З Сажа таксама ёсьць ходы, але мы знайшлі толькі адзін, які злучае Сож з хаткай і затокай. Апрача гэтага затока з Сажом злучаецца канаўкамі, якія, як відаць, выкапаны самімі бабрамі.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!
Аб жыцьці баброў у гэтым годзе ў хатцы відаць з наступных абставін: пры аглядзе намі хаткі мы знайшлі ў ёй сьвежаабгрызаныя лазовыя дубцы, такія-ж дубцы знайшлі каля хаткі на дне затокі і сьвежазгрызаныя пні лазьняка. Апрача гэтага, недалёка ад гэтай мясцовасьці ў мінулым годзе бачыў баброў гр. Андрэеўскіх хутароў Якаў Драбышэўскі.
Па абгрызцы дубцоў і па сьлядох зубоў можна з пэўнасьцю сказаць, што гэта работа маладых баброў.
Ніжэй вуроч. Яршова Валока рэчка Сож робіць круты паварот направа. Тут паміж рэчкай і высокім берагам лесу вурочышча Ялізнаў супроць „пасекі“ Мельнікава ёсьць ня шырокая, але доўгая затока, якая летам высыхае, а вясной мае глыбіню вышэй сажня. Ідучы па беразе лесу, мы выпадкова натрапілі на кучу лому, наваленага пад дубам на беразе затокі. Калі мы падышлі да гэтай кучы лому і таркнуліся да яе кіёчкам, дык пад кучай раздаўся вельмі моцны пляск, характэрны для бабра, але самога бабра мы ня бачылі. Праз некаторы час, узяўшы човен і аглядзеўшы гэтае месца з боку затокі, мы заўважылі, што пад дуб, на карэньні якога накідана ламачча, вядуць некалькі нор-ходаў. Дзякуючы таму, што ўлетку вада тут высыхае, гэта дае нам мажлівасьць зрабіць вывад, што бабры, апрача сталых сваіх памяшканьняў, будуюць і часовыя, на час высокага роўню вады. Недалёка ад гэтага месца навальніцай, якая была ў красавіку гэтага году, вывернута з карэньнямі некалькі дзесяткаў асін. Большая частка гэтых асін ужо абгрызена бабрамі. Коз на востраве зусім няма, а зайцоў вельмі мала.
Вурочышча Перакоп. Ніжэй пасёлка Вострава, недалёка ад упадзеньня рэчкі Ліпы ў рэчку Сож, на правым беразе Сажа ёсьць невялікае возера Перакоп. Возера аддзелена ад Сажа маленькай грывай лазьняку і злучаецца з ім канаўкамі. Гэтае возера, таксама як і затока Яршова Валока, мае падковападобную форму. Па вялікім крузе гэтай падковы (возера) ідзе высокі лясісты бераг, а процілеглы бераг зарос лазьняком. У гэтым высокім лясістым беразе возера ёсьць пяць бабровых нор. Чатыры з іх зарасьлі і, як відаць, у іх бабры ўжо ня жывуць. А ў першай, крайняй ад Сажа, ходы пачышчаны і ў адным з хадоў намі знойдзены сьвежаабгрызаныя лазовыя дубцы. Недалёка ад нары мы знайшлі сьляды бабра, які сядзеў на беразе на краю вады.
Сьляды задніх ног значна большыя і на іх відаць перапонкі паміж пальцаў, а пярэднія без перапонак, але з вострымі кіпцюрамі.