Найти в Дзене

Ці мае Светлагорскі раён сваю кнігу “Памяць”?

У 2000 і 2003 гадах выйшлi з друку дзве кнігi “Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі”. Гэта першае выданне, якое сабрала спісы жыхароў Светлагоршчыны і пахаваных на яе тэрыторыі людзей з іншых мясцовасцей, якія загінулі падчас войнаў, рэпрэсій і іншых канфліктаў, змешчаны там і нарыс гісторыі раёна ад старажытнасці да нашых дзён. Праца над кнігай “Памяць” доўжылася 15 год.

Прэзентацыя другой  кнігі "Памяць" у Цэнтральнай бібліятэцы Светлагорска. Уладзімір Бурачонак (злева) і Пятро Рабянок. Фото Віктара Раманцова. 2004 год.
Прэзентацыя другой кнігі "Памяць" у Цэнтральнай бібліятэцы Светлагорска. Уладзімір Бурачонак (злева) і Пятро Рабянок. Фото Віктара Раманцова. 2004 год.

17 студзеня 1989 года сакратарыят ЦК КПСС прыняў пастанову “Аб стварэнні ўсесаюзнай кнігі “Памяць”, у якой меркавалася сабраць спіс усіх жыхароў краіны, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Такое выданне павінна было з’явіцца ў кожным раённым цэнтры СССР. У БССР праца над кнігай “Памяць” пачалася значна раней і ўключала не толькі спісы загінулых, а і гістарычныя нарысы раёнаў.

З 1989 па 1991 год пытаннямі падрыхтоўкі кніг “Памяць” у Беларусі займаліся аддзелы па ідэалогіі пры райкамах Камуністычнай партыі Беларусі. У 1991 годзе, каб паскорыць работу, Урадам Беларусі было прынята рашэнне стварыць пры раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтах рабочыя групы па тры чалавекі з устаноўленым заробкам. Для падтрымкі гэтых груп ствараліся камісіі, куды ўключаліся кіраўнікі выканкамаў, прадпрыемстваў, калгасаў, ваенкаматаў, міліцыі і іншых устаноў, якія мусілі аказаць дзейсную дапамогу ў падрыхтоўцы выдання. Але праца над кнігай “Памяць” на Светлагоршчыне ішла марудна.

“Застаўся толькі горкі асадак, – успамінаў адзін з актыўных укладальнікаў светлагорскай кнігі “Памяць” Уладзімір Бурачонак, – бо тыя, каму даручылі гэтую справу, нават не ўяўлялі сабе аб’ёмаў працы... Я не ведаю другога раёна на Беларусі, дзе б гэтая высакародная справа ажыццяўлялася б з такімі цяжкасцямі, як у Светлагорскім. Галоўная прычына ў тым, што не была створана рабочая група, а ўсе пытанні даручалі людзям, якія не мелі для гэтага часу” [1].

Пры падрыхтоўцы кнігі “Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі” некалькі разоў мяняліся кіраўнікі рабочай групы. Тым не менш, краязнаўцы раёна сабралі матэрыял на тры тамы. Але былі надрукаваны толькі два: вялікая частка звестак так і не пабачыла свет. Выйсцю гэтай унікальнай кнігі з друку перашкодзіў распад СССР, аднак сабраны матэрыял захоўваўся і чакаў свайго часу.

Першы том кнігі “Памяць” быў падрыхтаваны ў траўні 2000 года, але з-за адсутнасці сродкаў надрукаваны толькі ў снежні накладам 3 тысячы асобнікаў (у выдавецтвы “Беларусь”). На 510 старонках змясціліся адцiнак гісторыі Светлагоршчыны ад старажытных часоў да 1943 года, спісы ахвяр палітычных рэпрэсій, чырвонаармейцаў і партызан, якія загінулі пры абароне і вызваленні Светлагорскага раёна. Прэзентацыя першага тому кнігі “Памяць” адбылася ў 2001 годзе ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы напярэдадні Дня Перамогі. На падзею сабраліся ветэраны выйны, краязнаўцы, якія працавалі над кнігай, работнікі райвыканкама.

“Гэта кніга вельмі каштоўная, — сказаў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Іванавіч Чырва. — Яна не адлюстроўвае інтарэсы выбранага кола чытачоў. Яна для ўсіх пакаленняў. Азірацца на сваё мінулае неабходна, таму кнігу з задавальненнем прачытаюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Гарантыя вечнасці гэтай кнігі у адсутнасці палітычнай кан’юнктуры. Кніга напоўнена толькі адной ідэялогіяй ідэялогіяй абароны Радзімы” [2].

Прэзентацыя другой  кнігі "Памяць" у Цэнтральнай бібліятэцы Светлагорска. Удзельнікі складання кнігі Аляксандр Хоміч і Ігар Грабянчук. Фото Віктара Раманцова. 2004 год.
Прэзентацыя другой кнігі "Памяць" у Цэнтральнай бібліятэцы Светлагорска. Удзельнікі складання кнігі Аляксандр Хоміч і Ігар Грабянчук. Фото Віктара Раманцова. 2004 год.

Другі том кнігі “Памяць” выйшаў у свет у 2003 годзе накладам 3 тысячы асобнікаў. Па аб’ёме ён атрымаўся таўсцейшы — 750 старонак. Туды ўвайшоў адцiнак ад 1943 да 2000 года. Адкрываецца выданне спісам населеных пунктаў і прыроднай характарыстыкай Светлагорскага раёна. Першы раздзел “Iшла вайна народная” пачынаецца ад аперацыi “Баграціён”, у другi раздзел увайшоў перыяд ад 1945 г. да нашых дзен. Ёсць там спiсы Герояў Савецкага Саюза, воiнаў Чырвонай Армii i партызан, загiнулых пры абароне i вызваленнi раёна, ахвяр палiтычных рэпрэсiй 1920-1940 гадоў, ваеначальнiкаў, якiя вызвалялi Светлагорскi раён ад фашыстаў, спісы воiнаў-землякоў, што загінулі ў Афганістане, Герояў Сацыялiстычнай Працы. Асобныя раздзелы – “Працоўная гвардыя Светлагоршчыны”, “Яны нарадзiлiся на Светлагоршчыне”. Напрыканцы тому маецца раздзел, прысвечаны вуснай народнай творчасцi, матэрыяльнай i духоўнай спадчыне раёна, мастацкай самадзейнасці, змешчаны кароткія нарысы пра развіццё адукацыі, пра рэлігійнае жыццё. На жаль, у другім томе кнігі “Памяць” было зроблена шмат памылак, “выпала” частка спісаў, таму спатрэбіўся пэўны час, каб выправіць хібы [3].

Прэзентацыя другога тому кнігі “Памяць” адбылася 22 чэрвеня 2004 года ў цэнтральнай бібліятэцы горада. Сваімі ўражаннямі, успамінамі, разважаннямі дзяліліся старшыня райвыканкама Баляслаў Пірштук, старшыня раённай Рады дэпутатаў Мікалай Чырва, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Кавалёва, аўтары матэрыялаў кнігі Пятро Рабянок, ветэран вайны Уладзімір Папок і іншыя [4].

“Гэта наша гісторыя, і паказаць яе патрэбна так, каб і перад далёкімі нашчадкамі не было сорамна” [1], — падкрэсліў актыўны складальнік кнігі Уладзімір Бурачонак.

На жаль, кніга “Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі” не паступіла ў шырокі продаж і стала бібліяграфічным рарытэтам. Пазнаёміцца з ёй можна толькі ў бібліятэках Светлагорскага раёна і Беларусі.

Па словах аўтараў выдання, не атрымалася аднавіць прозвішчы мірных жыхароў, якія загінулі падчас фашысцкай акупацыі, па вёсках Аляксандраўка, Самараж, Селішчы, Шупейкі, Затон, Прыстарань Баравікоўскай сельрады, Пажыхар Асташкавіцкай сельрады і Стужкі Чыркавіцкай сельрады [1].

Дабраахвотны ўдзел у выданні кнігі “Памяць. Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі” ўзялі больш як 100 чалавек. Найбольш актыўна над кнігай працавалі: інжынер Уладзімір Дзям’янавіч Бурачонак, настаўнік гісторыі Ігар Васільевіч Грабянчук, бібліятэкар-краязнаўца Галіна Канстанцінаўна Маладзянава, ветэран вайны і працы Уладзімір Арцёмавіч Папок, былы настаўнік Мікалаеўскай сярэдняй школы Аляксей Уладзіміравіч Русіновіч, юрыст Аляксандр Мікалаевіч Хоміч і многія іншыя. Фотаматэрыялы рыхтаваў намеснік галоўнага рэдактара газеты “Светлагорскія навіны” Зміцер Аляксандравіч Хаміцэвіч.

Кніга “Памяць. Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі” — гэта першае выданне, дзе сабрана гісторыя Светлагорскага раёна ад старажытнасці да 2000 года.

Крыніцы:

1. Бурачонак У. Памяць павінна застацца // Светлагорскія навіны. 2003. 5 лютага. С. 3.

2. Хомицевич Д. Без памяти нет истории // Светлагорскія навіны. 2001. 16 мая. С. 1.

3. Раманцоў В. У раёне ёсць свая “Памяць” // Ранак-плюс. 2004. № 19. С. 3.

4. Романцов В. “Памяць” на каждый день // Ранак-плюс. 2004. № 26. С. 4.

Аўтар: Віктар Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. С. 176-180.