Пакуль вы спалі, dev.by разам з выкладчыкам астраноміі і вядомым беларускім астрафатографам Віктарам Малышчыцам пагрузілі ў Volkswagen Touareg дрон, чатыры фоцікі, кучу аб’ектываў, некалькі штатываў і тэрмасы з гарбатай і паехалі на Заходнюю Бярэзіну асвойваць новае хобі — здымаць зоркі і Млечны Шлях.
Першыя астраздымкі былі зробленыя ў Гарвардскай абсерваторыі ў 1847-м (Месяц) і 1850-м (зорка). А 30 верасня 1880 года астраном Генры Драйпер з дапамогай 11-дзюймовага фотарэфрактара атрымаў першы сапраўдны астраздымак ўлюбёнай ўсімі астраномамі-пачаткоўцамі Вялікай туманнасці Арыёна.
Як не трэба здымаць зорнае неба
За сапраўдным зорным небам (тым, на якім бачныя воку сузор’е Валасы Веранікі і Юпітэр) давялося ехаць 145 км. Зараз для гэтага найлепшы час: камары яшчэ не жаруць, ночы досыць цёмныя (у адрозненні ад чэрвеня і першай паловы ліпеня) і няма бясконцай пахмурнасці.
Чакаць слушных зораў спыніліся акурат на драўляным мосце праз Заходнюю Бярэзіну ля вёскі Мільва-Бярэзіна.
Спачатку неба было, па вызначэнні Віктара, «проста дупа»: усё зацягнула смуга ад лясных пажараў з паўднёвага захаду і прынесенага напярэдадні ветрам афрыканскага пяску, да таго ж адчувальная фототэхніка фіксавала плямы светлавога забруджання ад бліжэйшых раённых гарадоў. Гэты тэкст рызыкаваў ператварыцца ў майстар-клас «як не трэба здымаць зорнае неба», але хутка малюнак мапы воблачнасці змяніўся.
Сусвет злітаваўся: ляніва выпаўз аранжавы гігант Арктур — самая яркая зорка ў сузор'і Валапаса і Паўночным паўшар'і, за ім праявілася Вега і ручка ад каўша Вялікай Мядзведзіцы, а з наступленнем астранамічный ночы, а 23-й гадзіне, уверсе ўжо было ў што ўпэўнена тыкаць лазернай указкай і мабільным дадаткам Sky Guide. Хацелася пацэліць у МКС, але трапляліся толькі спадарожнікі ды сузор'і.
Вакол у цемры крычалі совы, рыкаў непадалёк самец казулі, нешта булькала ў рацэ і нехта (падазраем янотападобнага сабаку ці нават двух) шоргаўся ў кустах. Ну вы ўяўляеце сабе гэтую сумесь рамантыкі і жаху, у якой мы прымацоўвалі камеры да штатываў. Віктар ў такой цемры і глухамані шукае свой лепшы зорны здымак ужо шосты год запар.
— Няўжо не страшна аднаму па начах?
— Насамрэч, самая небяспечная істота — гэта чалавек, і ў глухіх месцах без людзей вам практычна нічога не пагражае. Так, бывае, што ўначы спужаеш якога-небудзь лася і няслаба спалохаешся — але ж і ў лася душа ў пяткі сыдзе, і ён уцячэ першым. А найстрахотны звер уначы — гэта вожык. Ты яго не бачыш, ён не ўцякае ад цябе, а трэск стаіць, як ад мядзведзя!
«Праграмісты натрэніраваліся на коціках/кветачках/партрэтах»
— Што далей?
— Ставім камеру на штатыў, выстаўляем фокусную адлегласць аб’ектыва на мінімум, ISO у раёне 1600-3200, максімальна адкрываем дыяфрагму і робім кадр з вытрымкай 20-30 секунд. Менш вытрымка — менш зорак на здымку, а шум, наадварот, большы. Большы час экспазіцыі — больш дэталяў, але зоркі размазваюцца ў рысачкі з-за вярчэння неба. У інтэрнэце ёсць шмат формул, якія дазваляюць разлічыць патрэбную вытрымку. Але я б раіў не чытаць такія тэксты — іх пішуць тэарэтыкі, а не практыкі: лепш выбірайце вытрымку эксперыментальным шляхам.
Вялікая праблема ўначы — сфакусіравацца, бо сістэмы аўтафокуса няздольныя выставіць рэзкасць па зорках. Самы просты спосаб — прыблізна выставіць «бясконцасць» па шкале на аб’ектыве, а затым уключыць рэжым Live View з павелічэннем 10х — яркія зоркі будуць бачныя, па іх уручную і карэктуем настройку рэзкасці.
Здымку, канешне, вядзем у фармаце RAW, які затым давядзецца «праявіць» на камп’ютары. Калі мы здымаем у аўтарэжыме ці ўвогуле на смартфон, гэтую «праяўку» бярэ на сябе праграмнае забеспячэнне камеры. Праграмісты натрэніраваліся на коціках/кветачках/партрэтах — і канчатковыя здымкі амаль заўсёды атрымліваюцца выдатна. Але начныя сцэны з зоркамі гэтыя алгарытмы ідэальна не «выцягнуць», лепш узяць такую задачу на сябе.
«Не неба над Чылі ці Намібіяй, канешне (краіны лічацца найлепшымі месцамі для назірання за зорамі. — dev.by), добры здымак яшчэ трэба пастарацца зрабіць», — кажа Віктар, націскаючы на кропку спуску, і праз дзве хвіліны на дысплэі яго камеры ўзнікае шэдэўр.
У нас таксама атрымалася няблага — Віктар умее своечасова адключыць аўтафокус і стабілізацыю таму, хто каторы год здымае толькі на айфон.
Беларусь не зможа канкурыраваць з Паўднёвым паўшар’ем, аднак ноччу ў беларускім небе на ўласныя вочы можна пабачыць не толькі зоркі і Млечны Шлях, але і:
свячэнне пылу плоскасці зямной арбіты (зрэдку, пераважна ў лютым-сакавіку);
паўночнае ззянне (незалежна ад сезону, падчас геамагнітнай актыўнасці з індэксам Кр больш за 7);
серабрыстыя аблокі (гуляюць на 80-кіламетровай вышыні: ёсць версія, што вільгаць так высока ўвогуле не можа забрацца і яны ўтвараюцца з крышталікаў ільду ад ледзяных метэярытаў; утвараюцца толькі ў цёплую пару года і бліжэй да палюсоў, але з-за каласальнай вышыні бачныя нават з Беларусі);
метэоры, у тым ліку баліды (Персеіды ўлетку);
свячэнне зямной атмасферы рознымі колерамі (не асабліва прагназуемая з’ява, з МКС бачыцца як тонкая лушпіна вакол Зямлі).
«Ваў» ад жывога неба будзе большым, чым ад здымка»
Па-добраму, пасля гэтага трэба было пакавацца ў красовер і гнаць на Палессе — там, па словах Віктара, «самыя крутыя месцы: на поўдзень ад Прыпяці, дзе ўсяго парачка дробненькіх райцэнтрыкаў, з большага вёскі, далей Украіна, балоты, цёмная зона. Плюс калі нават 2 градусы ад Мінска на поўдзень праехаў — і ў паўднёвае паўшар’е ўжо на 2 гэтыя градусы зазірнуў». Але мы сціпла пераехалi ў поле ля вёскі Малая Чапунь непадалёк — сустракаць узыход Месяца.
Правінцыйную бездараж і непуць наш «Туарэг» колеру неба на адвячорку пераадолеў лёгкай каметай з хвастом пылу, дзякуючы магчымасці змяняць падчас руху клірэнс і жорсткасць падвескі (да таго на трасе ён выдатна самастойна трымаў паласу і ўваходзiў y павароты дарогi).
Касмічнасці і асацыяцый з шатлам красоверу дадавала падсветка салону (30 колераў, каб любы «я мастак — я так бачу» быў задаволены), праекцыя хуткасці ды навiгацыйнай iнфармацыi непасрэдна на лабавое шкло, цалкам лічбавая прастора перад кіроўцам, а таксама фантастычныя светадыёдныя матрычныя фары галаўнога святла IQ Matrix Lights, якія ўпэўнена мацалі наваколле і адаптаваліся пад яго ўмовы. Што адмыслова ўразіла, дык гэта дальняе святло — выключаць яго не трэба, едзеш, як удзень, іншыя машыны ў цяньку, палёт нармальны.
Трэцяя гадзіна ночы: хто змерз — схаваўся ў «Туарэгу», бязгучна нагрэтым аўтаномным атапляльнiкам (у спякоту працуе як вентылятар), дадаткова ўключыў падагрэў сядзення і праз панарамны дах заліпаў на зоры і цяпер ўжо добра бачны Млечны Шлях пад глыбокае, як неба ўверсе, гучанне акустыкі Dynaudio (12+1 дынамікаў і сабвуфер). Дадумваў сабе галактыкі, чорныя дзіркі, звышновыя і дадатковыя сусветы.
У нейкі момант стала настолькі цёмна, што фіксацыя зямных прадметаў на фота ператварылася ў сапраўдную праблему. Давялося заблакіраваць пасадачныя агні дрона DJI Mavic Pro 2 і высока яго падняць — атрымалася крыніца святла не горшая за поўны Месяц. Пры гэтым такая «поўня» не псавала зорнага неба.
«Ну касмічны чаўнок, не менш!» — адзначыў Віктар, нарэшце задаволены здымкам «Туарэга» на фоне зорак, сядаючы за руль. На выездзе з вёскi сiстэма Night Vision з убудаваным цеплавізарам папярэдзiла аб чалавеку на збочыне.
Глядзець на зорнае неба працягнулi на дысплэях фоцікаў. Такую колькасць зорак, як на здымку, чалавечае вока не бачыць, бо яно, тлумачыць Віктар, «не можа накопліваць сігнал як фотаапарат 30 секунд ці некалькі хвілінаў. І не распазнае ў цемры дэталі ды колеры (ружовыя плямкі туманнасцяў, жоўтасць Млечнага Шляху бліжэй да цэнтру галактыкі, дзе старыя зоркі, і блакіт яго часткі, дзе шмат гарачых маладых зорак), але па ўражаннях, калі параўнаць здымак ды жывое неба, „ваў“ ад жывога неба будзе большым. Дынамічны дыяпазон яркасці паміж зямлёй і небам ніводная камера не ў стане перадаць».
Канспект для астрафатографа-пачаткоўца: «Ад Мінска лепш уцякаць не меней як на 50-70 км»
З чаго пачаць
Начное фота не патрабуе нейкай спецыяльнай тэхнікі. Але і айфонам у адзін клік зоркі таксама не здымеш. Дастаткова мець камеру з больш-менш вялікай матрыцай. Можна пачаць з люстэркавай ці безлюстэркавай камеры пачатковага ўзроўню (з «кропнутымі» матрыцамі), але сапраўдны прарыў вы адчуеце на поўнакадравых апаратах з матрыцай 24х36 мм. Я сам здымаю на Canon 5DMarkIII і Canon 6D. Каму грошай не шкада, вазьміце Sony a7s (менавіта з літарай s!) — фенаменальная камера!
Оптыка
Начныя здымкі робяцца зусім не праз тэлескопы, як некаторыя думаюць. Наадварот, неба настолькі неабдымнае, што нам спатрэбіцца вельмі шырокавугольны аб’ектыў. Для пачатку можна абысціся і штатнай оптыкай, але калі захочаце памяняць «лінзу», то лепш выбірайце максімальна светласільныя аб’ектывы з фіксаваным фокусам. Перад пакупкай не глядзіце сотні сінтэтычных тэстаў у інтэрнэце, а пашукайце канкрэтныя прыклады здымкаў зорнага неба на гэты аб’ектыў. Справа ў тым, што многія дарагія мадэлі набіраюць у тэстах кучу балаў, яны ідэальныя для «звычайнага» фота, а вось зоркі на здымках ператвараюць у фіялетавых птушак.
З досыць бюджэтнага сегмента я б параіў оптыку Samyang. Іхнія аб’ектывы 14/2.8, 24/1.4, 35/1.4 не ідэальныя, але выдатна «малююць» зоркі і каштуюць у 3-4 разы менш імянітых канкурэнтаў з «фіялетавымі птушкамі». За апошнія некалькі год Sigma выпусціла цудоўную серыю Sigma Art. Напрыклад, аналагаў Sigma Art 14/1.8 у канкурэнтаў і блізка няма. Сам я здымаю ўсё на Samyang 24/1.4 ED AS UMC.
Штатыў
Для пачатку пойдзе любы. Некаторыя яшчэ купляюць спускавы шнурок ці інфрачырвоны пульт, каб не дакранацца да камеры ў момант націскання кнопкі спуску. Але і гэта неабавязковая опцыя — у любым фотаапараце ёсць функцыя затрымкі спуску. Некаторыя купляюць для здымак неба трэкер — спецыяльную прыладу, якая паварочвае камеру ўслед за небам. У выкарыстанні трэкераў ёсць і плюсы, і мінусы: з аднаго боку, можна рабіць большыя вытрымкі пры меншым ISO, а з іншага, даводзіцца здымаць зямлю асобна і потым фактычна рабіць мантаж. І калі ў кадры ёсць галінкі дрэў, вада, «склеіць» неба і зямлю нармальна не атрымаецца. Я трэкерамі не карыстаюся.
Куды ехаць
У выбары месца мне больш за ўсё дапамагаюць касмічныя здымкі на картах «Яндэкса» — у іх найлепшая дэталізацыя. І абавязкова трэба ехаць як мага далей ад вялікіх гарадоў. Ад Мінска лепш уцякаць не меней як на 50-70 кіламетраў, але і ад райцэнтраў трымайцеся падалей. Атрымліваецца, што выдатныя здымкі можна атрымаць практычна толькі ў глухіх лясах і балотах. Але бачылі б вы, наколькі прыгожыя нашы балоты! Мае любімыя месцы — Прыпяць і ўсё, што вакол яе, Альманскія балоты, Налібоцкая пушча ды балота Ельня.
Галоўным героем вашых здымкаў будзе начное неба, таму трэба загадзя ведаць, якія нябесныя аб’екты будуць у кадры. Найбольш упрыгожвае кадр Млечны Шлях — звычайна яго ўключаюць у кадр. Каб разабрацца, якія нябесныя аб’екты і ў якім накірунку можна ўбачыць сёння ўначы, вам спатрэбіцца праграма-планетарый. Напрыклад, бясплатны Stellarium ці любы з планетарыяў для смартфона.
Не забывайце, што чэрвень і першая палова ліпеня — «мёртвы час», калі Сонца не апускаецца глыбока пад гарызонт і ночы светлыя. Таксама на небе не павінен прысутнічаць Месяц, нават тоненькі серп. Увогуле, мой самы любімы час — гэта канец красавіка і пачатак мая, у гэтыя дні ў 3-4 гадзіны раніцы Млечны Шлях проста фантастычна прыгожы!
Лайфхакі
Канешне, калі проста паставіць фотаапарат і шчоўкнуць затворам, яшчэ не атрымаецца жаданы вынік. У кожнага фатографа ў запасе ёсць некалькі сакрэтаў, і я з радасцю падзялюся сваімі.
Па-першае, на начных здымках будзе занадта вялікі шум, асабліва на зямных прадметах. З гэтым шумам трэба неяк змагацца. Я люблю выкарыстоўваць метад, які даўно прымяняецца пры здымцы касмічных аб’ектаў. Я раблю не адзін, а 5-10 здымкаў. І неба бяру толькі з аднаго, а пярэдні план раблю як сярэдняе арыфметычнае ўсіх фота. У такім выпадку сігнал не змяншаецца, а шум, наадварот, зніжаецца. Дарэчы, пярэдні план можна лёгка чым-небудзь асвятліць. Але падумайце, як зрабіць асвятленне дастаткова рассеяным, каб гэта выглядала натуральна.
Па-другое, самыя шырокавугольныя аб’ектывы не заўсёды даюць ідэальную карцінку, і светласіла ў іх меншая. А ў больш «доўгі» аб’ектыў сюжэт адным кадрам не залезе. Таму многія фатографы здымаюць пейзаж не адным кадрам, а робяць мазаіку (панараму). Пры гэтым, дарэчы, атрымліваецца шматмегапіксельнае палатно, і калі вы яго зменшыце да адэкватных памераў, шум таксама знізіцца.
Па-трэцяе, калі ў вас якасная оптыка, то ўсе зоркі — і яркія, і слабыя — атрымаюцца дробненькімі белымі кропачкамі, згубяцца ўсе контуры сузор’яў. Таму добра было б яркія зоркі «распушыць». Для гэтага я выкарыстоўваю туманныя фільтры. Але не накручваю іх на аб’ектыў, а, напрыклад, за экспазіцыю ў 20 секунд трымаю гэты фільтр перад аб’ектывам 10 секунд. Тады і дробныя зоркі застануцца, і яркія ператворацца ў большыя кружкі.