Да важных разнавіднасцяў гістарычных крыніц па гісторыі Беларусі і Украіны ХVІ–XVIII ст. варта аднесці люстрацыі і інвентары. Люстрацыі – гэта апісанні, якія ствараліся ў час перыядычных урадавых акцый, што праводзіліся па рашэнні сойма спецыяльнымі камісіямі з мэтай разліку даходнасці і далейшага падаткаабкладання каралеўшчын (дзяржаўных уладанняў) [1]
Інвентары – апісанні, якія ўзніклі ў выніку правядзення аналагічных акцый спачатку ў дачыненні да царкоўных уладанняў (з ХV ст.), а пазней – каралеўскіх і прыватных. Інвентары часта складаліся пры змене асоб на адміністрацыйных пасадах, а рэгламентацыя правядзення апісанняў была прадугледжана соймавай канстытуцыяй 1602 г. [2]. У гэтых катэгорыях крыніц знаходзяцца важныя звесткі, якія тычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, дэмаграфічных змяненняў, гістарычнай геаграфіі і да т. п.
Калі гаварыць пра XVII ст., то першыя люстрацыі былі створаны ў 1616 і 1622 г. [3]. Наступнай была люстрацыя, якая да гэтага часу не прыцягвала да сябе ўвагі навукоўцаў. Яна напісана на польскай мове і захоўваецца ў дзвюх копіях, у тым ліку ў фамільным архіве князёў Сангушкаў [4]. З-за адсутнасці першых аркушаў крыніцы дакладную дату яе стварэння вызначыць пакуль цяжка.
Адзначым, што ў люстрацыі згадваецца як уладальніца Корсуньскага староства Сафія Даніловіч – дачка вялікага кароннага гетмана С. Жулкеўскага і бабуля караля Яна III Сабескага. Яна памерла ў 1634 г., а атрымала ў спадчыну староства пасля смерці свайго мужа (Я. Даніловіча) у 1628 г. З улікам гэтай акалічнасці, а таксама згадкі ў люстрацыі пра нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1630 г. можна досыць дакладна вызначыць час складання люстрацыі: 1631–1633 г.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!
У названай крыніцы побач з іншымі апісваецца староства “Любецкае і Лоеўскае” (29–74), г. зн. адміністрацыйная адзінка Рэчы Паспалітай на чале з Любечам (цяпер райцэнтр Чарнігаўскай вобласці). Лоеў (сёння райцэнтр Гомельскай вобласці) разглядаўся як другі па значэнні горад староства (відаць, улічвалася, што гэтыя старажытныя гарады былі злучаны паміж сабой перавозам цераз Дняпро і складалі важныя пункты паабапал ракі). Апісанне падаецца ў параўнанні з папярэднімі люстрацыямі 1616 і 1622 г., што часам дае магчымасць прасачыць дэмаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя змены ў старостве за 10–15 гадоў; тут згадваюцца прывілеі на зямлю, дадзеныя яе ўладальнікам каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі ў XVI ст. Люстрацыя вызначае межы і галоўныя населеныя пункты староства, дае каштоўную інфармацыю пра засяленне ўкраінскага-беларускага памежжа, узнікненне тут новых паселішчаў (часам узрост шэрагу населеных пунктаў можна павялічыць на сотні гадоў), іх абараназдольнасць, колькасць дамоў і колькасць жыхароў. Тут на с. 46–74 ёсць апісанне Лоева і Лоеўскага замка, прадмесцяў (“места Лоева Гара”, “Стары Лоеў”) і навакольных вёсак, як лакалізаваных намі (Абакумы, Ісакавічы, Каменка, Мохаў), так і нелакалізаваных (“Папова”, “Ізбіны”).
У першай (Любецкай) частцы апісання староства названы, акрамя Любеча і Лоева, шэраг паселішчаў, у тым ліку тых, што знаходзяцца цяпер на тэрыторыі сучасных Брагінскага (Асарэвічы, Вялле, Грушнае, Жылічы, Савічы, Хракавічы; нежылыя Крукі, Піркі) і Лоеўскага (Глушэц, Дзяражычы) раёнаў Гомельскай вобласці. Да іх можна дадаць Хрысткавічы і Клікавічы, якія названы разам з Хракавічамі і Дзяражычамі і, відаць, зліліся з апошнімі. Усе яны стаяць на правым беразе Дняпра або ў непасрэднай да яго блізкасці. На жаль, не ўдалося лакалізаваць населены пункт “Бяльдзюбы” (магчыма, ён пазней знік або быў перайменаваны) і “Малечын” (магчыма, сучасны Малажын Брагінскага раёна). Тым не менш, іх існаванне ў першай трэці XVII ст. – лішні аргумент на карысць ранняга і досыць шчыльнага засялення ўкраінскага-беларускага памежжа.
Згадваюцца ў люстрацыі некаторыя значныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы Рэчы Паспалітай, у т. л. кароль Жыгімонт Аўгуст (панаваў у 1548–1572 г.), Валенці Аляксандр Каліноўскі – заснавальнік вядомага магнацкага роду, і інш. Гэты дакумент – важная крыніца для вывучэння сацыяльна-эканамічнай гісторыі Украіны і паўднёвай Беларусі, у ім знаходзім звесткі пра населеныя пункты, колькасць, склад і павіннасці насельніцтва, пра землеўладальнікаў, млыны, бровары, паташні, арэнду гарэлкі і піва, мядовую даніну, мытні, урэшце – пра дакументацыю, якая пацвярджала права ўласнасці і да т. п., пра памеры даходаў, а таксама пра розныя падаткі і павіннасці, якія плацілі або адпрацоўвалі мяшчане і іншыя катэгорыі насельніцтва; тут ёсць звесткі пра колькасць залежных сялян і мяшчан, пушкароў, баяраў і іншых, суадносіны коштаў.
У канцы апісання паказвалася сума агульнага даходу Любецкага староства, які штогод складаў больш за 4744 злотых. Калі адняць выдаткі на абараназдольнасць і ўтрыманне старасты (больш за 4294 злотых), то на “кварту” (за кошт яе ўтрымлівалася кварцянае войска Рэчы Паспалітай) заставалася больш за 858 злотых.
Інвентарныя вопісы тычацца ўжо Горваля – важнага ў свой час горада блізу ўпадзення Бярэзіны ў Дняпро, а цяпер сціплага населенага пункта Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У гістарычнай літаратуры знаходзім згадкі пра Горвальскі замак, спалены ў 1654 г. пад час яго штурму паўстанцамі І. Залатарэнкі. Горваль належаў Шалухам, потым каралю Жыгімонту I і каралеве Боне.
У лютым 1543 г. каралеўская пара абмянялася дабром: яны ўзялі сабе маёнтак князя Васіля Сангушкі пад Ковелем, а яму аддалі Горваль, Смаляны і замак Свіслач.
З тастамента літоўскага гетмана і “рэчыцкага ўладара» Рамана Сангушкі (1571) даведаемся, што ён завяшчаў Горваль сваім сваякам – князям Сангушкам-Ковельскім [5]. Такім чынам, не выпадкова інвентары Горваля захоўваліся ў фамільным архіве менавіта гэтых магнатаў. Першы з інвентароў дайшоў у копіі, створанай каля 1746 г., а яго арыгінал быў выкананы 8 сакавіка 1673 г. віленскімі канонікамі Войцэхам Казімірам Бейнардам (сакратар Віленскага капітула) і Бенедыктам Зухоцкім (“Inwentar miasta Horwola i włośći Horwolskiej w powiecie Rzeczyckim leżący…”