Падчас Другой сусветнай вайны ў Парыцкім (сучасным Светлагорскім) раёне было знішчана больш за 2500 яўрэяў. Усе карныя акцыі адбыліся з кастрычніка 1941 па люты 1942 года.
Да сярэдзіны жніўня 1941 года тэрыторыя Парыцкага раёна (сучаснага Светлагорскага) была цалкам акупавана нямецкімі захопнікамі. Новая ўлада пачала праводзіць супраць мясцовага насельніцтва масавыя карныя акцыі. І ў першую чаргу гэта закранула савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці.
У адміністрацыйным распараджэнні №1 ад 7 ліпеня 1941 года кіраўніка тылам групы армій “Цэнтр”, які размяшчаўся на акупаванай тэрыторыі Беларусі, генерала фон Шэнкендорфа гаварылася: “Усе яўрэі і яўрэйкі, якія знаходзяцца на занятай рускай тэрыторыі і дасягнулі 10-гадовага ўзросту, неадкладна абавязаны насіць на правым рукаве верхняга аддзення і сукенкі белую паласу шырынёй да 10 см з намаляванай на ёй сіянісцкай зоркай або жоўтую павязку” [1, с. 257]. У дакуменце ўказвалася, што гэтымі знакамі адрознення яўрэі павінны былі забяспечыць сябе самі. А грамадзянам іншай нацыянальнасці катэгарычна забаранялася вітацца з імі.
Пасля акупацыі ўсе яўрэі Парыч былі зарэгістраваны па месцу жыхарства [8]. Штодня іх выганялі на працу. А калі яе не было, канваіры выводзілі іх на бераг Бярэзіны, дзе яны перакладалі пясок з месца на месца [1, с. 250]. Нацысцкі рэжым адмаўляў яўрэям у праве на жыццё.
17 кастрычніка 1941 года ў Парычы з Бабруйска па рацэ Бярэзіна на кацеры прыбыў оберштурмфюрэр СС Карл Руберг, каб арганізаваць забойства яўрэяў [8]. На наступны дзень карны атрад, які складаўся з немцаў і паліцаяў, пачалі знішчэнне парыцкіх яўрэяў.
Спачатку іх загналі ў двор мясцовай гасцініцы, там адабралі мужчын і на машынах вывезлі за вёску Высокі Полк ва ўрочышча Вялікая Лужа і прымусілі капаць ямы. Парыцкі равін сказаў немцам: “Вы ў гэтай вайне атрымаеце паразу, таму што вы пачалі знішчаць яўрэяў” [2]. За гэтыя словы нацысты выразалі яму язык. Потым ахвярам загадалі распрануцца, загналі ў ямы, паклалі шэрагамі на зямлю і расстралялі кароткімі чэргамі з аўтаматаў. На гэтым расправа над яўрэямі ў гэты дзень не спынілася. Да месца масавага знішчэння даставілі жанчын і дзяцей. Ім таксама загадалі распранацца, ставілі ля ямы і расстрэльвалі. У яме заставаліся параненыя, але ўсе яны былі прысыпаны зверху пяском. Толькі адна жыхарка Парыч па прозвішчу Штэйнбук уратавалася ад смерці дзякуючы таму, што ляжала ў апошнім шэрагу і была лёгка паранена ў руку. Пасля таго як немцы сышлі, яна вылезла з ямы [1, с. 257].
Паводле сведкі І.С. Карпенкі, які падчас акупацыі працаваў ва ўправе і рэгістраваў жыхароў Парыч, было забіта звыш тысячы чалавек [1, с. 251]. Паводле дадзеных Парыцкай раённай камісіі, якая пасля вайны падлічыла страты, нанесеныя гарадскому пасёлку, фашыстамі было знішчана ў Парычах больш за 1700 яўрэяў [1, с. 257; 4, с. 514—515]. Па дадзеных філіі Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці (г. Бабруйск), 18 кастрычніка 1941 года каля вёскі Высокі Полк былі расстраляныя 872 чалавекі, прычым разам з яўрэямі былі забітыя грамадзяне іншых нацыянальнасцей [3]. У другой кнізе “Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён” (2003) прыведены спіс 867 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці [4, с. 508—514], забітых у гэты крывавы дзень. У акце, складзеным 5 жніўня 1944 года старшынём Парыцкай мястэчкавай Рады Аляксандрам Далгіцкім, гаворыцца пра 893 расстраляных, прозвішчы якіх вядомыя, агульная ж колькасць забітых падчас вайны – 1500 чалавек. Паводле гісторыка, эксперта Пошукавых Рухаў Расіі Канстанціна Стрэльбіцкага, які доўгі час працаваў з дакументамі ў розных архівах, усяго 18 кастрычніка 1941 года было расстраляна 1012 яўрэяў [8].
Па ўспамінах жыхароў, у гэтай акцыі ўдзельнічалі мясцовыя паліцаі на чале з І. Крэкам і бурмістрам Некрашэвічам [1, с. 250]. У сакавіку 1944 года фашысты, каб схаваць сляды злачынства ва ўрочышчы Вялікая Лужа, раскапалі трупы і спалілі іх [1, с. 257].
Знішчэнне яўрэяў у Шацілках, дзе было створана гета ў дамах мясцовых жыхароў Брэдмана і Гінзбурга [5] (месца за сучаснай крамай “Лагуна” (раней “Званочак”) [6], адбылася ў апошнюю нядзелю лютага 1942 года. У карный акцыі прымалі ўдзел выключна мясцовыя паліцаі.
Яўрэям загадалі пашыхтавацца, быццам бы для перавозкі ў іншае месца. Вязні зразумелі, што іх збіраюцца расстрэльваць і не выканалі загад, тады паліцаі сталі жорстка збіваць людзей. Іх калонай вывелі ва ўрочышча Чартопаш (поле на месцы мікрараёна Кастрычніцкі), прымусілі выкапаць ямы, распрануцца. Расстрэльвалі групамі і па адным. Калі чорная справа была зроблена, барбары знімалі з нябожчыкаў упрыгожванні, выломвалі залатыя зубы [5]. Маёмасць была падзеленая паміж удзельнікамі крывавай расправы. Ва ўрочышчы Чартопаш усяго быў расстраляны 351 савецкі грамадзянін яўрэйскай нацыянальнасці [4, с. 531], паводле словаў жыхара Шацілак Відольда Манкевіча – 150 сем’яў [6]. Па сведчанні яшчэ адной жыхаркі Шацілак, Марыі Манкевіч, акупантам у гэтым населеным пункце служылі мясцовыя жыхары Альгерд Бажычка, Мікалай Манкевіч, Фелікс і Альгерд Трацэўскія, Андрэй Пастушэнка і іншыя, а начальнікам паліцыі быў Роберт Корзун [5]. Апошні разам з камандзірам спецыяльнага атрада А. Ковалем адступілі з немцамі на Захад і пазбеглі пакарання за зробленыя злачынствы [1, с. 252].
У 1963 годзе, калі горад Светлагорск пачаў актыўна будавацца, магілы забітых яўрэяў былі раскапаныя (яны знаходзіліся на месцы сучаснай гасцініцы “Светлагорск” і дома №24 мікрараёна Кастрычніцкі), рэшткі нябожчыкаў былі перазахаваныя на гарадскіх могілках Светач, дзе быў усталяваны помнік.
19 студзеня 1942 года карны атрад нацыстаў разам з мясцовымі паліцаямі расстралялі 183 чалавекі [4, с. 476] яўрэйскай нацыянальнасці ў весцы Коўчыцы-2. Усе яны былі вывезеныя да ямы, вырытай за паўкіламетра па дарозе ў напрамку вёскі Крукі, і забіты.Нацысты загадалі закапаць расстраляных коўчыцкіх яўрэяў аднавяскоўцам.
Выключна мясцовыя паліцаі ўдзельнічалі ў расстрэле яўрэяў у вёсках Давыдаўка і Печышчы.
У Давыдаўцы акцыя масавага знішчэння яўрэяў адбылася 8 лютага 1942 года. Разам з мясцовымі паліцэйскімі ў ёй удзельнічалі прыслужнікі фашыстаў з вёсак Людзвінаўка і Прасвет. Людзей яўрэйскай нацыянальнасці ў трыццаціградусны мароз выганялі з хат і расстрэльвалі на вуліцы і гародах. Параненых не дабівалі, мяркуючы, што ўсе яны замёрзнуць. Потым загадалі жыхарам вескі сабраць трупы, вывезці за вёску і пахаваць. Усяго ў той дзень было забіта 129 чалавек [4, с. 462]. Маёмасць яўрэяў была падзелена паміж паліцэйскімі. Аднак адной маладой дзяўчыне, Лізе Янкелеўне Вольфсан, цудам удалося ацалець. Магчыма, што выратаваўся яшчэ адзін хлопчык, дзякуючы сялянам з вёсак Печышчы і Загор’е.
9 лютага 1942 года, на наступны дзень пасля трагедыі ў Давыдаўцы, восем паліцэйскіх з гэтай вёскі на чале з Ананіем Бандарэнкам, ап’янёныя лёгкай нажывай, прыбылі ў Печышчы і загадалі старасце вёскі па прозвішчу Ліпскі паказаць хаты, дзе жывуць яўрэі. Аднак той адмовіўся выканаць загад, матывуючы яго тым, што не падначальваецца паліцыі з суседняга Даманавіцкага раёна. Тады прыслужнікі фашыстаў паехалі ў Шацілкі і на наступны дзень, 10 лютага, прывезлі з сабою яшчэ дзевяць паліцэйскіх на чале з Альгердам Трацэўскім. Яны зайшлі да агента гестапа Віктара Грахоўскага, выпілі самагонкі і загадалі яму разам з Ліпскім памеціць крэйдай хаты, дзе жылі савецкія грамадзяне яўрэйскай нацыянальнасці [7]: усяго аказалася 27 двароў. Усёй аперацыяй кіраваў Альгерд Трацэўскі. Фашыстоўскія прыслужнікі сагналі яўрэяў на ўскраіну вёскі з боку Стракавіч у дзве апошнія хаты і сказалі, што тых, хто прынясе каштоўныя рэчы, страляць не будуць. Частка людзей пагадзілася. Аднак усе яны ў гэты дзень былі забітыя на полі, у кірунку Стракавіч. Паліцэйскія загадалі пад пагрозай смерці мясцовым жыхарам не хаваць расстраляных тры дні. Жыхары Печышч перавезлі забітых на другі бок вёскі і пахавалі ў агульнай магіле.
Па сведчанні ўдзельніка карнай акцыі, паліцэйскага з Шацілак Франца Трацэўскага, арыштаванага пазней савецкай уладай, усяго было забіта ў Печышчах 103 чалавекі. Але па афіцыйных звестках, расстраляных больш – 120 чалавек [4, с. 517—518]. Гэтая лічба была ўказаная і на помніку, усталяваным на месцы пахавання забітых печышчанскіх яўрэяў.
У 1998 годзе двум жыхарам Парыцкага раёну Н.Н. Гайшуну з вёскі Коўчыцы-2 і Марыі Чаплінскай з Парычаў за тое, што хавалі яўрэяў ад фашыстаў, урадам Ізраіля было прысвоена званне “Праведнік Народаў Свету” [1, с. 251].
Віктар Раманцоў.
Матэрыял удакладзены, дапоўнены. Публікуецца ў такім выглядзе ўпершыню. Перадрук цалкам без згоды аўтара забаронены. Дазваляецца толькі часткова цытаваць. Спасылка на цытаванне - абавязковая.
Першапачатковая рыніца: Віктар Раманцоў. Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. С. 51-56.
Крыніцы:
1. Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — У 2-х кн. — Кн. 1. — Мн. 2000. — 510 с.
2. Сапоненко И. Паричский Холокост // Ранак-плюс. — 2004. — № 12. — С. 7.
3. ДАМВ. — Ф. 1569. — Воп. 2. — Спр. 1. — Л. 2.
4. Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — У 2-х кн. — Кн. 2. — Мн. 2003. — 750 с.
5. Кулаковский А. Трагедия в урочище “Чартопаш” // Вячэрняя газета. — 1997. — № 2. — С. 3.
6. Хомицевич Д. Свидетель и очевидец // Светлагорскія навіны. — 2000. — 5—6 мая. — С. 2—3.
7. Щербин Л. ССПК “Колхоз “Прогресс”: вчера, сегодня, завтра. Светлогорск 2009. — С. 5.
8. Кохно Владимир. Пусть не гаснет свеча// Светлагорскія навіны. — 2011. — 25 кастрычніка. — С. 4.
Таксама чытайце: