ШУАБы альбо смерць
Савецкі Саюз напачатку Вялікай Айчыннай вайны меў збольшага састарэлыя мадэлі самалётаў. Найноўшая авіятэхніка толькі пачала паступаць у вайсковыя злучэнні і не была дасканала засвоена большасцю лётчыкаў. Такую выснову ў сваіх успамінах робіць лётчык-выпрабавальнік, Герой Савецкага Саюза, родам з хутара Пакроўка, які знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняга Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, Пятро Стэфаноўскі. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны аснову савецкай знішчальнай авіяцыі складалі самалёты І-16, І-153. Самы асноўны іх недахоп хаваўся ў кволым узбраенні. Аб гэтым Пятро Стэфаноўскі піша ў сваёй кнізе “Трыста невядомых”1.
Выпрабоўваючы ў 1939 годзе новы самалёт І-185 канструктара Мікалая Палікарпава, наш зямляк звяртае ўвагу на яго моцнае ўзбраенне: наяўнасць трох 20-міліметровых гармат ШУАБ (першая савецкая буйнакаліберная авіяцыйная гармата канструкцыі Шпітальнага-Уладзімірава).
“Як не хапала нам потым, на фронце, пры абароне Ідрыцы, Вялікіх Лук, Ржэва, Калініна, Кліна і Масквы, гэтых моцных хуткастрэлых авіяцыйных гармат, - са шкадаваннем зазначае Стэфаноўскі. - Пякучым агнём нянавісці апальвалася сэрца лётчыка-выпрабавальніка, які зблізку страляў у ненавісныя крыжы з кулямётаў калібра 7,62 сантыметра. Але пратэктаваныя бензабакі варожых самалётаў умомант зацягвалі тонкія праколы куль, сілавыя вузлы канструкцый нямецкіх машын не мусілі разбурацца. Нарэшце, пасля неаднаразовых атак, са змоўклымі кулямётамі, нашы самаадданыя паветраныя байцы, не бачучы іншай магчымасці знішчыць ворага, ішлі на таран. У большасці выпадкаў яны гінулі разам з ворагам. Так, пазнавата з’явіліся на ўзбраенні 20-міліметровыя ШУАБы” (С.148).
Як бачым, напачатку Вялікай Айчыннай вайны савецкія самалёты не мусілі біцца на роўных з нямецкімі, а савецкія лётчыкі часта ператвараліся ў звычайных смяротнікаў.
“Месер” супраць МіГа
Недахопы і станоўчыя бакі савецкай авіятэхнікі Пятро Стэфаноўскі разглядае ў параўнанні з замежнымі самалётамі-аналагамі, якія давялося выпрабоўваць асабіста.
“Па максімальных паказчыках лётных характарыстык, як сведчылі выпрабаванні замежнай авіятэхнікі, - піша ён, - савецкія самалёты знаходзіліся на ўзроўні лепшых іншаземных аналагаў, а часам і пераўзыходзілі іх”(С.160).
Але гэта, кажа Стэфаноўскі, ніколькі не супакойвала лётчыкаў-выпрабавальнікаў Навукова–даследчага інстытута Ваенна-Паветраных Сіл Рабоча-Сялянскага Чырвонага Войска (НДІ ВПС РСЧВ).
“У чымсьці і ў вельмі істотным было відавочна наша адставанне ад замежжа”(С.161), - удакладняе наш зямляк.
Гэта, па словах лётчыка, назіралася ў маторабудаванні, выкарыстанні прагрэсіўных авіяцыйных матэрыялаў, забеспячэнні самалётаў розным дапаможным абсталяваннем, “хаця б тымі ж гідраўлічнымі тармазамі”. Стэфаноўскі нездарма ўзгадвае пра апошні вельмі балючы для савецкай авіяцыі недахоп. Менавіта з-за недасканаласці гідраўлічнай сістэмы шасі напачатку вайны на завод была вернута вялікая партыя новых знішчальнікаў ЛаГГ-3, якімі ўжо паспелі ўкамплектаваць полк2. У іншым месцы кнігі Пятро Стэфаноўскі робіць цікавую выснову адносна самалётаў Люфтвафе (“месераў” і Ю-52 “юнкерс”): “Праведзеныя выпрабаванні дазволілі нам дасканала пазнаёміцца з авіяцыйнай тэхнікай гітлераўскай Германіі. Лётчыкі-выпрабавальнікі вызначылі як станоўчыя якасці, так і недахопы новых нямецкіх самалётаў. Ці варта казаць, што ў далейшым гэта дапамагло нашым авіятарам разумна выкарыстоўваць у баях кволыя бакі варожых самалётаў, навязваць немцам у паветраных сутычках нязручныя для іх умовы бою”(С.165).
Але напачатку вайны звычайныя савецкія лётчыкі наўрад ці былі падрабязна, як лётчыкі-выпрабавальнікі, знаёмы з кволымі бакамі самалётаў Люфтвафе. Стэфаноўскі падагульняе: “Выпрабаванне навінак фашысцкай авіяцыйнай тэхнікі паказалі, што савецкія самалёты, такія, як Як-1, ЛаГГ-3, МіГ-3, Пе-2, Іл-2, ні ў чым не саступаюць нямецкім... Вось толькі мала, вельмі мала яшчэ мелася ў нас баявых машын апошніх марак”(С.165).
Выпрабаванне рухавікамі
Адной з асноўных праблем савецкай авіятэхнікі Пятро Стэфаноўскі называе рухавікі. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны савецкі авіяканструктар Мікалай Палікарпаў распрацаваў матор М-71, які быў уладкаваны на самалёт І-185. Аднак ён быў недапрацаваны, яго дэталі часта ламаліся. Пачалася вайна.
“Вопытная серыя матораў М-71 усё ж была выраблена, хаця з вялікім спазненнем”(С.149), - шкадуе Стэфаноўскі, не ўдакладняючы тэрміны.
Па словах выпрабавальніка, на большасці савецкіх знішчальнікаў І-16 і І-153 стаялі састарэлыя рухавікі М-25. Больш сучасныя маркі М-62 і М-63 былі ўладкаваны толькі на машынах самых апошніх серый.
Стан маторабудавання ў СССР цудоўна разглядаецца на прыкладе аперацыі па бамбардзіроўцы Берліна савецкай авіяцыяй у 1941 годзе, пра якую ўзгадвае ў сваёй кнізе Пятро Стэфаноўскі. Гэты вельмі важны для пачатку вайны рэйд па загадзе Сталіна выконваў 332-і цяжкабамбардзіровачны полк пад камандаваннем В.І. Лебедзева. Напярэдадні аперацыі на самалётах ТБ-7 гэтага палка былі ўсталяваны новыя дызельныя рухавікі М-40 з турбакампрэсарамі.
“Але вось бяда: вайна перашкодзіла выпрабаваць авіядызелі ў палёце...”(С.199), - зазначае важную дэталь Стэфаноўскі.
11 жніўня 1941 года адзінаццаць ТБ-7 падняліся з аэрадрома Пушкіна. Адразу пасля ўзлёту непадалёк ад яго разбіўся самалёт камандзіра Канстанціна Ягорава. Прычына: спыніліся два рухавікі. Нялёгкім быў палёт для астатніх ТБ-7. У бамбардзіроўшчыка Васіля Біднага заглохлі два рухавікі на левым крыле, машыну даводзілася пілатаваць пад вуглом, вышыня палёту падала, запанікаваў штурман, дзякуючы гераізму і вытрымцы, экіпаж выканаў заданне і вярнуўся. Ледзь дацягнулі да сваёй тэрыторыі самалёты Аляксандра Курбана і Міхаіла Угрумава. Прычына ўсё тая ж: глохлі рухавікі. Не абышлося без страт: па розных прычынах былі згублены тры ТБ-7.
“Вялікія страты, - лічыць Стэфаноўскі, - але вынікі сапраўды грандыёзныя...”(С.205).
Як вядома, Гітлер налёт савецкіх бамбардзіроўшчыкаў на Берлін прыпісаў англічанам.
Паветраная сіла Саветаў
Сярод найноўшых самалётаў, якія напярэдадні вайны меў СССР, былі знішчальнікі МіГ-3, ЛаГГ-3, Як-1. Стэфаноўскі зазначае, што іх будаўніцтва авіяцыйныя заводы засвойвалі тэрмінова. Савецкае кіраўніцтва спяшалася забяспечыць імі лётныя часткі.
“Найноўшыя самалёты МіГ-3, ЛаГГ-3, Як-1 яшчэ не прайшлі поўную праграму выпрабаванняў, - успамінаў Стэфаноўскі, - а ўжо паступілі ў серыйную вытворчасць”(С.163).
Работнікам НДІ ВПС РСЧВ даводзілася ў спешцы праводзіць выпрабаванні па паляпшэнні манеўранасці ЛаГГ-3 і МіГ-3. Вось як ацэньваў найноўшыя самалёты асабіста Пётр Стэфаноўскі: Самалёт Як-1 (А.С. Якаўлеў) уяўляў сабою найбольш лёгкую, простую па тэхніцы пілатавання, манеўраную машыну змешанай канструкцыі. Ён быў узброены 20-міліметровай гарматай, якая страляла праз вал рэдуктара, і хуткастрэлым кулямётам ШКАХ.
“Узбраенне, як бачым, нямоцнае, да таго ж яно часта не спрацоўвала, - піша ў сваёй кнізе наш зямляк. - Авіяцыйным часткам даводзілася сваімі сіламі прымацоўваць пад пласкасцямі самалётаў па восем рэактыўных снарадаў, а колькі клопатаў прынесла тэхнічнаму саставу дрэнная герметычнасць паветранай сістэмы ўбірання і выпуску шасі і закрылкаў...”(С.163).
Самалёт ЛаГГ-3 (С.А. Лавачкін, В.П. Гарбуноў, М.І. Гудкоў) меў драўляную канструкцыю. Спачатку на ім стаяла вельмі магутнае ўзбраенне – 20-міліметровая гармата, адзін буйнакаліберны і два хуткастрэлых кулямёта. Машына была цяжкая і строгая ў палёце. Манеўранасць яе хацелася б мець значна лепшую. Канструктары ў хуткім часе некалькі павысілі яе, зрабіўшы аўтаматычныя перадкрылкі.
Самалёт МіГ-3 (А.І. Мікаян, М.І. Гурэвіч) меў змешаную канструкцыю, магутны высотны матор вадзянога ахалоджвання М-35А. Знішчальнік развіваў найбольшую хуткасць на вышыні 7250 метраў. Яго ўзбраенне складалася з двух кулямётаў ШКАХ і аднаго буйнакалібернага, сістэмы Бярэзіна.
“У параўнанні з Як-1 і ЛаГГ-3 гэты самалёт быў лепш даведзены, - робіць выснову Стэфаноўскі, - але патрабаваў больш строгай тэхнікі пілатавання пры выкананні фігур і на пасадцы. Канструктары зрабілі аўтаматычныя падкрылкі: самалёт набыў больш высокую манеўранасць, але па тэхніцы пілатавання так і застаўся строгім”(С.164).
Вытворчасць новых савецкіх самалётаў ішла ў адпаведнасці з планамі, але з’яўленне іх у частках спазнялася. Прадугледжвалася забяспечыць 22 знішчальныя палкі са 106. Аднак да лета 1941 года былі ўкамплектаваны пяць палкоў МіГамі-3, два – Якамі-1, адзін – ЛаГГамі-3.
Як бачым, новыя знішчальнікі меліся ў авіязлучэннях у вельмі абмежаванай колькасці, для іх пілатавання патрабавалася перавучванне асабовага саставу. Гэтым і займаліся работнікі НДІ ВПС РСЧВ напярэдадні вайны. За некалькі месяцаў да пачатку баявых дзеянняў Стэфаноўскі навучаў авіятараў 55-га палка 20-й змешанай авіяцыйнай дывізіі, якая дыслакавалася ў Бесарабіі (Малдова), пілатаваць МіГ-3. У гэтым палку служыў будучы савецкі ас А.І. Пакрышкін.
Апошняе братэрства з фашыстамі
23 жніўня 1939 года Гітлер і Сталін склалі дамову-пакт аб ненападзенні паміж Нямеччынай і СССР, які падзяліў Еўропу на сферы ўплыву. Былыя непрымірымыя ворагі сталі саюзнікамі. Дадаткам да ваеннага саюзу з’явілася дамова аб аднаўленні эканамічнага супрацоўніцтва. Паміж краінамі пачаўся абмен дэлегацыямі, савецкае кіраўніцтва закупляла нямецкую авіяцыйную тэхніку і прылады для яе з мэтай вывучэння.
Нягледзячы на дамову немцы пачалі рыхтавацца да вайны з СССР і праводзілі выведвальныя палёты на яго тэрыторыю. Да пачатку 1941 года было здзейснена 152 афіцыйна зарэгістраваныя парушэнні меж савецкай дзяржавы самалётамі Германіі. Адносіны паміж краінамі пагоршыліся. Выправіць сітуацыю абяцаў чарговы абмен вайсковымі дэлегацыямі з наведваннем вытворчасцей авіяцыйнай тэхнікі. Агледзіць савецкія прадпрыемствы была запрошана дэлегацыя на чале з вайсковым аташэ ў Маскве палкоўнікам Г. Ашэнбрэнэрам. Немцам паказалі два аэрадромы з новымі самалётамі, завод № 1, лінію па зборцы крылатых машын. Для лепшай дэманстрацыі моцы савецкай авіяцыі быў выбраны прыгажун МіГ-3.
“Немцы пабывалі на нашых авіязаводах, - успамінаў гэты момант Стэфаноўскі. – Апранутыя ў цывільнае, падцягнутыя, укормленыя, яны вялі сябе бесцырымонна. Не атрымаўшы задавальненне тлумачэннямі савецкіх інжэнераў, зазіралі ў непажаданыя для чужынцаў месцы, сунулі пальцы ў рулі авіяцыйных гармат і кулямётаў, жадаючы дакладней вызначыць калібры самалётнай зброі”(С. 164).
Стэфаноўскі апісвае свае ўражанні аб сустрэчы па агульнапрынятым ў савецкія часы шаблоне: ад імя ўсіх лётчыкаў: “Хіба ведалі мы, што вайна так трагічна блізкая, калі ўзнімалі кубкі са сваімі хуткаўзніклымі “сябрамі” на афіцыйным банкеце…Нікому з нас, савецкіх лётчыкаў – удзельнікаў банкета, не мусіла прыйсці думка, што праз тры месяцы мы схопімся з нашымі гасцямі ў бязлітасным баі, што да грандыёзнай ва ўсёй гісторыі чалавецтва вайны засталося ўсяго дзевяноста дзён…”(С. 164).
На гэтай сустрэчы з савецкага боку прысутнічаў Мікаян. Як сведчаць крыніцы, ён сказаў Ашэнбрэнэру: “Сёння мы паказалі вам, што будуем і што у нас ёсць. Той, хто паспрабуе на нас пайсці вайною, будзе знішчаны”3.
Немцы былі вельмі ўражаны ўбачаным. У Берлін тэрмінова адправілі данясенне. Гітлер, пазнаёміўшыся з ім, зрабіў выснову, што з вайной далей чакаць нельга: “рускія” зайшлі занадта далёка.
Віктар Раманцоў.
2008 г.
Крыніцы:
1. Стефановский П.М. Триста неизвестных. – М.: Воениздат, 1973. (Далей пры спасылцы на гэта выданне ў дужках ставіцца нумар старонкі).
2. Авиация Второй мировой. МиГ-3 в бою. Война в воздухе [Электронны рэсурс]. Доступ праз інтэрнэт: http://www.airpages.ru/ru/mig3bp.shtml. Дата доступу: 18.04.2008.
3. Тамсама.