Традыцыйная культура з’яўляецца той асновай, дзякуючы якой народ адчувае сябе жыццяздольным, ўпэўненым у сваёй сіле і высокім духоўным патэнцыяле. Працэсы глабалізацыі на зямлі закранулі не толькі палітыку, эканоміку, але і культуру. А гэта ўжо вядзе да нівеліроўкі нацыянальных культур, іх збяднення. Таму вельмі важна ў цяперашні час як мага больш увагі звяртаць на тыя сферы чалавечай дзейнасці, у якіх яшчэ працэс глабалізацыі не набраў вялікіх абаротаў, не перайшоў той мяжы, за якой ужо немагчыма што-небудзь выправіць.
Самым эфектным сродкам масавай культуры з’яўляецца зварот да жыватворных вытокаў народнай мудрасці (фальклору), скарбонкі, якая назапашвалася і назапашваецца з паконвеку. Гэта спрадвечнае дазваляе гаварыць пра перспектыўнасць працэсу фалькларызацыі культуры ў цэлым. Гэта надзвычай важна ў плане захавання нацыянальнай самабытнасці, нацыянальнай свядомасці і аўтэнтычных нацыянальных культур.
Беларуская нацыянальная культура бярэ свой пачатак з даўніны, з эпохі з’яўлення чалавека на зямлі. Рух з’явіўся галоўнейшай умовай існавання чалавецтва, і ад яго ўжо нядоўга да руху магічнага, абрадавага, танцавальнага.
Імітацыяй, рухамі чалавек перадаваў той ці іншы свой стан, земляробчы працэс, з’яву прыроды, жыццё расліннага асяроддзя. Першапачаткова быў рух, бо з дапамогай руху чалавек размаўляў з прыродай, з другім чалавекам, перадаваў не толькі рабочы і творчы працэс, але эмацыянальнасць, стан душы, пэўны смутак ці радасць.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый!
Ад нараджэння чалавека і да яго пахавання ўсё было звязана з рухомымі дзеяннямі. Рухі, жэсты існавалі ва ўсіх магічных дзеяннях, ці то ідучы на паляванне, ці то выконваючы земляробчую працу. Такім чынам зараджаліся спачатку рухі ў паўсядзённым жыцці, і толькі затым паўсталі танцавальныя рухі, малюнкі, якія абазначалі тое ці іншае дзеянне. На гэтых рухомых, жыццёва неабходных дзеяннях пачалі з цягам часу стварацца танцы. I першымі з’явіліся карагодныя, а затым ужо спеўныя карагоды: вясновыя, летнія, восеньскія і меншая колькасць зімовых.
Танец, рух як сродак выражэння эмацыянальна-псіхалагічнага і этычнага народа займае важнае месца ў беларускім фальклорна-абрадавым дзеянні. Асабліва ў кожным абрадава-святочным дзеянні існуе свой характар танца: жартоўна-заліхвацкі, дынамічна-вясёлы, гульнёвы. У паэзіі танца ажывае душа народа, у яго малюнках раскрываецца жыццёвае дзеянне беларуса-палешука. Шматлікія фалькларысты, этнографы (не толькі Беларусі), звярталіся да Беларускага Палесся і яго памежжа.
Спрадвечныя карагоды беларускага селяніна, каб зямля радзіла… Сярод іх — абрадавы карагод «Юр’я». У гэтым палескім карагодзе, зафіксаваным у вёсках Любавічы і Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, магічнае ўздзеянне на зямлю. Карагод гэты колавы — сонечны, каб жыта радзіла, але закопванне кавалкаў караваю ў зямлю адкрывае магічнасць падзеі.
У Юраўскім карагодзе не толькі рухомыя дзеянні скіраваны на добры ўраджай, але і песеннае слова таксама магічнае:
Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць,
А дзе не бывае, то там улягае.
О,то ж карагод, о то ж вялікі
Зарадзі, Божа, жыта дый на новае лета.
У карагодзе арганічна зліты як характэрны рух танца, так і гульнёвае дзеянне з песнямі. Увогуле карагоды вадзілі толькі ў суправаджэнні песні, а пазней часам і пад свісцёлку, дудку.
Збіральнікі народнай творчасці, этнографы, фалькларысты доўгі час, на жаль, запісвалі толькі словы, не звяртаючы ўвагі на сінкрэтычнасць карагоднага руху, на сінтэз лірыка-песеннага слова, харэаграфіі і песні. Яны як сінтэз адзінага цэлага, вельмі арганічна дапаўняюць адна адну і гэтым яшчэ больш яскрава выражаюць тое ці іншае дзеянне земляробчага працэсу і з’яву жыцця.
Аснова амаль усіх карагодаў абрадавая. іх разнастайнасць на Беларусі праяўляецца не толькі ў назве, але і ў характары, кожны ўзмах рукі валодае сваёй сілай, кожны абыход мае свой сэнс. Карагод — гэта не проста хаджэнні, гэта паэзія. У кожным абрадзе розныя карагодныя дзеянні: колавыя, вілюзкавыя, шаранговыя, ланцуговыя, лінейныя і вельмі рэдкія, на Зялёных Святках, перакульваючыя, калі жанчыны, лежачы на траве, перакульваюцца адна праз адну і коцяцца далей, робячы гэта некалькі разоў і па-рознаму (в. Рачыцк, Столінскага раёна, Брэсцкай вобласці).
Назва кожнага карагода, танца, гульні гаворыць сама за сябе: «Куст», «Жаніцьба Цярэшкі», «Страла», «Крывы танок», «Стрэчанне або Грамніцы», «Падушачка», «Зборная субота», «Аберагальны», «Стужачка скажы», «Млынок», «Жніце, жнеячкі, жніце», «Калядны конік шчадрэц», «Купалачка» і шэраг іншых.
Харэаграфічнай лексікай, імітацыяй, рухам жэстам выразна характарызуецца герой танца і яго праца: «Цапы», «Пастух», «Касар», «Плытагоны», «Мельнік», «ПІаўцы», «Пекар», «Бондары», «Кузняцы», «Кашалі-кашолачкі», «Гаршэчнік». Трэба адзначыць, што гэтая яскравая танцавальная палітра «працуе» тут не на банальную ілюстрацыю, а на стварэнне каларытных, адметных мастацкіх вобразаў і народных тыпаў, арганічна звязаных з жыццём і акаляючым асяроддзем.
Палессе як найбагацейшы край народна-абрадавай харэаграфіі няўхільна ўзбагачаецца за кошт новых жанравых форм, іх элементаў, заліхвацкіх пераплясаў, вясёлых скокаў, хуткіх танцаў, у аснове якіх ляжыць «хто каго ператанцуе» і так званыя танцы «імённыя» (па імені галоўнага героя ці персанажа): «Хвалько», «Мікіта», «Прычэпа», «Мікола», «Халімон», «Юрачка», «Кузьняцы», «Шалапут», «Лянцяй».