Акцёр і палітык Уладзімір Зяленскі, які выйграе прэзідэнцкія выбары ва Украіне, лічыць, што "Мінскі працэс" урэгулявання сітуацыі на Данбасе павінен працягвацца. "Я думаю, будуць кадравыя замены, — сказаў Зяленскі на сваёй першай прэс-канферэнцыі пасля закрыцця выбарчых участкаў. — Галоўнае — спыніць агонь".
Скончыць вайну на паўднёвым усходзе Украіны Зяленскі збіраецца з дапамогай інфармацыйнай вайны. Палітык папрасіў у журналістаў дапамогі, каб арганізаваць яе.
"Мінскі працэс" быў запушчаны ў лютым 2015 года, калі ў сталіцы Беларусі за сталом перамоў сустрэліся прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, прэзідэнт РасііУладзімір Пуцін, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлер Нямеччыны Ангела Меркель. "Нармандская чацвёрка" прыняла "Мінскія пагадненні", якія прадугледжвалі спыненне агню, абмен палоннымі і іншыя захады па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе.
У лютым 2016 года міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей выказаў меркаванне, што дзякуючы "Мінскім пагадненням" заходнія палітыкі змянілі свой погляд на нашу краіну. Аднак праз чатыры гады пасля запуску "Мінскі працэс" не прывёў да вырашэння канфлікту. Сёння шэраг экспертаў прытрымліваецца думкі, што "Мінскія пагадненні" не выконваюцца, а "Мінскі працэс" зайшоў у тупік, і яго трэба перазапускаць.
Да верасня 2018 года Украіну ў кантактнай групе па ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе прадстаўляў экс-прэзідэнт краіны Леанід Кучма. Пётр Парашэнка прызначыў яму на змену экс-старшыню СБУ Яўгена Марчука.