Найти тему

Калі на тэрыторыі Светлагорскага раёна пасяліўся першы чалавек?

Першыя паселішчы на тэрыторыі Светлагорскага раёна з’явіліся ў VIII-VII тысячагоддзях да нашай эры (эпоха ранняга мезаліту) каля вёсак Міхайлаўка, Каралёва Слабада і Краснаўка.

На тэрыторыі Светлагорскага раёна найдаўнейшыя з адшуканых паселішчаў датуюцца VIII тысячагоддзем да нашай эры (эпоха ранняга мезаліту). Археалагічныя помнікі гэтага перыяду ў нашым краі знойдзены каля вёсак Міхайлаўка, Каралёва Слабада і Краснаўка. Адшукаў і даследаваў іх беларускі археолаг Уладзімір Паўлавіч Ксяндзоў.

Адно паселішча знаходзіцца за 500 метраў на паўднёвы захад ад вёскі Каралёва Слабада, на другой надпоймавай тэрасе правага берага ракі Бярэзіны. Культурны пласт 20-40 сантыметраў разбураны ворывам. Памер 100×20 метраў. У 1977 годзе на ім быў зроблены раскоп 60 м2, знойдзены 425 крамнёвых прылад працы: разцы, скрабкі, скоблі, рэтушаваныя пласціны, адшчэпы, сякеры, нуклеўсы і іншае.

Другое паселішча размешчана за 250 метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Каралёва Слабада на першай надпоймавай тэрасе правага берага ракі Бярэзіны. Культурны пласт, як і на першым паселішчы, таксама пашкоджаны ворывам. Абследвалася ў 1982 годзе. На паверхні глебы былі сабраны шматлікія прылады працы: бакавы разец, праколка, канцавы скрабок, ножападобныя пласціны, адшчэпы, аморфныя нуклеўсы. Гэтыя помнікі датуюцца VIII-VII тысячагоддзямі да нашай эры і маюць адносіны да эпохі ранняга мезаліту.

У 1977 годзе паселішча той самай эпохі было выяўлена ля вёскі Міхайлаўка за 250 метраў на паўднёвы ўсход. Памер 200×50 метраў. Раскопкі праводзіліся ў 1982 годзе. У культурным пласце 15-35 сантыметраў былі знойдзены вырабы з так званага сожскага крэйдавага крэменю: долатападобныя прылады працы, скрабкі, адшчэпы, наканечнікі стрэл, нуклеўсы. Помнік датуецца VIII-V тысячагоддзямі да нашай эры [1].

Таксама ў той перыяд існавалі два паселішчы ля вёскі Краснаўка, выяўленыя на першай надпой­мавай тэрасе ракі Бярэзіна. Адно знаходзіцца за 250 метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі, плошча 600 м2. Было знойдзена ў 1974 годзе. Другое паселішча размешчана за 100 метраў на паўднёвы захад ад вёскі і займає плошчу каля 800м2. Было адшукана ў 1981 годзе. На паселішчах праводзіліся раскопкі, у выніку якіх былі знойдзены шматлікія прылады працы [2]. Матэрыялы раскопак названых паселішчаў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі [3].

Да якога роду-племені мелі адносіны першыя людзі, якія жылі на тэрыторыі Светлагорскага раёну, — невядома. Славяне на Светлагоршчыне з’явіліся паўтары тысячы гадоў таму — у V стагоддзі. Да іх на тутэйшых землях жылі балцкія плямёны. Балты і славяне перамяшаліся, новая еднасць людзей пачала насіць назву дрыгавічы [4].

Крыніцы:

1. Ксендзов В.П. Раннемезолитические поселения Михайловка и Королева Слобода на р. Березина / Древности Белоруссии и Литвы. Мн. 1982. С. 35-42.

2. Рабянок П. Ад сівой мінуушчыны / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн. 1. Мн. 2000. С. 22-23.

3. Збор помнікаў гісторыі і культуры. Гомельская вобласць. Мн. 1985. С. 338.

4. Маслюкоў Т. Ці ведаеце вы… Некалькі цікавых фактаў з гісторыі нашай мясцовасці і горада // Светлагорскія навіны. 1991. 26 верасня. С. 3.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск: Галіяфы, 2011. — 252 с. С. 14-16.