Як вядома, 18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. У Беларусі гэта свята годна адзначаецца дзякуючы правядзенню ў красавіцкія дні Фэста экскурсаводаў, падчас якога можна трапіць на самыя разнастайныя і ўнікальныя аўтарскія экскурсіі па ўсёй краіне. Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны сабраў для вас расклад усіх экскурсій нашага горада і рэгіёна.
Ідэя Фэста нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Адбылося ўжо 8 фестываляў, якія наведалі тысячы ўдзельнікаў, прайшлі сотні цікавых разнапланавых экскурсій. За гэты час у Фэста з’явіліся пастаянныя наведвальнікі і шматлікія прыхільнікі. “Свята экскурсій” – такі водгук можна пачуць ад іх пры набліжэнні чарговага Фэста экскурсаводаў. Мы вельмі ўдзячны экскурсаводам, краязнаўцам, якія стала падтрымліваюць мерапрыемства і дзеляцца ўнікальнымі ведамі дзеля таго, каб запаліць у беларусах агеньчык любові да сваёй гісторыі і павагу да сведчанняў мінулага.
Сёлета Фэст экскурсаводаў юбілейны: свята, якое адбудзецца 13-14 красавіка, ладзіцца ў дзясяты раз. У яго межах адбудуцца шматлікія экскурсіі па ўсёй краіне, таксама чакаюцца вандроўкі па беларускіх мясцінах у замежжы. У розных кутках краіны падрыхтаваны і юбілейныя навінкі: квэсты для дзяцей і дарослых, незвычайныя маршруты па «звычайных» мясцінах. Пашырыцца і разнастайнасць экскурсій. Вандроўкі ў межах Фэста запланаваны дзіцячыя, храмавыя, тэматычныя, экскурсіі для людзей з інваліднасцю, экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы.
Нагадваем, што ўдзел у экскурсіях БЯСПЛАТНЫ!
Дзейнічае папярэдняя рэгістрацыя, таму спраўджвайце інфармацыю на сайце Фэста экскурсаводаў.
Гомель
13 красавіка
1) “Кірава, 34: гістарычны шлях ад Гомельскай мужчынскай гімназіі да Універсітэту транспарту”
На экскурсіі ўдзельнікі наведаюць будынак былой класічнай мужчынскай гімназіі канца ХІХ ст., даведаюцца чым жыла гімназія і куды падзелася, а таксама чым зараз жыве Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту ў яе сценах і як захоўвае свае гістарычныя карані.
Весці экскурсію будзе краязнаўца і гісторык Яўген Малікаў.
Збор у 9:00 па адрасе: вул. Кірава, 34 (уваход з боку вул. Карповіча)
2) Экскурсія па саборы св. Пятра і Паўла ў Гомелі
У 14:00 у саборы пачнецца адмысловая экскурсія, праводзіць якую будзе а. Аляксандр (Лапушанскі).
14 красавіка
1) Ад Ільінскага да Крушэўскага: гісторыя і гісторыйкі гомельскіх яроў
Экскурсія ад краязнаўцы і літаратара Сяргея Балахонава пройдзе па нізоўях гомельскіх яроў/спускаў на ўзбярэжжы Сожа.
У часе экскурсіі пагамонім аб паходжанні назваў адных і прычынах безыменнасці іншых спускаў. Закранем гісторыю прылеглых да іх мясцін – і сухаземных, і рачных. Згадаем плытагонаў і землечарпальнікаў. Даведаемся, што такое “рум” і “водная брама”. Знойдзем месца параходам і “ракетам”. Успомнім архітэктара Шабунеўскага і інжынера Цымбаленку. Зададзімся пытаннем: “Куды знік каморнік Лашэвіч?” Памяркуем аб падземных хадах і палічым сабак Паскевіча. Пабачым галаву цмока і прывітаем партовых жырафаў. Будзем дыхаць гомельскімі легендамі і свежым красавіцкім паветрам.Працягласць маршруту – 2,7 км. Працягласць эскурсіі – блізу 2-х гадзін. Не забудзьце прасачыць за прагнозам надвор’я на гэты дзень.
Збор у 13:00 на рагу вуліцы Пралетарскай і Ільінскага спуску (раён прыпынку “Музычна-педагагічны каледж” у напрамку руху да цэнтра горада).
2) Экскурсія па Свята-Мікольскім мужчынскім манастыры
Ужо традыцыйную і вельмі насычаную цікавымі фактамі экскурсію па манастыры правядзе а. Сава (Мажука). Збор у 15:00 ва ўнутраным дворыку манастыра.
Мазыр
«Тры стагоддзi ў Далiне Анёлаў»
14 красавіка
Экскурсiю па колішнім манастырскім комплексе, а цяпер – творчай прасторы, прэзентуе стваральнiк культурнiцкай прасторы «Далiна Анёлаў у Мазыры» Аляксандр Баранаў.
Даведка:
Былы «Мазырдрэў», раней – запалкавая фабрыка «Маланка», яшчэ раней – у 18 стагоддзі – манастыр цыстэрцыянаў ці “белых манахаў”, рэдкага манаскага ордэну, які захаваўся (хоць не ў Беларусі) і дагэтуль. Муры манастыра, а таксама грунтоўныя падземныя скляпенні на амаль паўтара гектарах плошчы захаваліся таксама, праўда, схаваныя яны пад тынкоўкай ды пад тонамі пяску. Манастыр і пазнейшыя пабудовы атачаюць узгоркі, дзе месцілася ў час ранняга сярэднявечча старажытнае гарадзішча Мазыра.
Між узгоркаў – яна. Тапанімічна – Даліна Анёлаў з аднога боку, з другога – Ценевая даліна. Адно і другое гучыць так прыгожа, што прынялася агульная назва «Даліна». Зрэшты, у Мазыры няма іншай Даліны, памыліцца немагчыма. Як няма ў Мазыры і зычлівай для ўсіх і кожнага арт-прасторы з кавярнямі, мастацкімі галерэямі, майстэрнямі рамеснікаў і артыстаў, канцэртнымі і танцавальнымі пляцоўкамі, кіна- і лекцыйнымі заламі, дзе вітаецца ўсё, акрамя фармалізму і фальшу.
Мы хочам, каб такая арт-прастора з’явілася. Крок за крокам, цэгла за цэглай, пакой за пакоем – мы робім усё, на што здольныя, каб аднавіць манастыр і ўратаваць усё, што мае культурную каштоўнасць, і што можна яшчэ ўратаваць. І надаць яму статус «пад аховай».
Збор у 12:00 па адрасе вул. Гогаля, д. 61, прыпынак “Старое Гарадзішча”.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!
Жлобін
Жлобін — горад металургаў
13 красавіка
13 красавіка нас запрашае Жлобін – горад металургаў. Аглядная экскурсія ахоплівае гісторыю горада ад старажытнасці да нашых дзён. Селішчы першабытных людзей, знойдзеныя ў межах горада, датуюцца бронзавым векам, лічыцца, што першая пісьмовая ўзгадка — 1654 год.
Але экскурсавод Юля Аляковіч распавядзе, якім чынам Жлобін звязаны з імем Еўфрасінні Полацкай. Сёння Жлобін — трэці па колькасці насельніцтва горад Гомельскай вобласці пасля Гомеля і Мазыра.
Экскурсія пачнецца ў 10:00 з Прывакзальнай плошчы (збор каля чыгуначнага вакзала), пройдзе па плошчы Вызвалення, дзе пойдзе размова пра Вялікую Айчынную вайну, і адкуль добра бачны гістарычны цэнтр, закране тэму сакральнай архітэктуры і скончыцца ў прыгожым парку Пяці стыхій (менавіта ён — на панарамным фота, прадастаўленым аўтарамі экскурсіі).
Рагачоў
“Па старонках Рагачоўскага дзенніка Караткевіча”
14 красавіка
Андрэй Чарняўскі зладзіць экскурсію, якая звязаная з падзеямі кнігі Ладдзя роспачы, а потым пройдзе вуліцай, дзе гасцяваў пісьменнік у сяброў дзядзькі Ігара і да агляднай пляцоўкі на Дняпры. Удзельнікі наведаюць і крыж пакаранаму кіраўніку паўстання Томашу Грыневічу з неверагодным расповедам пра каханне ў рамане “Нельга забыць”. Пабачыць можна будзе і хату дзеда пісьменніка, дзе плённа пісаліся найлепшыя творы беларускай літаратуры. Наведаюць удзельнікі і ўлюбёнае месца пісьменніка на Дняпры. Калі экскурсанты будуць на роварах ці на ўласных аўтамабілях, то можна будзе заехаць і ў Азярышча, апісанае у “Каласах…”, і дзе здымаўся фільм “Будзь шчасліва рака…”.
Збор на Замкавай гары ў 14:00.
Рэчыца
13 красавіка
1) Экскурсія па цэнтральнай плошчы горада з наведваннем сабора і касцёла
Праводзіць: Вікторыя Войтава
Месца і час сустрэчы: 10:00, цэнтральная плошча
2) Рэчыца ў мінулым і сучаснасці
Праводзіць: Таццяна Дварэцкая
Апісанне: Экскурсія па горадзе
Месца сустрэчы выбраных: Збор каля музея на вул. Пралетарскай, 2 у 11:00
3) “Вясна Яфіма Капеляна” — гарадскі маршрут памяці народнага артыста, актора тэатра і кіно, ураджэнца горада Рэчыца Яфіма Захаравіча Капеляна.
Хто з нас не любіць кіно? Не раз з заміраннем сэрца сачылі мы за развіццём падзей на экране, перажываючы за лёс любімых герояў. Яфім Захаравіч Капелян — выбітны майстар тэатра, кіно і тэлебачання 20 стагоддзя, ураджэнец горада Рэчыца, дзе прайшлі яго дзяцінства і юнацтва.
Яфім нарадзіўся 12 красавіка 1912 года ў габрэйскай сям’і, дзе апроч яго было яшчэ пяць сыноў. Кінематограф адкрыў талент Капеляна не адразу. Амаль 30 гадоў яму давялося здымацца ў эпізодах. Другая палова 60-х — першая палова 70-х — гэта час самай плённай і цікавай працы Яфіма Захаравіча ў кінематографе. З тых часоў мінула шмат гадоў. Але да гэтага часу захапляюць фільмы, у якіх ён гуляў: 3 карціны пра “Няўлоўных”, “Інтэрвенцыя”, “Вечны кліч”, “Даура”, “Злачынства і пакаранне». Яго голас, які гучыць за кадрам ў серыяле «Сямнаццаці імгненняў вясны» з’яўляецца душой фільма.
Якім жа быў гэты акцёр? Як на яго творчасць паўплываў наш горад? Што можа расказаць нам сам горад? Прапануем успомніць ўсеагульнага ўлюбёнца 60-70-х Яфіма Капеляна і прайсці разам з экскурсаводам Таццянай Ласіцай па памятных месцах, звязаных з яго жыццём у горадзе Рэчыца.
Прыкладны маршрут:
Прыпынак “Кінатэатр «Беларусь”, дзе вісіць памятная дошка актору
Прыпынак “вул. Карла Маркса”, дзе знаходзіўся дом Яфіма Капеляна
Прыпынак “Стары маслазавод”, дзе захавалася адмысловая пабудова — колішняя Працоўная школа
Прыпынак “Экалагічны цэнтр”, частка будынка якога была Кінатэатрам імя Калініна
Прыпынак “Гарадзішча” — Дзіцячы парк. У 60- х тут быў гарадскі сквер і жывая музыка. Паколькі падарожжа будзе пешаходным, то просьба падрыхтаваць зручны абутак. Да сустрэчы!
Збор адбудзецца ў 12:00 каля кінатэатра “Беларусь”, які месціцца па вул. Савецкай, 39.
14 красавіка
1) Гістарычныя мясціны Рэчыцы
Праводзіць: Наталля Калацей
Апісанне: гістарычныя месцы Рэчыцы, якія спрыялі станаўленню і развіццю горада (гарадзішча “Дзіцячы парк”, капліца Святой Еўфрасінні Полацкай, ніжняя Набярэжная р. Днепр)
Месца і час сустрэчы: раён “Дзіцячага парка” на верхняй Набярэжнай у 11:00
2) Рэчыца ў мінулым і сучаснасці
Праводзіць: Марыя Зямлянка
Апісанне: экскурсія па горадзе
Месца і час сустрэчы: збор каля музея на вул. Пралетарскай, 2 у 11:00
Красны Бераг
13 красавіка
Красны Бераг. Месцы, што захоўваюць успаміны
Нас запрашае адна з найпрыгажэйшых сядзібаў Гомельшчыны, што месціцца ў Красным Беразе (Жлобінскі раён). Падчас экскурсіі ад Марыі Ткачовай будзе магчымасць пачуць расповед пра гісторыю сядзібы, лёсы ўладальнікаў, пабачыць аўтэнтычныя захаваныя будынкі канца XIX ст., пазнаёміцца з незвычайнай архітэктурай сядзібнага дома, пашпацыраваць паркам, унесеным ў спіс Помнікаў прыроды Беларусі, загадаць жаданне каля Савінага каменя.
Збор у 12:00 каля сядзібнай брамы (насупраць аўтастаянкі). GPS-каардынаты: 52.9654, 29.7842
Карма
“Святыня Беларусi” Праведны Іаан Кармянскі
13 красавіка
Дзе: Свята-Іаана-Кармянскі жаночы манастыр, в. Карма
Вядоўца экскурсіі: Аляксандр Іванаваіч Краўчанка
Калі: 13 красавіка ў 10:00