Найти тему
Наш край

Як Джон Ленан перавыхаваў камсамольскага сакратара завода «Гомсельмаш»

Оглавление

Савецкі Саюз развалілі звычайныя бытавыя магнітафоны. Тысячы кіламетраў намагнічанай стужкі с запісамі «Beatles», «Rolling Stones» ды іншых «Led Zeppelin» задушылі камуністычную ідэалогію, рыхтык прасунуты спрут — тупарылага іхтыязаўра з папярэдняй геалагічнай эпохі. Праўда, тагачасныя ідэалагічныя іхтыязаўры таксама не спалі ў шап­ку, а як маглі адгрызалі атрутныя шкодніцкія шчупальцы.

Напрыканцы шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя бітламанія сягнула гістарычнага апагею. Колькасць падпольных рок-гуртоў, якія «здымалі» бітлоў, перавысіла колькасць ударнікаў сацыялістычнага спаборніцтва. Мода на пінжакі са зрэзанымі каўнярамі і штрыфелямі даводзіла да істэрыкі ветэранаў партыі, больш звыклых да напаўваенных фрэнчаў і лагерных бушлатаў. У кожнай дваровай альтанцы сядзеў як мінімум адзін гітарыст-валасацік, які з інтанацыямі сакавіцкага ката выводзіў на жахлівай англійскай: «Естэдэй! Ол май траўблес сімд соў фар эвэй!»

Такі стан рэчаў вымагаў неадкладнага ідэалагічнага адлупу. Аддзелы прапаганды і агітацыі «на месцах» атрымалі суворыя дырэктывы: «узмацніць палітыка-выхаваўчую працу», «прапрацаваць падведамасны кантынгент персанальна» і «персанілікаваць адказнасць настаўнікаў».

На заводзе Гомельскага сельскагаспадарчага машынабудавання, больш вядомым як «Гомсельмаш», дырэктыву зразумелі выдатна. Але выконваць яе не спяшаліся. Тут, бляха-муха, новы сіласаўборачны камбайн трэба здаваць, а гэтыя абкамаўскія лайдакі з рознай дуротай лезуць! Завадское кіраўніцтва худенька памножыла паперчыну на электрографе «Эра» і скінула па інстанцыях ніжэй: маўляў, разбірайцеся са сваім ідэйна-няспелым кантынгентам самастойна. Толькі не забудзьцеся персаніфікаваць адказнасць і дакласці пра выкананне.

Атрымлівае такую паперу партарг механічнага цэха — звычайны рабацяга, узвышаны партыяй за перамогу у сацыялістычным спаборніцтве. Шаргаціць дакументам, безвынікова асэнсоўвае мудрагелісты абкамаўскі жаргон. І ідзе па кансультацыю ў партбюро, да старога бальшавіка і настаўніка моладзі.

— Тут без паўлітра і не скеміш, чаго родная партыя вымагае! — па-свойску скардзіцца партарг. — У сэнсе — патрабуецца знайсці асобныя недахопы?

Палітыку партыі разумеет правільна! — ухваляе стары бальшавік. — Ва ўсіх недахопы ёсць? Ёсць. Значыцца, павінны быць і ў нас. Але ж зусім Дробненькія, каб самім за страту пільнасці па шапцы не атрымаць. I каб нескладана было што выправіць і дакласці.

Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!

Партарг спакваля святлее з твару. Сядае за стол, чухае патыліцу і, нібы картачную калоду, перагаблёўвае ў галаве падведамасны кантынгент.

Ёсць у нас адзін фрэзероўшчык, штосуботы напіваецца і сваю бабу мяцеліць, — кладзецца на стол першая кандыдатура. — Мо возьмемся перавыхоўваць?

Палітыку партыі разумеет няправільна! — перапыняе настаўнік. — Па-першае, фрэзероўшчык — пралетар. А хто такі пралетар? Гегемон рэвалюцыі, рухавік гісторыі, самы перадавы клас грамадства. Па-другое, ці не палова нашых гегемонаў сваіх баб мяцеліць. І, між іншым, правільна робяць, бо з гэтымі сукамі інакш і нельга. Тут з несвядомай моладдзю працаваць трэба, валасацікамі рознымі, якія заходнія радыёбрахалкі слухаюць і песні не панашаму пад гітары пяюць! Ёсць у тваім цэху такія?

Партарг зноў перагаблёўвае, напружваецца і выдае:

Ёсць адзін. Са студэнтаў, нядаўна на практы­ку прыслалі. Даўгавалосік, у амерыканскіх штанах ходзіць і заходнюю музыку слухае. Маральна няўстойлівы, палітычна непісьменны. Палітыку партыі разумее няправільна.

А як у яго з сацыялістычным калектывізмам? — мружыцца стары бальшавік.

Партарг тут жа згадвае, як нядаўна мужыкі скамуніздзілі ў інструментальшчыкаў каністру спірту і прапанавалі студэнту выпіць, а той адмовіўся.

Пачуццё сацыялістычнага калектывізму адсутнае, — канстатуе партарг. — Жыццёвая пазіцыя цалкам пасіўная.

Па хуткім часе прамаўляецца і прозвішча практыканта-даўгавалосіка, і тут да ўсіх ягоных заган дадаецца яшчэ адна: ён аказваецца яўрэям. У настаўніку моладзі імгненна прачынаецца былы следчы МГБ. Далонь рэфлекторна мацае сцягно ў пошу­ках кабуры.

Значыцца, міжнароднікі-сіяністы ўжо і дароднага «Гомсельмаша» дабраліся, каб народ разбэшчваць, — са скрухай канстатуе адстаўны следчы. — Ды гэтага жыдзёнка-даўгавалосіка… расстраляць мала!

Дык цяпер жа не трыццаць сёмы год! — асцярожна нагадвае партарг.

А шкада! Перавыхаваць жыда на чалавека практычна немажліва. Але зрабіць з яго савецкага грамадзяніна цалкам рэальна!..

Слушна, лагічна, па-партыйнаму аргументавана. Але хто будзе перавыхоўваць гэтага недачалавека?

Як гэта хто? — здзіўляецца ветэран. — У вас там што, камсамольскай арганізацыі няма? За што мы цягалі бярвенне на камуністычіках суботніках? За што пралівалі кроў у падвалах контрвыведкі? Вось хай ваш камсарг з перавыхаваннем і шчыруе!

Партарг уздыхае з палёгкай. Што яму тое перавыхаванне, у яго план і аўрал, дый увогуле, ён не нянька ў дзіцячым садку! А галоўнае — ёсць на каго цяпер спіхнуць працу. Партарг шчыра дзякуе ветэрану і ідзе да цэхавага камсарга.

А камсарг — ну проста жывая ілюстрацыя да брашуры «Камсамол — гэта школа жыцця». Мужны погляд. Шурпатыя рукі. Значок «Малады гвардзеец пяцігодкі» на грудзях. Сапраўдны пралетар і геге­мон, а не нейкі там гнілы інтэлігентык!

Працяг чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны!