Найти в Дзене

Хто такі Пятро Стэфаноўскі?

Пятро Стэфаноўскі (1903-1976) – лётчык-выпрабавальнік 1-га класа, генерал-маёр авіяцыі (1944), Герой Савецкага Саюза (1948), ураджэнец хутара Пакроўка, які месціўся на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Аўтар сусветнага рэкорда палёту на планеры (10360 метраў), які не перакрыты да гэтага часу. Першы сярод пілотаў СССР выканаў фігуры вышэйшага пілатажу на рэактыўным самалёце. Аўтар кніг “Трыста невядомых” (1968, 1973), “Іх нельга забыць” (не друкавалася), “Крылы” (2007).

Пятро Стэфаноўскі генерал-маёр авіяцыі, Герой Савецкага Саюза. 1948 год.
Пятро Стэфаноўскі генерал-маёр авіяцыі, Герой Савецкага Саюза. 1948 год.

Ураджэнец хутара Пакроўка генерал-маёр авіяцыі, Герой Савецкага Саюза Пятро Міхайлавіч Стэфаноўскі праслужыў амаль 40 год у Ваенна-Паветраных Сілах СССР. Лётчык-выпрабавальнік болей за 300 самалётаў найноўшых канструкцый, ён правёў у небе 3500 гадзін, усталяваў сусветны рэкорд палету на планеры, які да гэтага часу не перакрыты, першы ў СССР выканаў фігуры вышэйшага пілатажу на рэактыўным самалёце. Узнагароджаны 11 ардэнамі і вялікай колькасцю медалёў.

Пятро Стэфаноўскі нарадзіўся 2 студзеня 1903 года на хутары Пакроўка [1] былой Парыцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні (зараз тэрыторыя Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці). У 1920-х гадах хутар Пакроўка ператварыўся ў пасёлак, а ў 1939 годзе, у перыяд сталінскай палітыкі калектывізацыі, быў сселены ў вёску Чыркавічы.

У 1909 годзе сям’я Стэфаноўскіх пераехала жыць бліз станцыі Цялуша (зараз Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць) Заходняй чыгункі, дзе купіла ў памешчыка кавалак зямлі. У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, галаву сям’і прызвалі ў рускую армію і адправілі на фронт, дзе ён загінуў. Па іншых дадзеных, бацька Стэфаноўскага памёр у 1932 годзе [2].

Пятрусь пачаў працаваць у 13-гадовым узросце – дапамагаў па гаспадарцы бацьку. З 1922 года хлапец працуе чорнарабочым у Бабруйску: пілуе лес на прыстані і грузіць яго на баржы. У 1923 годзе Стэфаноўскі служыў у Бабруйскай гарадской пажарнай камандзе, але быў звольнены па скарачэнні штатаў. Увёсну і ўвосень 1924 года працаваў садоўнікам, увёсну 1925 года – ваданосам у Бабруйскай яўрэйскай сельскагаспадачай дзіцячай калоніі, потым загадчыкам гаспадаркі. Увечары навучаўся на рабфаку Бабруйскага тэхнікума. Улетку 1925 года адбыўся выпадак, які моцна паўплываў на далейшы лёс юнака. У Бабруйск на тактычныя вучэнні прыляцела эскадрылля самалётаў [3]. Пятро першы раз зблізку ўбачыў крылатыя машыны і авіятараў. Вось як гэты выпадак ён апіша ў сваёй кнізе: «...Прымчаўся на поле, да самалётаў. І ўтаропіўся ў трапяткім здранцвенні: самалётаў шмат, вакол іх мітусяцца людзі ў праалівеных камбінезонах або ў дзіўных шлемах з акулярамі. Яны прывязвалі і зачахлялі машыны. Па баках пляцоўкі з’явіліся вартавыя. Не пускаюць да самалётаў, спыняюць крыкам занадта цікаўных. Сонца пазалаціла верхавіны сасновага бору, што за полем, і хутка схавалася за яго дрымучай сцяной. А хлопец адзін застаўся на полі. Няўжо свой лёс напаткаў? Напаткаў. Нястрымна пацягнула ў авіяцыю» [4, с. 50].

25 кастрычніка 1925 года Бабруйскі ваенкамат забраў Пятра Стэфаноўскага служыць у шэрагі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА). Па яго асабістай просьбе – у Ваенна-Паветраныя Сілы (ВПС). Трапіў Пятро ў роту аховы асобнай 2-ой выведвальнай авіяэскадрыллі, якая базавалася ў Смаленску. Быў залічаны ў навучальную каманду аднагадовых курсаў на спецыяльнасць фотаграметрыста. Самалёты ўшчэнт захапляюць нашага земляка, і ён вырашае прысвяціць небу далейшае сваё жыццё.

Пятро Стэфаноўскі курсант 1-ай вайсковай школы лётчыкаў 1927-1930 г.г. імя Мяснікова. СМГГ КП-1861
Пятро Стэфаноўскі курсант 1-ай вайсковай школы лётчыкаў 1927-1930 г.г. імя Мяснікова. СМГГ КП-1861

У траўні 1926 года Пятра Стэфаноўскага накіроўваюць у Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу ВПС РСЧА, дзе ён правучыцца адзін год. Але гэтага недастаткова, каб стаць лётчыкам, таму будучы Герой СССР працягвае вучобу ў Качынскай першай авіяцыйнай ваеннай школе імя А.Ф. Мяснікова (Крым). Свой першы палёт наш славуты зямляк робіць летам 1927 года на вучэбным самалёце “Аўра” (“Авро”) [5]. У 1928 годзе Стэфаноўскі, нарэшце, становіцца паўнавартасным ваенным лётчыкам: ён можа не толькі сам кіраваць крылатай машынай, а і вучыць маладых.

Паводле біяграфіі, са снежня 1928 года Пятро Стэфаноўскі быў кандыдатам у члены УКП(б) партарганізацыі Качынскай 1-й ваеннай авіяцыйнай школы лётчыкаў. У 1929 годзе паспяхова прайшоў “сталінскую чыстку”. Але ў жніўні 1930 года быў пазбаўлены кандыдацтва з фармулёўкай: “быўшы ў Чырвоным Войску, не кіраваў гаспадаркай бацькі, дапусціў перарастанне яго з сераднякоў у заможныя” [2].

Наступныя біяграфічныя звесткі пра Пятра Стэфаноўскага звязаны з Луганскай ваеннай школай лётчыкаў, куды ён быў накіраваны ў лютым 1931 года. Два гады лётчык, які займае пасаду камандзіра звяна, перадае свае веды маладым курсантам [6]. У кастрычніку 1931 года Пятра Стэфаноўскага як лепшага спецыяліста накіроўваюць ў Навукова-даследны інстытут ВПС РСЧА (г. Масква) у якасці інструктара-выпрабавальніка, камандзіра карабля. З ліпеня 1933 года Стэфаноўскі стаў камандзірам атрада эскадрыллі цяжкіх бамбардыроўшчыкаў ТБ-3.

“Шлях лётчыка-выпрабавальніка цярністы, – успамінаў Пятро Стэфаноўскі ў сваёй кнізе “Трыста невядомых”, – працэс станаўлення – цяжкі. Няспынная вучоба. Начныя няспанні з падручнікамі і навуковымі працамі, чарцяжамі, схемамі і разлікамі. Вывучэнне матэрыяльнай часткі і абсталявання новых самалётаў – па канструкцыях і “на дотык” – у канструктарскім бюро, у зборачным цаху, на аэрадроме. Вучоба непасрэдна ў паветры, у самім палёце: ад узлёту да пасадкі імкнешся зразумець “душу” машыны, яе нораў, імгненна фіксуеш і аналізуеш свае памылкі і тут жа іх выпраўляеш, намагаешся “зазірнуць” за разліковыя канструктарскія “ад” і “да”. І ў гэтым віры расцеш, набіраешся ведаў і навыкаў. Самі яны не прыходзяць. Іх трэба браць паўсюль і ўсюды, а ў першыю чаргу ў больш вопытных таварышаў” [4, с. 8].

Свой першы палёт на новай пасадзе Стэфаноўскі робіць на самалёце канструкцыі Мікалая Палікарпава. Вядома, што наш зямляк удзельнічаў у першамайскіх паветраных парадах у Маскве, лятаючы на знішчальніку І-16 (тып 5), пафарбаваным у жоўты колер. Пятро Міхайлавіч асабіста ведаў славутага расійскага лётчыка Валерыя Паўлавіча Чкалава.

12 сакавіка 1936 года Пятро Стэфаноўскі на планеры Г-9 канструкцыі Уладзіслава Грыбоўскага, прычэпленым да самалёта-знішчальніка І-15, які вёў летчык Эдгар Юганавіч Прэман, дасягнуў вышыні 10360 метраў і ўсталяваў сусветны рэкорд, перакрыўшы папярэдняе дасягненне на 2000 метраў. Ён, дарэчы, трымаецца і сёння [7]. Аб гэтым поспеху савецкіх лётчыкаў пісалі цэнтральныя савецкія газеты: «Правда», «Известия», «Комсомольская правда», «Красная звезда».

«12 сакавіка 1936 года мы ўзняліся ў паветра, – успамінаў гэты прыкметны для савецкай авіяцыі дзень Пятро Стэфаноўскі. – Мароз на зямлі зашкальваў за -20 0С. Наш «цягнік» шпарка набіраў вышыню. Максімальна дапушчальная хуткасць планера не дазваляла самалёту зручна набіраць яе. Прэман вёў самалёт на вельмі нізкай хуткасці, у выніку чаго матор знішчальніка, нягледзячы на мароз, хутка пераграваўся. Прэману даводзілася паслядоўна скідваць абароты рухавіка, рабіць гарызантальныя “пляцоўкі” праз кожныя 2 тысячы метраў.

Так марудна, але ўпэўнена мы нарэшце дасягнулі 8 тысяч метраў – рэкорднай вышыні нямецкага планерыста. Зрабіўшы “тэмпературную пляцоўку”, зноў палезлі ўгору. Самалёт працягваў набіраць вышыню.

Аднак усяму ёсць мяжа. Намаганні Прэмана дадаць да набранай вышыні хоць бы яшчэ адзін метр сталі дарэмнымі. Сілы матора вычарпаліся. Авіяцягнік дасягнуў вышыні 10360 метраў.

Адчапляюся ад буксіравальніка. Каля гадзіны выдаткоўваецца на зніжэнне. Мароз забіраецца і пад футровае адзенне. А ногі замярзаюць асабліва моцна, бо тэмпература за бартом -60 0С.

Павольная, ледзь адчувальная пасадка, і я трапляю ў моцныя абдымкі сяброў. Сусветны рэкорд, усталяваны немцамі, перакрыты больш чым на 2000 метраў. Палёт працягваўся 1 гадзіну 45 хвілін» [4, с. 59].

26 траўня 1936 года пастановай ЦВК СССР за поспехі ў засваенні баявой авіацыйнай тэхнікі Пятро Стэфаноўскі атрымоўвае сваю першую ўзнагароду: ордэн Чырвонай Зоркі. А амаль праз тры месяцы, 11 жніўня 1936 года, народны камісар абороны СССР Клімент Варашылаў і народны камісар буйной прамысловасці Сярго Арджанікідзэ ўзнагародзілі Пятра Міхайлавіча асабістым аўтамабілем маркі М-1. Па тым часе гэта быў вельмі дарагі падарунак [8]. Асабістыя аўтамабілі мелі асабліва прывеліяваныя, набліжаныя да вышэйшага кіраўніцтва СССР дзяржаўныя чыноўнікі і вайсковыя начальнікі.

У чэрвені і ліпені 1939 года ўказамі Прэзідыуму Вярхоўнай Рады СССР за выдатныя поспехі па садзеянні заводам і арміі ў справе засваення тэхнікі і за выключныя заслугі ў выпрабаванні самалётаў, і праяўленую падчас палётаў мужнасць і адвагу Пятру Стэфаноўскаму прысвойваюцца чарговыя высокія ўзнагароды СССР: ордэны Чырвонай Зоркі і Леніна.

У 1939 годзе Пятро Стэфаноўскі ўдзельнічаў у шырока вядомым паседжанні Палітбюро на чале са Сталіным у Крамлі, дзе абмяркоўваўся стан савецкай авіяцыйнай тэхнікі. На мерапрыемстве прысутнічалі выбітныя савецкія генералы, лётчыкі, героі вайны ў Іспаніі і Манголіі. Пятро Стэфаноўскі апынуўся адзіным, хто асмеліўся выступіць з крытыкай савецкай авіяцыйнай тэхнікі.

“Бо што атрымліваецца? – разважаў ён у кнізе “Трыста невядомых”. – Калі выбітныя авіятары краіны з захапленнем адгукаюцца пра нашыя самалёты перад самім Сталіным, перад Палітбюро, значыць, клапаціцца аб авіяцыі, яе далейшым развіцці няма патрэбы – усё дасягнута і іншаземцы пакінуты далёка за спіною, нашы паветраныя межы на самым надзейным замку. І калі вораг пасунецца на СССР, савецкія бамбардыроўшчыкі здзейсняць па яму ўсесакрушальны ўдар” [4, с. 161].

Выступ Стэфаноўскага гучаў дысанансам ў хоры папярэдніх аратараў. Наш зямляк казаў, галоўным чынам, аб недахопах савецкай авіятэхнікі. Якімі ж яны былі на той час? На думку Стэфаноўскага, гэта невыкарыстанне ў самалётабудаванні найноўшых трывалых металаў, адсталасць айчыннага маторабудавання ад шэрагу краінаў. І, самае нечаканае для прысутных, шматлікія недахопы ў канструкцыях і прынцыпах канструявання дапаможнага спецыяльнага абсталявання самалётаў. Акрамя таго, наш зямляк выказаў пажаданне максімальна нарошчваць намаганні па ўдасканаленні айчыннай авіяцыі, каб “не апынуцца апошнімі ў будучых узброенных сутычках з капіталізмам”.

Выступ Стэфаноўскага гучаў шчыра, з запалам, і доўжыўся 40 хвілін. Для паседжання такога высокага ўзроўню – гэта абраза для прысутных. Яны былі ў шоку. Безумоўна, сказанае Стэфаноўскім мусіла быць ацэнена на той час, як паклёп на апошнія дасягненні савецкага самалётабудавання. Генсак застаўся вельмі абураны і даручыў Кліменцію Варашылаву даведацца больш пра асобу Пятра Стэфаноўскага. Гэты выпадак у далейшым дазволіць нашаму земляку наблізіцца да Сталіна. Генеральны сакратар будзе памятаць лётчыка-выпрабавальніка і выкарыстае гэтае знаёмства ў сваіх мэтах. Неверагодны па тым часе факт: на паседжанні ЦК у Крамлі наш зямляк Пятро Стэфаноўскі атрымаў слова, хоць быў беспартыйны.

У траўні 1941 года, за месяц да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Пятро Стэфаноўскі дэманстраваў лётчыкам 20-й змяшанай авіяцыйнай дывізіі, якая размяшчалася на тэрыторыі Бесарабіі (сучасная Малдова), магчымасці новага самалёта МіГ-3, які толькі паступіў на ўзбраенне ВПС РСЧА [9].

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік Пятро Стэфаноўскі на загад Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандвання сфармаваў з лётчыкаў-выпрабавальнікаў 402-гі авіяцыйны знішчальны полк (зараз гэта 968-ы знішчальны авіяцыйны полк ВПС РФ, які базуецца ў Ліпецку), месцам баявых дзеяннеў якога стаў раён Ідрыцы (рака ў Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі). Ужо на восьмы дзень вайны лётчыкі палка вялі паветраныя баі на фронце ў раёне Дзвінска, у якіх удзельнічаў і Стэфаноўскі.

1 ліпеня 1941 года Стэфаноўскі на знішчальніку МіГ-3 адкрыў рахунак збітым нямецкім самалётам: яго здабычай стаў бамбардыроўшчык Do-215. Аднак болей паўдзельнічаць у баях роднага падраздзялення не дала Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Стэфаноўскага выклікалі ў Крэмль, дзе таварыш Сталін асабіста прызначыў вопытнага камандзіра начальнікам заходняга сектара супрацьпаветранай абароны Масквы, намеснікам камандзіра 6-га авіякорпуса. Вось як гэты цікавы эпізод апісаў сам Стэфаноўскі:

«І.В. Сталін прыняў мяне адразу.

– Сядайце, – паказаў ён на стул побач з сабою. І стомленым голасам дадаў: – Ну, распавядайце, як ваявалася.

Я караценька даклаў пра баявыя дзеянні палка. Паведаміў і аб недахопах нашай авіяцыі, аб цяжкай абстаноўцы, што склалася на фронце ў сярэдзіне ліпеня 1941 года.

І.В. Сталін слухаў уважліва, моўчкі. Калі я скончыў даклад, задумліва, нібы важачы кожнае слова, вымавіў:

– Так... На жаль, усе гэтыя ненармальнасці маюць месца. Але мы рыхтуем захады... Што вы думаеце рабіць далей?

– Як што? – разгубіўся я ад такога пытання. – Полк ёсць. Папоўнімся матэрыяльнай часткай і будзем біцца, таварыш Сталін, да апошняга.

– Не трэба да апошняга, – пачуў я ў адказ. – Вайна толькі пачалася. Вы набылі баявы вопыт. Немцы збіраюцца бамбіць Маскву. Трэба дапамагчы нам абараніць яе.

– Як загадаеце, таварыш Сталін! – Я, здаецца, нават выцягнуўся па камандзе «смірна».

– Не трэба так казаць, – Сталін зірнуў на мяне абураным поглядам. – Загадаць кожны дурань можа. Праз тры дні немцы будуць бамбіць Маскву.

Ад такой заявы я здранцвеў. А Сталін працягваў:

– Лепш скажыце, што вы асабіста думаеце на гэты конт.

– Трэба зрабіць захады для абароны. Думаю, што я мог бы стаць карысным.

– Вось гэта ўжо іншая размова. Скажыце, вам вядома, хто непасрэдна кіруе абаронай Масквы з паветра?

– Вядома, таварыш Сталін. Камандзір знішчальнага авіякорпусу палкоўнік Клімаў.

– Хто такі Клімаў?

– Добры лётчык. Надзейны камандзір. Прайшоў усе пасадныя прыступкі ў авіяцыі.

– А колькі ў яго палкоў?

– Здаецца, каля трыццаці.

– Вось-вось. А колькі намеснікаў?

– Камандзіру авіякорпусу паводле штату неабходны адзін, – адказваю. А сам не зразумею, куды хіліць Іосіф Вісарыёнавіч. Але хіліць, вядома, не дарма.

– Дык хіба ж можа адзін, нават добры, камандзір кіраваць трыццаццю падначаленымі камандзірамі? З часу Рымскай Імперыі вядома, што адзін чалавек можа паспяхова кіраваць не болей чым пяццю падначаленымі. Ёсць у вас мапа?

Я вынуў з планшэту дзесяцікіламетроўку, маштабную лінейку і каляровы аловак... І. В. Сталін перакрыжаваў на маей мапе праз цэнтр Масквы дзве рысы. Адна ішла ад Калініна, другая – ад Спас-Дзяменска.

– Дык вось, – сказаў ён, – створым чатыры сектары абароны Масквы з паветра: заходні, усходні, паўночны і паўднёвы. Начальнікі сектараў будуць адначасова намеснікамі камандзіра авіякорпусу. На чале заходняга будзе Стэфаноўскі, паўночнага – сённяшні намеснік камандзіра авіякорпусу палкоўнік Міцянкоў. Начальнікаў паўднёвага і ўсходняга прызначыце самі...» [4, 214—215].

Пятро Стэфаноўскі асабіста ўдзельнічае ў абароне сталіцы СССР ад налётаў фашысцкай авіяцыі, у паветраных баях, налётах на варожыя войскі. 11 месяцаў наш зямляк гераічна абараняў Маскву. Гэта быў час напружанай і адказнай працы, мужнасці і страты баявых таварышаў. За гады Другой сусветнай вайны Пятро Стэфаноўскі здзейсніў 150 баявых вылетаў, збіў 4 варожыя самалёты.

Палкоўнік Пятро Стэфаноўскі на арэадроме. 1942 г. СМГГ КП-1866
Палкоўнік Пятро Стэфаноўскі на арэадроме. 1942 г. СМГГ КП-1866

У траўні 1942 года Стэфаноўскага вяртаюць на ранейшае месца працы – прызначаюць лётчыкам-выпрабавальнікам, потым начальнікам аддзела кіравання Навукова-даследчага інстытута ВПС СССР. Франтам неабходна для перамогі новая, больш дасканалая авіяцыйная тэхніка.

Адбываецца яшчэ адна сустрэча Стэфаноўскага са Сталіным на чарговым паседжанні Палітбюро ў прысутнасці кіраўнікоў ВПС, авіяцыйнай прамысловасці і канструктараў. Тэмай паседжання было абмеркаванне новай канструкцыі знішчальніка Як-1, неабходнага фронту для барацьбы з новым нямецкім самалётам Ме-109-Ф. Сталін агучыў праект пастановы, якая тычылася асаблівасцей пілатавання Як-1 і папрасіў Стэфаноўскага выказаць свае думкі. Пётр Міхайлавіч выказаў заўвагі наконт празрыстасці матэрыялу кабіны, каб палепшыць для пілота агляд адзаду, і шэраг іншых. Сталін імгненна патэлефанаваў дырэктару прадпрыемства, дзе вырабляўся гэты матэрыял, і прызначыў месяц тэрміну на выпраўленне недахопаў. Канструктару Якаўлеву даручыў удасканаліць канструкцыю згодна заўвагам, што выказаў Стэфаноўскі. Пастанова з папраўкамі Пятра Міхайлавіча была прынята.

“Так проста і хутка вырашылася вельмі важнае пытанне барацьбы з новымі фашысцкімі самалётамі” [4, 243], – падагульняе вынік паседжання Пятро Стэфаноўскі.

Пры ўдзеле нашага земляка быў выпрабаваны і прыняты на ўзбраенне славуты знішчальнік Як-3.

У 1944 годзе Пятру Міхайлавічу прысвойваецца званне генерал-маёра авіяцыі, якое не зменіцца да выйсця яго на пенсію.

Пасля Другой сусветнай вайны Пятро Стэфаноўскі працягвае выпрабоўваць авіяцыйную тэхніку. Менавіта ён першы ў свеце выканаў вышэйшы пілатаж на рэактыўным самалёце [10], першы выпрабаваў рэактыўныя самалёты Як-15 і МіГ-9.

“Лётчыкі, а тым болей выпрабавальнікі, пры выглядзе самалёта новай канструкцыі не адчуваюць вялікага захаплення, – пісаў Стэфаноўскі. – Гэта добрая прафесійная якасць. Здзіўляцца мы таксама не прывыклі. Хіба толькі калі нечакана ўсміхнецца шчасце, і ты цалкам выпадкова ўхілішся ў паветры ад наяўнай смяротнай небяспекі” [4, 43].

СМГГ НВ-1681
СМГГ НВ-1681

5 сакавіка 1948 года за геройскі подзвіг, здзейснены пры выпрабаванні новых тыпаў самалётаў, засваенні высокіх хуткасцей і за выдатнае лётнае майстэрства намесніку начальніка ўпраўлення НДІ ВПС Пятру Стэфаноўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. За амаль 40 год жыцця ў авіяцыі на рахунку нашага земляка – 317 выпрабаванных самалётаў розных тыпаў, 16 першых вылетаў [11], 238 поўных выпрабаванняў, налятана больш за 3500 гадзін падчас 14 тысяч палётаў, з якіх у 4-х выпадках Пятро Міхайлавіч трапляў на аперацыйны стол шпіталя. Савецкая ўлада высока ацаніла заслугі Пятра Стэфаноўскага, узнагародзіўшы трыма ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцягу, двума Айчыннай вайны І ступені, шматлікімі медалямі.

Генерал-маёра авіяцыі Пятра Стэфаноўскага не дапусцілі да палётаў у 1954 годзе пасля атрыманай на выпрабаванні верталёта Мі-4 траўмы пазваночніка. Але наш зямляк працягваў служыць у Далёкаўсходняй і Прыволжскай вайсковых акругах – узначальваў інспекцыі ВПС СССР. У адстаўку Стэфаноўскі пайшоў у 1964 годзе [5]. Жыў у Маскве, займаўся вайскова-патрыятычным выхаваннем моладзі. Напісаў кнігу «Трыста невядомых» (1968, 1973), у якой абагульніў вопыт станаўлення савецкай авіяцыі. Другая кніга Пятра Стэфаноўскага пад назвай «Іх забыць нельга» не паспела пабачыць свет. У 2007 годзе ў выдавецтве “Воениздат” (Расiйская Федэрацыя) выйшла яшчэ адна кніга Пятра Стэфаноўскага пад назвай “Крылы” (“Крылья”), у якую увайшоў аповед аб развіцці ў СССР планерызму. У кнігу таксама ўключаны шэраг глаў з ранейшага выдання “Трыста невядомых”.

18 лютага 1976 года наш выдатны земляк, лётчык-выпрабавальнік, Герой СССР Пятро Міхайлавіч Стэфаноўскі пайшоў з жыцця. Яго пахавалі на Навадзевіччых могілках у Маскве.

У гонар нашага земляка названы вуліцы ў горадзе Шчоўкава і пасёлку Чкалаўскім Маскоўскай вобласці (Расійская Федэрацыя). У Цэнтральным музеі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі (г. Масква) ёсць экспазіцыя, дзе сабраны ўзнагароды, дакументы, асабістыя рэчы Пятра Стэфаноўскага. У музеі вёскі Чыркавічы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці Стэфаноўскаму прысвечана частка экспазіцыі.

9 траўня 2006 года на будынку школы вёскі Чыркавічы была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Пятра Міхайлавіча Стэфаноўскага (скульптар Аляксандр Каструкоў) [12], школе прысвоена яго імя.

Пятро Стэфаноўскі быў жанаты на Зінаідзе Уладзіміраўне, працавала яна педагогам. Сям’я мела дваіх дзяцей: сын Уладзімір стаў афіцэрам Савецкай Арміі, дачка Святлана – педагогам музычнай школы.

Пятро Стэфаноўскі завяршыў сваю кнігу «Трыста невядомых» крылатай фразай: “Тыя, хто зведаў неба, – верныя яму заўсёды”.

Віктар Раманцоў.

Крыніцы:

1. Імі ганарыцца Светлагоршчына / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Кн. 2. С. 585; Аб населеных пунктах, якія ўжо не існуюць ці перайменаваны. Тамсама. С. 747.

2. Светлагорскі музей гісторыі горада. Выпіска з біяграфіі. НВ-1682.

3. Сапоненко И. Деньги для Героя Советского Союза // Ранак-плюс. 2005. № 11. С. 1, 4.

4. Стефановский П М. Триста неизвестных. М. 1973. 320 с.

5. Долготович Б. Военначальники земли белорусской. Мн. 2005. С. 170.

6. Папок У. Бясстрашны сокал // Светлагорскія навіны. 1993. 30 студзеня. С. 2.

7. Кохно В. Высший пилотаж // Гомельская праўда. 2006. 8 чэрвеня. С. 2.

8. Папок У. Герой Советского Союза из Чирковичей. Забытые страницы истории // Светлагорскія навіны. 2003. 15 студзеня. С. 2.

9. Авиация Второй мировой. МИГ-3 в бою. Война в воздухе [Электронный ресурс]. Доступ через Интернет: http://www.airpages.ru/ru/mig3bp.shtml. Дата доступа: 12.08.2008.

10. Пётр Михайлович Стефановский. Люди [Электронный ресурс]. Доступ через Интернет: http://www.peoples.ru/military/aviation/petr_stefanovskiy/. Дата доступа: 12.08.2008.

11. Стефановский Пётр Михайлович / Земляки: история Светлогорска в лицах. Мозырь. 2001. С. 102.

12. Сивак А. Землякам от земляков. В Светлогорском районе увековечена память двух Героев Советского Союза – наших земляков // Ранак-плюс. 2006. № 20. С. 1.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск: Галіяфы, 2011. — 252 с. С. 163-175.