У Мінску людзей эвакуявалі з чыгуначнага вакзала, аўтавакзала “Цэнтральны” і з гандлёва-забаўляльнага цэнтра “Галілеа”. Пра гэта паведамляюць у сацыяльных сетках людзі, якія сталіся відавочцамі дзеянняў міліцыі і МНС. Таксама ачэплены гандлёвы цэнтр “Замак”, што знаходзіцца ў іншым раёне горада, далёка ад абодвух вакзалаў і ГЗЦ “Галілеа”.
Прычыны эвакуацыі невядомыя, але афіцыйная прадстаўніца МНС па Мінску Вольга Мельчанка патлумачыла карэспандэнту Еўрарадыё, што іх ведамства не праводзіць вучэнні на гэтых аб’ектах.
Неўзабаве і да “Замка”, і да "Галілеа" пад’ехалі групы сапёраў. Прыкладна праз гадзіну высветлілася, што бомбаў у гандлёвых цэнтрах няма, і іх адкрылі для пакупнікоў.