Найти тему

Усталяванне і распаўсюд каталіцкай канфесіі на тэрыторыіі сучаснага Светлагорскага раёна (XVII — пачатак XX ст.ст.)

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Светлагорску (Шацілках). адкрыўся 6 верасня 1997 года.
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Светлагорску (Шацілках). адкрыўся 6 верасня 1997 года.

У першай палове XVII стагоддзя Светлагорскі раён ўваходзіў у склад Бабруйскай воласці Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства (знаходзіўся на стыку ўзаемадзеяння Рускай праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Калі ў XV ст. гэта была тэрыторыя непадзельнага панавання праваслаўнай царквы, то ў першай палове XVII ст. ў Бабруйскую воласць пачынаюць пранікаць каталіцкія місіянеры. Гэтаму спрыяла дзяржаўнасць каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай і садзейнічанне мясцовай шляхты, якой прыналежнасць да каталіцкай канфесіі давала пэўныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя выгоды. Першымі місіянерскую дзейнасць тут праводзілі манахі Нясвіжскага езуцкага калегіюма. Езуітам удалося замацавацца ў Бабруйску ў 1618 г., а рэзідэнцыя іх узнікла ў 1630 г. У 1638 г нашчадкі гарадскога старасты Трызны, вядомага сваей прыхільнасцю да каталіцкай царквы, аддалі езуітам в. Дваранавічы з уніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 г. падараваў ордэну шляхціч Петра Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты1. Такім чынам, 1638 год можна лічыць годам заснавання Шацілкаўскага касцёла і арганізацыйнага афармлення каталіцкай канфесіі на тэрыторыі Светлагорскага раёна.

Пашырэнне ўплыву каталіцкай канфесіі на тэрыторыі Бабруйскай воласці знаходзілася ў непарыўнай сувязі з агульнадзяржаўнымі, грамадскімі з’явамі і мела свае прылівьі і адлівы. Так, у час антыфеадальнай вайны 1648-1651 гадоў Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад і, можна меркаваць, прыпыніла сваю дзейнасць у Шацілках. У 1681 годзе была адноўлена езуіцкая школьная сістэма. У час Паўночнай вайны 1700-1721 г.г. у сувязі з масавымі эпідэміямі яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць (1707, 1709, 1715 гг.)2. На жаль, звестак аб распаўсюджанні каталіцызму на тэрыторыі Светлагорскага раёна ў XVII ст., яго дачыненнях з праваслаўнай і уніяцкай царквамі пакуль што не маецца. Аднак аб тым, што касцёл працягваў сваю дзейнасць, можна здагадацца з дакументаў пазнейшага часу. Так, інвентарны вопіс Шацілкаўскай рымска-каталіцкай царквы, складзены 18 чэрвеня 1867 года бабруйскім настаяцелем і дэканам, ксяндзом  Семяонам Авокарэвічам па загадзе Мінскай рымска-каталіцкай кансісторыі, сцвярджае. што “Церковь состоит Минской губернии Бобруйского уезда в околице Шатилках на казенной земле, деревянная, во имя Воздвижения честного креста, построена в 1818 году дворянами Манкевичами, жителями околицы Шатилок, вместе подвергшейся пламени в 1812 году, освященная как видно из патента, выданного архиепископом Станиславом Сестранцевичем в 1822 году, декабря 1 дня, деканом Бобруйского уезда Строковским“3.

У Нацыянальным архіве РБ захаваліоя метрычныя кнігі запісаў навароджаных, узяўшых шлюб, памерлых эа 1827 г., з якіх можна даведацца, што большасць прыхаджан Шацілкаўскага касцёла належыла да шляхецкага саслоўя4.

Касцёл, адноўлены ў 1818 г., быў невялікіх памераў: даўжыня — 5; шырыня — 3,5; вышыня — 2 сажэні. Знадворку ён у 1844 г. быў абіты дошкамі і пакрыты таксама дошкамі, зверху меў тры купалы з жапезнымі крыжамі. Ля ўваходу ў касцёл быў наладжаны хор і шасцігалосны арган з двума мяхамі. Унутры храма меліся рызніца, спавядальня, амвон з балдахінам, цымборыум, чатыры прастолы з выявамі Прасвятой Багамацеры, апосталаў Пятра і Паўла, Святога Антонія, Святой Троіцы і Хрыста Збавіцеля. Над галоўным прастолам змяшчалась усёбачанае вока. Адзін з прастолаў быў перанасны і выкарыстоўваўся пры хрэсным ходзе.

Інвентарны вопіс 1867 г. падае падрабязны пералік царкоўных рэчаў. Побач з касцёлам быў дом каталіцкага святара. Ксёндз атрымліваў жалаванне ад Бабруйскага дэканата ў памеры 30 рублёў у год. У дакуменце адзначаецца, што ў прыходзе налічвалася 368 душ мужчынскага і 367 жаночага полу прыхаджан. Набажэнствы праводзіліся па святочных днях з 11 гадзін раніцы, літургія i малебны пa раскладзе, аднак з 15 студзеня пастаяннага служэння не было з нагоды знаходжання філіяльнага святара на гадавой эпітыміі ў Нясвіжскім Дамініканскім манастыры5. Ужо ў вышэй адзначаным інвентарным вопісе 1867 г. паведамлялася, што касцёл “ветхий” і патрабуе рамонта6. Але пa прычыне адсутнасці ў мясцовых жыхароў неабходных для такой справы сродкаў будынак касцёла працягваў знаходзіцца ў складаным становішчы да 1906 г. З “Инвентарного описания костелов Бобруйского и Борисовокого уездов за 1907-1914 годы” высвятляецца, што ў гэты час у аколіцы Шацілкі дзейнічаў філіяльны касцёл, драўляны, перабудаваны і павялічаны ў 1906 г. панам Баляславам Тышкевічам7. Гэтыя дакументальныя звесткі дапаўняюцца расказам старэйшага жыхара Шацілак Ануфрыя Адамавіча Манкевіча. Па яго ўспамінах, у пачатку XX ст. ў маёнтку Іленполь, каля вёскі Какалева (сучасная Светач у межах горада Светлагорска) пражываў пан Тышкевіч. У 1906 годзе ён прыехаў у Шацілкі святкаваць тутэйшае прастольнае свята “Уздвіжэнне”. Пасля агляду шацілаўскага храма Тышкевіч адзначыў, што яго будынак зусім струхлеў, і таму прапанаваў шацілаўцам пабудаваць новы прыгожы касцёл. Ён паабяцаў дапамагчы лесам, пры ўмове, што шацілаўскія мужчыны гуртам яго паваляць. З гэтай мэтай Тышкевічам была выдзелена дзялянка лесу ў месцы Астравы, што ў 10-12 км ад Шацілак. Гэта дзялянка i зараз завецца Касцёльнай. Пасля таго, як лес быў дастаўлены ў Шацілкі, Тышкевіч наняў брыгаду цесляроў з вёскі Давыдаўка. Ранняй вясной 1906 г. пачалося будаўніцтва. Тышкевіч сам кіраваў работамі. Да восені таго ж 1906 г. ў Шацілках насупраць могілак быў узведзены будынак новага касцёла. Тышкевіч загадаў устанавіць у касцёле арган, ды такі, каб яго было чуваць у маёнтку Іленполь. Калі арган быў наладжаны, то атрымаўся такі моцны гук, што ў навакольных хатах дрыжалі шыбы. Тады, каб паменьшыць гук, у аргане былі зроблены неабходныя змены. Дарэчы, у інвентарным вопісе касцёльных рэчаў адзначаецца наяўнасць “органа, в 1907 году, господином Тышкевичем исправленного”8.

Побач з касцёлам была пабудавана званіца. У ёй было тры вялікіх званы, два чыгунныя і адзін модны. Ксёндз у Шацілкі прыязджаў толькі па царкоўных святах з Бабруйска. Па нядзелях касцёл адчыняў касцёльны стараста Антось Манкевіч. У 1915-1917 г. у Шацілках пражываў арганіст Вацлаў Лейман, родам з Варшавы. Ён граў на аргане і кіраваў касцёльным хорам.

“Акты Шатилковского филиального римско-католического костела о родившихся за 1916 год” дазваляюць даведацца аб тэрытарыяльных межах Шацілаўскага каталіцкага прыхода. Акрамя шацілаўцаў тут хрысцілі дзяцей жыхары аколіц Ліпнікі (сучасны Светлагорскі раён), Замен-Рынні (Жлобінскі раён), Навозы Сцяпской воласці (Жлобінскі раён), некаторыя каталіцкага веравызнання з мястэчка Парычы (Светлагорск i раён). Гэга метрычная кніга засведчана подпісам шацілаўскага настацеля ксяндза Г. Церпенто, які той зрабіў 31 студзеня 1916 г. Аб тым, як складваліся адносіны паміж каталіцкай і праваслаўнай канфесіямі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна ў пачатку XX ст. можна меркаваць па ўспамінах доўгажыхароў. Так, згодна слоў Марыі Станіславаўны Трацэўскай, яна даведалася ад сваёй маці, што да Першай сусветнай вайны адносіны паміж святаром Якімава-Слабадской царквы і шацілаўскім ксяндзом былі не вельмі добразычлівымі. Праваслаўны святар не хадзіў у касцёл, а ксёндз — у царкву. У той час людзі вельмі трымаліся сваёй веры, нават шлюбы паміж праваслаўнымі і католікамі ў грамадскай свядомасці разглядаліся як злачынствы. Але ў час вайны, калі фронт наблізіўся да Шацілак, у касцёл прывезлі труны з забітымі салдатамі. І тады якімаваслабадскі праваслаўны святар Сеўба з шацілаўскім ксяндзом Церпенто разам адпявалі нябожчыкаў. Рускія праваслаўныя салдаты былі пахаваны на шацілаўскіх каталіцкіх могілках. У час вялікіх выпрабаванняў канфесійная абмежаванасць адышла на другі план.

Літаратура

  • 1. БліноваТ.Б. Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1. Мінск. 1993. С.255.
  • 2. Там жа.
  • 3. НАРБ. Ф.827. Воп.ЗЗ. Спр.474, Арк.З.
  • 4. Там жа. Ф.961. Воп.1. Спр. 1; 2; 3.
  • 5. Там жа. Ф. 827. Воп.ЗЗ. Спр.474. Арк.4.
  • 6. Там жа, Арк 3.
  • 7. Там жа. Ф.827. Воп. 38. Спр,1495. Арк.7.
  • 8. Там жа. Арк 8.
  • 9. Там жа. Ф, 1781. Воп. 48. Спр„19. Арк.6.

Аўтар: А.М. Хоміч
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996.