Найти тему
Наш край

Санітарна-бытавы нарыс вёскі Дубровы ў 1929 г.

Оглавление

Вёска Дуброва распаложана на роўным месцы. 3 паўднёвага боку яна прылягае к балоту, якое называецца „Круглым балотам”. Яно, маючы шырыню ад 1—1,5 клм., цягнецца ўдоўжкі да ракі Убарць на 7-8 клм. і мае схіл на ўсход. На паўночным захадзе, на адлегласьці 0,5 клм. ад вёскі таксама знаходзіцца балота, а на поўначы ў 1,5 і 3 клм. знаходзяцца два невялічкіх азяркі. Вышэйпамянёная рака Убарць (прытока Прыпяці) зьяўляецца самай бліжэйшай больш-менш значнай ракой. Вёска з усіх бакоў абкружана лесам, у якім сустракаюцца нізіны і балоты. З парод дрэў асабліва пашыраны: хвоя, бяроза, дуб, па нізінах вольха, таксама сустракаецца елка, але вельмі рэдка і ў ня- значнай колькасьці.

Санітарна-бытавы нарыс вёскі Дубровы, Лельчыцкага сельсавету, і раёну, Мазырскае акругі.

Пашыраны „багун”—невялічкі кустоўнік, з прыгожымі белымі кветкамі і моцным пахам, які насельніцтва ўжывае як сродак проціў чужаедаў (блашчыц).

Глеба каля вёскі пераважна супясковая, у некаторых, мясьцінах пападаецца суглінак, але рэдка. Каменьняў на палёх нідзе не пабачыш і вакольнае насельніцтва для гаспадарчых патрэб прывозіць яго з іншых мясцовасьцяй. Сыстэма паляводзтва па раскарчоўках пераложная, а навакол вёскі зямля ніколі ня гуляе. Па гнаі сеюць бульбу, на другі год—жыта, пшаніцу, авёс, на трэці—грэчку.

Акруговы цэнтр гор. Мазыр знаходзіцца ў 87 клм. ад вёскі, таксама далёка знаходзіцца і бліжэйшая чыгуначная станцыя—Ельск (64 клм.). Раённы цэнтр і сельсавет знаходзяцца ў 8 клм., у м-ку Лельчыцы. Самы бліжэйшы завод — цагляны знаходзіцца ў 8 клм.

Сама вёска ляжыць на роўным сухім месцы, якое мае схіл на поўдзень да балота. Вёска складаецца з двух вуліц і 2-х завулкаў. Адна вуліца ідзе з усходу на захад, а другая з паўдн. ўсходу на паўночны захад. Абаронай ад пануючых вятроў, якія тут дзьмуць з заха ду і поўн.-захаду, служыць лес. Ёсьць дзьве грамадзкія плошчы: адна школьная, распаложаная сярод вёскі, а другая выган у заходнім канцы яе. Вуліцы нябрукованыя, бяз усякіх насьцілаў, дрэў няма і наогул трэба адзначыць, што вуліцы гразкія, асабліва ўвосень. Ёсьць штук 4 або 5 асабліва нізкіх месц (лужын), якія ў часе дажджоў робяцца „вазёрамі”. Двароў у вёсцы налічваецца 214; усе яны разьмяркованы абапал вуліцы. Садоў і палісаднікаў вельмі мала (7). Прычым сады ўсе невялічкія і ў гаспадарцы прамысловага значэньня ня маюць. З пладовых дрэў разводзяць яблыню, ігрушу, сьліву.

Дзеля таго, што ракі каля вёскі няма, то ўсе вадазборы ў вёсцы —  гэта закрытыя студні, якіх налічваецца — 34. Пабудованы яны проста драўляным зрубам. Знаходзіцца студня на вуліцы, ці на дварэ каля вуліцы і карыстаюцца ёю звычайна некалькі гаспадарак, але ёсьць невялічкая колькасьць (7) такіх, якімі карыстаецца толькі адна гаспадарка. Ваду дастаюць крукам, або каперам, агульнага вядра для ўсіх няма. Студні ненакрытыя, няшчыльныя. Дзякуючы таму, што яны знаходзяцца недалёка ад хлявоў і каля іх адбываецца вадапой жывёлы, яны забруджваюцца. Спосабаў абароны ад забруджваньня амаль што няма ніякіх, зрэдку толькі каля студні насыпяць пяску, каб ня было гразі каля яе. Глыбіня студняў у сярэднім 5 мэтраў. Пры капаньні, як апавядае насельніцтва, сустракаюцца наступныя пласты: глеба, пад глебай пясок, жвір, гліна і пасьля гліны ідзе ваданосны пласт. Ваданепранікальны пласт — гліна (другі пласт яе), — ваданосны пясок. Вады для патрэб насельніцтва ў студнях ёсьць досыць. Існуючыя вадазборы мала прыгодны для гашэньня пажараў з прычыны труднасьці дастачы яе. У часе сьпешкі ўсе студні заграмаджаюцца спушчанымі вёдрамі, што перашкаджае правільнаму і сваечасоваму іх скарыстаньню.

Мінімальныя запатрабаваньні санітарнай аховы студняў вымагаюць пабудовы покрывак над студнямі і забрукаваньня плошчы зямлі навакол студні, дзеля таго, каб яны не забруджваліся сьцекамі з вуліцы і хлявоў.

Па якасьці вада наогул добрая [1]), але ўвясну альбо ў часе дажджоў, яна робіцца мутнай ад павярхоўнай вады, якая цячэ ў студню. У хатах вада захоўваецца ў вёдрах, альбо ў цэбрах і стаіць там на працягу 6 — 8 гадзін адкрытая, дзякуючы чаму яна забруджваецца пылам. У гаспадарцы ў сярэднім кожны дзень разыходзіцца ўзімку —  22 вядры вады, а ўлетку — 8. На хатнія патрэбы сям‘і ўжываецца 6 – 8 вёдраў, а на гаспадарчыя і на вадапой жывёлы — 14 — 16 вёдраў. Залежнасьці паміж вадакарыстаньнем і страўнічна-кішэчнымі хваробамі не назіраецца.

Насельніцтва ў вёсцы налічваецца 1026 чалавек, з іх мужчын 488, а жанчын 544. Сямей налічваецца 214. Па нацыянальным складзе ўсе беларусы. Ёсьць толькі адна яўрэйская сям‘я, ды і тая перабіраецца ў м-ка Лельчыцы. За апошні год памёрла — 42, нарадзілася — 37 чал. Шлюбаў было – 4, разводаў — 2.

Асноўным заняткам насельніцтва зьяўляецца ральніцтва, з пабоч- ных заробкаў трэба адзначыць: узімку рубку, вывазку, а ўвясну сплаў лесу і пілаваньне дошак. Гэтыя заробкі значна дапамагаюць насельніцтву: пры іх дапамозе гаспадарка выконвае ўсе падаткі і імі займаецца амаль што ўсё насельніцтва. Саматужнікаў у вёсцы вельмі мала: 2 кавалі, 3 шаўцы, 2 краўцы, 1 столяр. Кавалі і краўцы сваім заробкам значна падтрымліваюць гаспадарку, а што датычыцца іншых саматужнікаў, то прыработак іх вельмі малы.

Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых артыкулаў і публікацый!

Ворнае зямлі налічваецца 661 дзесяціна, сенажаці — 183 дз.; лесу няма, няўжыткоўнай зямлі — 50 дз. Ураджйнасьць палёў, прымаючы пад увагу прымітыўнасьць немашыннай апрацоўкі—сярэдняя. З буйнай жывёлы налічваецца: валоў — 230, кароў — 300, коняй — 861 [2]) Дробнай жывёлай вёска забясьпечана слаба. Што датычыцца сельска-гаспадарчых прылад (плуг, барана), то імі забясьпечана насельніцтва ў патрэбнай меры. Беднякоў налічваецца — 80 гасп., серадн. — 122, замож — 12 гасп. Уласнага коопэратыву ў вёсцы няма, а ёсьць аддзяленьне Лельчыцкага спажывецкага т-ва, пайшчыкаў якога на ўсёй вёсцы налічваецца каля 100 [3]). Прыватным гандлем ніхто не займаецца. Адзіным месцам продажы жывёлы, якая зьяўляецца галоўным даходам насельніцтва зьяўляюцца кірмашы ў м-ку Лельчыцах, яны адбываюцца 1-га і 15-га кожнага месяца.

Агульная плошча сядзібы і двара ў вёсцы наступная:

ТАБЛІЦА

Забудоўля двароў сустракаецца розная; найчасьцей можна пабачыць забудоўлю літарай „Г“, „П“, а таксама чарадой. Падзелу двароў на чыстыя і брудныя няма. Двор чысьцяць раз у год вясною, калі возяць гной, то падграбуць сьмецьце і вывязуць яго на поле, ды і то ня ўсе гаспадары, а толькі некаторыя. Будынкі звычайнай сярэдняй гаспадаркі наступныя: хата з сенцамі і каморай, адрыны 2 — 3 (для коняй кароў і авечак), гумно, варэўня — (патутэйшаму — „сьцёпка“) для схову продуктаў і сьвінячы хлеў. Будаўнічы матар’ял — дзерава. Адрыны звычайна будуюцца з верхавін дрэў бяз моху і няшчыльна; дзьверы прымацованы няшчыльна, а часам іх няма зусім, а ёсьць толькі завёрткі; столі няма; дах насланы гальлём, а пасьля зьверху накрыты саломай, якая зьверху прыціснута апоўзьнем. Абароны ад зімніх халадоў амаль што няма ніякай, толькі часамі заткнуць дзіркі саломай, каб нё надзьмувала ў адрыну сьнегу. На ўтрыманьне будынкаў не зьвяртаюць належнай увагі: часам працякае, але іх не папраўляюць.

Хаты пераважна стаяць абапал вуліцы, але часамі стаяць і на дварэ. Двор заўсёды распаложаны з усходняга боку, толькі калі на адным дварэ жывуць два гаспадары, дык ён знаходзіцца паміж хат.

Паводле пабудоўлі тыпы хат наступныя: чатырохсьценка (большасьць), пяцісьценка і хаты з дзьвёх палавін. Чатырохсьценка будуецца зрубам з чатырох сьцен, да яе бываюць прыбудованы сенцы бяз моху і бяз столі; частка іх адгароджана пад камору. У пяцісьценцы замест сенцаў прыбудована другая палавіна хаты, у якой ёсьць печ і столь. Хата з дзьвюх палавін складаецца з двух чатырохсьценак, якія злучаны халоднымі сенцамі, у задняй частцы якіх адгароджана камора. Тыпы хат з дзьвюх палавін ужо больш ня будуюцца. Хто пазаможней, той будуецца “дамком“, г. з. звычайнай пяцісьценкай. Хаты будуюць з дзерава, ставяць іх без падмурку, проста на зямлі, падкладаючы пад куты штандары. Сьцены ад вільгаці глебы нічым не ізолююць. Куты робяць „расійскія“. Дзьверы робяць ашалёванымі ў форме елкі, клеткі ці радкамі. Столь робіцца наступным чынам: першы рад дошак кладзецца няшчыльна, на 2 — 3 вяршкі адна ад аднае, зьверху шчыліны закрываюць аполкамі. На столь насьцілаюць салому або мох, закрываючы няроўнасьць кладкі, а пасьля насыпаюць пяску таўшчы-нёй 1 — 2 вяршкі. На дахі ідзе дранка, гонты, або звычайныя дошкі. Укладка падлогі ардынарная, яна кладзецца на адлегласьці 20—30 см. ад зямлі; вэнтыляцыі падпадложжа няма, а для цяплыні зруб абсыпаюць па-за сьценамі зямлёй. У сенцах столі ў большасьці хат няма, а падлога кладзецца проста на зямлю. Чатырохсьценкі будуюцца квадратам або простакутнікам, прычым даўжыня ня больш шырыні, як на адзін аршын. У правым куце ад дзьверы знаходзіцца печ, якая займае 1/6 частку плошчы падлогі. Перагородак ніякіх няма. За печкай да пярэдняй сьцяны — пол. У хаце звычайна тры вакна, у бакавой сьцяне да двара—2 і прадоўжнай да вуліцы — адно.

Пяцісьценка мае чатыры знадворныя сьцены і адну нутраную. Звычайна бывае тры дзьверы: адны знадворныя, другія нутраныя з аднае хаты ў другую, трэція—у камору. Печы ёсьць ў абедзьвюх палавінах. У хаце з дзьвюх палавін—адна палавіна звычайна большая. Памеры хат паводле асобных тыпаў характарызуюцца наступнымі лічбамі.

Працяг артыкулу чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.