У 2018 годзе падчас вандроўкі на сядзібу Пушчыных знойдзена дата пабудовы Парыцкай цагельні.
7 лістапада 2018 года Дзяніс Рунец (кампанія “Мова нанова - Светлагорск”), Васіль Працэнка (інфармацыйны блог lovesun.by) і аўтар гэтых радкоў адправіліся ў Парычы ў краязнаўчую вандроўку. Асабіста мне было цікава паглядзець, у якім стане сёння знаходзіцца колішняя сядзіба дваран Пушчыных і знайсці адказ на пытанне: калі ўзнікла Парыцкая цагельня.
Мне не давалі спакою знойдзеныя на маім лецішчы ў вёсцы Паганцы Cветлагорскага раёна цагліны з таўром ПАРИЧИ. ў выніку раскопак падмурка печкі.
Тры акалічнасці ўказвалі на тое, што цэгла была зроблена пры канцы ХІХ стагоддзя. Першая: значна большыя памеры цэглы, чым у цэглы ХХ стагоддзя. Другая: таўро ПАРИЧИ. ўказвала на месца вырабу. Цэгла с такім таўром сустракаецца не толькі ў вёсках Светлагорскага раёна, а і ў саміх Парычах. І трэцяя акалічнасць: таўро ПАРИЧИ. пазначае толькі месца вытворчасці, што дае падставу меркаваць, што яе выраб пачаўся ў прамежак 1847-1893 гадоў.
Справа ў тым, што абавязковае таўраванне цэглы было замацавана ўказам імператара Расійскай імперыі Мікалаем І ад 24 студзеня 1847 года «Аб захадах для трывалага і правільнага вырабу цэглы» («О мерах для прочной и правильной выделки кирпича» (ПСЗ-2. – Т. 22. – No 20848. – С. 86–92).
Згодна правілаў, уладальнікі заводаў на кожнай зробленай цагліне павінны былі ставіць сваё таўро, якое выціскалі на сырцы пры яго фармаванні або сушцы, для абазначэння вытворцы на той выпадак, калі падчас будаўніцтва або з цягам часу будзе выяўлена няякасная цэгла і нядобрасумленны пастаўшчык мог быць прыцягнуты да адказнасці. Спачатку таўро былі анімалістычныя (падобныя на лапы жывёл), абрэвіятурныя (ініцыялы уладальнікаў альбо пазначалі месца вытворчасці) і рэдка - лікавыя (год вырабу). Прыняты ў 1893 годзе Статут аб прамысловасці патрабаваў, каб на таўро змяшчалася імя і імя па бацьку («хаця б ініцыяламі»), прозвішча ўладальніка прадпрыемства, а таксама яго месцазнаходжанне.
Сваю гіпотэзу я вырашыў праверыць на адзіным захаваным да сённяшняга дня будынку ў Парычах на сядзібе Пушчыных, які ў літаратуры носіць назву цаглянай пабудовы Парыцкай жаноцкай вучэльні духоўнага ведамства.
А раптам ён зроблены з цэглы з таўром ПАРИЧИ.? Галоўнае, каб у будынка былі месцы з адпалай тынкоўкай, пад якой будзе бачна цэглавая кладка. Асаблівасць парыцкай цэглы ў тым, што таўро ставілася на кладцы, а не на посцілцы, і яно будзе адразу заўважна.
Будынак Парыцкай жаноцкай вучэльні духоўнага ведамства ўваходзіць у лік помнікаў архітэктуры Светлогорскага раёна, які ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай. (Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. – Мн. 2009. – С.291. – Шыфр 313Г000768. – Будынак былога жаночага вучылішча. – 1881 год. – г.п. Парычы, вул. Камсамольская, дом №3).
Як бачым, дата пабудовы пазначана дакладна –1881 год. Гэтым жа годам датуецца будынак ў кнізе “Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён”. – Мінск: Беларусь, 2000 – Кн. 1. – С.87.
Мы засталі будынак колішняй Парыцкай жаноцкай вучэльні духоўнага ведамства пустым, падрыхтаваным да рамонту. Апошні раз тут змяшчалася аддзяленне РУП “Белпошта”. Ніякіх ахоўных знакаў на будынку няма.
“Цагляны будынак прамавугольны ў плане, аднапавярховы, з вальмавым дахам. Сцены атынкаваны і прарэзаны высокімі прамавугольнымі вокнамі ў ліштвах, завершаны прафіляванымі карнізамі. Тарцовая сцяна завершана фігурным атыкам. Пачатковая планіроўка і аздоба інтэр’ера не захаваліся. Прыклад грамадзянскай архітэктуры” – так апісваецца будынак на сайце Светлагорскага райвыканкама ў раздзеле “Помнікі гісторыі і архітэктуры Светлагорскага раёна” і ў кнізе “Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён”. –Мінск: Беларусь, 2003 – Кн. 2. – С.721.
Нам, безумоўна, пашанцавала. На тарцовай паўночна-ўсходняй сцяне адпала тынкоўка ў некалькіх месцах, дзе мы убачылі чырвоную цэглу з таўром ПАРИЧИ. на кладцы.
Улічваючы, што будынак быў пабудаваны ў 1881 годзе, абсалютна дакладна можна сказаць, што Парыцкая цагельня была пабудавана і працавала не пазней за 1880 год.
Чаму Парыцкая цагельня не трапіла ў дакументы канца ХІХ стагоддзя і да гэтага часу краязнаўцы і гісторыкі не маглі адшукаць дату яе заснавання? Адказ на пытанне вельмі просты. Гадавы прыбытак яе не складаў болей за 2 тысячы рублёў, таму прадпрыемства лічылася дробным і звесткі пра яго не трапілі ў адмысловыя даведнікі.
У кнігах і публікацыях СМІ пра Светлагорскі раён Гомельскай вобласці вы сусрэнеце звесткі, што ў Парычах выраб цэглы пачаўся ў 1929 годзе з прычыны з’яўлення арцелі, якая ў сваю чаргу паклала пачатак цагельні, пабудаванай у 1946 годзе пасля Другой сусветнай вайны. Але насамрэч усё адбылася інакш. Парыцкая цагельня, якая з’явілася ў 1880 годзе пры дваранах Пушчыных, працавала, на мою думку, да 1918 года - пачатку акупацыі Парыч польскімі жаўнерамі падчас Савецка-польскай вайны (1918-1921), а потым і кайзераўскімі войскамі падчас Першай сусветнай вайны (1914-1918). Як вядома, у 1920 годзе была спалена палякамі і спыніла сваё існаванне колішняя цагельня Розенбергаў у Бабруйску.
Такім чынам, на месцы Парыцкай цагельні ХІХ стагоддзя ў 1929 годзе ўзнікла Парыцкая цэглавая арцель, а потым пасля Другой сусветнай вайны тут аднавіла сваю работу Парыцкая цагельня ўзору 1946 года. Праіснавала яна да нядаўняга часу – да 2015 года. Апошняя публікацыя пра дзейную Парыцкую цагельню, якуя я адшукаў у СМІ, датуецца 2013 годам (гл https://gp.by/category/news/society/news25343.html) .
Толькі зусім нядаўна аднаго са старэйшых прадпрыемстваў раёна – Парыцкай цагельні – не стала. Мы ў гэтым пераканаліся на ўласныя вочы, пабываўшы 7 лістапада 2018 года на яе месцы. Сёлета Парыцкую цагельню зраўнялі з зямлёю. Вельмі шкада. Светлагорскі раён страціў прадпрыемства – помнік другой паловы ХІХ стагоддзя, які можна было захаваць для будучых пакаленняў.
Пра наступныя адкрыцці, зробленыя намі на тэрыторыі сядзібы Пушчыных, распавядзем у наступнай публікацыі. Выражаю ўдзячнасць Светлагорскаму інфармацыйнаму блогу lovesun.by і кампаніі “Мова нанова - Светлагорск”за аказаную спонсарскую дапамогу ў паездцы ў Парычы.
Віктар Раманцоў.
Перадрук без згоды аўтара забаронены. Дазваляецца частковае цытаванне. Спасылка на аўтара і матэрыял пры цытаванні абавязковыя.
11.12.2018
Крыніца:
https://dobramir333.livejournal.com/33770.html
Чытайце таксама:
Под кодом «Цэгла». Съездили в усадьбу, зафоткали уникальную коллекцию и рассказываем про кирпичных магнатов
https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/pod-kodom-cegla-sezdili-v-usadbu-zafotkali-unikalnuiu-kollekciiu-i-rasskazyvaem-pro-kirpichnyh-magnatov-5c992f24d567d300b3d7caf2?&secdata=CNv6orSbLSABMAI%3D
Таўраваная цэгла ў Светлагорскім раёне
На сядзібе Пушчыных у Парычах выяўлены рэшткі двух будынкаў другой паловы ХІХ стагоддзя
https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/na-siadzbe-pushchynyh-u-parychah-vyialeny-reshtk-dvuh-budynka-drugoi-palovy-hh-stagoddzia-5cd5c1942b514100b39e432c?&secdata=CM%2FnhYTlLSABMAI%3D
Сенсацыя! Знойдзены апошні ўладар Парыцкай цагельні
https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/sensacyia-znoidzeny-aposhn-ladar-paryckai-cageln-5e10d4571a860800adaff275?&secdata=CJOsuaT3LSABMAI%3D