Мы ўжо амаль 28 год жывем у незалежнай Беларусі. І чым далей ідзе час, тым, часам, ужо не разумееш, дзе рэальнасць, а дзе віртуальнасць. Усё змяшалася ў суцэльным трэшу нашага жыцця.
Ты едзеш у светлагорскім гарадскім аўтобусе і спыняешся на прыпынку “Вуліца Свярдлова”, а літаральна наступны прыпанак – “Царква Кірылы Тураўскага”. Толькі у нас можа суседнічаць несуседскае, спалучацца неспалучальнае.
Як такое можа быць: храм Кірылы Тураўскага пабудаваны і прыпісаны да вуліцы Свярдлова - знішчальніка і забойцы храмаў?
Як могуць суседнічаць паміж сабой закляты вораг праваслаўя, расійскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, рэвалюцыянер, бальшавік Ешуа-Саламон Моўшавіч, Янкель Міраімавіч (Якаў Свярдлоў) – гэтакі люцыпар, пажыральнік праваслаўных душ…
і СВЯТЫ праваслаўнай царквы, аўтар вядомых царкоўна-асветніцкіх і царкоўна-літаратурных твораў, шукальнік боскай праўды, наш зямляк Кірыла Тураўскі? Скажыце, як?
Гэта ж усё адно, як назваць спаленую нацыстамі 75 гадоў таму вёску Алу, якая знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна, іменем Адольфа Гітлера – Гітлеравічамі. Скажыце, гэта блюзнерства? Так, блюзнерства!
Але, калі вы гэтага яшчэ не заўважылі, БЛЮЗНЕРСТВА ЎЖО ДАЎНО ЖЫВЕ ПОБАЧ З НАМІ. З прыйсцем у наш горад новых храмаў, названых у гонар нашых праваслаўных святых, іншая чорная навалач не жадае сыходзіць з тутэйшых мясцін.
Карнікі-нацысты, што знішчылі веску Алу, былі, урэшце, выгнаны з нашай зямлі. Многія з іх панеслі заслужанае, справядлівае пакаранне. А тутэйшыя “фашысты” Ленін,Свярдлоў, Луначарскі, Калінін – не. Знішчыўшы сотні тысяч праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх святароў, веруючых людзей, простых людзей гэтыя нелюдзі працягваюць з нашай маўклівай згоды “паліць” нашу веру, нашы душы ў сучаснай Але-Светлагорску.
І мы ім гэта даруем? Маўкліва пойдзем па хатах і дамо ім кідаць у нашы вокны гранаты, абліваць наша жытло бензінам? Я – НЕ!
Хіба можна дараваць фашыстам, спаліўшым 1758 чалавечых жыццяў у вёсцы Ала? НЕ! А Ленін, Свярдлоў, Луначарскі, Калінін ставілі подпісы пад знішчыннем соцен тысяч людзей. Дык чым яны лепшыя за нацыстаў-фашыстаў?
І цалкам справядліва і слушна на мітынгу з нагоды 75-годдзя спалення вёскі Ала сказаў Ганаровы грамадзянін Светлагорску Ізяслаў Катляроў: пакуль новыя пакаленні будуць памятаць пра гэту трагедыю – фашызму не будзе і не павінна быць.
Я ведаю пра трагедыю вёскі Ала, спаленую фашыстамі! Але я ведаю і пра трагедыю святароў розных канфесій, вернікаў, простых людзей, бязвінна закатаваных са згоды “фашыстаў” Леніна, Свярдлова, Луначарскага, Калініна… Бясчалавечныя ўчынкі гэтых нелюдзей, чорных асобаў гісторыі, служкаў д’ябла вітаюцца, бо іх імёны носяць вуліцы беларускіх мястэчак і гарадоў, ім стаяць помнікі.
“Фашызм” ёсць. “Фашызм” жыве на нашых вуліцах.
Віктар Раманцоў.
Публікуецца ўпершыню.