Найти тему

Без архітэктурнага твару

Вуліца 50 год кастрычніка. 1970-ыя гады.
Вуліца 50 год кастрычніка. 1970-ыя гады.

Хрушчоўка - жыллё для бедных

За апошнія паўстагоддзя будаўніцтва Светлагорск так і не набыў уласны архітэктурны твар. Гэта аксіёма. Светлагорск падобны на этыкетку, выпушчаную мільённым накладам на варштаце з надпісам “Зроблена ў СССР”.

Старыя мікрараёны Светлагорска – “Кастрычніцкі” і “Першамайскі” – былі забудаваныя ў 1960-70-х гадах мінулага стагоддзя хрушчоўкамі-пяціпавярхоўкамі. Іх мы сустрэнем амаль у кожным горадзе колішняга СССР. Створаныя з іх кварталы ў гэтых мікрараёнах тройчы паўтараюцца. Кажуць, госці горада часта блытаюць дамы.

У хрушчовак няма празмернасцей: строга прадуманая да міліметраў жылплошча, вузкія пакоі, шчыльная пляцоўка, маленькі ўваход у пад’езд, у дома няма страхі. Такое ўражанне, што праектавалі яго ў спешцы: на ўсім эканомілі. Тыпавы праект хрушчоўкі інакш як прыкладам убоства, матэрыяльнага і духоўнага, не назавеш. Як сказаў мне адзін тутэйшы будаўнік: “Хтосьці зэканоміў на страсе – атрымаў дзяржаўную прэмію, а нам пакутуй”.

Пакутаваць даводзіцца і з цякучымі стрэхамі, і з панэльнымі сценамі – праз 40 гадоў яны сталі прамярзать. Горад Светлагорск (як і іншыя такія ж гарады) атрымаў у спадчыну сур’ёзную праблему: дзяржаве трэба выдаткоўваць вялізныя грошы для ўцяплення панэльных дамоў. Кошт памылак савецкіх архітэктараў велізарны: колькі нерваў страчана жыхарамі і камунальнікамі ў сутычцы ілбамі. А нехта з гэтай бойкі выйшаў загадзя – і з грашыма ў кішэні. Аб прыгажосці, архітэктурнай эстэтыцы хрушчовак лепш не заікацца. Успомніліся словы нашага земляка, заслужанага архітэктара БССР Леанарда Маскалевіча (1) з кнігі “Жыццё, прысвечанае архітэктуры. Архітэктура, прысвечаная жыццю”: “Мы, архітэктары, павінны выяўляць волю да свабоды ў творчасці, да раскаванасці ў дачыненні формаўтварэння і волю да сталага пошуку новага, нязведанага”(2). Гэта, як кажуць, у тэорыі, а на практыцы светлагорская архітэктурная рэчаіснасць пярэчыць гэтым словам.

А ў 1960-70-х жыллё ў хрушчоўцы для савецкіх грамадзян было марай, нават зараз (які жах!) для маладых сем’яў. Набыць сёння свой кут ім вельмі складана.

Час “страчанай архітэктуры”

Менавіта так я назваў бы яго для Светлагорска. Пакажыце мне шэдэўры сучаснай (савецкай) архітэктуры горада, і я змяню сваё меркаванне?!

“Архітэктура - гэта сінтэз двух тыпаў каштоўнасцей: матэрыяльнага і духоўнага, - нагадвае наш зямляк Леанард Маскалевіч. - Ва ўсе эпохі, накіраваныя на стварэнне знешне бачнай абалонкі, яны вырашаюць маральна-этычныя, эканамічныя і нават палітычныя задачы. Бо па архітэктуры мяркуюць аб дзяржаве, і доўг архітэктара - працаваць на прэстыж сваёй краіны”.

Гледзячы на мікрараёны Светлагорска, вельмі сумняваюся, што хтосьці, плануючы іх, задумваецца аб прэстыжу. Рэдактар газеты “Mid Somerset Newspapers” Піліп Уэлч (графства Сомерсет, Вялікабрытанія), які прыязджаў у 2001 годзе да нас, ацаніў аблічча горада даволі жорстка: “Новабудоўля савецкага часу, дзе архітэктура ранняга Мілтана-Кейнса (3) спалучаецца са злачыннасцю і беднатой гета трэцяга свету”. Стромка! Ім, ангельцам, лёгка разважаць, а камусьці тут жыць!

Што ж прымусіла архітэктараў забудаваць старыя мікрараёны Светлагорска тыпавымі хрушчоўкамі? Я думаю, “паспрыяла” гэтаму будаўніцтва заводаў штучнага валакна і цэлюлозна-кардоннага камбіната, якое прыцягнула па закліку камсамола ў горад тысячы працаўнікоў з ўсяго СССР. Ім тэрмінова патрабавалася жыллё.

Шкада, што ў такім прыгожым лесе не здолелі стварыць маляўнічы горад-санаторый, горад-казку. Страчаны час, загублена месца. А паглядзіце, як арыгінальна пачынаўся будавацца стары горад - вуліца Леніна! Такіх месцаў я ў іншых гарадах нідзе не сустракаў.

Росквіт буйнапанэльнага домабудавання

У сярэдзіне 1970-х у Светлагорску з’явіліся першыя дзевяціпавярховыя дамы. Гэта быў перыяд росквіту буйнапанэльнага домабудавання, жыллё ўзводзілася на аснове зборнага індустрыяльнага метаду зноў жа па тыпавых праектах.

Мікрараён Юбілейны. Няча яшчэ ўніверсама "Юбілейны". Пачатак 1980-ых.
Мікрараён Юбілейны. Няча яшчэ ўніверсама "Юбілейны". Пачатак 1980-ых.

“Разумеючы, што архітэктура ў нас у выніку атрымоўваецца аднастайная не толькі ў Беларусі, а па ўсім СССР, - успамінае Леанард Маскалевіч, - паставілі перад сабою задачу: знайсці годны яе вобраз”.

Разнастайнасць шукалі ў зменлівых канструкцыях, але гэтае наватарства закранула толькі вялікія гарады: Мінск і абласныя цэнтры. Светлагорск зноў прайграў у набыцці ўласнага архітэктурнага твару.

Затым прыйшлі 1980-я і 1990-я гады. Сімвалам Светлагорска чамусьці стаў 16-павярховы цагляны жылы дом ў цэнтры горада. Пляц закрылі таксама жылымі шматпавярхоўкамі. Лепш бы пабудавалі там каталіцкі ды праваслаўны храмы, як гэта рабілі здаўна. Але час жа быў атэістычны! Першым і, мабыць, адзіным арыгінальным будынкам у горадзе атрымаўся касцёл, збудаваны ля ракі Бярэзіны.

Касцёл Узнясення Крыжа. Пабудаваны (адноўлены) ў 1996 годзе.
Касцёл Узнясення Крыжа. Пабудаваны (адноўлены) ў 1996 годзе.

Замест велічы форм - упрыгожвальніцтва

Нарэшце, прыйшло ХХI стагоддзе. Прамільгнула некалькі маленькіх цікавых жылых пабудоў у мікрараёнах “Бярэзіна”, “Палессе” - і ўсё. Сёння будаўніцтва жылля ў Светлагорску “скацілася” да тых жа тыпавых панэльных праектаў дзевяціпавярховых дамоў, распрацаваных у 1970-х гадах мінулага стагоддзя. У пагоні за танным жыллём зноў пакутуе архітэктурнае аблічча. Але ж ніхто ўжо не едзе ў Светлагорск жыць і будаваць заводы, колькасць насельніцтва горада скарачаецца. Мабыць, надышоў час ствараць прыгожае, зручнае жыллё - шэдэўры архітэктуры? Можа, ужо не трэба гнацца за аднастайнымі, прымітыўнымі, ярка афарбаванымі жылымі дамамі?

“Мая мэта ў архітэктуры - не ва ўпрыгожвальніцтве, – падказвае нам зямляк Леанард Маскалевіч, – а ў велічы форм, іх высакароднасці і навізне”.

Гэтага і бракуе сёння Светлагорску.

Падумаць толькі, уяўленне аб памяшканні туалета ў тутэйшага чалавека не змяняецца вось ужо паўстагоддзя!

Не жадалася б, каб арыгінальныя будынкі ў нас з’яўляліся дзякуючы замежнікам. Хочацца верыць велічным словам нашага земляка: “Архітэктура - гэта нацыянальная ідэя саборнасці, яна дазваляе звесці разам палітыку, эканоміку і ідэалогію”. Зрэшты, хай непаўторнасць гораду ствараюць чужынцы-іранцы (4), калі свае не змаглі гэта зрабіць за паўстагоддзя. У любым выпадку сваё апошняе слова скажуць сучасныя і будучыя пакаленні светлагорцаў. Як трапна прымеціў Леанард Маскалевіч: “Архітэктуру робяць майстры - архітэктары і будаўнікі, а адзнаку дае народ”.

Віктар Раманцоў.

2008 г.

Крыніцы:

1. Леанард Маскалевiч – заслужаны архiтэктар Беларусi (1985). Нарадзiўся ў 1936 г. у вёсцы Казлоўка сучаснага Светлагорскага раёна. Зараз жыве ў Мiнску.

2. Усе цытаты Л. Маскалевіча прыводзяцца з кнігі: Мартинович В.И. Жизнь, посвящённая архитектуре. Архитектура, посвящённая жизни. К 70-летию заслуженного архитектора Республики Беларусь Леонарда Викторовича Москалевича. – Мн., – 2006.

3. Мілтан-Кейнс (па-ангельску Milton Keynes) - горад на паўднёвым усходзе Вялікабрытаніі ў графстве Бакiнгемшыр, які знаходзіцца ў 72 км. на паўночны захад ад Лондана. Як горад Англіі Мілтан-Кейнс уяўляе сабой цікавасць тым, што пабудаваны цалкам па загадзя падрыхтаваным плане. У ім няма гістарычна склаладзенага гарадскога ядра, тыповага для ангельскіх гарадкоў.

4. Маецца на ўвазе будаўнiцтва гэтак званага «iранскага квартала» ў Светлагорску - гандлёва-жыллёвага комплексу. Яно пачалася ў 2010 г. фiрмай «Мэта-iнтэрнэшнл» (Iран).

Упершыню апублікавана ў асабістым блозе ЖЖ: https://dobramir333.livejournal.com/2442.html