Парыцкі рэгіён ужо даволі даўно з’яўляецца прыцягальным для даследчыкаў. Менавіта з яго пачыналася краязнаўчае вывучэнне Светлагорскага краю. Даследваннем парыцкай даўніны займаліся вядомыя ў асяроддзі сучасных краязнаўцаў даследчыкі, такія як П. У. Пароменскі, С. М. Некрашэвіч, К. І. Кернажыцкі, У. Я. Мігай, С. Н. Прач ды інш. Але яшчэ шмат якія цікавыя старонкі мясцовай даўніны не ўведзены ў навуковы зварот і пыляцца ў архіўных сховішчах, прыватных зборах былых і сённяшніх парычан. Сярод навуковых устаноў, найбольш багатых на матэрыялы па Парыцкаму рэгіёну, трэба вылучыць Нацыянальны гістарычны архіў РБ (НГАБ ў г. Мінску), а таксама шэраг сховішчаў былых сталіц імперыі – Масквы ды Санкт-Пецярбурга. Калі матэрыялы першага больш-меньш выкарыстоўваюцца навукоўцамі ды краязнаўцамі, якія спрычыніліся да вывучэння нашага краю, то матэрыялы другіх чакаюць свайго часу і даследчыка. Сярод іх асобна трэба вылучыць матэрыялы фамільнага фонду Пушчыных, які захоўваецца зараз ў рукапісным аддзеле Інстытута Рускай літаратуры Расійскай Акадэміі навук (далей – РА ІРЛІ РАН), ці інакш – «Пушкінскі дом» у г. Санкт-Пецярбурзе (наб. Макарава, 4), фонд 248.
Парыцкі рэгіён – гэта досыць прыблізная, ўмоўна вылучаная намі тэрыторыя, якая ўваходзіла ў склад Парыцкага маёнтку. Яна не вылучалася трываласцю да 1917 г., змяняючыся ў бок памяншэння з-за драблення паміж шматлікімі нашчадкамі ўладароў, а таксама скасавання прыгону ў 1861 г. На момант падаравання маёнтка адміралу Пятру Іванавічу Пушчыну падчас каранацыі Паўла I, якая адбылася 16 красавіка 1797 г., да яго адносіліся: мястэчка Парычы, вёскі Парычы, Скалка, Здудзічы, Чыркавічы, Мольча, Ліпнікі, Паганцы, Палашы, Чэрнін, Сякерычы, Кнышевічы, Качай-Болота ды сяляне з ваколіцы Шацілкі, а таксама шэраг «завадскіх месцаў»: Мішкавіцкая Буда, Коўчыцкая Буда, Чыркавіцкая Рудня і Рудня ў Здудзічах на р. Ала (агульнай плошчай крыху больш 60 тыс. десяцін). Гэта тэрыторыя пасля смерці першага ўладальніка паменшылася амаль ў тры разы з прычыны падзелу спадчыны паміж нашчадкамі старога адмірала – Іванам, Паўлам і Еўдакіяй. Па выніках падзелу ў маёнтку Парычы засталося крыху больш за 20 тыс. дес., якія атрымаў І. П. Пушчын. Пазней маёнтак належыў вядомаму ўсёй імперыі дзекабрысту ды герою руска-турэцкай і руска-пярсідскай войнаў Міхаілу Іванавічу Пушчыну разам з шасцю сёстрамі. Прычым ён стала жыў у мястэчку, бо з-за ўдзелу ў паўстанні яму было забаронена наведваць абедзьве сталіцы. Прадстаўнікі роду Пушчыных валодалі маёнткам аж да рэвалюцыйных падзей 1917 г., якія прымусілі іх эміграваць за мяжу [1].
Цалкам зразумела, што маёнтак Парычы (а дакладней, мястэчка Парычы), будучы адзінай буйной зямельнай уласнасцю дваранскага сямейства, вядомага ва ўсёй імперыі ўдзелам у дзекабрысцкім руху і сяброўствам асобных яго прадстаўнікоў з А. С. Пушкіным, стаў цэнтрам збірання кніг, дакументаў ды іншых культурных каштоўнасцяў. Гэтаму нявольна садзейнічалі прыгаданая забарона, адрасаваная М. І. Пушчыну, а таксама адкрыццё ў мястэчку 8 верасня 1860 г. вучылішча для дзявіц духоўнага звання [2, с. 121, 253]. Вынікам і сведкам сямейных стасункаў палітычнай, грамадскай, эканамічнай ды культурнай дзейнасці прадстаўнікоў роду быў назапашаны вялізны масіў эпісталярных, статыстычных, актавых ды іншага роду крыніц, значная частка якіх ўскосна ці непасрэдна тычылася Парыцкага рэгіёна, а таксама Паўночна-Заходняга краю.
Воляй лёсу ды пэўных абставін гэтыя скарбы вось ўжо больш за 70 год захоўваюцца ў горадзе на Няве. Улічваючы невялікі аб’ём нашага артыкула ды высокія інфармацыйныя магчымасці дадзенага фонду ў дачыненні краязнаўства Светлагоршчыны, вартыя асобнага разгорнутага разгляду і далейшай належнай распрацоўкі, спынімся падрабязней на акалічнасцях перамяшчэння матэрыялаў у сховішчы РА ІРЛІ РАН.
Дадзены асабісты фонд, па словах супрацоўнікаў РА ІРЛІ РАН, патрапіў у Санкт-Пецярбург на захаванне дзесьці ў 1930-я гг., пра што сведчыць тое, што ён знаходзіцца ў неапісаным (рассеяным) стане, якому быў ўмоўна нададзены № 248. Больш дакладна прасачыць гісторыю перамяшчэння дадзенага фонду магчыма, дзякуючы супастаўленню адной з папак пад назовам «Статыстыка мястэчка Парычы, 1870 г.» («Статистика местечка Паричи, 1870 г.») [3] з працай К. Кернажыцкага [4], у якой аўтар разглядаў матэрыялы інвентара Парыцкага маёнтку 1840-х гг. Справа ў тым, што згаданая адзінка захоўвання насамрэч з’яўляецца інвентаром Парыцкага маёнтка, які склаў уласнаручна М. І. Пушчын 20 студзеня 1845 г. Пазней, 23 студзеня 1886 г., папку пераглядаў і згрупаваў адзін з яго спадкаемцаў – Іван Мікалаевіч Пушчын [3, арк. 12–13]. Гэты дакумент і скарыстаў у сваёй працы К. Кернажыцкі. Прычым тут трэба звярнуць увагу на тое, што ў спасылцы Кернажыцкага ўпэўнена пазначаны ва ўсіх згадках аб гэтым інвентары месца захоўвання не Ленінградскі, а Менскі гістарычны архіў, спр. 989.
Каб пераканацца ў тым, што К. Кернажыцкі выкарыстоўваў менавіта гэты сшытак, а не якую-небудзь копію, возьмем пад увагу прынамсі тры наступныя факты.
1. К. Кернажыцкі цытуе меркаванні М. І. Пушчына аб мясцовым сялянстве ды габрэях, прычым не ўдакладняючы імя памешчыка і падаючы толькі яго прозвішча, а часам нават недакладна падае спасылку [пар. 3, арк. 5; 4, с. 107, 133]. Праведзеныя супастаўленні нам падаюцца даволі красамоўнымі, тым больш, што ў адным з выпадкаў прысутнічае супадзенне на 100% – нават нумары аркушаў аднолькавыя. Тут таксама трэба заўважыць і падкрэсліць пэўную неахайнасць даследчыка ў выстаўленні спасылак на дадзеную справу, нават у параўнанні з выкарыстанымі ім матэрыяламі Ленінградскага гістарычнага архіва [4, с. 106, 114 ды інш.]. Дзеля праўды трэба адзначыць, што дакладнасць спасылак у працы К. І. Кернажыцкага часам тычыцца і Менскага гістарычнага архіва [4, с. 84–85, 101 ды інш.].
2. Тлусты цёмны надпіс на адным з лістоў змешчанага ў архіве сшытка: «989/1108» [3, арк. 21]. Лічыльнік надпісу супадае (але там, як мы ўжо падкрэслівалі, размова ідзе пра Менскі гістарычны архіў) са спасылкамі ў працы К. Кернажыцкага на матэрыялы інвентара Парыцкага маёнтку быццам бы 1848 г. (?! – прычым ён датуе яго па копіі зацвярджэння інвентара з пячаткай бабруйскага павятовага прадвадзіцеля дваранства, падшытай да сшытку, ды ігнаруе пры гэтым аналагічнае зацвярджэнне з пячаткай Менскага губернскага камітэту для разгляду ды састаўлення інвентароў памешчыцкіх маёнткаў за 27 чэрвеня 1845 г. [4, с. 56, 102, 106–107; 3, арк. 56–57, 46–51].
Каб патлумачыць памылку даціроўкі інвентара, магчыма, трэба ўлічыць меркаванне У. І. Пічэты, выказанае на адным з паседжанняў Археаграфічнай камісіі ад 25 траўня 1929 г., на якім прысутнічаў і К Кернажыцкі, і на якім абмяркоўвалася пытанні аб методыцы вывучэння інвентароў панскіх маёнткаў як крыніц для даследавання прыгоннай гаспадаркі ХІХ стагоддзя: «Да інвентароў 1845 – 46 гг. трэба аднесціся вельмі асцярожна, бо верагоднасць даных, якія змешчаны ў гэтых інвентарах, нярэдка сумніцельная: павіннасці сялян паказваліся значна большыя, нібы яны былі сапраўды, зменшана колькасць зямлі і г. д. Павя[ліч]ыць гэтыя інвентары магчыма на падставе прац “рэдакцыйных камісій”. Інвентары ранейшыя і пазнейшыя трэба скарыстаць поўнасцю» [5, c. 53]. Прычым тут цікава і тое, што па даручэнні гэтай камісіі яшчэ раней – 11 красавіка 1929 г. – пачаў працу К. Кернажыцкі [5, c. 52]. Ёсць верагоднасць, што ён ўжо зрабіў значную частку працы ці нават скончыў яе. Так, ва ўводзінах К. Кернажыцкі пазначае, што напісаў яе яшчэ ў 1929 г. [4, c. 1], хаця праца, як вядома, выйшла на два гады пазней. Магчыма, К. Кернажыцкі, паслухаўшы словы свайго навуковага кіраўніка, свядома сказіў дату выдання інвентара, каб прааналізаваныя дадзеныя (і праведзеная ім уласна праца) не былі пастаўлены пад сумнеў навуковай грамадскасцю.
3. Дадзеныя інвентара маёнтка Парычы 1845 г. (1848 г.) зараз цытуюцца даследчыкамі толькі паводле К. Кернажыцкага, а не па матэрыялах аднаго з менскіх архіваў [6].
Такім чынам, мы маем магчымасць меркаваць, што лёс дакументаў з м. Парычы з парэвалюцыйных часоў да самае меньшае 1929 г. звязаны з Менскім гістарычным архівам, з часам, калі К. Кернажыцкі пачаў працаваць над інвентарамі панскіх маёнткаў Беларусі XIX ст. па даручэнні Археаграфічнай камісіі, якую ўзначальвалі У. І. Пічэта і Дз. І. Даўгяла. Першы з іх унёс дадзеную прапанову на павестку дня 11 красавіка 1929 г., а камісія пастанавіла: «Даручыць т. Кернажыцкаму азнаёміцца з архіўным матэрыялам і намеціць спіс дакументаў для зборніка. Аб выніках працы зрабіць інфармацыю на наступным пасяджэнні камісіі» [4, с. 106, 133; 5, с. 52].
Нашае меркаванне аб тым, што дакуманты РА ІРЛІ РАН першапачаткова захоўваліся ў Парычах, грунтуецца на тым, што адна з адзінак захоўвання прадстаўляе сабою рэскрыпт імператрыцы Марыі Аляксандраўны на імя Марыі Якаўлеўны Пушчынай, прымеркаваная да 25-годдзя дзейнасці Парыцкага вучылішча для дзявіц духоўнага звання (пазней – жаночае вучылішча духоўнага звання) [7]. Гэты дакумент ў 1910 г. дакладна захоўваўся ў мястэчку. Менавіта яго ўпершыню апублікаваў у сваёй вядомай працы П. Пароменскі [8, с. 30–31]. У дадзеным выпадку звяртаюць на сябе ўвагу і наступныя словы Пароменскага: «Марыя Якаўлеўна мела вялікі розум. На гэта ў дастатковай ступені паказваюць усе яе дзелавыя і прыватныя лісты. Шырыня погляду, глыбіня аналізу, дакладная лагічнасць і пераканаўчасць, пры знешняй стылістычна-вытанчанай апрацоўцы – асаблівыя рысы ўсіх яе твораў» («Марія Яковлевна обладала недюжинным умом. На это в достаточной степени указывают все ея деловыя и частные письма. Широта взгляда, глубина анализа, строгая логичность и убедительность, при внешней стилистически-изящной отделке – отличительныя черты всех ея произведеній») [8, c. 25]. На падставе гэтых слоў мы маем права казаць аб тым, што П. Пароменскі трымаў лісты М. Я. Пушчынай у сваіх руках. Акрамя таго, шэраг адзінак захоўвання, якія мы зараз сустракаем ў дакументах фамільнага фонду Пушчыных РА ІРЛІ РАН, будуць цікавыя асабліва светлагорскім краязнаўцам, як, напрыклад, «Арэндная дамова на паром, заключаная паміж павераным Аляксандрам Васільевічам Эрыкс і купцом Вульфам Марголіным» («Арендный договор на паромъ, заключенный между поверенным Александром Васильевичем Эрикс и купцом Вульфом Марголиным») [9]; напісаны ўласнаручна М. І. Пушчыным «Разлік па збіранню з яго гандлёвых падаткаў за подпісам Бабруйскага Гарадскога галавы Кавалеўскага» («Разсчет по взиманію с него торговых податей за подписью Бобруйского Городского головы Ковалевского») [10]; «Умовы, заключаныя паміж ім і Дзянісам Філіпавым, Адамам Восіпавым, Мікалаем Івановым і інш. на зямлю, якая арэндуецца ў Пушчына, 1865 г.» («Условія, заключенныя между имъ и Денисом Филипповым, Адамом Осиповым, Николаем Ивановым и др. на арендуемую у Пущина землю 1865 г.») [11]; арыгінал «Вопіс маёнтку Парычы, Мінскай губерні [1870]» («Опись именія Паричи, Минской губерніи [1870]») [12] ды шматлікія іншыя. Нават па загалоўках мы можам меркаваць аб іх пачатковым месцы захоўвання. Бо зразумела, што няма патрэбы гэткія дакументы захоўваць ў Санкт-Пецярбургскім доме Пушчыных (вул. Вялікая Канюшаная, 5).
На жаль, застаюцца невядомымі абставіны, пры якіх матэрыялы патрапілі ў Менск, а пазней у Ленінград. Як паўплывала на апошнюю акалічнасць праца К. Кернажыцкага? Ці меў ён дачыненне да перасоўвання архіўных матэрыялаў? Да ці пасля выдання кнігі К. Кернажыцкага дакументы пераехалі ў былую сталіцу? З якой прычыны ці нагоды? Усе гэтыя пытанні патрабуюць далейшага вывучэння і належнай распрацоўкі.
Такім чынам, матэрыялы з Парыцкага маёнтку Пушчыных патрапілі на захаванне ў «Пушкинский дом» (ІРЛІ РАН, г. Санкт-Пецярбург). Таксама тут мы можам упэўнена меркаваць, што без усебаковага і падрабязнага даследавання матэрыялаў фамільнага фонду Пушчыных у ІРЛІ РАН амаль немагчыма падрабязнае раскрыццё гісторыі Парыцкага рэгіёна.
СПІС ЛІТАРАТУРЫ:
1. Падрабязней гл.: Петухов, А.В. Дворянский род Пущиных и Беларусь / А.В. Петухов // Творчество молодых, 2007: сборник научных работ студентов и аспирантов (23 мая 2007 г., г. Гомель.) – Гомель: УО «ГГУ им. Ф. Скорины», 2007. – С. 97. – Доступ праз Інтэрнет: http://www.gsu.by/pages/vakolica/publications.html – Дата доступа: 10.05.2010.
2. Янушкевіч, Я. Дыярыуш з XIX стагоддзя: Дзённікі М. Галубовіча як гістарычная крыніца. / Я. Янушкевіч. – Мн.: Хурсік, 2003. – 350 с.
3. Тетрадь «Статистика Местечка Паричи», составленая в [20.01.1845 г.] году генерал-майором Михаилом Ивановичем Пущиным / М.І. Пушчын // Рукописный отдел Института Русской литературы Российской Академии наук (далее – РО ИРЛИ РАН). – Фонд 248. – Ед. хр. 6268. – 57 л. X0.
4. Кернажыцкі, К.І. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы XIX ст. / К.І. Кернажыцкі. – Мн.: Друкарня БАН, 1931. – 149 с.
5. Уладзіміраў, Ю.Н. Новыя звесткі пра археаграфічную дзейнасць У. І. Пічэты і яго аспірантаў у 1929 г. / Ю.Н. Уладзіміраў, В.У. Скалабан, М.М. Смальянінаў // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3 / Рэд. кал.: Р. П. Платонаў (гал. рэд.) і інш. – Мн.: БелНДІДАС, 2002. – С. 50–54.
6. Сведчанні гісторыкаў // Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён. У 2 кн. – Мн.: «Беларусь», 2000. – Кн. 1. – С. 56–59.
7. Рескрипт на имя Марии Яковлевны Пущиной данный императрицею Маріей Федоровной по поводу поднесенного ею отчета о деятельности училища св. Маріи Магдалины [23.08.1885 г.] // РО ИРЛИ РАН. – Фонд 248. – Ед. хр. 6427. – 2 л. X0.
8. Пароменский, П. Паричское женское Святой Марии Магдалины училище духовного ведомства (по случаю 50-летняго юбилея училища) / П. Пароменский. – Спб.: Синодальная типография, 1910. – 135 с.
9. Арендный договор на паромъ, заключенный между поверенным Александром Васильевичем Эрикс и купцом Вульфом Соломоновичем Марголиным [1877 г.] // РО ИРЛИ РАН. – Фонд 248. – Ед. хр. 6199. – 2 л. 80.
10. Разсчет по взиманію с него торговых податей за подписью Бобруйского Городского головы Ковалевского [Тэкст] / М. И. Пущин // РО ИРЛИ РАН. – Фонд 248. – Ед. хр. 6309. – 2 л. X0.
11. Условія, заключенныя между имъ и Денисом Филипповым, Адамом Осиповым, Николаем Ивановым и др. на арендуемую у Пущина землю [1865 г.] / М. И. Пущин // РО ИРЛИ РАН. – Фонд 248. –Ед. хр. 6302. – 2 л. X0.
12. Опись именія Паричи, Минской губерніи [1870 г.] / М. Я. Пущина // РО ИРЛИ РАН. – Фонд 248. – Ед. хр. 6294. – 18 л. X0.
10.05.2010.
Алесь Петухоў
Крыніца:
Алесь Петухоў. ПАРЫЦКІ РЭГІЁН ПА МАТЭРЫЯЛАХ ФАМІЛЬНАГА ФОНДУ ПУШЧЫНЫХ У ІРЛІ РАН: ДА ГІСТОРЫІ СТВАРЭННЯ ФОНДУ // Шацілкаўскія чытанні : матэрыялы ІІ гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. / Светлагорскі гіст.-краязн. музей; уклад.: Т. В. Маслюкоў, В. А. Раманцоў. — Светлагорск, 2011. — 90 с., іл. Бібліяграф. у канцы артыкулаў. Рэз. на англ., руск. мовах. — С. 59—65.