Найти в Дзене

Рэчыца - з “Пагоней”, Светлагорск - з партызанам “Праметэем” і падпольшчыцай

Нядаўна я абстрагаваўся і ўявіў, што не жыву ў Шацілавічах –Светлагорску, а, напрыклад, у Гомеле альбо зусім у іншым рэгіёне Беларусі. І вось я еду на аўтобусе праз Рэчыцу і Светлагорск…

У Рэчыцы шануюць мінулае горада. Аўтобус рухаецца па раўнюткай дарозе. Справа стаяць знакі, якія пазначаюць роварскія дорожкі. У Рэчыцы яны есць! Аўтобус забіраецца на мост праз чыгунку. Я бачу раварыстаў-дзяцей, што з’язджаюць з маста. І прыватны сектар, і высоткі кідаюцца ў вочы сваёй рознакаляровасцю, добраўпарадкаванасцю і чысцінёй. У Рэчыцы болей сучасных светлафораў, цікавыя ў выглядзе стрэлак указальнікі вуліц. Вядома, калісьці тут прайшлі прыславутыя “Дажынкі”…
…Светлагорск у гэтым плане - горад схаваны ў лесе. Пад’язджаючы да яго, я не бачу горада. Спачатку справа з’яўляюцца трубы прадпрыемстваў, ўзвышаючыся над вершалінамі дрэў. Раптам сярод леса ля дарогі з’яўляецца скульптура мужыка, які трымае ў руцэ агонь, пад якім надпіс кажа: “Светлагорск”. “Гэта Праметэй?” – мільгае думка. А прычым тут грэчаскі Праметэй? Як ён стасуецца з беларускім горадам? Ніякага “Светлагорска” няма, бо не відаць пабудоў. Мяркуеш, як жа з’явіцца пасярод гэтага лесу горад?  Пакуль аўтобус узбіраецца на мост, з якога праваруч я бачу будынкі нейкага прадпрыемства, у галаве скочуць думкі, будуючы версіі. 
“Можа мужык з вогнікам у руцэ - гэта памятнік партызану? Вакол лес – стыхія партызан. Ён, помслівы і адважны, схаваўся ў засадзе, каб напасці на ворагаў, якія праязджаюць па гэтай трасе. Партызан папярэджвае, што Светлагорск – гэта вам не Рэчыца, як на далоні, а горад, схаваны ў лесе…”

Фота http://tomkad.livejournal.com
Фота http://tomkad.livejournal.com

…Аўтобус рухаецца па Рэчыцы далей, спыняецца на прыпынках. Справа па руху праязджаем арыгінальны помнік у выглядзе выбуху (афганцам). Злева - рынак, вельмі падобны на тыя, што ў Гомелі. Некалькі паваротаў - і мы рухаемся ўздоўж чыгункі. Тут пераважна ідуць прыватныя будынкі. Вось і аўтастанцыя, маленькая, непрыкметная…
…Нарэшце лес адступае і адкрываецца горад Светлагорск. Справа і злева ён сустракае мяне будынкамі прадпрыемстваў. Каля аднаго з іх ёсць помнік –аўтамабіль. Аўтобус паварочвае налева і пачынаецца… жорсткая “драчка”. Разбітая дарога. Рухаемся асцярожна. Справа і злева з’яўляюцца дачы, зноў мільгаюць будынкі прадпрыемстваў , а потым выплываюць такія агромністыя тры трубы (Светлагорскай ЦЭЦ).  Сярэдняя – самая вялікая. З маста праз чыгунку яны паўстаюць ва ўсёй прыгажосці. Мост, дарэчы, сям-там разбіты, як і дарога. Аўтобус рухаецца далей, і я бачу за сучасным будынкам шэрую ваданапорную вежу, якая псуе ўрбаністычную карцінку.  І раптам - прыехалі! Аўтастанцыя “Светлагорск”- такая ж, як і ў Рэчыцы. Блізнецы-браты...
…Аўтастанцыя у Рэчыцы, каля якой ёсць прыстойны патрэбнік, знаходзіцца побач з чыгуначным вакзалам. У Светлагорску – чыгуначны вакзал за колькі кіламетраў, а патрэбнік - гэта маленькі, цесны будыначак.  Мы рухаемся далей па Рэчыцы. Зноў прыватны сектар, потым некалькі маленькіх прадпрыемстваў, крамы, могілкі. Усё выглядае чыстым і прыбраным. Зноў з’яўляюцца расфарбаваныя шматпавярхоўкі, гіпер “Еўраопт”, запраўкі. Дарога роўная. Толькі на выездзе я бачу закансерваваны будынак прадпрыемства “Рытм”, на якім вісіць непрацуючы гадзіннік. Вокны забіты дошкамі. Адразу за колішнім прадпрыемствам - спартовы комплекс, побач якога стаяць машыны. Працуе. Зноў на выездзе – стэла “Рэчыца” з гербам “Пагоня”…
…Светлагорск уражвае сваім лесам. Выязджаем з аўтастанцыі. Горад таксама чысты, прыбраны. Злева на мяне пазірае прыгожы храм, які будуецца, побач якога тая самая закінутая воданапорная шэрая вежа. Зблізку яна бачыцца дамінуючай па вышыні пачварай. Справа пайшлі шматпавярхоўкі, нарэшце. Але яны не такія яркія, як у Рэчыцы. Лес не знікае злева, а толькі часова адступае перад рэдкімі будынкамі. А вось і першы гіпер - “Бярозкі”. Аўтобус паварочвае налева. Зноў з аднаго боку суцэльнай зелянінай цягнецца лес, а з іншага - шэрыя шматпавярхоўкі. На выездзе таксама як і ў Рэчыцы – запраўкі, гіпер “Еўраопт”. І чамусьці помнік жанчыне, якая ляжыць на правым сцёгне, пад якой надпіс “Светлагорск”. Можа гэта таксама партызанка-падпольшчыца – сувязная “Праметэя”?

Фота http://tomkad.livejournal.com
Фота http://tomkad.livejournal.com

Што гэтай скульптурай хочуць падкрэсліць светлагорцы – незразумела...
Светлагорск у параўнанні з Рэчыцай – закінуты сярод лясоў і балот невялікі гарадок з неакрэсленай гістарычнай самаідэнтычнасцю. Рэчыца мае сваю гісторыю, свой старадаўні герб “Пагоня” , які выносіць на першы план. Светлагорск не ведае, што выносіць. Нейкія мужчына і жанчына. Мужчына - быццам Праметэй з грэчаскай міфалогіі ці партызан па мянушцы “Праметэй”. Нельга ствараць сімвалы горада, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемстваў. Прадпрыемствы ўзнікаюць і знікаюць, а горад працягвае жыць. У Светлагорску пабудавана шмат прадпрыемстваў – не толькі электрастанцыя. Ды і сама электрастанцыя – гэта не першае прадпрыемства Шацілавіч-Светлагорска. І жыхары горада разумеюць гэта, адразу надаючы скульптурам на ўездзе ў горад свае мянушкі: “Якабсон” і “Просіна”. Гэта колішнія кіраўнікі горада і раёна.
Гісторыя любога горада павінна быць звязана з яго магутным, вечным сімвалам. У Светлагорску пакуль такога няма. Герб горада Светлагорска “Сонца”, атрымліваецца, не прыжыўся.
У Светлагорску няма роварскіх дарожак, няма прыгожых указальнікаў вуліцаў. Ды і вуліцаў з цікавымі назвамі тут няма. Адзіная самабытнасць Светлагорска – гэта помік Раману Шаціле – заснавальніку паселішча. Светлагорская асаблівасць – лес. Але і ён не выкарыстоўваецца у якасці парку (не добраўпарадкаваны), забруджваецца гаражданамі.
Віктар Раманцоў

11.7.2016

Крыніца: https://dobramir333.livejournal.com/28145.html