Мінулае лета выдалася для мяне вельмі цікавае. Акрамя іншага, я ўзяла ўдзел у археалагічнай экспедыцыі, якая праводзілася каля вёскі Адрубы Жлобінскага раёна [1]. Менавіта тут я ўпершыню даведалася пра тое, што ў Светлагорскім раёне таксама плануюцца археалагічныя даследванні, мэта якіх – знайсці месца старадаўняга горада Казімір. І якім жа было маё здзіўленне, калі я пачула, што шукаць рэшткі старадаўняга горада збіраюцца ў вёсцы Каралёўская Слабада. Каралёўская Слабада? Не можа быць – гэта ж мая вёска, вёска, дзе жывуць мае бабуля з дзядулем! Кожнае лета я прыязжаю сюды адпачыць, пазагараць, паплаваць у рэчцы, дапамагчы бабуле ў гаспадарцы. Здавалася, што я ведаю тут кожную сцежку, кожнае дрэва. Я і здагадацца не магла аб тым, што тут калісьці мог быць горад. Я вырашыла абавязкова ўзяць удзел у археалагічных пошуках месцазнаходжання старадаўняга і да мінулага лета амаль нікому невядомага горада Казімір.
Першая, выведкавая, экспедыцыя ў вёсцы Каралёўская Слабада-2 пачалася 25 жніўня. З першых дзён раскопак была выяўлена вялікая колькасць знаходак. Гэта было пацвяржэннем таго, што месца былога горада выяўлена правільна.[2] І ў жніўні мінулага года сродкі масавай інфармацыі Беларусі паведамілі пра сенсацыйную знаходку: «Аказваецца, на тэрыторыі Светлагорскага раёна, на месцы вёскі Каралёўская Слабада ў XVII стагодзі існаваў горад Казімір. І не проста горад, ён валодаў Магдэбургскім правам, меў самакіраванне і свой герб» [3].
Увосень, пасля заканчэння раскопак, навуковы кіраўнік даследванняў – прафесар, доктар гістарычных навук Сяргей Яўгеньевіч Рассадзін – параіў мне скласці навукова-практычную працу па тэме гісторыі Казіміра і Каралёўскай Слабады. Я адразу ж пагадзілася, таму што сапраўды вельмі зацікавілася гісторыяй сваёй вёскі. Я лічу, што гэта тэма сапраўды актуальна: трэба пашыраць цікавасць да культуры і гісторыі свайго края, трэба не забывацца на тое, што асаблівасці пэўнай мясцовасці могуць проста знікнуць, калі знікне памяць пра іх. Тым больш, калі ўлічваць, што зараз асноўную частку насельніцтва сельскай мясцовасці складаюць сталыя людзі, а на значнай частцы зямлі будуюцца дачы. І, на маю думку, дачнікі не вельмі цікавяцца гісторыяй і культурай вёскі ці мясцовасці.
Мэта маёй працы – сабраць усе даступныя мне звесткі пра мінуўшчыну вёскі, а таксама паспрабаваць зацікавіць тых, хто будзе чытаць маю працу, гісторыяй свайго края.
Я паставіла перад сабой наступныя задачы: сабраць і абагульніць інфармацыю, якая звязана з выяўленнем архіўных звестак пра горад Казімір; паведаміць пра археалагічныя даследванні, якія праводзіліся на тэрыторыі вёскі, і пра некаторыя знаходкі; сабраць і упарадкаваць вусныя матэрыялы: казкі, легенды і інш.; сабраць мікратапонімы.
Пры складанні гэтай працы я выкарыстоўвала вусныя і гістарычныя крыніцы, а таксама спецыяльную літаратуру, матэрыялы з сродкаў масавай інфармацыі. З вусных крыніц я мела магчымасць азнаёміцца з легендамі і паданнямі, якія захаваліся ў вёсцы да нашага часу, а таксама з гісторыяй вёскі па успамінах жыхароў. З гістарычных крыніц я знаёмілася з рэчавымі крыніцамі – найбольш цікавымі археалагічнымі знаходкамі, якія былі выяўленыя ў час раскопак.
Сярод спецыяльнай літаратуры пры складанні гэтай працы я знаёмілася з публікацыямі пра фалькларыстыку[4], тапанімію [5] і гісторыю нашага краю і Беларусі ў XVII стагодзі ў цэлым [6], а таксама з артыкуламі, якія датычацца менавіта самой вёскі – напрыклад, у кнігах “Памяць. Светлагорскі раён” [7] і “Археалогія і нумізматыка Беларусі” [8]. Асноўнымі публікацыямі, па якіх я сістэматызавала матэрыял аб выяўленні архіўных звестак пра Казімір [9] і аб археалагічных даследваннях ў Каралёўскай Слабадзе-2 [10], з’яўляюцца артыкулы ў прэсе – часопісах і газетах.
Тапаніміка, паданні, легенды – усё гэта гаворыць пра мінулае, усё датычыцца гісторыі і культуры. Гэта сапраўды цікава, я ў гэтым пераканалася. Я мела магчымасць даведацца пра гісторыю вёскі не з падручнікаў ці ад настаўнікаў, а пачуць яе ад вяскоўцаў, ад маёй бабулі. У час раскопак мне давялося паслухаць меркаванні прафесара С. Рассадзіна, паглядзець, як з маленькіх кавалачкаў-знаходак здабываюцца звесткі па гісторыі.
Варта дадаць, што 3 сакавіка 2007 г. С. Я. Рассадзін узнагароджаны медалём Кірылы Тураўскага. Так адзначана навуковая і асветніцкая дзейнасць вучонага. Медаль Кірылы Тураўскага – узнагарода Беларускай праваслаўнай царквы, якой адзначаецца самаадданая праца ў імя Боскае. Узнагароду ўручыў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усея Беларусі Філарэт.
Выказваю ўдзячнасць доктару гістарычных навук, прафесару кафедры гісторыі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта (г. Мінск), члену Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргею Яўгеньевічу Рассадзіну за рэцэнзаванне маёй працы.
1. Горад Казімір: новая старонка ў гісторыі Беларусі
1.1. Выяўленне пісьмовых звестак пра Казімір
Як жа былі знойдзены звесткі аб горадзе Казіміры? Можна нават сказаць, што выпадкова. У 2001 годзе доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Яўгеньевіч Рассадзін паехаў ў Варшаву, каб выступіць на навуковай канферэнцыі. Пасля афіцыйнай часткі заставаўся час, і вучоны вырашыў наведаць Галоўны архіў старадаўніх актаў (Archiwum Główne Akt Dawnych, AGAD) [11], дзе захоўваецца шмат дакументаў, якія тычацца Беларусі. Прафесара цікавіў багацейшы Нясвіжскі архіў Радзівілаў, які па дагаворы 1921 года быў перададзены Польшчы і захоўваецца цяпер у AGAD. Праглядаючы “Каталог пергаментаў Нясвіжскага архіва”, С. Я. Рассадзін заўважыў цікавы дакумент – грамату, напісаную ў 1643 годзе на польскай мове ад імя каралевы Рэчы Паспалітай Цэцыліі Рэнаты. Па словах Сяргея Яўгеневіча, дакумент уяўляе з сябе прамавугольны аркуш тонкага пергамента шэравата-белага колера. На адным яго баку размешчаны тэкст, а пад ім – герб горада. Першапачаткова чорны колер чарнілаў, якімі была напісана грамата, амаль паўсюль змяніўся на рыжы, некаторыя словы, літары немагчыма прачытаць. У першых радках тэкста гаворыцца: “прывілей гораду Казіміру ў старостве Бабруйскім…” “Я яшчэ раз гэта перачытаў і не паверыў сваім вачам, – кажа С. Рассадзін. – Ні я, ні, здаецца, ніхто з беларускіх гісторыкаў дагэтуль не ведаў ніякага горада Казіміра на рацэ Бярэзіна ў старостве Бабруйскім” [12].
Магу дадаць да словаў навукоўца: негледзячы на тое, што рэшткі горада былі знойдзены толькі ў час археалагічных раскопак жніўня і верасня 2006 года ў вёсцы Каралёўская Слабада-2, тэарытычна Казімір быў паказаны ў гістарычным атласе яшчэ ў 2005 годзе [13]. Аднак там яго месцазнаходжанне паказана прыблізна – паміж гарадамі Бабруйск (у сучаснай Магілёўскай вобласці) і Рагачоў (Гомельская вобласць). Акрамя гэтага ў атласе адзначана, што Казімір валодаў Магдэбурскім правам ад 1643 года. Гэта значыць, што звесткі, выяўленыя С. Рассадзіным, былі ўключаны ў атлас, але практычна рэшткі горада і яго дакладнае месцазнаходжанне былі выяўлены толькі ў жніўні 2006 года.
Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага у XVII ст. уваходзіла ў Рэч Паспалітую. [14] У сярэдзіне XVII ст. каралём Рэчы Паспалітай і князем ВКЛ быў Уладзіслаў IV Ваза (1595 – 1648), які ажаніўся на Цэцыліі Рэнате Габсбург (1611 – 1644), дачцы аўстрыйскага імператара і імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі Фердынанда II.[15] Такім чынам, Цэцылія Рэната стала Каралевай Рэчы Паспалітай і княгіняй ВКЛ. Шлюб быў заключаны 13 верасня 1637 года. А ўжо ў 1639 годзе Бабруйскае староства перайшло да ўладання каралевы Цэцыліі.
Бабруйская воласць, ці Бабруйскае староства – гэта тэрытарыяльнае дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ, якое займала большыя часткі сучасных Бабруйскага, Кіраўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і прылеглыя да іх часткі сучасных Жлобінскага і Светлагорскага раёнаў Гомельскай вобласці. Верагодна, гэта воласць склалася яшчэ ў Свіслацкім княстве – невялікім удзельным княстве, якое існавала ў ХІV ст. на тэрыторыі сярэдняга і ніжняга цячэння р. Бярэзіна, цэнтр – Свіслач (цяпер – вёска ў Асіповіцкім раёне, пры ўпаданні р. Свіслач у Бярэзіну); у сярэдзіне ХІV ст. Свіслацкае княства ўвайшло ў склад ВКЛ. [16] У 17 – 18 ст. кіраўнікі Бабруйскай воласці – намеснікі (дзяржаўцы) – зваліся старостамі, а сама воласць – староствам. Пасля далучэння да Расійскай імперыі (1793) са складу староства вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў. [17]
Цэцылія Рэната вырашыла зрабіць тэрыторыю Бабруйскага староства спрыяльнай для развіцця гандлю і вытворчасці тавараў. Дзеля гэтага каралева спачатку стварыла тут вёску Слабаду, каб потым пабудаваць на гэтым месцы квітнеючы горад. “Калі даць людзям льготы, яны пачнуць лепш працаваць і ўзнікне нейкі цэнтр квітнення, – тлумачыць С. Рассадзін. – Цэцылія Фердынандаўна, якой належала Бабруйскае староства, вырашыла такім чынам зрабіць так званую “свабодную эканамічную зону”. У XVII стагодзі такія населеныя пункты мелі назву “Слабада” (ад слова “свабода”). Як лічыць прафесар С. Рассадзін, Слабада паспяхова развівалася і хутка атрымала гарадскія правы. У 1643 годзе каралева выдае прывілей аб заснавані на месцы Слабады горада Казімір (па польску – Казімеж), якому надаецца Магдэбургскае права [18], а таксама гарадскі герб.
У тыя часы на Беларусі амаль усе больш-менш буйныя гарады (такіх было амаль 100) мелі Магдэбургскае права. Яно ў першую чаргу надавала незалежнасць ад цэнтральнай улады. Гараджане самі выбіралі гарадскую ўладу – раду на чале з бурмістрам, якія працавалі ў адмысловым будынку – ратушы.
Дарэчы, у Расіі ніколі не было ніводнага горада з Магдэбургскім правам. Там кіравала “вертыкаль улады”, якая прызначалася ўрадам. Толькі яна мела права кіраваць аграмаднай тэрыторыяй. А ў Беларусі, у ВКЛ, больш эфектыўнай была не “вертыкаль улады”, а самакіраванне.
1.2. Ад герба Габсбургаў – да герба Парычаў
На тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці да 2001 года былі вядомы толькі чатыры гістарычных гарадскіх герба – у гарадоў Гомеля, Мазыра, Рэчыцы і Рагачова. У 2001 годзе у прывілеі каралевы Цэцыліі Рэнаты С. Рассадзін выявіў яшчэ адзін герб – горада Казіміра, і мы можам ганарыцца, што гэты герб меўся на сучаснай тэрыторыі нашага Светлагорскага раёна. [19]
Да таго, як быў знойдзены “Прывілей каралевы Цэцыліі Рэнаты на заснаванне слабады Казімір у старостве Бабруйскім” [20], аб існаванні горада Казіміра ў XVII ст. зусім нічога не было вядома.
Дзе ж менавіта ён знаходзіўся? С. Рассадзін у выніку вывучэння прывілея Цэцыліі Рэнаты і супастаўлення яго з іншымі гістарычнымі дакументамі зрабіў выснову, што былая Слабада, ператвораная потым у горад Казімір, існавала літаральна на месцы сучаснай вёскі Каралёўская Слабада ў Светлагорскім раёне, непадалёк ад гарадскога пасёлка Парычы. Гэта вёска яшчэ ў першай палове XIX ст. працягвала называцца таксама Казіміраўскаю Слабадою.[21]
У вышэйзгаданым прывілеі змешчана апісанне і выява герба Казіміра. На гербе – леў. Такім чынам, знаходка прывілея Цэцыліі Рэнаты, апрача ўсяго іншага, папоўніла колькасць вядомых нам беларускіх гарадскіх гербоў XVII ст. Цяпер мы ведаем, што да “ільвіных” гербоў, атрыманых у XVI ст. гарадамі Лідай, Слонімам і Гарадком, у наступным стагоддзі далучыўся яшчэ адзін.
У наш час Парычы – бліжэйшы ад Каралёўскай Слабады населены пункт гарадскога тыпу. Таму, калі ў 2001 г. Парычам надаваўся герб, С. Рассадзін прапанаваў за аснову герба Парычаў узяць герб Казіміра. На думку жыхароў наваколля, менавіта гарадскі пасёлак Парычы – бліжэйшы ад Каралёўскай Слабады гарадскі населены пункт – павінен быць пэўным спадкаемцам традыцый знікнуўшага Казіміра, у тым ліку і ў сферы геральдыкі [22].
Як тлумачыць С. Рассадзін, за аснову герба Казіміра быў узяты радавы герб каралеўскай дынастыі Габсбургаў, з якой паходзіла Цэцылія Рэната. На гербе горада Казіміра леў з мячом у лапе пад зоркай, побач з ім стаіць човен. Пры распрацоўцы ў 2001 годзе герба Парычаў за аснову быў узяты леў з герба Казіміра, толькі побач з ім адсутнічае човен. Як бачым, рашэнне аб аднаўленні гэтага герба ўжо ў якасці герба Парыч трэба лічыць праявай слушнага стаўлення да захавання геральдычнай спадчыны краю.
Леў з мячом у лапе ў геральдыцы сімвалізуе абарону праўды, сваіх перакананняў і хрысціанства. Гэта выява з’яўляецца алегорыяй высакароднасці і служэння Айчыне. Гэты казімірскі, а зараз парыцкі герб мае аналаг і сярод дзяржаўных гербоў. Леў у кароне і з мячом стаў гербам Вялікага княства Фінляндскага яшчэ ў 1557 годзе; ён жа з’яўляецца дзяржаўным гербом Фінляндскай Рэспублікі.
Такім чынам, геральдычны сімвал Габсбургаў быў спачатку ўвасоблены ў гербе Казіміра, а ў наш час перайшоў у герб Парычаў. На гэтым прыкладзе мы бачым, што беларуская геральдыка з’яўляецца часткай еўрапейскай геральдыкі.
1.3. З гісторыі Казіміра
С. Рассадзін лічыць, што горад быў названы каралевай Цэцыліяй Рэнатай у гонар яе сына Зыгмунта-Казімежа, які нарадзіўся ў 1640 годзе. Але, на вялікі жаль, сын каралевы пражыў толькі некалькі гадоў… Ува многім горад паўтарыў лёс чалавека, імем якога быў названы. На жаль, горад Казімір праіснаваў усяго 12 год, а таму і не паспеў замацавацца на мапах XVII ст.
У сваіх публікацыях гісторыкі і журналісты неяк размыта кажуць: “Казімір знік у час вайны 1654 – 1667 гг. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.” Проста “знік” прагучала і ў сюжэце тэлеканала Агульнанацыянальнага тэлебачаня (АНТ), які ў верасні 2006 г. ў выпуску “Навінаў” паказваў экспедыцыю ў Каралёўскай Слабадзе-2. Што ж адбывалася на тэрыторыі Беларусі ў той далёкі час? Прафесар С. Я. Рассадзін удакладняе, што горад быў знішчаны войскамі гетмана Івана Залатарэнкі, які знаходзіўся на службе у расійскага цара. Напрыклад, у данясенні І. Залатарэнкі, якое было адаслана рускаму цару Аляксею Міхайлавічу Раманаву 15 ліпеня 1654 года, гаворыцца: «городы, которые нам прежде шкоды чинили, попалити велели есмя, особный замок Речицкий, замок Злобин, замок Стрешин, замок Рогачев, замок Горваль позжено». Відавочна, такое ж здарылася і з горадам Казімірам. Выяўлены гістарычны дакумент – данясенне І. Залатарэнкі цару Аляксею Міхайлавічу – які сведчыць, што разбурэнне Казіміра адбылося ў 1655 годзе (у данясенні горад названы “Каралёўская Слабада”). [23]
“Зразумела, усіх з некалькіх тысячаў гараджан знішчыць не маглі, – лічыць С. Рассадзін. – Хтосьці застаўся ў жывых, схаваўся ў наваколлі. Насельніцтва горада складалі тутэйшыя людзі, якія потым засталіся тут”. Пасля сыходу варожага войска яны, верагодна, вярнуліся на месца спаленага гораду і аднавілі пасяленне. Аднак у выглядзе горада аднавіць населены пункт не атрымалася. Тут зноў узнікла вёска, за якой і замацавалася назва Каралёўская Слабада. Гэтая назва, верагодна, мелася ў гутарковай мове і ў час існавання горада разам з назвай Казімір.
На жаль, разбураных гарадоў такіх, як Казімір, на той час было шмат. Казімір – толькі частка той Беларусі, якая загінула намаганнямі расійскіх акупантаў. Калі ў час Вялікай Айчыннай вайны нацысты спалілі каля 650 вёсак з усім насельніцтвам, заганяючы іх у хлявы, то у час вайны 1654 – 1667 гг. расійскія акупанты такім жа чынам знішчылі некалькі тысяч беларускіх сёлаў і гарадоў. Толькі яны заганялі людзей не ў хлявы, а ў нашы праваслаўныя храмы. Сучасныя беларускія гісторыкі пішуць, што праводзячы раскопкі на месцах спаленых тады вёсак Беларусі, яны заўважаюць: паўсюль адсутнічаюць чалавечыя астанкі, а ў цэнтры вёскі ці горада, у царкве ці храме, – тысячы апаленых шкілетаў, сярод іх жаночыя, якія нахіленыя, як бы каб абараніць ад вогнішча дзіцё, і прыціскаюць шкілет дзіцяці. У вайну 1654 – 1667 гг. загінула палова насельніцтва Беларусі: 1,5 млн. з 2,9 млн. Пасля гэтай вайны, згубіўшы кожнага другога, наш народ дасягнуў даваеннай колькасць толькі праз 122 гады – у 1772 годзе. Для параўнання: пасля Вялікай Айчыннай вайны даваеннай колькасці насельніцтва БССР дасягнула праз 25 год, да 1970 года. Калі пра 25 год аднаўлення даваеннай колькасці насельніцтва кажуць як пра нешта безчалавечнае і жудаснае, як тады аднесціся да 122 год вяртання да даваеннай колькасці пасля вайны 1654 – 1667 гг.? Гісторыя Казіміра – гэта адна са шматлікіх гісторый спаленых гарадоў Беларусі… [24]
Хто ведае, магчыма, пры іншых абставінах сёння Казімір існаваў бы як буйны горад з насельніцтвам у дзесяткі ці сотні тысяч чалавек. У любым выпадку, Светлагорск, на меркаванне С. Рассадзіна, можна лічыць гістарычным пераемнікам Казіміра: “Я упэўнены, што сярод жыхароў раёна і светлагорцаў ёсць нашчадкі жыхароў горада Казіміра”, – лічыць С. Рассадзін. На яго думку, існуе спадчынная сувязь паміж гэтымі гарадамі, а пра фармальную і юрыдычную сувязі і казаць не трэба: “Паўнапраўным нашчадкам Казіміра XVII ст. з’яўляецца сённяшні Светлагорск. Я ведаю, як беражліва ў Светлагорску ставяцца да Шацілак, якія з’яўляюцца яго непасрэдным тэрытарыяльным папярэднікам. Але папярэднік у гарадскім ранге – гэта, канешне Казімір. З адкрыццём звестак пра гэты горад Светлагорск аўтаматычна набыў сваё паважнае і слаўнае мінулае, – лічыць вучоны. –Гэта наша спадчына, якой мы павінны з розумам карыстацца” [25].
2. Першыя археалагічныя даследаванні ў Каралёўскай Слабадзе-2
У прывілеі каралевы Цэцыліі Рэнаты сказана, што Казімір утвораны з вёскі Слабада ў Бабруйскім старостве. Яшчэ з прывілея вядома, што адным з асноўных заняткаў жыхароў Казіміра было рыбалоўства – гэта сведчыць аб тым, што вёска павінна знаходзіцца на беразе ракі. Сама назва вёскі Каралёўская Слабада прываблівае, і становіцца зразумела, што без цікавага гістарычнага мінулага тут не абышлося. С. Рассадзін яшчэ ў 2001 г. зрабіў тэарэтычную выснову, што горад знаходзіўся на месцы Каралёўскай Слабады.
Археалагічныя пошукі пачаліся ў 2006 г. з ініцыятывы мясцовай грамадскасці. У чэрвені 2006 года ў вёсках Каралёўская Слабада-1 і -2 была праведзена археалагічная разведка пад навуковым кіраўніцтвам Наталлі Мікалаеўны Дубіцкай – старшага навуковага супрацоўніка аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, кандыдата гістарычных навук. У выніку выведкі было вызначана, што горад Казімір мог існаваць на месцы вёскі Каралёўская Слабада-2. У ліпені 2006 года пад навуковым кіраўніцтвам С. Рассадзіна было праведзена археалагічнае вывучэнне ландшафту, у выніку чаго была зроблена выснова, што раскопкі можна распачаць па сучаснаму Набярэжнаму завулку ў Каралёўскай Слабадзе-2[26].
У жніўні 2006 года ў Каралеўскай Слабадзе-2 была наладжана першая археалагічная экспедыцыя, пад навуковым кіраўніцтвам С. Рассадзіна [27]. Па Набярэжнаму завулку быў зроблены пробны раскоп. Выяўлены старадаўнія рэчы: фрагменты кафлі з рэльефным арнаментам; кавалкі аконнай слюды, шкляных і фаянсавых вырабаў; каваныя цвікі; фрагменты глінянага посуду XVII ст.; манета; тытунёвая трубка. На адным з фрагментаў глінянага посуду – ганчарнае клеймо: крыж у коле. Да знаходак, якія не маюць дачынення да горада Казімір, адносяцца крамянёвы нож эпохі бронзавага веку (II тысячагодзе да нашай эры) і цагліна з бабруйскім клеймом 1912 года.
З пачаткам навучальнага года была наладжана другая экспедыцыя. У ёй пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта ўзялі ўдзел 20 навучэнцаў II курса Светлагорскага індустрыяльнага тэхнікума. Хлопцы навучаюцца па будаўнічай спецыяльнасці. У час вытворчай практыкі яны 2 тыдні працавалі на раскопках разам з майстрам вытворчага навучання Генадзем Рызнавокім. Яшчэ 14 школьнікаў са Светлагорска дабраахвотна ўдзельнічалі ў раскопках у суботні дзень. Раскопкі праводзіліся паводле дазволу, які выдадзены Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і зарэгістраваны ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. [28]
Пакуль не высветлена, якім быў горад Казімір – па велічыні, колькасці жыхароў. Але ўжо першыя раскопкі пацвердзілі архіўныя звесткі – гэта быў менавіта горад. Апрача рыбалоўства і гандлю, у Казіміры існавалі іншыя гарадскія рамёствы. “Мы зафіксавалі кавальскую вытворчасць, выраб чорнага металу, вытворчасць мясцовага шкла”, – казаў С. Рассадзін. Акрамя тых знаходак, якія я пералічыла вышэй, былі выяўлены нож з касцяной рукаяткай, дэкаратыўная накладка на рамень, падкоўка для бота, наканечнік стрэл арбалета і лука, завушніца, манеты і іншае. [29]
Археалагічныя даследванні на месцы горада Казіміра будуць працягнуты. У прыватнасці, мэтай наступных даследванняў будзе пошук цэнтру былога горада, дзе была размешчана ратуша – адмысловы будынак, у якім размяшчалася рада на чале з бурмістрам.
Сёння мы амаль кожны дзень знаходзім у гісторыі нашай Радзімы нешта раней страчанае. Казімір – гэта толькі частка гэтых адкрыццяў. А сколькі яшчэ не знойдзена? А сколькі яшчэ стане вядомым? Толькі з 1991 года, калі Беларусь аднавіла свой дзяржаўны суверэнітэт, беларуская гістарычная навука набыла права шукаць і складаць з кавалачкаў наша мінулае, разглядаючы яе як гісторыю нашай суверэннай краіны – Беларусі. Калісьці наша старадаўняя гісторыя лічылась “непатрэбнай” і “шкоднай”. І сёння мы адчыняем яе нанова. Даведваемся пра жыццё тых, хто жыў на нашай зямлі стагоддзі таму.
3. Мясцовы фальклор. Старадаўнія знаходкі
Тое, што Казімір знаходзіўся на месцы сучаснай вёскі Каралёўская Слабада-2, робіць актуальным і цікавым вывучэнне ўсіх гістарычных крыніцаў, якія датычацца гэтай вёскі. Мясцовы фальклор – частка культуры насельніцтва, і таму я вырашыла сабраць тутэйшыя песні, легенды, паданні і іншы вусны матэрыял.
Вось частка песні, якую я пачула, калі бабуля клала спаць маю маленькую стрыечную сястру:
Ай – лю – лю – лю – лю – лю – лі,
Ай – лю – лю – лю – лю – лю – лі.
Палез коцік на полычку –
Зламаў сабе галовычку.
А дай, Надзя, вяровачку –
Звязаць коціку галовычку.
Ой – ля – лі – лі – ля – ля – лі – лі – ля,
Ай – лю – лю – лю – лю – ля – ля – лі.
У вёсцы існуе шмат паданняў пра так званых бабак-шаптух ці ведзьмаў. Па словах жыхароў, яны маглі накласці заклён, ці, наадварот, вылечыць, напрыклад ад заікання, але часцей за ўсё яны быццам бы адбіралі молако ў кароў:
“Я памятаю Варыоніха, Сцяпаніда, малако адбірала. І ў нашай каровы, – распавядала мая бабуля, Ірына Парфір’еўна Каваленка. – Карова харошая была, цялілася, як раз перад Пасхай, а на Пасху нічога нікому даваць няльзя, і тут прыбегла да мяне Варыоніха. Я кажу:
– Што табе, баба, трэба?
– А я булкі пекла.
– Ой, дай памазка, – кажа.
– Не дам табе, баба, нічога. Ідзі дадому.
Не дала. Дык яна да дачкі маёй пабегла, а ў нас тады на заваліне ліліі прыгожыя вельмі раслі. “Люба, – кажа, – выкапай мне цвет. Такі ён ў вас, – кажа, – прыгожы.” Люба мая ўзяла ды выкапала. А на наступны дзень малако ў каровы знікла.
І яшчэ выпадак. Узялі мы ў калгасе карову. Толькі-толькі яна цялілася – на Купалу. Тут Варыоніха да мяне прыбегла: “Ой, Ірынка – кажа,- дай дыхлафосу – маю карову блохі заелі.” Ну, я, нічога не падумаўшы, дала. Як сёння дала – ўвечары заганяем карову, а яна быццам здурэла: як сігане праз забор, і наўцёкі. Ледзь тады загналі ў хлеў яе.
А ў Стасеўке [30] быў чалавек, Валодзька (ён нам лодкі рабіў), які наадварот, вылечваў кароў.”
Вось некалькі паданняў, якія ўспомніла мая бабуля.
Вядзьмарка- абароцень
На Купалу ў адной сям’і знікла малако ў каровы – “адна вадзічка”. І мужыкі параілі гаспадару пакарауліць ноччу каля каровы. Гаспадар вырашыў так і зрабіць. Пайшоў ноччу ў хлеў і пачаў чакаць. Прайшоў некаторы час, і тут ён бачыць: жаба трапіла ў хлеў, выбрала накірунак да каровы, а потым пачала молако піць. Гаспадар злавіў жабу і вока ёй выкалаў.
На наступны дзень гаспадар задаволены выхваляецца перад суседзямі: “Я вядзьмарку паймаў. Я ёй вока выкалаў.” Суседзі смяюцца, жартуюць з яго: “Ты б ёй лепш нагу адарваў.” Неўзабаве да іх падышла адна з суседак і кажа: “Ведаеце, што здарылася? Сеніха шла па агародзе і глаз сабе ўкалола. Яна ў бальніцу паехала…”
Жарты адразу сціхлі.
Золата
Жыхары кажуць, што калісьці, калі немцы былі на нашай зямлі, усіх папоў забівалі. Калі іх заганялі ў царкву, папы ўвесь свой скарб, часцей за ўсё гэта было золата, скідалі ў калодзеж, каб яно не апынулася ў руках іншаземцаў. З таго часу многія спрабавалі знайсці гэты калодзеж-скарбніцу, але ні ў каго гэта не атрымалася. Ёсць такая легенда, нібыта гэта золата ў поўнач выходзіць на паверхню сушыцца. Аднойчы пайшла мая свякроў, твая прабабка Феценія, да суседкі. Вярталася дамоў позна. Ідзе і бачыць: на тым месцы, дзе калісьці быў той самы калодзеж, нейкае ззянне. Яна падумала, што гэта моладзь вогнішча паліць, але пайсці паглядзець пабаялася. Прыйшоўшы дамоў, яна паглядзела на гадзіннік: роўна 12. Феценія падумала: няўжо сапраўды золата? Наступнай раніцай яна прачнулася вельмі рана і пайшла на тое места, дзе бачыла ззянне, але, на здзіўленне, не знайшла ніякіх слядоў вогнішча.
З якога часу існуе гэта легенда? Ці сапраўды гэта “немцы” зганялі ў царкву ўсіх святароў, а потым забівалі? Зразумела, што гаворка ў легендзе ідзе не пра час 1-ай ці 2-ой сусветных войнаў, а пра больш даўнія часы. Аднак да 1-ай сусветнай вайны ў нашым краі не бывалі нямецкія захопнікі. Магчыма, любыя акупанты даўніх часоў ў разуменні вяскоўцаў цяпер асацыіруюцца з немцамі. Г. зн., што ў аснове легенды можа быць і вайна 1654 – 1667 гг., калі быў знішчаны Казімір.
Вось некаторыя са знаходак, якія былі выяўлены жыхарамі вёскі ў час працы на ўласных агародах: залаты пярсцёнак, разнастайныя срэбраныя і залатыя манеты, частка курыльнай трубкі. Але, на жаль, амаль усе знаходкі былі прададзены ці згублены.
4. Гісторыя вёскі па ўспамінах жыхароў
Пра тую ці іншую гістарычную падзею можна даведацца праз энцыклапедыю, падручнік гісторыі ці іншую навуковую літаратуру. Такім чынам можна даведацца пра падзею з палітычнага, ваеннага, навуковага боку. А як гэта падзея адбілася на жыцці простага чалавека? Пра гэта можна даведацца толькі ад самаго чалавека. Таму я ўключыла ў сваю навукова-практычную працу гісторыю вёскі з ўспамінаў жыхароў. Магу дадаць, што пасля гутарак з жыхарамі вёскі я з іншага боку ўбачыла многія гістарычныя падзеі – такія, як, напрыклад калектывізацыя, Вялікая Айчынная вайна. Прапаную кожнаму паспрабаваць распытаць сваіх бабулю, дзядулю ці каго-небудзь з іх аднавяскоўцаў пра іх жыццё. Я ўпэўнена, што яны з вялікай ахвотай падзеляцца сваімі ўспамінамі і распавядуць шмат цікавага і пазнавальнага.
Я пачала апытанне са сваёй бабулі. Яна распавяла мне большую частку легендаў і паданняў, а таксама паведаміла пра тое, чаму вёска Каралева-Слабада раздзелена на две вёскі: Каралёўская Слабада-1 і Каралёўская Слабада-2.
Чаму вёска Каралева-Слабада была падзелена на две вёскі: Каралёўская Слабада-1 і Каралёўская Слабада-2
У час, калі праводзілася рэформа праваслаўнай царквы, пры патрыярcе Нікане, частка праваслаўных вернікаў не згадзілася са змяненнямі, не прыняла новую веру. Яны былі вымушаны пакінуць месцы жыхарства, каб захаваць старую веру. Цэлымі паселішчамі стараверы, як іх потым сталі называць, зыходзілі ў Сібір, у Літву, у Беларусь і іншыя мясціны. На тэрыторыі сучаснай Беларусі шмат вёсак і нават горад, Ветка, дзе пасяліліся стараверы. Каралева-Слабада-2 – адна з такіх вёсак.
Не выключана, што побач з месцам, дзе раней быў горад Казімір, жылі праваслаўныя беларусы, і гэта паселішча мела назву Каралёўская Слабада. Можа быць, што стараверы засялілі менавіта тое месца, дзе калісьці быў горад Казімір, і сваё паселішча назвалі Каралёўская Слабада-2. Гэтыя стараверы маюць паходжанне з Ковенскай губерніі (зараз – тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі).
Я спытала ў бабулі, хто яшчэ можа расказаць што-небудзь цікавае з вяскоўцаў. Першай, каго яна назвала – былая настаўніца Марыя Лук’янаўна Нямцова. Яна не цікавілася казкамі і, на жаль, ніколі не звяртала ўвагу на легенды: “Я не верыла ніколі гэтаму: панапрыдумляць можна многа чаго”; па гэтай прычыне яна не расказала ніводнага падання і легенды. Але яна з ахвотай падзялілася ўспамінамі з уласнага жыцця. З яе вуснаў я даведалася, у якой форме на тэрыторыі вёскі адбывалася калектывізацыя, які след пакінула Вялікая Айчынная вайна.
“На маёй памяці было ў бацькі, Лукі Іванавіча, тры валокі зямлі. У людзей паўвалочак, а ў майго бацькі тры валокі, тры шнуры. Проста ад сваіх бацькоў і ад бацькоў жонкі дасталася яму зямля, вось і атрымаўся такі вялікі кавалак. А каб на ўсю зямлю хапала навоза, мы трымалі шэсць кароў. Быў жарабец ды кабыла. У той час толькі пачыналіся калгасы. Дык бацька мой стараўся сваім раздаць усё, што меў: жарабца аддаў, кароў аддаваў, авечак параздаваў. У той час усё адбіралі, што было. Памятаю, як да маёй маці прыйшоў старшыня калгаса і ёй рукі павыварочваў, з вяроўкай: адбіраў апошнюю карову ў нас. Так раскулачвалі.
Мой бацька доўгі час не йшоў у калгас. Бабка мая прасіла хоць падаіць сваю карову каб далі, дык не давалі. Такая вось улада ў нас была.
А ты спытай у свайго дзеда – у яго бацькі таксама была вялікая гаспадарка – ўсе адабралі. У яго было многа зямлі, і лес свой. Працавіты быў чалавек, і сям’я была ўся працавітая.”
Пакуль яна распавядала, я ўспомніла, як мне тата таксама расказваў пра майго прадзеда Цярэнція:
“Ведаешь, а калісьці нашай сям’і належала некалькі палёў, і нават свой лес быў. У сям’і дзеда Цярэнція было многа дзяцей, і ўсе былі працавітыя – таму і сям’я такая багатая была. У асноўным самі зямлю апрацоўвалі, але бывала, што і наймалі рабочых. Плацілі ім за гэта. Але прыйшоў час калектывізацыі. Усё, што было набыта працай і потам за доўгія гады, за адно імгненне аднялі. Усе землі – калгасу, увесь ураджай – калгасу, усю жывёлу – калгасу… Самых працавітых людзей, якія добра ведалі сваю справу і любілі зямлю, знішчылі ў час калектывізацыі. Таму зараз чалавек, які добра ведае, як працаваць на зямлі, рэдкасць.
У кожнага кавалачка зямлі павінен быць гаспадар, каб любіў сваю зямлю і ведаў, як з ёй абыходзіцца. А атрымалася, як кажуць, у сямі нянек дзіцё бяз вока: зямля агульная і нічыя адначасова. Хто ж будзе старанна працаваць на чужой зямлі?
Вельмі рады калектывізацыі былі гультаі і п’яніцы: яны нічога не мелі, таму і адымаць ў іх няма чаго. Ім падабалася, што зараз усе будзе агульнае. Увесь ураджай забяруць, потым раздзеляць паміж усімі, і ім выдзяляць столькі ж, колькі і ўсім”.
Цікава, што Марыя Лук’янаўна ў сваіх успамінах ужыла менавіта слова “валока”, а не якое-небудзь іншае. Чаму гэта цікава? Таму што вымярэнне зямлі па валоках выкарыстоўвалася яшчэ ў ВКЛ – з 1557 г., пасля прыняцця спецыяльнай пастановы – “Уставы на валокі”. У залежнасці ад якасці зямлі валокі падзяляліся на добрыя, сярэднія, кепскія і вельмі кепскія. Ад якасці валокі залежалі памеры падатку – чыншу. Часта павіннасці накладаліся не на цэлую валоку, а на створаныя ў яе межах надзелы, якія знаходзіліся ў карыстанні асобных дымоў (гаспадарак) – паўвалоччы, траціны, чвэрці валокі. [31] Вымярэнне зямлі па валоках выкарыстоўвалася да канца ХVIII ст., калі Беларусь патрапіла ў склад Расійскай дзяржавы. Прайшло больш за 120 гадоў, а мясцовыя жыхары ў 20-х гг. ХХ ст. яшчэ карысталіся гэтым паняццем і цяпер памятаюць яго.
“У 33-ім годзе быў голад, – працягвала былая настаўніца. – І ў Расіі, і на Беларусі галадалі, асабліва Украіна бедствавала. Дык вось памятаю, як раз у той час, стаяла ў нашай хаце 2 мяшкі жыта. Прыйшлі два чалавекі, ўсё адабралі і яшчэ 3 рублі штрафу далі. Пакінулі ні з чым. Мы ў ступе таўклі траву і рабілі з гэтага хлеб – горкі хлеб елі. Так вось: з шасці кароў да горкага хлеба…”
Яна ў задумлівасці спынілася. Некалькі хвілін мы сядзелі моўчкі. Потым яна пачала распавядаць пра ваенны час.
“Мая цётка родная жыла ў Банкове [32]. У 33-ім годзе тут адкрывалі бамбамётны палігон. Вёскі ня стала. Цётку Палагею немцы забілі: схапілі яе дачку Таню, прыёмная яна ёй была, а цетка мая крычыць: “Адчапіцеся ад маёй дачкі”. Немец развярнуўся і даў ёй па галаве. Не забіў, дык дарэзаў кінжалам. Цетка Фядора хараніла…
У час вайны была разбурана школа, у якой я працавала.”
Дзесьці 3 – 4 гады таму мой дзядуля расказваў пра тое, як у час нацысцкай акупацыі ён трапіў у канцэнтрацыйны лагер у Азарычах.
“Напалі ноччу. Хто ў чым быў, так і выгналі з хаты. Нават апрануцца не далі. А гэта было дзесьці ў сярэдзіне восені… Усіх жыхароў сагналі ў царкву, а потым пагналі ў Азарычы. Было вельмі холадна: той, хто не варушыўся, замярзаў адразу. Мая маці прымушала ўсіх нас бегаць вакол дрэва, каб не замерзлі. Там зусім не кармілі. Бывала, кінуць кавалак чэрствага, як камень, хлеба і тое – ціфнога. Хто зловіць хлеб, таго забівалі.
Вярнулася зусім мала – сямей 15–20…”
Адна з жыхарак вёскі расказала пра асабісты лёс у час вайны і ўспомніла такія радкі:
“Калі ў вайну нам было вельмі дрэнна, мы так маліліся, пелі:
Не тоскуй ты, душа дорогая,
Не печалься, а радостней будь.
Жизнь, поверь нам, настанет другая,
Любит нас ведь Господь, не забудь.
Уповай ты на Господа Бога
И почаще молися в тиши,
И утихнет на сердце тревога,
И найдешь ты покой для души.”
Па вузенькай сцежцы мы з бабулей праходзім паміж высокіх кустоў, каля калісьці святога месца. Спускаемся з узгорка, на якім стаяла царква. Бабуля паварочваецца спінай да ракі і паказвае рукой на ўзвышша, на так званыя “горы”:
– Ведаеш, што хаваецца ў гэтай зямлі? – пытаецца ў мяне бабуля.
– Што? – з цікаўнасцю гляджу я на бабулю.
– Тут хаваецца наша гісторыя… У час вайны 1812 года амаль усё войска Напалеона загінула на неабсяжных прасторах Беларусі і Расіі. Шмат іх палегла і ў нашай вёсцы. Тут знаходзілі кінжалы і нават чалавечыя чэрапы. Мне расказвалі, як тут аднойчы кінжал знайшлі. Глядзяць: што гэта за іржавіна з зямлі высоўваецца, ажно пазелянела ад часу? Падышлі, адкапалі, разглядзелі – аказваецца гэта сапраўдны французкі кінжал, пакінуты яшчэ ў 1812 годзе.”
Але я лічу, што многія знаходкі гэтага месца могуць адносіцца да больш ранняга часу – да самога Казіміра. Такая з’ява назіраецца амаль па ўсей Беларуі: усе знаходкі, легенды, геаграфічныя адметнасці і г. д. мясцовыя жыхары звычайна адносяць да якіх-небудзь больш позніх гістарычных падзей, якія яшчэ не да канца зніклі з памяці людзей. Да такіх падзей можна аднесці Паўночную (“шведскую”) вайну і вайну 1812 г.
Ідзем далей. “Вось, – кажа бабуля і паказвае на хату з высокім вострым дахам, – у гэтай хаце раней мы жылі. Яшчэ прадзед твой яе пабудаваў. Тут жа і тата твой нарадзіўся, вяселле тваёй цёткі таксама тут святкавалі. А зараз гэта хата – чыясьці дача.”
“А вось тут, – бабуля ўказала на бэзавы зараснік насупраць калісьці нашай хаты, – была царква.” Цяжка ўявіць сабе, што тут, дзе зараз зарослае кустамі месца, калісьці кожную нядзелю і на ўсе святы збіралася ўся наваколіца. Некалькі стагодзяў таму тут усё выглядала па-іншаму…
…Нядзеля. Раніца. На ўзгорку стаіць невялічкая прыгожая драўляная царква. На яе блакітных сценах пачынаюць з’яўляцца залатыя водблікі сонца. З царквы выходзіць святар і ўглядаецца ў далеч: вось ужо пад’язджае першая павозка з маладымі. Чуецца звон бразготак, прыгожа зіхацяць на сонцы разнакаляровыя стужкі. Хучэй за ўсё, яшчэ не адна пара прыедзе ў гэты дзень заручацца. Бывала, калі па 6–7 вянкоў за дзень трэба было рабіць. Гэта значыць, што жыве вёска, квітнее…
…Адна з вясковых жыхарак расказвала, як яны, калі былі яшчэ малымі, забіраліся на “галёрку” і адтуль з цікаўнасцю назіралі за ўсім, што адбывалася ў царкве. “А пасля рэвалюцыі, – працягвала Марыя Лук’янаўна, – царква выкарыстоўвалася ў якасці клуба – тут збіралася ўся вёска на танцы.
Я памятаю, як у той час людзі хавалі абразы, крыжыкі з шый здымалі, таму што гэта ўжо было супраць закона, супраць улады. Быў такі выпадак. Гэта было, калі я яшчэ ў школе працавала. Адчынены ўрок. На ім прысутнічала інспектар. Ну, як звычайна, на адчыненым уроку самых лепшых стараюцца выклікаць. Я выклікала да дошкі адну дзяўчынку, добрую дзяўчынку і навучэнку выдатную. Яна выйшла да дошкі, пачала адказваць, адказвала нядрэнна… І тут, гэта інспектарша падскоквае і падбягае да дзяўчынкі. Я адразу не зразумела, у чым справа – аказваецца, заўважыла крыжык на шыі гэтага дзіцяці. І хоць бы пасля ўрокаў, дык не: падбегла і пры ўсім класе як рване гэты крыжык з шыі – вось ганьбы нарабіла. А пасля яшчэ і на мяне ў райана данесла.”
Ідзем з бабуляй далей. Яна паказвае рукой у бок двароў, якія размешчаны насупраць месца, дзе была царква:“Тут раней быў дзядзінец – вялікая плошча, на якой праводзіліся кірмашы.” Бабуля распавядае далей, а я ўяўляю сабе той далекі час…
…Гэта – цэнтр вёскі, плошча, ці, як яё тут называюць, дзядзінец. Вось які ён вялікі: двароў 5 ці 6 тут можа размясціцца. Але сёння тут столькі людзей, што нават няма дзе ступіць – сёння ў Каралёўскай Слабадзе кірмаш. Ён праходзіць раз на год, 19 жніўня, і гэты дзень – свята для вёскі. Паўсюль – перазвон бразготак, людзі з усяго наваколля, да самых Парыч: з Васілёўкі, з Краснаўкі, са Стасеўкі, некаторыя нават з Бабруйска прыехалі. Усе варушацца, ходзяць, весела вітаюць адзін аднаго, разглядаюць тавар. Чаго толькі тут няма: хусткі адна за другую прыгажэйшыя, саматканыя рушнікі з цікавымі ўзорамі, талеркі і збаны, цукеркі, пернікі, абаранкі, драўляныя лыжкі – усяго не пералічыш. Вакол усе гаманяць, смяюцца, крычаць, таргуюцца, спрачаюцца…
…Цікава хадзіць з бабуляй па вёсцы і слухаць зусім новае пра добра вядомыя мясціны. Як гэта цікава: уяўляць людзей, іх паводзіны. Раней я не разумела выраза “хто не ведае свайго мінулага, у таго няма будучыні”. А што застаецца ад чалавека пасля яго жыцця? Памяць. А што застанецца, калі знікне нітачка памяці?.. А ці ведаеце Вы, кім былі і чым жылі вашыя продкі? Калі небудзь Вы думалі аб тым, што застанецца пасля вашага жыцця, калі вашыя нашчадкі, прапрапраўнукі і прапрапраўнучкі, будуць пра Вас ведаць столькі ж, колькі зараз Вы ведаеце пра сваіх прапрапрабабулю і прапрапрадзядулю? Калі адказаць на ўсе гэтыя пытанні становіцца зразумелым сэнс гэтага выраза і значнасць гэтай главы.
5. Тапаніміка Каралёўскай Слабады і яе наваколляў
Тапаніміка – сукупнасць тапонімаў – уласных назваў гарадоў, вёсак, паселішчаў, рэк, азёр, узгоркаў, урочышчаў якой-небудзь тэрыторыі [33]. Назвы невялікіх аб’ектаў у якой-небудзь мясцовасці – гэта мікратапонімы.
Гэтую частку сваёй працы я прысвяціла тапаніміцы. Мікратапонімы з’яўляюцца своеасаблівай мовай зямлі, яны – частка культуры народа. І хоць вывучэннем як мікратапонімаў, так і ўсіх тапонімаў (геаграфічных назваў) займаецца спецыяльная навуковая дысцыпліна – тапанімія, але без удзелу спецыялістаў філалагічных навук, а таксама гісторыкаў, краязнаўцаў немагчыма сабраць і захаваць тую вялікую моўную спадчыну, якую пакінулі нам мінулыя стагодзі ў выглядзе мікратапонімаў.
Даслеванні ў нашай мясцовасці паказалі, што многія мікратапонімы, якія існавалі ў ХVII ст. захаваліся да нашага часу – прыкладна ¼. [34] Значыць, многімі мікратапонімамі, якія я сабрала, маглі карыстацца яшчэ жыхары Казіміра.
Напрыклад, возера Крывое. Названа яно так дзякуючы сваёй падковападобнай форме. Я лічу, што і ў ХVII ст. гэта возера магло мець такую ж форму, таму і назва магла быць такой жа. Возера Падгорнае таксама магло мець такую ж назву ў ХVII ст., таму што яно ўтварылася ад месцазнаходжання – возера размешчана пад гарой. Назвы ўсіх астатніх азёр таксама маглі захавацца яшчэ з ХVII ст.
Ляскі (назва леса на захадзе вёскі) маглі называцца Ляскамі і 3 стагодзі таму. Нават шаша, пракладзеная ў ХХ ст. і падзяліўшая лес на 2 часткі, не паўплыла на тое, каб часткі калісьці адзіных Ляскоў назвалі па-рознаму.
Хамут – луг, як бераг Крывога возера, існаваў, верагодна, і ў ХVII ст., і меў, хутчэй за ўсё, такую ж назву. Назвы лугоў: Абалонь, Валака, Кліны – верагодна, таксама не змяняліся некалькі стагодзяў.
Нельга не ўспомніць С. Н. Прача – чалавека, які сабраў болей за 800 мікратапонімаў Светлагорскага раёна і склаў слоўнік, які быў надрукаваны ў газеце “Светлагорскія навіны”. Але сярод назваў, сабраных Сяргеем Несцеравічам, я не знайшла мікратапонімаў вёскі Каралёўская Слабада. Зразумела, што сабраць усе мікратапонімы кожнай вёскі нашага раёна вельмі складана. У выніку сабраных мною мікратапонімаў я склала наступны слоўнік.
Малы слоўнік мікратапонімаў вёскі Каралёўская Слабада-2 і яе наваколляў.
Заўвага: ва ўсіх выпадках пад паняццем “рака” маецца на ўвазе р. Бярэзіна.
Абалонь, луг, – і, ж. Паміж Грэцкім, Падгорным і Крывым азёрамі.
Апошні, – яга, м. Луг паміж 3-ім і апошнім ізвіламі ракі паблізу в. Каралёўская Слабада-2. (Гл. таксама “Першы”, “Сярэдні”.)
Астравок, – а, м. Месца ў возеры Падгорнае, якое абкружана вадой, летам перасыхае.
Валака, – і, ж. Луг, размешчаны за Востравам.
Востраў, – а, м. Старое рэчышча ракі, а таксама зямля паміж ракой і старым рэчышчам, справа ад возера Крывога.
Глей, – я, м. Цяжкапраходнае гразкае месца каля мосціка праз меліярацыйны канал.
Горы, – аў, мн. Узбярэжжа ракі ў вёсцы; Каралёўская Слабада-2 знаходзіцца на месцы, якое на 5 – 8 метраў узвышаецца над ракой.
Грэцкае возера, – ага, н. Возера, у якое ўліваюцца 2 канала.
Гусіны базар, – а, м. Мелкаводнае месца на Астраўку, частцы возера Падгорнае.
Дуброва, поле, – ы, ж. Поле паміж лесам Ляскі і калядарожным лесам, па правы бок ад дарогі.
Дубрасень, возера, – і, ж. Вялікае возера ізвілістай формы паўднёвей вёскі Каралёўская Слабада-2.
Жабінае балота, – ага, н. Невялічкае вазера на полі Дуброва.
Ільміна, – ы, ж. Старое дрэва з вялікім дуплом і з бусліным гняздом на высокім беразе ракі, у в. Каралёўская Слабада-2.
Карты, – аў, мн. Часткі луга Хвашчы, размежаваныя міліярацыйнымі каналамі.
Кіянкі, – оў, мн. Месца на левым беразе ракі паміж возерам Рачышча і ракой, дубняк і арэшнік.
Кліны, – оў, мн. Часткі луга, якія далучаюцца да возера Крывое.
Крывое возера, – ога, н. Возера на правым беразе ракі, на поле Балонь, насупраць магазіна. Мае форму падковы.
Крыжоўка, – і, ж. Месца перакрыжавання дарог, аўтобусны прыпынак, увечары тут збіраецца моладзь.
Ляскі лес, – оў, мн. Невялікі лес па абодва бакі дарогі, якая ідзе ад вёскі да шашы Парычы-Бабруйск; да высакавольтнай лініі.
Ляснушка, кар’ер, – і, ж. У лесе Ляскі па левы бок ад дарогі; водзіцца карась.
Падгорнае возера, – ага, н. Возера паміж Грэцкім возерам і ракой, з правага боку ад ракі.
Панкратаўскі луг, – ага, м. Луг паміж воз. Рэчышча і воз. Дабрасень, якім карыстаюцца жыхары вёскі Панкратавічы.
Папова палянка, – ай, ж. Месца ў лесе Ляскі па левы бок ад дарогі.
Першы, – ага, м. Луг паміж ракой і першым ізвілам воз. Дабрасень.
Прыстань, – і, ж. Спуск да ракі паўднёвей вёскі Каралева-Слабада-2, да 60-х гадоў 20 ст. тут спыняліся пасажырскія і грузавыя судны.
Рачыща, возера, – а, н. Возера на левым беразе ракі, каля возера Дабрасень.
Слабадскі лес, – ога, м. Стары лес, які знаходзіцца насупраць Каралевы-Слабады-1.
Смалярка, – і, ж. Месца ў лесе Ляскі па левы бок ад дарогі, дзе калісьці была смалакурня.
Смалярскае поле, – ага, н. Поле у лесе Ляскі па левы бок ад дарогі.
Сярэдні, – яга, м. Луг паміж 2-ім і 3-ім ізвіламі ракі паблізу в. Каралёўская Слабада-2.
Хамут, – а, м. Луг, які размешчаны паміж берагамі возера Крывое; мае форму хамута.
Хвашчы, – эй, мн. Заліўны луг за Каралёўскай Слабадой-1, пад гарой.
Шэйка, – і, ж. Месца, дзе 2 берага возера Грэцкага амаль змыкаюцца.
Заключэнне
Выконваючы гэту працу, я імкнулася сабраць і абагульніць усе звесткі, якія датычацца ці могуць быць звязаны з горадам Казімірам і з вёскамі Каралёўская Слабада-1 і Каралёўская Слабада-2; сабраць і абагульніць вусныя матэрыялы; паказаць, як шчыльна звязана мінулае з сучаснасцю; расказаць аб удзеле моладзі і грамадскасці ў археалагічных раскопках. Я яшчэ раз пераканалася ў тым, што гісторыя – вельмі важная і цікавая навука, асабліва, калі яна датычыцца роднага горада ці вёскі. Важна максімальна захаваць, зберагчы гістарычныя матэрыялы: археалагічныя знаходкі, пісьмовыя крыніцы, фальклор, мікратапаніміку – усё, што дапамагае аднавіць гістарычныя падзеі ў памяці чалавека і дакрануцца да іншай гістарычнай эпохі.
У выніку майго даследвання я прыйшла да наступных высноваў:
- Даследаванні паказваюць: г. Казімір быў утвораны з вёскі Слабада і існаваў з 1643 па 1655 год. Валодаў Магдэбургскім правам, меў герб. Ён размяшчаўся на месцы сучаснай вёскі Каралёўская Слабада-2. Сярод жыхароў Светлагорска і Светлагорскага раёна ёсць і нашчадкі жыхароў Казіміра.
- Мясцовы фальклор можа быць звязаны з гістарычнымі падзеямі.
- Паняццем “валока” мясцовыя жыхары карыстаюцца на працягу паўтысячагоддзя.
- Мясцовыя жыхары звычайна адносяць асноўную частку паданняў і знаходак да больш позніх гістарычных падзей, якія яшчэ не да канца зніклі з памяці людзей. Да такіх падзей можна аднесці Паўночную (“шведскую”) вайну і вайну 1812 г.
- Мікратапаніміка можа не змяняцца на працягу стагоддзяў, таму яна мае вялікую гістарычную каштоўнасць.
Выказваю ўдзячнасць маёй бабуле Ірыне Парфір’еўне Каваленке, а таксама Марыі Лук’янаўне Нямцовай і ўсім жыхарам вёскі Каралёўская Слабада, хто прадаставіў вусныя матэрыялы (легенды, паданні, песні і г. д.) для маёй працы і назваў мікратапонімы вёскі Каралёўская Слабада і яе наваколляў.
[1] Зыкун Н. С. Дакрануліся да гісторыі // Ранак-плюс. 2006. № 35. С. 4.
[2] Каваленка А.Ў. Дзве экспедыцыі // Светлагорскія навіны. 2006. № 109. С. 3.
[3] Романцов В. Город Казимир найден! // Ранак-плюс. 2006. № 36. С. 4.
[4] Каламевіч Я. Фалькларыстыка / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мн. 2003. С. 23 – 24.
[5] Тапанімія / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2001. С. 501.
[6] Напр.: Уводзіны / Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. Мн. 1985. С. 15 – 17.
[7] Царква ў сяле Каралёўская Слабада / Памяць. Светлагорскі раён. У 2 кнігах. Кн. 1. 2000. С. 79.
[8] Каралёўская Слабада / Археалогія і нумізматыка Беларусі. Мн.1993. С. 310 – 311.
[9] Рассадин С. Е. Гербовый привилей 1643 г. на магдэбургию г. Казимежу в старостве Бобруйском. / Археографический ежегодник. № 2. Мн. 2001. С. 215 – 223.
[10] Напр.: Археалагічныя раскопкі ў вёсцы Каралеўская Слабада-2 // Грамадскія ініцыятывы. 2006. № 7 – 8. С. 6.
[11] Archiwum Główne Akt Dawnych / Encyklopedia Popularna PWN. – Warszawа. 2006. S. 44.
[12] Романцов В. Казимир: возвращение затерянного города // Ранак – плюс. 2006. № 35. С. 4.
[13] Гісторыя Беларусі XVI – XVIII стст. Атлас. Мн. 2005. – Гл.: Ростов В. Казімір: потерянный город Беларусі // Секретные исследования. 2006. № 19. С. 4 – 5.
[14] Рэч Паспалітая (ад лацінскага слова “рэспубліка”) – са старадаўняй беларускай мовы і польскай мовы перакладаецца як “агульная справа”, “агульная дзяржава”. Рэч Паспалітая як федэратыўная дзяржава ўзнікла ў 1569 г. ў выніку заключэння Люблінскай уніі (саюза) паміж 2-ма дзяржавамі – Вялікім Княствам Літоўскім (асноўную частку якога складала Беларусь) і Польшчай. Рэч Паспалітая існавала да 1795 г.: у выніку яе аслаблення з-за ўнутрыпалітычнага крызысу адбыліся 3 падзелы яе тэрыторыі паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй – у 1772, 1793 і 1795 гг., пры гэтым тэрыторыя ВКЛ, у тым ліку Беларусь, была ўключана ў склад Расійскай дзяржавы. – Гл.: Грыцкевіч А. Рэч Паспалітая / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2001. С. 178 – 179.
[15] Cecylia Renata / Encyklopedia Popularna PWN. – Warszawа. 2006. S. 131.
[16] Свіслацкае княства / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2001. С. 262.
[17] Насевіч В. Л. Бабруйская воласць / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн. 1993. С. 255.
[18] Магдэбургскае права – права горада на самакіраванне, якое ўпершыню склалася ў XIII ст. у нямецкім горадзе Магдэбург.
[19] Рассадзін С. Я., Міхальчанка А. М. Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мн., 2005. С. 90 – 91.
[20] AGAD. AR-I. Akt. perg. Sign. 1033. – Гл.: Рассадзін С. Я., Міхальчанка А. М. Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мн., 2005. С. 90 – 91.
[21] Рассадин С. Е. Гербовый привилей 1643 г. на магдэбургию г. Казимежу в старостве Бобруйском. / Археографический ежегодник. № 2. Мн. 2001. С. 219.
[22] Паўлаў А., Майскі А. Парычы займелі свой герб // Гомельская праўда. 2001. 27 ліпеня.
[23] Рассадин С. Е. Гербовый привилей 1643 г. на магдэбургию г. Казимежу в старостве Бобруйском. / Археографический ежегодник. № 2. Мн. 2001. С. 221.
[24] Ростов В. Казимир: потерянный город Беларуси // Секретные исследования. 2006. № 19. С. 4 – 5.
[25] Романцов В. Казимир: возвращение затерянного города // Ранак-плюс. 2006. № 35. С. 4.
[26] Археалагічныя раскопкі ў вёсцы Каралеўская Слабада-2 // Грамадскія ініцыятывы. 2006. № 7 – 8. С. 6.
[27] Каваленка А. Ў. Две экспедыцыі // Светлагорскія навіны. 2006. № 109. С. 3.
[28] Зарэцкі Ў., Сямашка Р. Казімір – невядомы горад Беларусі // Свабода. 2006. № 19. С. 7.
[29] Зарэцкі Ў., Сямашка Р. Казімір – невядомы горад Беларусі // Свабода. 2006. № 19. С. 7.
[30] Суседняя вёска, Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці.
[31] Голубеў В. Ф. Валока / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2. Мн. 1994. С. 213.
[32] Банкова – зараз урочышча, якое размешчана заходней ад вёскі Каралёўская Слабада, раней тут была вёска з аднаіменнай назвай.
[33] Тапанімія / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2001. С. 501.
[34] Маслюкоў Т. Беларускія мікратапонімы ў польскамоўных дакументах ХVII ст. / Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнац., міжрэліг. і міжкульт. узаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2. Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. С. 170-171.
Аўтар: Каваленка Анастасія
Крыніца: http://nashkraj.info/legendy-i-padanni-karalyouskaj-slabad/