Стан 20-гадовай Ірыны Антанюк, асуджанай на восем гадоў зняволення па “наркатычным” артыкуле 328, пагаршаецца. Да тузіна дыягназаў, пра якія яе маці Наталля Антанюк са слязамі на вачах распавядала Еўрарадыё тры з паловай месяцы таму, дадалося падазрэнне на анкалогію.
“У Іры выявілі дысплазію яечніка другой стадыі — трэцяя стадыя ўжо з’яўляецца анкалогіяй. Акрамя таго, з’явілася праблемы ў пахавай вобласці. Мая дзяўчынка пастаянна літаральна задыхалася ад кашлю. Напружанне ў арганізме было такім, што фактычна пачала з’яўляцца грыжа. Арганізм, які ўвесь час з-за адсутнасці добрых лекаў пічкаюць таннымі антыбіётыкамі, дае збой”.
На гэтым праблемы не скончыліся. У дзяўчыны ў трэці раз з’явіўся гаймарыт, але звычайныя праколы, пасля якіх зняволеную адразу вярталі ў атрад, ўжо не дапамаглі — лекары вымушаныя былі накіраваць яе на аперацыю. Хірургі павінны выразаць новаўтварэнне, якое з’явілася пад правым вокам дзяўчыны.
“У Ірачкі яшчэ тры тыдні таму мусіла быць аперацыя, але я дагэтуль не атрымала ад яе нават маленькай вестачкі. Я нічога не ведаю ўвогуле, — усхліпвае Ірына Антанюк. — Нічога з калоніі не прыходзіла. Мы з адвакатам накіравалі афіцыйны запыт у калонію, але адказу не было. Цяпер будзем рыхтаваць афіцыйную скаргу ў пракуратуру, бо інакш увогуле нічога не дачакаемся”.
Ірына Антанюк была затрыманая разам са сваім хлопцам увечары 5 траўня 2016 года ў Брэсце. Спачатку дзяўчына праходзіла сведкай па яго справе, аднак ужо раніцай наступнага дня апынулася ў якасці падазраванай у сталічным СІЗА №1. Дзяўчыну абвінавацілі ў саўдзеле ў распаўсюджванні наркотыкаў. Нагодай сталі падзеі, якія адбыліся за дзесяць месяцаў да гэтага: Ірына па просьбе знаёмага звязалася з інтэрнэт-крамай, якая гандлявала наркотыкамі, і пераслала яму эсэмэскай каардынаты закладкі. Суд палічыў Ірыну Антанюк датычнай да працы інтэрнэт-крамы, дзяўчыну асудзілі на восем гадоў зняволення па трэцяй частцы артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.
Яшчэ да суда Ірына Антанюк пазбавілася аднаго лёгкага. У яе прагрэсавала
бронхаэктатычная хвароба і эмфізэма другога лёгкага, а адзін з жалудачкаў сэрца знаходзіўся ў стане блакады і фактычна не працаваў. У якім менавіта стане Ірына знаходзіцца цяпер, яе маці не ведае. За апошні час разбітая горам жанчына не атрымала ніводнага ліста ці званка ад сваёй цяжка хворай дачкі.