У выніку асенне-зімовага наступлення Чырвонай Арміі 1943-1944 гг. поўнасцю ці часткова было вызвалена 40 раёнаў Беларусі, сярод іх быў і Мазырскі [19, с. 35]. У дакументах таго часу адзначалася, што дзейнасць партыйных і савецкіх органаў на вызваленнай тэрыторыі павінна быць накіравана на мабілізацыю працоўных “на оказание помощи Красной Армии в деле полного разгрома немецко-фашистских захватчиков, на скорейшее восстановление народного хозяйства” [28, с. 469].
Адным з галоўных накірункаў дзейнасці з’яўлялася адбудова сістэмы адукацыі, якая адбывалася ў складаных умовах. Кніжныя фонды, лабараторнае абсталяванне і гаспадарчы інвентар былі абрабаваны або поўнасцю спалены фашысцкімі акупантамі. З 13 043 даваенных школ Беларусі у час акупацыі было знішчана 6000 тысяч, астатнія былі таксама прыведзены ў непрыгодны стан. Аднавіць сетку пачатковых, сямігадовых і сярэдніх школ, правесці рамонт школьных будынкаў і аднаўленне і рамонт будынкаў дзіцячых дамоў, інтэрнатаў, дзіцячых садкоў у рэспубліцы прадуглежвалася да пачатку 1944/1945 навучальнага года [26, с. 453; 28, с. 469].
З агульнай колькасці страт — 5 млрд. руб., якія былі нанесены вайной народнай гаспадаркі Палескай вобласці, акрамя прадпрыемстваў рэспубліканскага і саюзнага значэння, на народную адукацыю прыпадала 115 млн. [29, с. 56]. Так, у Мазыры — цэнтры Палескай вобласці — у даваенный час працавала 11 школ, у тым ліку 4 сярэднія, няпоўных сярэдніх — 6, пачатковых — 1, дзе вучылася 3340 вучняў. За часы акупацыі ў горадзе было знішчана 9 школ, а па Мазырскаму раёну ўсе 54 школьныя будынкі. [7].
Трэба адзначыць цяжкае матэрыяльнае становішча як ўсяго насельніцтва Беларусі таго перыяду, так і настаўніцтва. “Как эвакуированные, так и оставшиеся на оккупированной территории учителя, — адзначалася ў даведцы Наркамата асветы БССР ад 5 чэрвеня 1944 г., — сильно обносились. Внешний вид учителя совершенно неприглядный. Некоторые учителя босые, верхняя одежда вся в заплатах. Местные торгорганизации не в состоянии обеспечить одеждой и обувью учителей. Необходимо целевым назначением выделить хотя бы по 10 000 комплектов одежды и обуви для продажи учителям” [23, арк. 103].
Мазыр быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 14 студзеня 1944 г. і ўжо да 1 лютага 1944 г. рашэннем Палескага аблсавета дэпутатаў працоўных адпаведныя структуры абавязваліся правесці ўлік усіх хлопчыкаў і дзяўчынак школьнага ўзросту і аднавіць работу школ “с полным охватам всех детей, подлежащих всеобщему обучению”. У лютым у горадзе ўжо дзейнічалі шэсць школ з агульнай колькасцю 960 вучняў [12, арк. 3]. 18 красавіка 1944 г. выйшла пастанова ЦК КП(б)Б i СНК БССР “Аб аднаўленні сеткі школ у вызваленных ад нямецкіх акупантаў раёнах БССР”, якая патрабавала выкананне закона аб абавязковым пачатковым навучанні. Частка школьнікаў па тым ці іншым прьгчынам прыпыняла вучобу i таму план па ўсеагульнаму навучанню быў невыкананы. Так, у 1944/1945 вучэбным годзе ў Палескай вобласці не вучылася звыш 8000 чалавек, што складала 9,4% ад агульнай колькасці дзяцей школьнага ўзросту [24, арк. 9].
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!
Не хапала школьных будынкаў, у сувязі з чым пад школы выкарыстовывалі памяшканні дзяржаўных і грамадскіх арганізацый i г.д. Значны ўклад у аднаўленнне матэрыяльнай базы ўстаноў асветы быў зроблены насельніцтвам, які атрымаў назву “метода народной стройки”. Такім чынам, была адноўлена частка школ i на Мазыршчыне. У той самы час, калі школьных будынкаў не хапала, асобныя арганізацыі і ўстановы імі карысталіся. Так, у маі 1944 г. тры школьных будынка ў цэнтры Мазыра і адзін на ст.Мазыр былі заняты вайсковымі часцямі [13, арк. 111].
У аднаўленні БССР удзельнічалі ўсе саюзныя рэспублікі, і ў першую чаргу РСФСР. Мазыранам значную дапамогу аказалі жыхары Ульянаўска, якія ў 1944 г. разам з абсталяваннем для прамысловых прадпрыемстваў і будаўнічымі матэрыяламі, прыслалі ў Мазыр школьныя дапаможнікі. Вопратку і цацкі для выхаванцаў дзіцячых дамоў [1].
Да пачатку 1944/45 вучэбнага года у Палескай вобласці было падрыхтавана 244 новыя школы. У гэты час па Палесскай вобласці дзяцей школьнага ўзросту налічвалася 85097 челавек, 88% з іх павінны былі вучыцца ў пачатковай школе. Гэта з’ява была характэрна для ўсёй рэспублікі i была звязана з тым, што большасць дзяцей падчас вайны не вучылася. Улічваючы гэтую акалічнасць, Наркамат Асветы БССР прыняў пастанову аб прыняцці ў першы клас дзяцей ва ўзросце ад 8-12 гадоў, у другі — 10-14 гадоў, у трэці — 10-14 гадоў, у чацвёрты — 11-15 гадоў. Ствараліся спецыяльныя класы для пераросткаў [21, арк. 17-18].
У студзені 1945 г. у Мазыры працавала ўжо 8 школ, у тым ліку: 1 сярэдняя, 3 сямігадовыя, 4 пачатковыя, у якіх навучалася 2180 вучняў i працавала 93 настаўніка, у Мазырскім раёне дзейнічало 36 школ, дзе працавала 154 настаўніка [14, арк.19; 7].
З агульнай колькасці сродкаў, якія былі выдзелены на народную адукацыю Беларусі, больш паловы (52%) выдзелялася на ўтрыманне школ. Дзякуючы гэтаму ў рэспубліцы да лета 1945 г. былі адноўлены 10 462 школы, колькасць вучняў складала 1 260 тыс. У Палескай вобласці ў гэты час ўжо працавала 667 школ, у якіх навучалася 73829 дзяцей [29, с. 89].
Народны камісар асветы БССР Уралава А.І., падводзячы вынікі 1944/1945 навучальнага года, адзначала, што “наши школы работали в чрезвычайно тяжелых условиях: не хватало учебников, оборудования, топлива. Но школы работали, не прекращая своих занятий ни на один день. Не было учебников, и учителя изготовляли самодельные пособия по естествознанию, языку, истории.” [29, с. 57].
Вялікай колькасці хпопчыкаў і дзяўчынак, якія страцілі сваіх бацькоў у ваенныя гады, патрабавалася падтрымка з боку дзяржавы. На 1 чэрвеня 1945 г. у сістэме народнай адукацыі БССР налічвалася 203 дзіцячых дома, дзе знаходзілася 282000 челавек, у тым ліку у спецыяльных дзіцячых дамах выхоўвалася 13900 дзяцей-сірот, бацькі якіх загінулі на фронце ці ў партызанскіх атрадах, змагаючыся з ворагам. Працоўныя Беларусі ўзялі на выхаванне 228999 дзяцей [29, с. 59]. У Мазыры дзейнічаў дзіцячы размеркавальнік і дзіцячы дом, дзе налічвалася 180 чалавек [12, арк. 6]. У сакавіку 1945 г. у Мазыры быў праведзены месячнік па збору сродкаў у фонд дапамогі сем’ям ваеннаслужачых і дяцей-сірот. Было сабрана 90 тыс. рублёў [6].
Увага да развіцця школьнай справы знайшла адлюстраванне на старонках перыядычнага друку. Так, 1 верасня 1944 г. у абласной газете “Бальшавік Палесся” быў змешчаны вялікі артыкул “Неадкладныя задачы нашай школы”, у якім вызначаліся галоўныя накірункі ў дзейнасці навучальных устаноў. Прадуглежвалася абавязковае наведванне школы з сямігадовага ўзросту, ўводзіліся Правіла для вучняў і вучнёўскі білет, устанаўлівалася пяцібальная цыфравая ацэнка ведаў і паводзін вучняў, паведамлялася аб раздельным навучані хлопчыкаў і дзяўчынак і аб спыненні сацыялістычнага спаборніцтва па пытанням вучобы сярод вучняў і настаўнікаў і г.д. [3].
“Правіла паводзін для вучняў” Мазырскім гарсаветам былі зацверджаны ў лютым 1945 г., яны прадуглежвалі, каб дзеці да 16 гадоў пасля 20 гадзін на вуліцы, у грамадскіх установах з’яўляліся толькі ў суправаджэнні дарослых. У будныя дні прадуглежвалася толькі калектыўнае наведванне школьнікамі культасветных устаноў. Забараняўся індывідуальны продаж квіткоў у кіно, тэатр для дзяцей да 16-ці гадоў ва ўсе дні тыдня за выключэннем нядзелі, свят і канікул [14, арк. 19].
На працягу 1943/44 і 1944/1945 навучальных гадоў Мазыр жыў па ўмовах ваеннага часу. Гэта паўплывала як на вучэбны працэс, так i грамадскае жыццё настаўнікаў і вучняў. У школах вялося навучанне па праграме супрацьпаветраннай і хімічнай абароны. Актьіўны ўдзел прыймалі вучні разам з настаўнікамі ў аднаўленні горада, яго добраўпарадкаванні [13, арк.138].
Першачарговае значэнне надавалася выхаваўчай функцыі школы. Прычым гэта датычылася не толькі вучняў, але і настаўнікаў. У пастанове ЦК ВКП(б) “Аб бліжэйшых задачах партыйных арганізацый КП(б)Б у галіне масава-палітычнай і культурна-асветніцкай работы сярод насельніцтва” (жнівень 1944 г.) падкрэслівалася, што да пачатку 1944/45 навучальнага года ўсе настаўнікі “возвращающихся вновь на работу в советскую школу” павінны прайсці месячныя курсы, не радзей аднаго разу ў месяц партыйныя органы павінны былі арганізаваць чытанне лекцый для настаўнікаў на агульнапалітычныя тэмы, а таксама стварыць гурткі для вывучэння настаўнікамі марксістска-ленінскай тэорыі [28, с. 472].