У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуліся маці дзяцей, якія ляжаць на рэабілітацыі ў Рэспубліканскай клінічнай бальніцы ў Аксакаўшчыне пад Мінскам. Яны распавялі, што, паводле неафіцыйнай інфармацыі, дзіцячае аддзяленне ў хуткім часе збіраюцца зачыніць. Па словах маці, атрымаць бясплатную пуцёўку ў абласныя клінікі нашмат складаней, чым у Аксакаўшчыну, дзе, да таго ж, сабраныя вельмі добрыя спецыялісты.
Ці сапраўды дзіцячае аддзяленне ў Аксакаўшчыне закрываецца? Еўрарадыё разабралася ў сітуацыі.
“На Брэст ці Полацк дзве-тры пуцёўкі на год даюць”
“У Аксакаўшчыне дзесяць аддзяленняў, з якіх адно — дзіцячае, — распавядаюць Еўрарадыё жанчыны. — Сюды бяруць пасля кардыялагічных аперацый, з неўралогіяй... Тут вельмі добрыя спецыялісты працуюць. Ёсць вынікі пасля рэабілітацыі. Яшчэ справа ў тым, што цэнтр у Аксакаўшчыне — адзіны рэспубліканскі. Усе астатнія цэнтры для дзяцей — абласныя”.
Пра магчымае закрыццё маці даведаліся ад медперсаналу. Нібыта ў Мінздароўя былі адпраўлены дакументы наконт рэнтабельнасці дзіцячага аддзялення. У лютым з 40 агульных месцаў каля 28-30 былі вольныя, а новыя дзеці не паступалі.
Куды ехаць на аднаўленне жанчынам з дзецьмі з цяжкім ДЦП? Атрымаць запрашэнне ў абласны рэабілітацыйны цэнтр часам вельмі складана. Жанчыны кажуць, што на адзін горад выдзяляюцца две-тры бясплатныя пуцёўкі на год.
“Зразумела, што дзеці патрабуюць большага дагляду, — распавядае адна з пацыентак Аксакаўшчыны. — Больш персаналу, пакой для гульняў, прагулкі і іншае. Спецыфіка іншая, чым з дарослымі. Дзіцячае аддзяленне тут адно, атрымліваецца, што яго прасцей зачыніць і сказаць, што ёсць іншыя цэнтры. На Брэст ці Полацк дзве-тры пуцёўкі на год даюць, таму трапіць [у абласны цэнтр. — Еўрарадыё] шанцаў вельмі мала”.
Каб захаваць дзіцячае аддзяленне жанчыны звярнуліся да чыноўнікаў з Адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрства аховы здароў’я. Адміністрацыя перанакіравала запыт у Мінздароўя. Адказ адтуль мусіць прыйсці да 15 сакавіка.
“Аддзяленне працуе. Калі ласка, звяртайцеся”
Каб высветліць, што чакае дзіцячае аддзяленне ў Аксакаўшчыне, мы звярнуліся да галоўнага ўрача клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі Дзмітрыя Страздзіна.
“Гэта чуткі і неправераная інфармацыя, — адказаў Дзмітрый СтраздзінЕўрарадыё ў сярэдзіне лютага. — Нічога не буду нават каментаваць. Гэта, ведаеце, як “адна бабка сказала”. Давайце спачатку, як кажуць, паглядзім на час. Ёсць пытанні, якія звязаныя з ложкавым фондам. Ён непадзельны. Падзяленне ці памяншэнне яго ўзгадняецца вельмі доўга. Цяпер я і не хацеў бы абмяркоўваць нейкія рэчы. Аддзяленне працуе, калі ласка, звяртайцеся”.
Амаль месяц жанчыны, якія разам з дзецьмі знаходзіліся на аднаўленні ў Аксакаўшчыне, не ведалі пра далейшы лёс дзіцячага аддзялення. 7 сакавіка яны паведамілі Еўрарадыё, што рэабілітацыя дзяцей у бальніцы працягнецца і далей.
“Дактары, якія былі на “пяціхвілінцы” у кіраўніцтва бальніцы, распавялі, што ў Мінздароўя забаранілі закрыццё дзіцячага аддзялення, — распавяла адна з жанчын. — Аддзяленне не зачыняць. Адваявалі. Мы застаёмся.
Мяркуем, што таму і казалі пра чуткі, бо самі не ведалі, ці зачыняць дакладна. Ну і мы таксама захваляваліся наконт аддзялення. Чатыры маці звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, паднялі ўсе дакументы, якую рэабілітацыю праходзіла дзіця, і ў Мінаховы накіравалі. Каб ведалі, што вынікі ад рэабілітацыі ёсць. Добра, што не маўчалі. Дарэчы, учора трое дзяцей паступілі. Дагэтуль увогуле не было”.