У 2014 годзе на 71 км. рэспубліканскай шашы Р-31 Мазыр — Бaбруйск, каля вёскі Раковічы быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс “Баграціён” у гонар 70-годдзя падзеі. Гэта, бадай, адзіны помнік ваеннай аперацыі на тэрыторыі Беларусі, прысвечаны Другой сусветнай вайне.
Аўтар галоўнай кампазіцыі мемарыяльнага комплекса - памятнага знака аперацыі “Баграціён” – гомельскі скульптар Валеры Кандраценка. Мяркуючы па тлумачэнні аўтара, у сваім творы ён паспрабаваў адлюстраваць не толькі агульнавядомыя веды пра аперацыю, але і рэгіянальныя (парыцкія) асаблівасці “Баграціёна”.
Наколькі гэта атрымалася ў Валерыя Кандраценкі, паспрабуйма зразумець разам! Працытуем апісанне “Баграціёна”, якое вы сустрэніце ва ўсіх СМІ: “Вышыня памятнага знака 7 метраў. У цэнтры яго бачым фігуры чатырох палкаводцаў: Георгія Жукава, Канстанціна Ракасоўскага, Паўла Батава, Міхаіла Панова. Справа і злева – ідуць у атаку савецкія воіны. Сярод іх партызаны, маракі Дняпроўскай ваеннай флатыліі.Фонам сталі стрэлы, якія паказваюць два галоўных удары войскаў”.
Два галоўных удары – куды?
Аддамо даніну нашаму земляку, гамельчуку Валерыю Кандраценку, які адлюстраваў два галоўных удары аперацыі “Баграціён”, якія тычацца як нашай, парыцкай, мясцовасці, так і Беларусі. На памятным знаку, яны пададзены ў выглядзе дзвюх стрэлак, якія з’яўляюцца фонам, з назвамі вызваленых гарадоў і вёсак. Тым самым аўтар выкарыстаў у сваім творы рэгіянальны падыход. Справа ў тым, што аперацыя “Баграціён”, вы самі гэта прачытаеце ў любой літаратуры, праходзіла па ўсяму фронту: ад Прыбалтыцы, Беларусі, да Украіны. Але на тэрыторыі Беларусі было здзейснена два асноўных удары: першы, паўдневей Парыч (на яго месцы і зроблены мемарыяльны комплекс); другі, паўночней Рагачова. Аўтарам двайного удару ў гістарычнай літаратуры называецца Канстанцін Ракасоўскі – камандуючы 1-ым Беларускім фронтамі Павел Батаў – камандуючы 65-й арміяй.
“Мы рыхтаваліся да баёў дбайна, - успамінаў пасля вайны Канстанцін Ракасоўскі. - Складанню плана папярэднічала вялікая праца на мясцовасці, асабліва на пярэднім баку. Прыходзілася ў літаральным сэнсе слова поўзаць на жываце. Вывучэнне мясцовасці і стану варожай абароны ўпэўніла ў тым, што на правым крыле фронту мэтазгодна нанесці два ўдары з розных участкаў: адзін - сіламі 3-й і 48-й армій з раёна Рагачова на Бабруйск, Асіповічы, іншы - сіламі 65-й і 28-й армій з раёна ніжняй плыні Бярэзіны на Азарычы ў агульным кірунку на Слуцк. Прычым абодва ўдары павінны быць галоўнымі” (Рокоссовский К.К. Солдатский долг. – М. 1988. – С. 251.).
Паводле плана наступу “Баграціён”, у парыцкую левую (паўднёвую) групоўку ўвайшлі дзве арміі: 65-я пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.І. Батова і 28-я пад камандаваннем генерал-лейтэнанта А. А. Лучынскага. Конна-механізаваная група генерал-лейтэнанта І.А. Пліева і 1-й гвардзейскі танкавы корпус генерал-маёра М.Ф. Панова павінны былі ўвайсці ў прарыў на ўчастку паўднёва-парыцкой групоўкі. Дзеянні гэтых груповак падтрымлівала 16-я паветраная армія, якой камандаваў генерал-палкоўнік авіяцыі З.І. Рудэнка. У аператыўнае падначаленне фронту ўваходзіла Дняпроўская ваенная флатылія пад камандаваннем капітана 1-га рангу У.У. Грыгор'ева, якая павінна была дзейнічаць на рацэ Бярэзіна. Парыцкая групоўка павінна была развіць наступ у напрамку Азарычы-Слуцк з мэтай перакрыць дарогу Слуцк-Бабруйск і адрэзаць адыход жлобінска-бабруйскай групоўкі нацыстаў.
Наколькі гэтыя факты і лічбы праўдзіва адлюстраваў у сваім творы спадар Валеры Кандраценка?
Памятны знак накіраваны на Захад. Левая стрэлка – гэта паўднёвы ўдар з-пад Парыч, а правая – паўночны ўдар з-пад Рагачова. Але што мы бачым насамрэч?
Парычы чамусьці перамясціліся на правую, паўночную стрэлку. Там жа знаходзім вёску Пятровічы, гарады Любань, Глуск, Рагачоў, Бабруйск, Асіповічы, Слуцк, Мінск, Баранавічы, Слонім, Варшава, Берлін. Такім чынам, у рэальнасці на правай стрэлцы адлюстраваны абодва ўдары з-пад Парыч і Рагачова паводле плана Канстанціна Ракасоўскага. Акрамя таго, на правай стрэлцы двайны ўдар прадубляваны ў меншым памеры. А на левай, паўднёвай, парыцкай змешчаны гарады: Жыткавічы, Ляскавічы, Тураў, Петрыкаў, Столін, Лунінец, Пінск, Драгічын, Кобрын, Берасце, Люблін, Кюстрын, Зеялоў, першыя з якіх былі вызвалены дапаможным ударам у напрамку на Лунінец, Пінск. Такі парадак гарадоў на двюх стрэлках у вырашэнні Валерыя Кандраценкі не адпавядае гістарычным крыніцам.
Беларускія гарады – ад балды
Што хацеў паказаць аўтар наборам гэтых гарадоў на двух галоўных ударах, паспрабуйма знайсці хоць нейкую логіку! Калі на стрэлках адлюстраваны вызваленыя гарады адвольна, то дзе, прабачце, сучасныя абластныя цэнтры Віцебск і Магілёў? Берасце жа ёсць! А дзе Гродна? Яны ж таксама былі вызвалены падчас аперацыі “Баграціён”.
Горад Віцебск і горад Магілёў былі заняты савецкімі салдатамі ў выніку адпаведна Віцебска-Аршанскай і Магілёўскай аперацыі, якія ўваходзяць у “Баграціён”. Калі аўтар іх апусціў у сваім творы, скарыстаўшы рэгіянальны падыход, то бок яго твор распавядае аб “Баграціёну”, пачынаючы з Бабруйскай аперацыі, то дзе Гродна? Я ўжо не кажу пра некаторыя раённыя цэнтры, кшталту Барысаў, Ваўкавыск, Ліда, Маладзечна і іншыя. Зразумела, што ўсе не адлюструеш, але выкінуць Гродна, - гэта падыход аматара да гістарычных фактаў.
Што хачу, то і ляплю
А вось наступныя гарады, адлюстраваныя на памятным знаку, не ўлязаюць нават у дылетанцкія канцэпцыі. Абаронцамі гістарычный праўды Вялікай Айчыннай вайны яны павінны быць расцэнены як фальшыўка, і жорстка асуджаны, як не маючыя гэтай самай гістарычнай праўды.
Нават школьнік-піянер, палазіўшы ў інтэрнэце на вікіпедыі, скажа, што ў выніку аперацыі “Баграціён” сталіца Польшчы Варшава не была вызвалена ад нацыстаў.
Аперацыя “Баграціён” скончылася 29 жніўня 1944 года. А Варшава была занята савецкімі войскамі 17 студзеня 1945 года ў выніку Варшаўска-Познаньскай аперацыі.
Нямецкі горад Кюстрын быў заняты савецкімі войскамі ў сакавіку 1945 года ў выніку Вісла-Одэрскай аперацыі.
І, нарэшце, Зеялоў і Берлін прынеслі перамогу Савецкай Арміі ў гэтак званай Зеялоўска-Берлінскай аперацыі, якая пачалася 16 красавіка і скончылася 8 траўня 1945 года перамогай над нацыстамі.
Таму адлюстраванне на памятным знаку ў гонар аперацыі “Баграціён” гарадоў Варшава, Кюстрын, Зеялоў, Берлін – чыстай вады хлусня.
Паводле спадара Валерыя Кандраценкі, на памятных знаках, прысвечаных ваенным аперацыям, – бітве пад Масквой, Сталінградскай, Курскай бітвах і іншых – абявязкова павінен быць Берлін. І Жукаў!
Жукаў? А дзе генералісімус?
Калі скульптар Валеры Кандраценка змясціў Георгія Жукава на памятным знаку аперацыі “Баграціён”, то гэта значыць толькі адно – ён павінен быць змешчаны на ўсіх паспяховых ваенных аперацыях Чырвонага Войска ў Другой сусветнай вайне.
Ён жа кіраўнік усіх франтоў! Але тады дзе генералісімус Сталін? Ён жа таксама кіраўнік над усімі кіраўнікамі – кіраўнік краіны, кіраўнік франтамі і аперацыямі. Тут я пагаджуся з заявай левых арганізацый Беларусі, што аўтар гістарычна непраўдзівы, не змясціўшы Іосіфа Сталіна, - “арганізатара гістарычнай перамогі Савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў цэлым і ў аперацыі “Баграціён” у прыватнасці”.
Скульптар Валеры Кандраценка, змясціўшы Жукава і не змясціўшы Сталіна, трапляе ў ідэалагічны палон нашага часу. А менавіта: Сталін – гэта кат савецкага народа, які рэпрасаваў мільёны савецкіх грамадзян. Але ж перамога здабыта, калі ён, Сталін, кіраваў СССР! Таму класічны падыход не спрацаваў на карысць Сталіна.
А вось рэгіянальны падыход на карысць Жукава працуе! Ён прыязджаў падчас аперацыі “Баграціён” у нашу мясцовасць. Быў тут тройчы. Двойчы: каля лініі фронту, у стаўцы 65-арміі; аднойчы – у вёсцы Гамза падчас развіцця наступу.
Ракасоўскі, Батаў, Паноў, а дзе Аляксееў?
Выбар на карысць скульптур Ракасоўскага, Батава, Панова на памятным знаку ў гонар аперацыі “Баграціён” зразумелы толькі паводле рэгіянальнага, парыцкага падыходу да адлюстравання падзеі. Ракасоўскі - камандуючы 1-ым Беларускім фронтам, Батаў – камандуючы 65-й арміяй 1-га Беларускага фронту, Паноў – камандуючы 1-ым гвардзейскім танкавым корпусам 65-й арміі. Гэтыя падраздзяленні ўдзельнічалі ў прарыве праз гаці, пракладзеныя па балоце Брыцкі Мох, паўднёвей Парыч паміж вёскамі Пятровічы і Мартынаўка. Але калі аўтар са спіса камандуючых падраздзяленнямі 65-й арміі выбірае толькі тых, хто звязаны з гацямі, то чаму на памятным знаку няма камандуючага 105-га стралковага корпуса генерала-маёра Дзмітрыя Аляксеева?
Яго салдаты 114-га гвардзейскага палка 37-й гвардзейскай стралковай дывізіі першымі прайшлі цераз гаці, а потым і салдаты 303-га стралковага палка 69-й стралковай дывізіі. І яго інжынерныя часткі 69-й і 37-й гвардзейскіх стралковых дывізій адбудавалі гаці і мацавалі іх пакуль ішла артылерыйская падрыхтоўка. Дарэчы, гаці!
Фальшывы Іосіф Сталін
У мемарыяльны комплекс “Баграціён” уваходзіць фрагмент гацей, на якіх стаіць танк ІС-3 (Іосіф Сталін-3).
Ёсць такое паняцце - “гістарычная рэканструкцыя”. Яно азначае максімальную набліжанасць да рэальнай падзеі, якую людзі жадаюць адлюстраваць. У нашым выпадку гэта факты пра аперацыю “Баграціён”. Калі аўтары збіраюцца ў мемарыяльным комплексе “Баграціён” прытрымлівацца прынцыпу гістарычнай рэканструкцыі, то танк ІС-3 – выпадае з кантэксту.
Агульнавядома, што танкі ІС-3 не прымалі ўдзел у баявых дзеяннях Другой сусветнай вайны.
7 верасня 1945 года танкі ІС-3 прынялі ўдзел у Берлінскім парадзе саюзных войскаў у гонар перамогі ў Другой сусветнай вайне ў складзе частак Чырвонай Арміі, дзе зрабілі моцнае ўражанне на заходніх саюзнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі.
Ёсць яшчэ адна нагода абаронцам гістарычный праўды Вялікай Айчыннай вайны паставіць адзнаку “хлусня” дылетантам, што ўпіхнулі танк ІС-3 у мемарыяльны комплекс “Баграціён” у Светлагорскім раёне.
Віктар Раманцоў.
13.5.2016 год.
Крыніца: https://dobramir333.livejournal.com/27903.html