Жыхару Светлагорскага раёна Гаўрыле Кандрацьевічу Зыкуну ў 2007 годзе споўнілася 103 гады. Ён не толькі найстарэйшы жыхар Светлогоршчыны, але і апошні жыхар вёскі Ала нашага раёна, спаленай фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны.
Тры класы на ўсё жыццё
Жыхару Светлагорскага раёна Гаўрыле Кандрацьевічу Зыкуну ў 2007 годзе споўнілася 103 гады. Ён не толькі найстарэйшы жыхар Светлогоршчыны, але і апошні жыхар вёскі Ала, спаленай нацыстамі пад час Другой сусветнай вайны.
Гаўрыла Кандрацьевіч Зыкун нарадзіўся прыкладна ў 1904 годзе, у вёсцы Ала. Дакладнай даты свайго нараджэння доўгажыхар раёна, на жаль, не памятае. У сям’і Зыкуноў было сямёра дзяцей. Адукацыю Гаўрыла Кандрацьевіч атрымаў, дзякуючы дзядзьку.
“Я ні аднаго класа не скончыў. Дзядзька мой быў пісьменны чалавек. Ён мне купіў грыфель, і я хадзіў да яго на ўрокі”, - распавядае ён.
Дзядзькавы высілкі навучыць пляменніка пісаць і лічыць не прайшлі дарма.
“Калі ў вёсцы ў нас з'явілася настаўніца, якая скончыла 4 класа, так я нават больш яе ведаў”, - не без гонару кажа доўгажыхар Светлогоршчыны.
Нарэшце, маладому Гаўрыле Зыкуну выдалі дакумент аб заканчэнні 3-х класаў, з якімі ён прайшоў праз усё жыццё.
“На вайну ісці не думаў…”
Гаўрыла Кандрацьевіч Зыкун працаваў тэхнікам-лесаводам, потым скончыў раённую калгасную школу брыгадзіраў і вырашыў уступіць у шэрагі Камуністычнай партыі. У 1939 годзе Гаўрылу Кандрацьевіча Зыкуна як партыйнага актывіста, кандыдата ў члены КПСС адправілі выканаць першае адказнае заданне: дапамагчы “ўз’яднанню” Заходняй і Усходняй Беларусі. Наш зямляк тыя падзеі называе вайной з суседняй краінай.
“У 1939 годзе была вайна з Польшчаю, - успамінае ён. - Мяне як актывіста паслалі туды ў складзе падраздзялення цяжкай артылерыі. Мы праехалі 50 кіламетраў, але наша дапамога не спатрэбілася”.
Вайна скончылася перамогай СССР, які атрымаў значную частку тэрыторыі Беларусі, Украіны, некалі адваяванай палякамі.
Камуністычная партыя Гаўрыле Зыкуну дала новае заданне, адправіўшы на іншую крывавую вайну - Савецка-фінскую. Як гаворыць доўгажыхар, запісалі ў дакументах распаўсюджаную па тым часе фармулёўку: “дабраахвотнік”.
Паваяваць у Савецка-фінскай вайне (1939-1940 гг.) Гаўрыле Зыкуну давялося нядоўга. Патрапіў у выведку і ўжо на пяты дзень атрымаў раненне ў нагу. Пакуль праляжаў у шпіталі ў Ленінградзе - вайна скончылася. Гаўрыла Кандрацьевіч кажа, што ў Савецка-фінскай вайне загінула салдат больш, чым у Афганістане.
“Нашы салдаты былі неспрактыкаваныя, - гаворыць Гаўрыла Зыкун. - Паслалі маладняк, кадравых вайскоўцаў сярод іх было мала. Зараз чамусьці пра “фінскі фронт” ніхто не піша”.
Першыя ахвяры Другой сусветнай
Вялікую Айчынную вайну Гаўрыла Зыкун сустрэў у сваёй роднай вёсцы, але ўжо на пасадзе старшыні калгаса. Як партыйны актывіст атрымаў заданне ад вышэйшага кіраўніцтва краіны: застацца на акупаванай тэрыторыі Беларусі для стварэння партызанскага падполля.
“Калі пачалася вайна, - распавядае Гаўрыла Зыкун, - і стала зразумела, што фашысты акупуюць раён, да нас прыбыў начальнік пашпартнага стала Парыцкага раёна Казлоў. Ён быў родам з вёскі Дворышчы. Былі там і вайскоўцы: памятаю афіцэра з прозвішчам Вялічка родам з горада Горкі. Мы вырашылі абсталяваць ім зямлянку ў ляску за вёскай”.
Узімку партызаны перабраліся на пэўны час пагрэцца ў хатку-бытоўку на ўскраіне вёскі. Хтосьці заўважыў іх і данёс немцам. Карнікі разам з паліцаямі прыехалі з боку Здудзіч, пабудову абкружылі і ўсіх, хто там быў, перастралялі.
Ледзь не стаў паліцаем
Гаўрыла Зыкун пасля гэтага выпадку працягваў жыць у вёсцы Ала, не хаваўся і шукаў сувязі з партызанамі. Яму пашчасціла звязацца з атрадам “Смерць фашызму”, у якім знаходзіўся яго стрыечны брат Адам Фёдаравіч Дзікун.
Аднойчы паступіла заданне ад партызана здабыць мёду. Гаўрыла Зыкун пайшоў у Здудзічы. Там нечакана быў арыштаваны паліцаямі. Высветлілася, адзін з жыхароў гэтай вёскі па прозвішчы Курловіч у Гаўрыле Кандрацьевічу прызнаў суддзю. Выратаваў Гаўрылу Зыкуна дакумент аб адукацыі і перакладнік, які працаваў у немцаў.
“У мяне быў дакумент пра тры класы адукацыі, - распавядае Зыкун. - Перакладнік па прозвішчы Сокур растлумачыў немцам, што не мог я з такой адукацыяй быць суддзёй. Даносчыка ў маёй прысутнасці пакаралі - пабілі бізунамі. Немцы не любілі тых, хто ім хлусіў. Пасля вайны я шукаў гэтага Сокура з вёскі Высокі Полк, але не знайшоў”.
За выратаваннем для Гаўрылы Кандрацьевіча чакала новае, больш сур’ёзнае выпрабаванне. Мясцовыя паліцаі прапанавалі яму ісці працаваць да іх. Адмовіцца было немагчыма, бо просьба паступіла ад сваяка. Гаўрыла Зыкун прыняў рызыкоўнае рашэнне: па шляху на новую працу збег. Цяпер знаходзіцца яму ў Але было небяспечна.
“Я ведаў, што паліцаі будуць мяне шукаць, што я на ўліку, таму прыходзіў дахаты толькі па начах”, - успамінае Зыкун.
Як спалілі вёску
Гаўрыла Зыкун сцвярджае, што ўжо ўвосень 1943 года ў наваколлі не засталося партызанскіх атрадаў. Яны перайшлі лінію фронту, каб прыняць удзел у вызваленні тэрыторыі Беларусі ад захопнікаў. Як адбылася спаленне вёскі Ала, Гаўрыла Зыкун памятае толькі па аповядах відавочцаў. У той трагічны дзень ён знаходзіўся за чатыры кіламетры ад вёскі ў лесе.
“Фашысты развесілі загад, у якім гаварылася, што ўсе, хто застанецца ў лесе, будзе расстраляны, - распавядае ён. - Немцы да таго часу эвакуявалі ўсе вёскі. Гэта была прыфрантавая паласа. Засталася толькі вёска Ала, дзе хаваліся людзі па 20-30 чалавек у кожнай хаце”.
14 студзеня 1944 года немцы атачылі вёску, сказалі ўсім збірацца для эвакуацыі ў вялікай калгаснай адрыне, рэчы не браць. Адрына знаходзілася за 200 метраў ад вёскі. Разам з гітлераўцамі людзей вадзілі мясцовыя паліцаі. Адзін з іх меў прозвішча Войценка і быў родам з вёскі Дзеднае.
- Калі немцы і паліцаі сабралі ўсіх, сказалі тым, хто з крайніх хат: ідзіце за рэчамі, - кажа Гаўрыла Зыкун. - Тыя пайшлі браць рэчы, а нацысты іх зачынілі ў хаце і падпалілі. Астатнія людзі думалі, што іх там эвакуююць. А калі зразумелі, што іх забіваюць, выламалі дзверы ў адрыне і давай бегчы. Немцы пачалі страляць з кулямёта. Адна жанчына з хлопчыкам і мужчына выратаваліся, зваліліся паміж мёртвых. У нас быў такі Арцём Усціменка, калі яго хату падпалілі, ён змог выратавацца, і ўсё бачыў. У гэты дзень загінулі мая маці, жонка брата. Засталіся жывымі толькі тыя, хто не быў дома.
Дайшоў амаль да Берліна
Гаўрыла Зыкун разам з жонкай, дзецьмі, бацькам, родным братам з жонкай да прыходу савецкіх войскаў хаваліся ў лесе і баяліся, што гітлераўцы іх знойдуць і расстраляюць.
Аднойчы Гаўрыла Зыкун адважыўся разам з жонкай і дзецьмі пайсці паглядзець, што адбываецца ў вёсцы. Калі падышлі да рэчкі Ала, заўважылі немцаў у белых маскіравальных вопратках.
“А рэчка яшчэ пасярэдзіне не замерзла, куды нам дзецца? - распавядае Гаўрыла Зыкун. - Так я дзяцей на зямлю паклаў, коўдрай накрыў. У гэты час снег пайшоў моцны. Сам адламаў добрую жэрдку, і мы з жонкай перепаўзлі раку па лёдзе. У мяне была граната. Думаю, у крайнім выпадку, калі да ракі падыдуць, кіну гранату. Немцы не пайшлі, толькі сабака прыбегла, панюхала, дзяцей не знайшла і пабегла назад”.
Вярнуўшыся ў лес, сямейства Зыкунов не знайшлі ні бацькі, ні брата з жонкай. Пазней даведаліся, што іх знайшлі ў лесе немцы і расстралялі. Іх целы пахаваныя ў братэрскай магіле каля колішняй вёскі Ала.
Пасля вызвалення Парыцкага раёна Гаўрыла Зыкун быў прызваны ў Савецкае Войска і дайшоў амаль да Берліна. Сам настаяў, каб забралі на фронт, хоць меў “бронь”. Пасля вайны 40 гадоў працаваў лесніком, займаўся бортніцтвам.
5.05. 2007 г.
Крыніца:
https://dobramir333.livejournal.com/4568.html