У 2012 г. праведзены археалагічныя абследаванні ў Жлобінскім і Светлагорскім раёнах Гомельскай вобласці: у Жлобінскім раёне — у г. Жлобін, у Светлагорскім — у г. Светлагорск і в. Краснаўка (Краснаўскі сельскі савет). Агульнай мэтай было папаўненне гісторыка-археалагічных звестак па гэтых раёнах.
Жлобін у апошнія гады стаў трэцім па колькасці насельніцтва горадам Гомельскай вобласці, што павышае актуальнасць вывучэння ўсіх гістарычных этапаў яго развіцця. Ранняя гісторыя Жлобіна пакуль даследавана мала, у тым ліку не высветлены абставіны заснавання паселішча. Аб’ектамі абследаванняў з’яўляліся замчышча (мал. 1) і селішча ў межах горада.
Падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гг. наказны гетман Войска Запарожскага І.Н. Залатарэнка, які ваяваў на маскоўскім баку, у лісце ад 15 ліпеня 1654 г. паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Сгрэшын, Рагачоў, Горваль) [1, с. 137]. Іншых пісьмовых звестак пра замак не маецца [2, с. 152]. Замак Злобін суадносяць з сучасным г. Жлобін. У такім разе тэту дату можна лічыць першай пісьмовай згадкай аб Жлобіне. У шэрагу іншых дакументаў 1654-1655 гг., якія тычацца ваенных дзеянняў, Злобін згадваецца як мястэчка, ці нават сярод гарадоў [1, с. 83, 100, 137, 424, 433, 710]. Такім чынам, у сярэдзіне XVII ст. гэта было паселішча гарадскога тыпу. Аднак магчыма, што у XVIII ст. Злобін зменшыўся да памераў сяла, таму што пасля далучэння да Расійскай дзяржавы статус мястэчка быў нададзены яму толькі ў 1818 г.
На картах 1772, 1776, 1799 г. ёсць Вышні Жлобін і Ніжні Жлобін: Vysz. Zlobyn, Nis. Zlobyn (параўн. з сучасн. польск.: niski — нізкі). Адзін з іх наказаны ніжэй г. Рагачоў па р. Дняпро і суадносіцца з сучасным г. Жлобін; другі — вышэй Рагачова. Відавочна, укладальнікі пераблыталі «Вышні» і «Ніжні», таму што пункт вышэй Рагачова пазначаны як «Nis.», і наадворот (памылка магла ўзнікнуць у выніку таго, што карты выдавалі ў Заходняй Еўропе) [3; 4, с. 121; 5]. Акрамя таго, у 1772, 1776 г. паказаны таксама Жлобін (Zlobyn) на p. Бярэзіна, вышэй Горвалі, сучаснай вёскі Рэчыцкага раёна. Гэта значыць, картаграфічныя крыніцы не даюць адназначнага пацвярджэння таму, дзе мог знаходзіцца Злобін, які згадваецца ў 1654-1655 гг.
Буйнамаштабныя карты 1853, 1899, 1913 г. (па рэкагнасцыроўцы 1866 г.) і фота пачатку XX ст. паказваюць, што гістарычная частка Жлобіна размешчана паміж Свята-Траецкім саборам, р. Дняпро, ранейшым ручаём Чорначка (прыток Дняпра, цяпер у калектары) і шляхам Рагачоў-Рэчыца (зараз вул. Маркса) [6—8]. Паводле вынікаў апытання мясцовых жыхароў, гэта тэрыторыя была забудавана (пераважна аднапавярховымі дамамі) і па сваім значэнні з’яўлялася цэнтрам горада аж да Вялікай Айчыннай вайны. Падчас вайны забудова тут была разбурана, а ў далейшым закладзены гарадскі парк культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі».
На гэтай тзрыторыі ў 1983 г. М.А. Ткачоў выявіў і абследаваў замчышча і селішча. На замчышчы размешчаны сучасны будынак — спартыўная школа, і школьны стадыён. Селішча знаходзіцца паміж замчышчам і р. Дняпро, на ім размешчаны парк. На селішчы М. Ткачоў выявіў культурны слой таўшчынёй да 1 м і кераміку XIV-XVII стст. [9, с. 407-408].
У 2012 г. на селішчы абследаваны ўчастак паверхні культурнага слоя агульнай плошчай каля 5150 м2 і сабраны паверхневы матэрыял. Найбольш раннія знаходкі — ляпная кераміка железнага веку. Яна выяўлена ў Жлобіне ўпершыню. На некаторых фрагментах маецца арнамент у выглядзе штрыхоўкі, якая нанесена па ўсёй паверхні. Гэтыя знаходкі адносяцца да канца 1-га тысячагоддзя да н. э. — пачатку I тысячагоддзя н. э.
Асноўная частка знаходак адносіцца да XVI — пачатку XX ст. Найбольш частыя знаходкі — ганчарная непаліваная кераміка XVI-XVIII стст., цёмна-шэрага колеру, які атрыманы задымліваннем. Паверхня неглянцаваная, таўшчыня сценак 0,1-0,8 см, донцаў — да 0,9 см. Сустракаецца паліваная кераміка жоўтага, зялёнага, карычневага і шэрага колераў. Профілі фрагментаў сценак маюць таўшчыню 0,1— 0,4 см, донца — да 0,7 см. Радыус буйнога фрагмента донца — 7,4 см. Вылічаны знешні дыяметр двух венчыкаў — 8,7 см (куфаль, карычневы) і 13 см (міска, жоўта-зялёная).
На селішчы знойдзены фрагменты глінабітных збудаванняў. Яны маюць плоскую паверхню з аднаго боку без слядоў апрацоўкі, у тоўшчы — шматлікія сляды саломы, з унутранага боку — сляды абпальвання. Верагодна, адносіліся да глінабітных нечаў, магчыма — да печак-домніц, што суадносіцца са шматлікімі знаходкамі жужалю. На тэрыторыі селішча часта сустракаецца жужла, што паказвае на існаванне мясцовай металургічнай вытворчасці.
Сярод знаходак — фрагменты глінянай абмазкі сцен, якія маюць плоскую роўную паверхню з абодвух бакоў, без слядоў абпальвання і дамешак саломы. На некаторых фрагментах — сляды апрацоўкі, якая рабілі, верагодна, пучком сена па знешнім баку, па ўсёй паверхні. Таўшчыня фрагментаў — да 1,8 см. Магчыма, абмазку наносілі на замкавыя сцены. Па пісьмовых крыніцах вядома, што гліняную абмазку мелі, у прыватнасці, драўляныя замкі Гомель, Рэчыца, Стрэшын, якія існавалі ў адзін час з замкам Злобін. Знойдзены таксама невялікія фрагменты кафлі (румпы).
Абследаваны і адхілы замчышча. Паверхневы матэрыял на іх аналагічны матэрыялу з селішча. Знойдзены таксама каваны цвік-ухналь даўжынёй 2,5 см.
Атрыманыя матэрыялы дазваляюць зрабіць наступныя высновы. Паселішча на месцы Жлобіна існавала яшчэ ў жалезным веку. Знаходкі, якія суадносяцца з г. Жлобін, належаць у асноўным да часу, пачынаючы з XVI ст. Абранню месца для заснавання Жлобіна спрыялі, відавочна, прыблізна аднолькавая адлегласць да суседніх замкаў па Дняпру — Рагачова і Стрэшына, і зручны ўчастак для прыстані (вышэй і ніжэй па беразе — працяглая забалочанасць). Незабудаваная тэрыторыя селішча дае магчьшасць працягваць даследаванні, у тым ліку праводзіць шурфоўку і раскопкі.
Абследаванне ў г. Светлагорску (да 1961 года г. п. Шацілкі) выконвалася на селішчы Шацілкі як працяг аналагічнай працы, праведзенай у 2011 г. Задачай з’яўлялася вызначэнне тэрыторыі паселішча з XVII ст., пасля яго выхаду за межы першапачатковай забудовы — маёнтка Шацілінскі Востраў. Паміж каналам ад р. Бярэзіна і сядзібнай забудовай па вул. Новая сабраны паверхневы матэрыял. Знойдзены фрагменты непаліванага посуду XVII-XVIII ст., у асноўным цёмна-шэрага колеру, які атрыманы задымліваннем. Знаходкі паказваюць, што пасля пашырэння паселішча за межы Шацілінскага Вострава сяло Шапілавічы, пазней Шацілкі, забудоўвалася паміж пратокай ад р. Бярэзіна (сучасны канал) і Горвальскім трактам (сучасная вул. Савецкая).
У 2012 г. ад мясцовых жыхароў былі атрыманы звесткі пра тое, што ў в. Краснаўка, у двары індывідуальнага жылога дома, маецца камень з выявай крыжа (мал. 2). У сувязі з гэтым было праведзена абследаванне ў Краснаўцы. Вёска згадваецца ў 1844 г. ў Парыцкай воласці; адносілася да прыходу Каралеўская Слабада. У наш час размешчана ўздоўж правага берага старычнай затокі, якая па картаграфічных даных 1866 г. была рэчышчам Бярэзіны (сучаснае рэчышча насупраць вёскі знаходзіцца далей на ўсход). Каля Краснаўкі У.П. Ксяндзоў у 1974 г. выявіў і ў 1977 і 1981 г. даследаваў два паселішчы эпохі мезаліту; у 1983 г. Н.М. Дубіцкая абследавала курган [10, с. 340]. У вёсцы і наваколлях шмат валуноў, якія выкарыстоўваюць, у прыватнасці, для ўпрыгожвання тэрыторыі.
ІІры абследаванні ад уладальніка ўчастка, на якім знаходзіцца камень з крыжом, атрыманы таксама фрагмент глінянага сасуда, які быў знойдзены некалькі гадоў таму на гэтым двары. Фрагмент належыць да ляпнога посуду, з арнаментам у выглядзе дыяганальных насечак; адносіцца да сярэднедняпроўскай культуры бронзавага веку, другая палова 3-га — першая палова 2-га тысячагоддзя да н. э.
Па словах уладальніка, ён набыў дом у 2005 г., і валун знаходзіўся на гэтым самым месцы. Камень ляжыць на ускрайку двара, большая частка знаходзіцца ў зямлі; даўжыня — 65-70 см, шырыня — 50, таўшчыня — 25-30 см. Крыж высечаны на ўсю даўжыню і шырыню паверхні валуна.
Вясковыя могілкі знаходзяцца за 1 км ад валуна з крыжом, за 0,7 км ад ускрайку вёскі. У іх ёсць старая частка, дзе на месцы пахаванняў усталяваны валуны, на адным з іх надпісаны, верагодна, год (прачытаць не атрымалася). Выяў крыжоў на могілкавых валунах няма; верагодна, побач з імі былі драўляныя крыжы. Улічваючы адлегласць ад вёскі і дастатковую наяўнасць валуноў у мясцовасці, няма падстаў меркаваць, што камень з крыжом быў узяты з могілак для другаснага выкарыстання.
Суадносячы валун з крыжом з гістарычнымі і тапаграфічнымі данымі, якія маюцца па гэтай мясцовасці, можна меркаваць, што выява крыжа адносіцца да часу ўтварэння вёскі — XVIII — пачатку XIX ст. Яна магла быць высечана ў памяць аб падзеі — напрыклад, аб заснаванні паселішча, альбо пры закладцы валуна ў падмурак пабудовы. Такім чынам, Краснаўскі валун можна аднесці да памятных камянёў з крыжамі.
Варта адзначыць, што раней два падмуркавыя валуны з крыжамі былі знойдзены пры раскопках у в. Каралева Слабада-2, за 6 км ад Краснаўкі. У в. Здудзічы, за 22 км ад Краснаўкі, у 1993 г. быў выяўлены каменны крыж, які С.Я. Рассадзін адносіць да Х-ХІ стст. Усе адзначаныя паселішчы знаходзяцца ля р. Бярэзіны. Магчыма, шэраг гэтых знаходак указвае на існаванне мясцовай традыцыі каменных выяў.
Матэрыялы абследаванняў перададзены адпаведна ў Жлобінскі і Светлагорскі гісторыка-краязнаўчыя музеі.
Літаратура і крыніцы
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией: в 15 т. — СПб., 1863-1892. — Т. 14: 1654-1655 [гг.] (Дополнения к т. 3). — СПб., 1889. — 902 с.
- Ткачов, М. А. Замкі і людзі / М. А. Ткачоў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1991. — 184 с.
- Cane de la Pologne divisee par provinces et Palatinats et subdivisee par districts / construite d’apres quantite d’arpentages d’observations par J. A.B. Rizzi Zannoni. — Paris, 1772.
- ГістарычныатласБеларусі. — Варшава; Мінск: EEDC, 2008.-Т. -164 с.
- A Map of the Kingdom of Poland and the Grand Duchy of Lithuania including Samogitia and Curland. — London, 1799.
- Старая карта. Рогачев и окрестности. 1853 // Каг- ty.by [Электронны рэсурс]. — 2011. — Рэжым доступу: http://www.karty.by/2011/03/03/rogachew. — Дата доступу: 20.02.2013.
- Blatt 48-53 der Generalkarte von Mitteleuropa 1:200.000 der Franzisco-Josephinischen Landesaufnahme, Hsterreich-Ungarn. Die Blattmitte liegt bei 53° n.Br. und 48° o. L. (ostlich von Ferro). — 1899. — Рэжым доступу: http://upload.wikimedia.Org/wikipedia/commons/l/l 1/Roga- czew_-_48-53.jpg. — Дата доступу: 20.02.2013.
- Военно-ТопографическаякартазападнойчастиРоссийскойимперии. РядъЛистъ 8. Г. МогилевскойиМинской. — 1913. — Рэжымдоступу: http://kartolog. ru/2010/01/trexverstnaya-voennaya-topograficheskaya-karta- rossijskoj-imperii. — Датадоступу: 20.02.2013.
- Ткачев, М. А. Изучение средневековых памятников Белоруссии / М. А. Ткачев // Археологические открытия 1983 г.-М., 1985.
- Ксяндзоў, У. П. Веска Краснаўка, цэнтр сель- мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; рэдкал. савета / У. П. Ксяндзоў // Збор помнікаў гісторыі і куль- С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларус. Сав. туры Беларусі. Гомельская вобласць / АН БССР, ін-т Энцыкл., 1985. — 383 с.
Аўтар: Т.В. Маслюкоў
Крыніца: Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2014. — Вып. 25. Вынікі даследаванняў першабытных і сярэдневяковых старажытнасцей Беларусі ў 2011–2012 гадах. Ст. 337 — 340.
Т.V. Masliukou
Archaeological studying in Zlobin and Svietlahorsk districts in 2012
When an archaeological survey in the town Zlobin found Iron Age pottery and finds from the time since the 16th century In Svietlahorsk District specified area of the village Sacilavicy (now town Svietlahorsk) in 17 : —18th centuries, also found boulder with a cross in the village Krasnauka.