Найти тему

Светлагорск: у чым твае ідэалы?

Оглавление

Горад — гэта не проста месца пражывання людзей,
гэта адлюстраванне душы гараджан ва ўсiм, што змешчана на яго вулiцах.

Горад са светлым іменем

Амаль у сэрцы горада ля Гарадскога цэнтра культуры ёсць стэнд з надпiсам: “Светлагорск – наш горад”1.

-2

Сёння кожны жыхар горада на Бярэзiне называе сябе светлагорцам. Але 43 гады таму такога населенага пункта не было на мапах Беларусi. Людзi, прыехаўшы сюды жыць напрыканцы 1950-х – пачатку 1960-х гадоў ХХ ст., заклалi “новы” падмурак для повязi з гэтай зямлёй i далi ў 1961 годзе яму новае iмя – Светлагорск.

Будаваць горад людзi з’ехалiся з усiх куткоў Савецкага Саюза па закліку камсамола. Светлагорск – гэта горад, у якім жывуць пераважна адарваныя ад геаграфiчных, родавых вытокаў людзі. I iм няма ніякае справы да тутэйшых назваў, культуры, гiсторыi.

На працягу ўсяго часу iснавання Светлагорска новы назоў горада трывала замацаваўся сярод гараджан. Большасць светлагорцаў нiколi не атаясамлiвалi сябе з ранейшым – Шацiлкi, якi чамусьцi навявае ў іх думкi аб “забітасцi” і “галечы”. Для светлагорца “Шацiлкi” заўсёды гучала па-сялянску.

Сёння Шацiлкi – гэта назоў пятага мiкрараёна ў цэнтры горада. Так яшчэ карэнныя шацiлкаўцы называюць старую (дасавецкую) частку горада.

У 1989 годзе ў цэнтры горада з’явiўся камень, што аднаўляў сувязь з паселiшчам, з якога вырас горад. На камянi быў зроблены надпiс у гонар 350-годдзя Шацiлак: “Нашчадкам, каб памяталi. 350. 1639-1989. в. Шацiлкавiчы г. Светлагорск.”2 (Шацiлавiчы-Шацiлкавiчы – гэта больш старадаўнія назовы паселiшча.) Але ў тым жа годзе гараджане адшукалi новую дату першага згадвання Шацiлак у пісьмовых крыніцах – 1560 год, і ўсе звесткi на камянi “састарылiся”. Памылковая інфармацыя аб узросце горада, паглыбляе канфлiкт тутэйшага чалавека з мінуўшчынай. Бо памылку можна зразумець як насмешку з гэтага месца. Хiба чалавек пакiдае памылкова напiсаны назоў вулiцы? А тут iнфармацыя тычыцца ўзросту горада.

-3

Тутэйшы чалавек, які адмаўляе мінулае Шацілак, як папярэдніка Светлагорска, адмаўляе сучасныя Шацілкі – сам Светлагорск. Ён знаходзіцца ў заўсёдным канфлікце з месцам свайго пражывання, самім сабою. Не самаідэнтыфікаваўся, не спазнаў тутэйшую зямлю, таму не можа быць спадкаемцам Светлагорска. Ён – “часоўнік”, які знаходзіцца ў заўсёдным бадзянні.

Ад “грэкаў” да сонцапрыхільнікаў

Спачатку сiмвалам свайго горада ў якасці герба светлагорцы выбралi грэцкага Праметэя3. Іх прывабіла легенда аб свабодалюбівым грэцкім тытане, які не паслухаўся багоў, скраў у ix агонь i аддаў яго людзям. Ва ўчынку Праметэя ўбачылі сувязь з тутэйшай электрастанцыяй, якая таксама дала свой “агонь” (электрычнасць) людзям і штуршок да развiцця горада.

-4

Але напрыканцы 1990-х герб “Праметэй” забракавалі менскія геральдысты. Ён не ўпiсаўся ў геральдычныя законы: быў занадта грувасткі і нагадваў агітплакат. Сёння скульптура Праметэя натхняе тутэйшага жыхара ля Палаца культуры энергетыкаў. З аднаго боку светлагорцы гэтым паказалі касмапалiтызм свайго мыслення, а з iншага - зашэранасць савецкай прапагандай, якой падабаўся герой грэцкiх мiтаў, што скраў агонь дзеля народа і пайшоў супраць волi багоў.

У нiшах Палаца культуры энергетыкаў змешчаны мужчына i жанчына –пралетарыi, на якiх савецкая ўлада ўскладала мiсiю па вызваленнi людзей ад класаў. Iх рэалiстычныя рысы падкрэслiваюць працавiтасць тутэйшых жыхароў, наданне iм боскiх якасцей, прыхiльнасць да атэiзму-сацыялiзму. Па класiчных канонах у нішах павiнны стаяць скульптуры багоў.

-5
-6

На ў’ездзе ў горад ад шашы Парычы-Рэчыца стаяць дзве скульптуры: жанчыны i мужчыны. Мужчыну называюць таксама Праметэем — ён трымае ў руцэ агонь, жанчыну — Нiкай.

-7

-8

Iранiчна светлагорцы называюць iх яшчэ “Якабсонам”4 i “Просiнай”5, таму што скульптуры былi ўсталяваны пры гэтых кiраўнiках горада i раёна. Жанчына падкрэслiвае прыгажосць, маладосць горада, а Праметэй — iдэю святла, дадзенага людзям. Гэта сiмвалы ўвасаблення прыйсця светлага часу, нараджэння чалавека як узору прыгажосцi i чысцiні.

Ля школы мастацтваў стаiць скульптура пад назовам “Маладосць”.

-9

У 1980-х, калі ў горадзе пачала квітнець наркаманія, гэту скульптуру моладзь называла “на ігле”. Яна нагадвае аб жаданні светлагорцаў жыць у вечна маладым горадзе, таму, напэўна, і святкуе штогод дату перайменавання Шацілак у Светлагорск. Але гэтая дата пераваліла за 40 гадоў, і ўжо цяжка тутэйшым жыхарам “упіхваць” міт аб маладосці горада.

У 2000 годзе быў прыняты сучасны герб і сцяг Светлагорска — “Сонца”.

-10

I тут адшукалі прамую сувязь з электрастанцыяй. Сонца дае святло i жыццё, электрастанцыя таксама служыць крыніцай святла i цяпла для тутэйшых жыхароў. Хаця Сонца — гэта магутны сiмвал жыцця, абнаўлення i ўваскрашэння. Ва ўяўленнi ўсiх народаў агонь — гэта стыхiя ачышчэння. Калi сыходзiць з веры ў тое, што рай, чысцец i пекла размяшчаюцца на Зямлi, то паводле герба, Светлагорск – гэта чысцец.

Светлагорск з аднаго боку захаваў шмат сведчанняў былой савецкай эпохі, з іншага — месца ўнiкальнае, своеасаблiвая Вандэя6 мiнулай сацыялістычнай iдэалогii. Дзе вы яшчэ бачылi горад, у якiм нiколi не стаяў помнiк Ленiну! Праўда, бронзавага Ільіча адлiлi, але паставiць так i не паспелi. Ляжыць сабе недзе ў раёне7.

-11

Ёсць яшчэ памiж будынкамі пятай i шостай школ скульптура хлопчыка, як мяркуецца Валодзi Ульянава.

-12

Але светлагорцы не ўпэўнены, што гэта ён. Твар хлопчыка знешне нагадвае твар Валодзi з колiшняга акцябрацкага значка. На пачатку 1990-х хлопчыка нехта аблiў фарбай, але гэта не кранула гараджан. Тутэйшыя жыхары — не схiльныя да прымання палiтычных iдэалогiй i не прытрымлiваюцца веры ў iх сiмвалы.

Апалiтычнасць светлагорцаў можна аспрэчыць, звярнуўшы ўвагу на назовы вулiцаў, якiя захавалi шматлiкія сведчанні савецкага часу. Але гараджане да iх альбо нiяк не ставяцца, альбо ставяцца iранiчна. Напрыклад, што могуць сказаць жыхару назовы вулiц 50 год Кастрычнiка, Свярдлова, Калiнiна, Ленiна, Савецкая? Толькi аб незваротна знiклым мiнулым. Яны страцiлi сваю значнасць i не атрымалi зменаў па прычыне параненай, амаль разбуранай беларускай памяцi ў тутэйшых людзей, якія пераважна засталiся з постсавецкай памяццю. У Светлагорску мала назоваў вулiцаў, якiя захоўваюць сваю самабытнасць, каларытнасць i абгрунтаванасць. Большасць вулiцаў нагадваюць аб няспраўджанай савецкай мiнуўшчыне i вынiках палiтыкi русiфiкацыi, якая працягваецца да гэтага часу.

Адзiная скульптура, якая захавала прыкметы мiнулай савецкай эпохi, стаiць ля прадпрыемства “Хiмвалакно”.

-13

Гэта мужчына на фоне сярпа i молата, лязо сярпа ператвараецца ў след ракеты, якая ўзнiмаецца ў касмiчныя вышыні8. У супольнасцi рабочых i сялян нараджаецца новы чалавек — пакаральнiк космасу. Сёння яе можна патлумачыць так: толькi ў калектыўнай камуністычнай супольнасцi можна дасягнуць вяршынь. Гэта стандартная скульптура, якiя сотнямі тысяч ставiлi падчас існавання СССР, i сведчыць аб няздзейсненых савецкіх iдэалах.

У пяці месцах горада ёсць помнiкi загiнулым воiнам пры вызваленнi нашага раёна ў гады Другой сусветнай вайны: у мiкрараёне “Кастрычнiцкi”, дзе пахаваны Герой Савецкага Саюза Пятро Мiрашнiчэнка, на набярэжнай у скверы, побач чыгуначнага вакзала, на Шацiлкаўскiх могiлках, ля чыгуначнага маста. На брацкiх магiлах стаяць помнікі. Ля Гарадскога цэнтра культуры ўздоўж алеi стаяць бюсты дзевяцi Герояў Савецкага Саюза. Тутэйшыя жыхары вельмi шануюць людзей, якiя загiнулi пры вызваленнi iх зямлi ад захопнiкаў падчас Другой сусветнай вайны. З іншага боку – гэта данiна канонам савецкай прапаганды, бо бюст вядомаму чалавеку звычайна ставіцца на вуліцы, названай яго iменем. У Светлагорску ў гонар дзевяцi Герояў Савецкага Саюза, загiнулых пры вызваленнi Светлагорскага раёна ў гады Другой сусветнай вайны, ёсць названыя вулiцы, вiсяць шыльды на iх i яшчэ стаяць бюсты ў цэнтры горада.

У той жа час няма нiводнай вулiцы, названай у гонар ураджэнцаў раёна – Героя Савецкага Саюза Пятра Стэфаноўскага9. Вось яшчэ адна прыкмета пэўнай “дыскрымiнацыi”, грэбавання тутэйшага, карэннага, мясцовай самабытнасці, адметнасці края. Кiдаецца ў вочы засяроджанне ўвагi толькi на адной вайне – Другой сусветнай, хаця на тэрыторыi Светлагорскага раёна праходзiлi iншыя войны, героi якiх нiяк не адзначаны мясцовай урбанiмiкай.

Ля набярэжнай ракi Бярэзiны стаіць абеліск савецкiм салдатам, якiя загiнулi ў Афганiстане. Тутэйшыя людзi здольны ахвяраваць сабой у iмя iнтарэсаў iншых народаў. Увогуле, iм уласцiва суцэльнае ахвяраванне ўласным, беларускiм дзеля iнтарэсаў рускай, постсавецкай культуры.

Архітэктурны сімвал горада - шаснаццаціпавярхоўка

Дзiва, але за савецкі перыяд гісторыі Шацілак-Светлагорска тутэйшыя жыхары так i не здолелi стварыць чагосьці значнага, адметнага ў яго архiтэктуры. Большасць будынкаў города — стандартныя плiтавыя або цагляныя каробкi, якiх шмат i ў iншых гарадах Беларусi.

Архiтэктурны сiмвал Светлагорска — шаснаццацiпавярхоўка. Гэта самы высокi будынак у горадзе.

Аб чым гаворыць гэты сімвал горада? Архiтэктурная прастата, прымiтыўнасць, беднасць уяўлення i фантазii. Духоўная сутнасць светлагорцаў, якая прачытваецца ў гэтым сiмвале горада, — гэта высокi духоўны патэнцыял (iмкненне да вышынi), адсутнасць гармонii, хаатычнасць, безгустоўнасць (дом не ўпiсваецца ў агульную архiтэктурную прастору), перавага калектыўнага над iндывiдуальным (дом злучаны з iншымi дамамi i з’яўляецца часткай архiтэктурнага ансамбля).

У апошнiя дзесяцiгоддзі вылучаюцца будынкi, якiя належаць рэлiгiйным канфесiям. Аднак некаторыя з іх выкананы па iснуючых праектах, рэалiзаваных у iншых гарадах. Яны не ўтрымлiваюць iндывiдуальнай непаўторнасцi — не iснуюць у адзiнкавым варыянце. Напрыклад, Сафiйскi сабор, Спаса-Еўфрасiннеўская, Барысаглебская цэрквы — гэта архiтэктурныя вiзiтоўкi Беларусi для ўсяго свету.

У Светлагорска няма свайго адметнага архiтэктурнага аблiчча. Будынкі Гарадскога цэнтра культуры ёсць у Пiнску, Гомелi, гандлёвага цэнтра — у Жлобiне, Гомелi. У мiкрараёнах “Кастрычнiцкi”, “Першамайскi”, “Моладзевы” — тройчы паўтараецца размяшчэнне дамоў (беднасць фантазii). Нават дамы, пабудаваныя ў апошнiя гады з адвольнай планiроўкай не кранаюць вока сваёй знешнасцю.

Чаму так сталася, што творчы палёт архiтэктараў, якiя будавалi Светлагорск, трапiў за краты ўбоства, спрошчанасцi i прымiтыву? Можа, яны палiчылi, што для ўчарашнiх свiнарак i даярак навакольных вёсак, разам з прыйшлымi пралетарыямi гэтыя каробкi мусяць падасца раем на зямлi? У той час, калi пачынаў будавацца горад, так i было. Але сёння, пазiраючы на гэтыя дамы, прыходзiць думка, што ў пагонi за хуткасцю ўводу жылля, тутэйшы чалавек забыў аб самым галоўным — прыгажосцi, гармоніі.

Плошча

Цэнтральная плошча — гэта твар кожнага горада. А твар — гэта люстра душы. Плошча — гэта духоўная сутнасць, душа людзей, якiя жывуць у гэтым горадзе. Плошча паказвае чым i з чым жывуць тутэйшыя людзi, што яны выносяць у цэнтр сваiх памкненняў, жаданняў, летуценняў i мар. Плошча — гэта мiнулае, сучаснае i будучыня, у што верыць чалавек, на што спадзяецца.

-14

Раней на плошчы ставiлi храмы. Напрыклад, у Мiнску — касцёл Сымона i Алены, у Гомелi — сабор Пятра i Паўла. У Светлагорску ў цэнтры горада няма храмаў. Рэлiгiя не з’яўляецца асноўным выражальнiкам духоўных патрэбаў тутэйшых людзей.

Першы будынак на плошчы ад вулiцы Ленiна належыць службам райвыканкама. Наступны - будынак райвыканкама, мясцовай дзяржаўнай улады. Далей iдзе будынак мiлiцыi (Мiнiстэрства ўнутраных спраў) — сiлавога ведамства дзяржавы. Далей стаiць жылы дом, першы паверх якога займаюць службы райвыканкама. Асобна тут жа размяшчаецца пракуратура — дзяржаўны орган, якi сочыць, як выконваюцца законы. Амаль палову, а калi не ўлiчваць жылыя дамы чацвёртага мiкрараёна, то усю плошчу займаюць будынкi мясцовай дзяржаўнай улады.

Дзяржаўнае для тутэйшага жыхара выступае жыццёвым сэнсам. Яно ўмешваецца амаль ва ўсе сферы чалавечага жыцця. Рэалiзацыя iндывiдуальнасцi тутэйшага жыхара немагчыма без удзелу дзяржавы. Усё ў тутэйшым жыццi скiравана на пакланенне перад дзяржаўнай уладай, кожнаму яе загаду, артыкулу, кожнай паперцы. Чалавечыя памкненнi прыцiснуты да зямлi магутнымi дзяржаўнымi рукамі.

Вельмi сiмвалiчна на гэта ўказваюць дамы 7, 7А мiкрараёна “Шацiлкi”. Чалавечае жыллё зраслося з дзяржаўнымi кабiнетамi ў адзiным будынку.

Тутэйшы чалавек несвабодны ад дзяржавы. Не чалавек прадстаўляе ўладу, а ўлада — чалавека.

Прачытаем словамi ўсе названыя будынкi, атрымлiваецца: кiруюць; кiруюць; сочаць за правапарадкам, праводзяць следства, утрымлiваюць за кратамi злачынцаў i парушальнiкаў правапарадку; кiруюць, правяраюць, праводзяць следства, жывуць людзi. Але дзе высокачалавечае, боскае? Дзе iдэал?

Прысутнасць турмы (камер часовага ўтрымання) у цэнтры горада (душа — турма?) — гэта падстава лiчыць кожнага тутэйшага жыхара патэнцыйным злодзеем або злачынцам i падказка аб iснаваннi нейкай пячаткi грахоўнасцi. Убраная турма з цэнтра горада сiмвалiчна будзе часам наступлення збавення ад грахоў.

Наступны будынак — гэта 1 i 1 Б жылыя дамы мiкрараёна “Юбiлейны”, у якiх на першым паверсе змешчана дзiцячая бiблiятэка, на другiм — дзiцячая школа мастацтваў (дзяржаўныя ўстановы культуры). Гэта гаворыць аб духоўным пошуку тутэйшага чалавека.

Далей iдуць установы паслуг i гандлю: бюро падарожжаў i экскурсiй, магазiны “Кветкi”, “Крынiца”, “Фокус”, “Путь к себе”, “Ранак-сервис”; харчовы магазiн “Центральный” у шаснаццацiпавярховым доме. Сёння не адзiн горад не можа абыйсцiся без паслуг, крамаў. Было б цудоўна, калi б ў цэнтры горада быў пабудавалі гарадскi супер-маркет — адметны, прыгожы архiтэктурны будынак.

Пункт абмена шпрыцоў для наркаманаў у цэнтры горада — гэта кепскi знак. Ён сведчыць, што ў цэнтры душы гараджанiна пасялiлася цёмная сiла, якая цягне яго ў багну. Варта было б пункт перанесцi ў iншае месца.

Прыкмета нашага часу — тэлефонная сувязь, без якой не можа абыйсцiся нiводны горад. Наша сувязь працуе штосуткова i ўказвае на дастатковую развiтасць цывiлiзацыi.

Адзiная на плошчы ўстанова банка — фiлiя “Белпрамбудбанка”. У тутэйшых жыхароў ёсць магчымасць пабудавать сваё жыццё ў дастатку.

Службы жыллёва-камунальнай гаспадаркi (на плошчы знаходзiцца ЖЭС №1) — дзяржаўнай службы — граюць важную ролю ў абслугоўваннi пражывання тутэйшага чалавека, выконваюць пэўныя функцыi кантролю за пражываннем грамадзян.

Упраўленне капiтальнага будаўнiцтва райвыканкама на плошчы — гэта сведчанне росту горада і магчамасць для кожнага яго жыхара пабудаваць жыллё.

Апошнi будынак, якi стаiць на плошчы, — гасцiнiца “Светлагорск” з рэстаранам, барам. Традыцыйна з глыбiнi вякоў людзi ўзводзiлi гасцiнiцы ў цэнтры горада. Гэта было сведчаннем гасцiннасцi, адкрытасцi душы i пашаны да гасцей, бо iх сялiлi ў цэнтры горада ля гасцiнцу — шляху. Адсюль пайшла назва “гасцiнiца”. Тутэйшыя людзi вельмi гасцiнныя.

Парк

Калi я вучыўся ў школе, для нас парк на святы быў месцам сустрэчы з аднакласнiкамi. Памятаю, вельмі шмат гараждан збiралася ў iм. Тут некалi былi цiкавыя атракцыёны. Асаблiва захаплялi самалёты, у якiх круцiлiся прапелеры, як у сапраўдных, i “Чортава кола”, якое i сёння працуе тут.

Зараз у нашым парку амаль няма цiкавых атракцыёнаў10. Засталося тое, што некалi было куплена i яшчэ неяк падтрымлiваецца. Дзе нашы арэлi на ланцугах? Сышлi ў нябыт. Хацелi паставiць дзецям цягнiк, якi б ездзiў па чыгунцы, але застаўся ён стаяць, укапаны ў зямлю. I вельмi шкада, што для маiх дзяцей наш парк ужо не дасць таго, што даў майму пакаленню.

У Светлагорску сёння няма сапраўднага гарадскога парку, дзе б мусiлi адпачываць гараджане. Гарадскi парк культуры i адпачынку страцiў гэту ролю i застаўся гарадскiм толькi па назову. Атрымлiваецца, што тутэйшыя жыхары не ўмеюць адпачываць.

Праўда, бываюць асобныя днi, калi наш гарадскi парк запоўнены цалкам — напрыклад, на Масленiцу. Але гэта хутчэй выключэнне.

Зялёная зона, што ад парку да мiкрараёна Моладзевы i ад пасёлка будаўнiкоў да мiкрараёна Першамайскі — месца прыгожае, тут растуць сунiцы, грыбы. Часта гараджане паляць тут кастры, але за сабою амаль не прыбiраюць. За апошнiя гады тут сабралася багата смецця. Спрабавалi сям-там паставiць пянькi, але ламаюць i забруджваюць гэтыя месцы. Няма ў тутэйшага жыхара адчування павагi да лесу.

Вельмi сiмвалiчна сёння выглядае танцпляцоўка ў парку. Цяжка паверыць, што тут некалi збiраліся маладыя людзi патанчыць. У пачатку 1980-х натоўпы моладзi хадзiлi на гэтую пляцоўку, аблеплiвалi яе вакол11. Потым агароджу аббiлi дрэвам, каб было больш тых, хто жадае пайсцi на танцы. I моладзь хадзiла сюды. На танцах гралі мясцовыя рок-гурты. Гэта месца светлагорская моладзь называла Зялёнкай. Здаралася, у ёй збiралiся моладзевыя раёны, каб высветлiць адносiны кулакамi.

Сёння гэта месца кiнута на волю лёсу. А побач з танцпляцоўкай ужо напрыканцы 1980-х паставiлi пiўбар. Атрымлiваецца, што культура i адпачынак тутэйшых жыхароў не можа абыходзiцца без спiртовых напояў, што сведчыць аб нiзкай агульнай культуры гараджан.

_____________________________________

1 Стэнд з надпісам знішчаны ў 2011 г. На яго месцы пабудавана раённая Дошка гонару.

2 Камень быў прыбраны ў 2005 годзе. На яго месцы ў 2006 годзе быў усталяваны помнік першаму ўладару Шацілак (з 1961 г. – горад Светлагорск Гомельскай вобласці) - Раману Шацілу.

3 Аўтарам гарадскога герба “Праметэй” (1991-2000) з'яўляецца колішні галоўны архiтэктар горада Вiктар Смоляр.

4 Якабсон Аляксандр Серафімавіч - старшыня Светлагорскага гарвыканкама Гомельскай вобласці (1986-1996 гг.).

5 Просіна Аляксандра Іванаўна – да развалу СССР была старшынём Светлагорскага райвыканкама Гомельскай вобласці.

6 Вандэя – (фр.-Vendee) - дэпартамент ў паўночна-заходняй Францыі, адзін з галоўных ачагоў контррэвалюцыі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789 г.

7 З бронзавага помніка Леніна, які быў выраблены для Светлагорска ў 1991 г. і захоўваўся на складзе санаторыя «Сярэбныя крыніцы», адлілі іншыя помнікі – Звон-набат (2005) і Раман Шаціла (2006).

8 Скульптура была знішчана ў 2006 г.

9 Пятро Стэфаноўскі (1903-1976) – лётчык-выпрабавальнік 1-га класа, генерал-маёр авіяцыі (1944), Герой Савецкага Саюза (1948), ураджэнец хутара Пакроўка, які месціўся на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Аўтар сусветнага рэкорда палёту на планерые (10360 метраў), які не перакрыты да гэтага часу. Першы сярод пілотаў СССР выканаў фігуры вышэйшага пілатажу на рэактыўным самалёце, асвоіў 317 тыпаў крылатых машын, здзейсніў 13500 палётаў. Аўтар кніг “Трыста невядомых” (1968, 1973), “Іх нельга забыць” (не друкавалася), “Крылы” (2007).

10 Рэшта атракцыёнаў гарадскога парку была дэмантавана ў 2009 г. Парк спыніў сваё існаванне.

11 Танцпляцоўка была дэмантавана ў 2008 г.

Віктар Раманцоў
2004 г.