Тэрыторыя Жлобінскага раёна размешчана ў лукавіне дзвюх буйных водных транспартных артэрый — р. Днепр і яго прытока Бярэзіны. Менавіта па буйных рэках у старажытнасці адбывалася рассяленне чалавека. Першыя паселішчы чалавека на гэтай тэрыторыі адносяцца да эпохі ранняга мезаліту — IX тыс. да н. э. У эпоху ранняга жалезнага веку (VI-IV стст. да н. э.) сюды прыйшло насельніцтва мілаградскай археалагічнай культуры. У адрозненне ад папярэдняга насельніцтва эпохі каменнага і бронзавага вякоў якое пражывала на неўмацаваных паселішчах, мілаградскія плямёны будавалі гарадзішчы — умацаваныя валамі і равамі паселішчы. Як правіла, гарадзішчы, размешчаныя на высокіх карэнных берагах буйных рэк, мацаваліся з палявога, найменш абароненага боку (Чырвоная Горка, Праскурні, Стрэшын). Гарадзішчы, збудаваныя ў цяжкадаступнай забалочанай мясцовасці паблізу невялікіх рэк, умацоўвалі валамі і равамі па ўсім перыметры пляцоўкі (Гарадок, Дабравольшчына).
Археалагічныя раскопкі праводзіліся на гарадзішчах Гарадок, Чырвоная Горка (правы бераг Дняпра).
Гарадзішча каля в. Гарадок (Верхне-Албянскі с/с) знаходзіцца ва ўрочышчы Талерка, сярод поля, у 0,25 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на левым беразе маленькай безназоўнай рэчкі, прытока Бярэзіны. Гарадзішча па перыметры абкружана валам, прасочваюцца рэшткі рова. Помнік выяўлены ў 1977 г. У.П. Ксянзовым. У 1983 г. на гарадзішчы праводзіла раскопкі Н.М. Дубіцкая. Вывучана 16 кв. м. Таўшчыня культурнага пласта да 0,7 м. Знойдзены абломкі керамічнага посуду, частка посуду арнаментавана насечкамі па шыйцы. Гарадзішча пабудавана плямёнамі мілаградскай культуры. Помнік датуецца IV-III стст. да н. э.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых даследаванняў і публікацый!
Гарадзішча каля пас. Чырвоная Горка (Лукскі с/с) вядома з 1935 г. Яно размешчана ў лесе, на правым карэнным беразе р. Днепр, ва ўрочышчы Гарадок або Круча. Памеры пляцоўкі гарадзішча 66×29 м. З палявога боку гарадзішча ўмацавана валам і ровам. Вышыня вала 2,0-2,5 м, шырыня каля падножжа 15-16 м, шырыня рова 3 м (малюнак 1). У 1958 г. гарадзішча абследаваў K.Д. Побаль, у 1978 г. — Н.М. Дубіцкая. У 1994 г. гарадзішча абследаваў А. I. Драбушэўскі, быў закладзены шурф 2 кв. м, таўшчыня пласта ў шурфе складала 0,5-0,8 м. Выяўлены абломкі гаршкоў мілаградскага тыпу, у тым ліку ca штрыхоўкай. У 2002 г. Н. М. Дубіцкая ў цэнтры пляцоўкі гарадзішча заклала шурф 4 кв. м; сабрана кераміка ранняга жалезнага веку, у тым ліку абломкі мілаградскіх сасудаў з жамчужным і ямачным арнаментам. Частка абломкаў посуду пакрыта штрыхоўкай. У 2004, 2006, 2007, 2011 гг. вывучэнне гарадзішча было працягнута. У правядзенні раскопак бралі ўдзел вучні сярэдніх школ г. Жлобіна (кіраўнік С.П. Паграбецкі). Усяго вывучана 60 кв. м. Таўшчыня культурнага пласта 0,4-0,6 м, бліжэй да вала да 0,8 м (у дадзеным артыкуле матэрыялы 2011 г. не разглядаюцца).
Культурны пласт гарадзішча змяшчае абломкі ляпнога керамічнага посуду (малюнкі 2: 5-6; 3), гліняныя грузікі (малюнак 2: 7), косткі і зубы жывёл, адзінкавыя кавалкі жужлы. Самы ранні посуд адносіцца да эпохі бронзы. Такі посуд прадстаўлены некалькімі абломкамі. Пераважае посуд, які адносіцца да мілаградскай археалагічнай культуры. Ён прадстаўлены гаршкамі розных памераў: ад мініяцюрных да буйных кухонных гаршкоў. Мініяцюрныя пасудзіны даволі характэрныя для мілаградскага керамічнага комплексу. Аднак асаблівасцю пасудзін з гарадзішча Чырвоная Горка з’яўляецца іх выключная мініяцюрнасць, у прыватнасці дыяметр верхняй часткі сасудзікаў складае 2-3 см (малюнак 2: 1-4). Прызначэнне такіх сасудаў вызначыць складана.
Частка посуду арнаментавана. Часцей за ўсё арнамент наносіўся па шыйцы або ніжэй края венца. Вызначаны наступныя тыпы арнаменту: жамчужны (малюнак 3: 1-2), скразныя адтуліны, ямачны, тычковы, насечкі. У невялікай колькасці прысутнічаюць абломкі постзарубінецкіх гаршкоў некаторыя з іх арнаментаваны (малюнак 2: 5). Зонай нанясення арнаменту з’яўляўся край венца (насечкі, пальцавыя ўцісканні). Частка посуду ранняга жалезнага веку пакрыта штрыхоўкай (малюнак 2: 5-6).
Атрыманы археалагічны матэрыял сведчыць, што гарадзішча каля в. Чырвоная Горка было пабудавана насельніцтвам мілаградскай культуры ў VI-IV стст. да н. э. на месцы паселішча эпохі бронзы. На раннюю дату (VI-IV стст. да н. э.) паказваюць, перш за ўсё, знаходкі керамікі з жамчужным арнаментам. Да вывучэння гарадзішча Чырвоная Горка самым паўночным помнікам на Усходнім Палессі, што змяшчае раннія матэрыялы і адносіцца да кола класічных мілаградскіх помнікаў тыпу Мілаград — Гарошкаў было гарадзішча Адрубы, якое знаходзіцца ў 20 км вышэй упадзення Бярэзіны ў Днепр. Гарадзішча Чырвоная Горка размешчана ў 60 км на паўночны ўсход ад гарадзішча Адрубы, тым самым мяжа распаўсюджвання раннемілаградскіх помнікаў значна адсоўваецца на поўнач.
Працяг чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.