Неад’емнай часткай хрысціянскай культуры беларускага народа з’яўляюцца прастольныя святы. Прастольныя святы — гэта святы, устаноўленыя ў памяць аб розных падзеях Свяшчэннай гісторыі, Багародзіцы, святых, у гонар якіх узведзены храм ці яго прьщзел. На Русі прастольныя святы сталі складвацца пасля афіцыйнага прыняцця хрысціянства, калі началося будаўніцтва хрысціянскіх храмаў. Гэтым храмам прысвойвалася імя якога-небудзь святога, які аб’яўляўся пакравіцелем веруючых дадзенага прыходу. Устаноўленае ў яго гонар свята лічылася храмавым, ці прастольным. Ён карыстаўся асаблівай папулярнасцю сярод жыхароў дадзенай мясцовасці, якія верылі, што іх святому пакравіцелю больш чым каму-небудзь вядомы іх клопаты і патрэбы. Звычайна прастольныя святы адзначаліся вельмі святочна, святкаваліся некалькі дзён запар [1, с. 556]. Важнай складаючай кожнага свята з’яўляюцца прадметы ці атрыбуты, якім надавалася своеасаблівае сакральнае значэнне. Пэўныя атрыбуты меліся і ў перыяд правядзення прастольнага свята.
Актуальнасць даследавання заключаецца ў тым, што ведаючы пэўныя атрыбуты ў святкаванні прастольных святаў, мы можам меркаваць аб грамадскай і рэлігійнай культуры насельніцтва вывучаемага рэгіёна, аб ступені засваення мясцовым насельніцтвам некаторых элементаў хрысціянскай традыцыі, захавання ў пакаленнях звычаяў сваёй мясцовасці.
Навізна даследавання звязана з тым, што ў навуковы зварот уключаны раней невядомыя звесткі аб атрыбутах прастольных святаў У Гомельскім раёне. Навуковая значнасць заключаецца ў звароце да малавядомага кампанента рэлігійнай культуры сучаснага насельніцтва, што спрыяе стварэнню цэльнай гісторыка-этнаграфічнай карціны святкавання прастольшчыны ў Гомельскім раёне ў сярэдзіне XX — пачатку XXI ст.
Мэтай прапанаванага даследавання з’яўляецца этнаграфічная характарыстыка атрыбутаў прастольных святаў у Гомельскім раёне ў сярэдзіне XX — пачатку XXI ст.
Дзеля больш глыбокага вывучэння атрыбутаў прастольных святаў у Гомельскім раёне на працягу 2009 — пачатку 2010 г. аўтарам праводзілася палявое этнаграфічнае даследаванне, якое было скіравана на апытанне насельніцтва Гомельскага раёна. Інтэрв’ю і анкетаванне праводзілася ў наступных населеных пунктах: пасёлак Гарадок Руднямарымонаўскага сельсавета, вёска Рудня Марымонава, вёска Міхалькі Даўгалескага сельсавета, вёска Сеўрукі Чонкаўскага сельсавета, вёска Чкалава Бабовіцкага сельсавета, вёска Цярэнічы, пасёлак Іванаўка Цярэніцкага сельсавета, пасёлак Вішнёўка Цярэніцкага сельсавета, пасёлак Прасвет Цярэніцкага сельсавета, пасёлак Рубеж Цярэніцкага сельсавета, вёска Глыбоцкае, вёска Зябраўка, вёска Целяшы, вёска Маркавічы, вёска Гадзічава Маркавіцкага сельсавета, вёска Паддабранка Маркавіцкага сельсавета, пасёлак Халмы Маркавіцкага сельсавета, пасёлак Рагі-Ілецкія, Маркавіцкага сельсавета.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!
За перыяд палявога этнаграфічнага даследавання было атрымана 13 разгорнутых інтэрв’ю ад мясцовых жыхароў, пераважна 1920-1940-х гадоў нараджэння. Паралельна праводзілася анкетаванне, у ім прынялі ўдзел 69 чалавек. Інфарматарам бьшо прапанавана адказаць на 31 пытанне пра святкаванне прастолыпчыны ў іх вёсцы, у тым ліку вялікая ўвага надавалася разгляду прадметаў матэрыяльнай культуры, якія суправаджалі прастольныя святы. Пытанні апытальніка тычыліся ўспамінаў аб тым, якім чынам у вёсцы сталі адзначаць пэўнае рэлігійнае свята як прастольнае, як рыхтаваліся да прастольнага свята, ці праводзілі ў вёсцы набажэнствы на прастольшчыну, якая роля ў свяце адводзілася жанчынам, мужчынам і моладзі, ці прыходзілі госці з іншых населеных пунктаў, ці дазвалялася танцаваць на свята, ці пелі песні, ці былі пэўныя адрозненні паміж паўсядзённым і адзеннем, што надзявалася на прастольнае свята, як святкавала моладзь прастольшчыну і г. д. Сярод іх асобны блок пытанняў быў прысвечаны рэчам, якія выкарыстоўвалі вяскоўцы.
Важным атрыбутам прастольнага свята быў абраз святога пакравіцеля населенага пункта. Каля гэтых абразоў вяскоўцы праводзілі набажэнствы, з імі рабілі абходы па вёсцы і г. д. Яшчэ ў пачатку XX ст. Часлаў Пяткевіч у сваёй працы «Рэчыцкае Палессе» адзначаў, што «Божая Маці ў рэлігійным кульце мясцовага люду займає раўназначнае месца з Богам Айцом і Сынам. Той культ праяўляецца як ва ўшанаванні Яе выяў, так і ў падкрэсліванні значэння прысвечаных Ёй святаў, асабліва такіх, як Першая Прачыстая і Другая Прачыстая…» [2, с. 409-410]. Як сцвярджае большасць апытаных (66,6 %) у іх населеных пунктах былі прастольныя абразы; прысвячаліся яны Ушэсцю Гасподняму і Міколу Цудатворцу (в. Рудня Марымонава), Вялікамучаніцы Варвары (в. Чкалава), Багародзіцы (в. Глыбоцкае, Зябраўка, Целяшы) і г. д. Некаторым з абразоў надавалася важнае значэнне; яны лічыліся заступнікамі мясцовага насельніцтва. Так, напрыклад, у вёсцы Сеўрукі, абраз Аўгустоўскай Божай Маці лічыцца абарончым. Як паведаміла жыхарка вёскі Нікіціна Л. П., 1934 г. н.: “Калі нашу вёску пасцігла гора — пачалі паміраць людзі і скот, жыхары вёскі паехалі ў Кіеў і із Лаўры прывезлі ікону Аўгустоўскай Божай Мацi. Яе везлі на поездзе, а патом з Гомеля неслі да Сеўрукоў. Дарогу для іконы да вёскі ўсцілалі палотнамі». Дарэчы, гэта таксама важны атрыбут прастольных святаў. У мінулыя гады, ручнікамі пакрывалі прастольныя абразы і крыжы на росстанях. Інфарматарка заўважыла, што раней «сеўрукоўцы састаўлялі спіс на дзесяць гадоў уперад у каго будзе стаяць Аўгустоўская ікона год. Сейчас эта не саблюдаецца». Аброчны дзень у гонар абраза Міколы Цудатворцы адзначаецца і ў вёсцы Новая Буда. Па словах старажылаў, раней на вёску напала нейкая цяжкая хвароба, якая нікога не шкадавала. Тады сяляне спадзеючыся на цуда, далі абяцанне набыць ікону свяціцеля Мікалая, вядомага памочніка ў многіх бедах, і адправілі пасланцаў у Кіева-Пячорскую Лаўру, адтуль тыя прывезлі спіс цудатворнай іконы. Як толькі абраз трапіў у вёску, ад хваробы не памёр больш ні адзін чалавек. З таго часу жыхары Новай Буды штогод 22 мая па асабліваму рытуалу адзначаюць дзень свяціцеля Мікалая Цудатворцы [3]. Некаторым абразам надаваліся мясцовыя назвы. Так, напрыклад, у вёсцы Глыбоцкае «Кагда ў савецкае ўрэмя цэрква была закрыта, то службу дзелалі ў хаце, дзе стаяла ікона Багародзіцы. Етую ікону называлі Свяча» (Літвінава Л. М., 1937 г. н.).
Крыж як сімвал хрысціянства таксама займаў важнае месца ў правядзенні прастольных святаў і аброчных дзён. Так, напрыклад, у вёсцы Чкалава ў другую сераду пасля свята Пятра і Паўла каля крыжоў адзначаўся аброчны дзень. «Старыя расказвалі, што дзярэўня наша кішэла чэрвямі. Яны ляжалі на дарогах, нападалі на зямлю, лясы і палі. Тады жыцелі сабраліся нанялі папа, ён ішоў да Дач, свяціў зямлю і маліўся. А калі ўжо ішлі назад у Чкалава чэрві ісчэзлі. Тады после етага паставілі на ростаньках крыжы аброчныя. I у еты дзень абракліся не работаць. У нас усягда аброчная серада — ета на другую сераду пасля Пятра» (Краўцова Г. Я., 1928 г. н.).
Неад’емным зтрыбутам прастольных святаў і аброчных дзён былі расліны і кветкі, якімі ўпрыгожвалі абразы і якія захоўвалі на працягу года ад розных хвароб. У вёсцы Рудня Марымонава прастольны абраз упрыгожвалі кветкамі, ставілі ў «станок» і арганізоўвалі абход па вёсцы. Жыхары вёскі Зябраўка надавалі пэўнае магічнае і ачышчальнае значэнне кветкам і раслінам, сабраным перад аброчным днём Івана Купалы: «зябраўцы абракаліся кажды год перад Купалам сабіраць травы, карэнні, бо лічылі, што яны імеюць вялікую сілу, і былі яны яшчэ абярэгам ад ведзьм і русалак».
У перыяд правядзення мясцовымі жыхарамі прастольнага свята важнае значэнне надавалася святочнай ежы. Гатавалі на прастольшчыну ўсемагчымыя стравы — рыбу, хатнюю калбасу, пірагі, кісель, алкагольныя напоі — віно, самагонку. Спецыяльна да свята білі кабана, гатавалі стравы з рыбы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Чкалава «матка пакойная кісялю наварыла ў кацялку, хоць есці не было, а празнік усё раўно быў» (Жыхарава А. Р., 1935 г. н.). Забаронаў для ўжывання алкагольных напояў не было, у некаторых выпаду гэтыя забароны былі звязаныя з пастом. У вёсцы Рудня Марымонава, як паведаміла Петрусенка Г. Я., «упівалі ўсё раўно, но пілі ж не так пахабна, як січас — дзелалі гарэлку зярнавую і пілі». Як паведаміла Зайцава А. Н., 1926 г. н. з в. Гадзічава «пілі мала, як бутылку на усіх гасцей вып’юць, дак і то багата было. Маладзіцы саўсім не пілі, а мужчынкі па тры паўстаканчыкі вып’юць і ўсё». Большасць удзельнікаў анкетавання адзначыла, што на прастольнае свята ўжывалі скаромную, святочную ежу. Толькі ў некаторых вёсках, харчаванне залежала ад посту і серады і пятніцы (посныя дні). У вёсцы Гадзічава на прастольнае свята Ушэсця «паследні раз пяклі паску і красілі яйцы» (Зайцава А. Н., 1926 г. н.). У пасёлку Зялёны Гай на прастольшчыну (Мікола) «гатавалі з пшанічнай мукі хрушчы — ета тонкія вялікія каржы, шчэ з кіслага цеста, унутр клалі начынку (сушаныя грыбы, капусту), варылі жур — ета такі аўсяны кісель. Шчэ варылі квас з круп, была пячоная каша, бульба. Аладкі мачалі ў тоўчанае семя ільну або канаплі, смятану, мёд, жарылі шкваркі» [4, с. 98].
Прастольныя святы на працягу амаль усяго перыяду іх бытавання на Гомельшчыне з’яўляліся своеасаблівым «святам вёскі і сустрэчы родзічаў», а выкарыстанне спецыяльных атрыбутаў не проста аздабляла гэтае свята, але ў некаторых выпадках займала цэнтральнае месца.