Адбыўся ў Вялікую Айчынную вайну паміж партызанскімі атрадамі “Чырвоны Кастрычнік” (камандзір Э.Я. Чырлін), А.Ф. Каваленкі, І.Р. Жулегі, Капаткевіцкім(А.А. Жыгар) і нямецка-фашысцкімі акупантамі 17.2.1942 у в. Азарычы Даманавіцкага раёна. У вёсцы месціўся варожы гарнізон з 70 чалавек, знаходзіліся склады з хлебам, прызначаным для дасылкі ў Германію. Аперацыяй кіраваў Герой Савецкага Саюза Ф.І. Паўлоўскі. Атрад Каваленкі прыкрываў дарогу Кабыльшчына – Азарычы, узвод атрада “Чырвоны Кастрычнік” – дарогу Азарычы-Валасовічы. У 7 гадзін раніцы партызаны скрытна занялі заходнюю частку Азарыч, ударная група атакавала караваульнае памяшканне праціўніка. У выніку трохгадзіннага бою партызаны разграмілі гарнізон, знішчылі каля 40 салдат і афіцэраў, захапілі 2 станковыя і 1 ручны кулямёты, 25 вінтовак, каля 50 тыс. патронаў, раздалі насельніцтву 850 т. збожжа. Прачытаць больш пра складаную гісторыю Азарычаў можна на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.