21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Не абыйдзе святкаванне і Гомель, таму чытайце пра тыя месцы, дзе ў нашым горадзе можна будзе далучыцца да адзінадумцаў.
У свой час гэтая дата была абраная як напамін аб расстраляных пакістанскай паліцыяй студэнтах горада Дака (сёння – сталіца Бангладэша), якія 21 лютага 1952 года выйшлі на дэманстрацыю з патрабаваннем прызнаць родную ім бенгальскую мову дзяржаўнай. Упершыню Дзень роднай мовы адсвяткавалі ў 2000-м годзе пасля таго, як гэтую дату зацвердзіла Генеральная канферэнцыя ЮНЭСКА.
На сённяшні момант Міжнародны дзень роднай мовы – гэта цудоўная нагода для кожнага беларуса і беларусачцы задумацца аб лёсе нашай мовы, тым багацці і спадчыне, што дасталіся нам ад прашчураў. Можна не размаўляць на беларускай мове штодня, але ведаць яе і паважаць мусіць кожны патрыёт нашай краіны.
З гэтай нагоды прапануем вам наведаць тыя мерапрыемствы, якія пройдуць з гэтай нагоды ў горадзе над Сажом:
Адмысловыя заняткі курсаў “Мова нанова” пройдуць 19 лютага і на іх можна будзе распачаць святкаванне Дня роднай мовы.
У праграме:
- Спеўны сход з выкананнем “Купалінкі” ды песні “Як служыў жа я ў пана” разам з усімі
- Беларуская гульня “Кракадзіл”
- Беларускія танцы
- Дэкламацыя вершаў
- Віктарына “Беларускія прымаўкі і прыказкі”
- Аўкцыён беларускіх гарадоў
- Хто такі Казімір Сваяк?
Уваход вольны.
Дзе: арт-прастора “Каўчэг” (пр. Перамогі, 2а, другі паверх).
А 21 лютага Дзень роднай мовы можна будзе адсвяткаваць ужо ў Цэнтры беларускай мовы (вул. Працоўная, 7А, другі паверх). А 18-й гадзіне тут пачнецца сустрэча з літаратарамі Сяргеем Балахонавым ды Юльянай Пятрэнка, а святочны настрой забяспечыць музычны гурт “Lity Taler”. Уваход вольны.
Апранайце традыцыйныя строі ці элементы нацыянальнага адзення, прыходзьце самі ды запрашайце сяброў/сябровачак!