Найти тему
Наш край

Характарыстыка найменняў ткацтва у гаворках Гомельскага рэгіёна

Оглавление

У наш час, калі паступова знікаюць традыцыйныя ўстоі жыцця беларуса, ды і саміх вёсак, у якіх захаваліся старажытныя рамёствы, становіцца ўсё менш, з’яўляецца надзвычай актуальным вывучэнне духо^най культуры кожнага народа, яго дзейнасці, побыту. Калектыўны вытворчы вопыт знаходзіць сваё адлюстраванне ў народных назвах, таму аналіз дыялектнай лексікі, рознабаковае даследаванне разнастайных лексіка-семантычных груп па-ранейшаму прыцягвае ўвагу вучоных-лінгвістаў. Веданне этымалогіі слова, яго структуры дапамагае глыбей пранікнуць у гісторыю названай рэаліі, зразумець яе быццам знутры” [1, 20].

Гомельскі рэгіён займае асаблівае геаграфічнае становішча, маючы агульную мяжу з Украінай і Расіяй. Таму невыпадкова ў гаворках насельніцтва можна сустрэць самыя разнастайныя праяўленні ўзаемадзеяння і ўзаемаўплыву трох роднасных моў, а таксама архаічныя моўныя рысы. Аб’ектам нашага даследавання з’явіліся найменні ткацтва, што ўжываюцца ў гаворках Гомельскага раёна. Мэтай артыкула з’яўляецца прадметна-тэматычная класіфікацыя дыялектных намінацый ткацтва. Крыніцамі фактычнага матэрыялу паслужылі запісы, сабраныя ў час дыялекталагічнай практыкі выкладчыкамі і студэнтамі філалагічнага факультэта, а таксама Тураўскі слоўнік .

Ткацтва як рамяство вядома з самых старажытных часоў. Яго ўзнікненне і развіццё абумоўлена сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі і асаблівасцямі сялянскага жыцця. Увесь працэс стварэння ткацкіх вырабаў: пасеў канапель і льну, іх апрацоўка, развядзенне і стрыжка авечак, прадзенне нітак і само ткацтва — было падпарадкавана адзінай мэце: забяспечыць сям’ю адзеннем і прадметамі хатняга ўжытку.

Прадметна-тэматычная класіфікацыя ткацкіх найменняў можа быць прадстаўлена наступным чынам:

  • Назвы прылад для апрацоўкі льну і канапель.

З’яўленню тканага вырабу папярэднічала доўгая падрыхтоўчая работа — вытворчасць сыравіны, якая пачыналася з пасеву і збору льну, канопляў і падрыхтоўкі іх для прадзення. У другой палове жніўня лён бралі — вырывалі з карэннем: Лён бралі — значыць, рвалі, калі ён быў жаўтаваты. (Бабры Маз.), ручайка (‘жменя лёну’) заручайкай — і цэлы сноп. (Аравічы Хойн.) і звязвалі ў снапы. Снапы для прасушкі ставяць на зямлю ў ставочок — у два рады та­им чынам, што кожны сноп абапіраецца верхавінай на суседні: У ставочкі стаўляць. (Галоўчыцы Нар.), або развешаюць карэннем уверх на спецыяльнае прыстасаванне — ві ’шалку: Лён як збяруць, даку вішалку нясуць, каб сох. (Пудакоў Хойн.).

Далей аддзяліць галоўкі ад сцяблоў пры дапамозе спецыяльнага прыстасавання — праніка, пральніка, сцябалкі, які прадстаўляў сабой плоскі драўляны, часцей бярозавы, брусок даўжынёй 25-30 см з ручкай: Пакладзі пральнік каля хаты. (Сырод Калінк.); Лён сеялі, а па­том яго выбіралі, выбівалі пранікам, такім вот дзерав ’яным, як бельё б ’юць, з ручкамі. (Каменка Маз.), Дай мое сцябалку, бо лён не сцябаны. (Белы Пераезд Петр.).

У кастрычніку лён мялі церніцай, мялкай, мялам: Лён м ’ялі, церлі церніцай. (Акулінка Маз.), Мяла круціцца, лён мне. (Бялёў Жытк.); Мялкай мялі і трепалі лён. Эта такіе палкі, на каторых даска паднята. К ней на ремнях круглая палка прібіта. Лён ложат на доску, а палкай бьют. (Дудзічы Калінк.), якая складалася з двух кускоў дрэва і двух нажоў, а таксама з дубовага язычка. У левую руку возьмеш жменю лёну і давай. (Бібікі Маз.). Пры рабоце на церніцы ў левую руку бралі жменю льняной трэсты і клалі на аснову церніцы, а правай паднімалі і апускалі біла. Сцёблы згіналіся і заходзілі паміж шчокамі, драўніна ламалася і абсыпалася праз адтуліны церніцы.

Пасля мяцця валокно ачышчалі ад дробных кавалкау кастрыцы трапа ’лкай, трэпа ’шкай, трапа ’чкай, трапа ’шкай: Трапалка до лёну надо, трэпяць ёю лён. (Навасёлкі Петр.); Булі дзве трэпачкі добры, да абее пуламалісь. (Сялюцічы Петр.); Ідзі вазьмі ў Арынкі трапашку, то як бачыш абтрэплеш гэту кучку. (Бялёў Жытк.); Трэпашка мае два канты гострые і ручку. (М.Малешава Жытк.), якая ўяўляла сабой тонкую дошчачку ў выглядзе нажа на спецыяльнай падстаўцы — стаўпцы: Ну і скрыпіць стоўпец, ух, надаеў. (Сіманічы Петр.). Жанчына ў левай руцэ трымала жменю валокнаў, а ў правай — трапала і біла ім па валокнах. Затым лён часалі грабёнкай — грэбнем з суцэльнага кавалка дрэва з выразанымі, пазней металічнымі, зубамі і ручкай: Грабёнкаюрасчэсвалі каноплі, лён. (Аравічы Хойн.).

  • Назвы адходаў пры перамінанні і трапанні валокнаў: костры ’ца, кло ’ч ’е, курово, обдзіркі, тры ’на: Потрэпае лён, помне ногамі да повубівае, шоб не було пулу да кострыцы. (Запясочча Жытк.); Бувало, і клоч ’е перэмукваём і прадом. (Тураў Жытк.); Траплю лён, леціць курово і койстрыца. (Бобрыкі Петр.); Неяк ты недобре лён потропала — вельмі ж богато трыны на ём. (Тульгавічы Хойн.) — скручваліся ў трубку — кудзелю: А ўсё, што астаецца пасля таго, як абдзёрлі лён, тоўжэ кудзеля.(Бібікі Маз.). Чэсаны лён звязвалі ў куклы, верч: Як ужэ складают прадзіво обдзірано, то гэто, кажуть, верч. (Галубіца Петр.) .
  • Назвы прыстасаванняў і іх частак для атрымання пражы і ткання. Пасля апрацоўкі падрыхтаваныя каноплі або лён (дарэчы, як установлена вучонымі, беларусы пазнаёміліся з каноплямі раней, чым са льном [2, 178]) трапляюць на пралку, прадку — прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі: Пралка ручна была. Даска верцікальная ставілась, внізу даска. (Дудзічы Калінк.).

Пралка складалася з трох частак — лопасці, капыла і днішча ‘сядзення’: Зломалосо днішча ў прасніцы. (Бобрыкі Петр.). На тэрыторыі Мазырска-Прыпяцкага Палесся былі вядомы прасніцы з прамавугольнай лопасцю, а на поўдні Мазырскага раёна адзначана прасніца веслападобнай формы [2, 151]. Матэрыял для прадзення змяшчаўся на прасніцы, потусе — спецыяльным драўляным прыстасаванні: Прасніца прымацоўвалася да лаўкі і ўяўляла сабой доску, якая расшыралася ўверсе і была звужана на канцы.(Бібікі Маз.); Падвесь кудзелю на прасніцу. (Рудня-Гарбавіцкая Калінк.). Па краях прасніцы іншы раз рабіліся зарубкі, у якія закладалі шнурок, якім кудзеля прывязвалася да прасніцы. Часта прасніца мела грэбень: На грэбень кудзелю накідалі(Бобрыкі Петр.), на зубы якой зверху надзявалі валокны, з якога пры прадзенні атрымлівалася нітка. У асноўным грэбні рабілі з кляновага дрэва. Кожны зуб такога грэбня ў папярочным разрэзе меў форму паралелаграма, а вышыня яго складала каля 12 сантыметраў. Крайнія зубы былі значна шырэй за астатнія. Прасніца наглуха злучалася з днішчам (походушкі) або вымалася з яго. Былі таксама вядомы суцэльныя прасніцы, якія вырабляліся з аднаго кавалка дрэва [3, 182].

Прыладай, пры дапамозе якой скручвалася нітка, служыла верацяно, верецено, качал­ка, крутавіла, што ўяўляла сабой круглую драўляную (з бярозы, грушы, ясеню) палачку даўжынёй 30-40 см з патаўшчэннем унізе і завостранымі канцамі: Калі пралі, нітка наматвалася на верацяно. (Бібікі Маз.) К нізу верацяно шырэй з галоўкай, а зверху тонкае. (Хамічкі Маз.); Шэрсць прівязывают к палке і на верецено. (Дудзічы Калінк.); Качалку трэба яшчэ сённі напрасць. (Гурыны Маз.); Зламалася маё крутавіла, нема чым прасці кудзелю. (Агалічы Петр.). На больш старажытнае верацяно да ніжняй часткі прымацоўвалася прасліца — грузік, які служыў для паскарэння абарачэння падчас прадзення. Сучаснае верацяно робіцца разам з прасліцам, якое ўяўляе сабой конусападобнае патаўшчэнне на канцы і мае назву головка: У нас веретено з головкой. (Замосце Калінк.). Пры прадзенні на верацяне жанчына трыма паль­цамі левай рукі выцягвала валокны з кудзелі і адначасова трыма пальцамі правай рукі паварочвала верацяно. Пража накручвалася спачатку на сярэднюю частку верацяна, затым на ніжнюю — шыйку: Я ужэ напрала ручайку, ешчэ одну шыйку да і ручайка.(Балажэвічы Маз.), і толькі пасля запаўнялася верхняя. Пры такім размяшчэнні пража трымаецца лепш [3, 37]. Верацяно з навітай пражай мае назву ручайка, одноручка, откідач, початок, пачынак: Два отручнікі да й ручайка будзе. (Запясочча Жытк.); Ветерено з пражей — одноручка. (Углы Нар.); Откідач — верацяно з пражай.(Красноўка Нар.); Яўжэ напрала аж тры початкі. Одзін початок змотала. (Бобрыкі Петр.); Пачынак — верацяно, ужо поўнае нітак. (Мазыр), почынкам называлася і верацяно са звітай з некалькіх верацёнаў пражай: Почынок — ручаек 15-20, сколько влізе. (Галоўчыцы Нар.).

На змену верацяну прыйшла коловротка, самапрадка: На коловротцы пражу пралі. (Балажэвічы Маз.); Самапрадка — на нізу дзве ножкі, а патом чапляецца такая, каб нагой, па­том дзве вяровачкі, колесо, вілка, а на тую вілку кацюшка насаджваецца.(Каменка Маз.). Вядомы два тыпы самапрадак — ляжак і стаяк. Абодва мелі аднолькавыя рабочыя часткі: кола, педаль, на якую націскалі нагой, і такім чынам прыводзілі кола ў рух. Апарат для прадзення складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі з маленькімі калёсікамі — покацёлом: Шпуля закручваецца покацёлом.(Гурыны Маз.), злучанымі з вялікім колам пры дапамозе шнуроў — матузоў: Дрэнна было, калі матузы рваліся. (Сырод Калінк.). На шпульцы знаходзілася вілка з зубамі, з дапамогай якой пража раунамерна размяркоўвалася [2, 38]. Розніца паміж імі была толькі ў размяшчэнні кола: у лежаку яна мацавалася збоку, справа ад прадзільнага апарата, у стаяку — у вертыкальнай плоскасці паміж двума стойкамі — бабкамі, станком: Станок — стойкі, паміж якімі калясо е. (Рудня Калінк.). Два тыпы самапрадак сустракаліся і на тэрыторыі Гомельшчыны: лежанка: Лежанка — самапрадка такая, яна даражэйшая. (Бабры Маз.) і стаяк: У стаяку кола размяшчаецца паміж стойкамі.(Гурыны Маз.).

Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!

Наступным этапам было звіванне пражы пры дапамозе матавіла, мотовіла. Лексема ўжывалася для абазначэння двух рознага выгляду прыстасаванняў, прызначаных і для размотвання маткоў пражы, і для яе змотвання: Як у мене одно мотовіло, то моткі одінаковые. (Галубіца Петр.). Рознае матавіла выкарыстоўвалася і для скручвання нітак асновы і ўтка.

Для атрымання тканіны выкарыстоўвалі ткацкі станок, які зазнаў у працэсе развіцця значныя змены. Самы старажытны і найменш дасканалы меу назву сохі, кросны — станок, які не мае нерухомай рамы, з навоямі, умацаванымі на падстаўках, лаўцы, з нітамі і набілкамі, прымацаванымі да балкі на столі: Усё было, ткала на ўсём; і на верстаку, і на стацівах, і на сохах. (Галубіца Петр.); Кросна вялікія булі, многа места занімалі ў хаце. (Загорыны Маз.). Палепшаную канструкцыю мелі стацівы, ставы, стаў, станіна — менш дасканалы з сучасных станкоў, які мае нерухомую гарызантальную раму, панажы ў выглядзе палак, перпендыкулярных раме станка, ніт і набілкі на вертыкальных планках ці прымацаваныя да столі, ніт часта без вочка паміж петлямі: У стаціве бердо не такое шырокае. (Малішаў Хойн.); Ставы ляжаліў сенцах. ( Тураў Жытк.); Садзісь за стаў і пачынай ткаць. (Бялёў Жытк.); На станіне ткалі рушнікі, пакрывалы. (Прудок Маз.).

Найбольш дасканалы тып ткацкага станка, у якім увесь механізм (панажы, ніт, бёрда) сабраны ў высокую раму, меў назву верстаць, вярстак, верстак, вярстат: На верстаці од­ной рукой ткуць. (Каменка Маз.); Вярстак стаяў — ткацкі станок, з дзерава зроблены. (Гурыны Маз.); Верстак з дзерава рабілі. Ета стуйкі з палкай, на якую накідаюць нітку. (Дразды Маз.); Увярстаце ёсць білца. (Гарбавічы Калінк.).

Аснова ткацкага станка называлася стаціва ‘апорны каркас у кроснах’: Стацівы зроблены з такіх бальшых досак. (Рудня Калінк.), самая верхняя папярэчына ткацкага станка, што устанаўліваецца на раме ці прымацоуваецца да столі, на якой трымаюцца ніты і набілкі — неба: Верхняя тая палка — неба. (Слабада Маз.).

Да частак, што вызначаюць ход ткання, адносяць навой, навойку — пярэднюю, для палатна, і заднюю, для асновы: У кроснах навойкі булі. (Козенкі Маз.); На навой накачваецца аснова. (Запясочча Жытк.); панажы, панаж, панажэ, панажыва ‘прылада ў кроснах у выг­лядзе дзвюх або некалькіх дошчачак, пры дапамозе якіх нагамі прыводзяцца ў рух ніты’: Па­нажыва расходзіліся, ну як ногі ў дзеўкі. (Загорыны Маз.); На адзін панаж дасі — адна нітка перасоўваецца, на другі — другая. (Бібікі Маз.). Панажы мелі выгляд або круглых палак, або прамавугольных дошчачак. Каб панажы не з’ язджалі у адно месца, прымацоувалі спецыяльную дошчачку — разлучнік: Тэй разлучнік карысны для працы. (Гарбавічы Калінк.); Мо разлучнік пагано прыкрэплены, бо панажы ў места з ’язджаюцца. (В.Поле Петр.).

У патоўшчанай частцы абодвух навояў рабіліся адтуліны, у якія устаўляўся кіёк, які утрымлімаў аснову — заверач, завіра ’ч, подтягіч, запрэгач: А дручкі, што командуеш, як тчэш, то завірач. (Галубіца Петр.); Подтягіч — кіёк такі, каб палатно трымаць.(Акулінка Маз.).

Да гэтай групы адносіцца таксама бёрдо, бедро, бердо, берда ‘прамавугольная рама, у якую ўстаўляліся маленькія тоненькія палачкі’: Бердо — такая палачка, якая хадзіла туды-сюды і прыбівала ніты. (Бібікі Маз.). Палачкі — трасцінкі: У бёрдзе е трасцінкі, пласціначкі такіе. (Прудок Маз.) рабіліся з асіны, клёну, пазней сталі металічныя, устаўляліся у рамку — увоінку, войі: Увоінку трэбо робіць, а сухого дзерава нема(В.Поле Петр.); Войі — трость закладываецца в войі. (Балжэвічы Маз.). Папярочны край бёрда меў назву мачоха: Мачохаў бёрдзе, што ўпоперак. (Хамічкі Маз.).

Бёрда мела розны памер: больш шырокае выкарыстоўвалася для атрымання грубай, тоўстай тканіны, больш частыя — для тонкай. Іх назва адлюстроўвае колькасць пасмау — сёмуха, сёмачка, восьмачка, дзевятка, дзесятка, пуўдзевятка, пуўдзесятка, одінаццатка, двенаццатка, пятнаццатка: Восьмачка — бердо у восем пасэм. (Дварэц Жытк.); У двенаццатку самае тонкае полотно получаецца. (Будкі Нар.); Дзевятка — маленькае бёрда. (Дудзічы Калінк.); Девятка, двенаццатка, восьмачка — то бёрды по памеру. (В.Поле Петр.).

Бёрда устаулялася у набілку, набіўкі, лядо — рухомую раму: А набілкамі то мы ніткі прыбівалі. (Гурыны Маз.); У набіўкі бердо ўстаўляецца. (Хамічкі Маз.). Гэтыя дзве дэталі ў сукупнасці служылі для прыбівання нітак утка да асноунага палатна. Набілкі складаліся з двух злучаных паміж сабой драўляных пласцін з паглыбленнямі па даўжыні, у якія і ўстаўлялася бёрда. Верхняя іх пласціна была рухомай.

Для ўтварэння зеву ў працэсе ткання служылі ніты — ніцяныя петлі, размешчаныя на двух гарызантальных пруціках: Ніт еты ніткі дзержалі. (Гурыны Маз.); іх даўжыня раўнялася даўжыні асновы. Ніт рабіўся без кабылак, цэпкоў,- асобных петляў і з кабылкамі: Набіраюць у ніт по ніццы у каждое око. (Запясочча Жытк.); Кобылка за кобылку чапляецца. (Углы Нар.), якія рабіліся на спецыяльным драуляным бруску. Па баках бруска ўбівалася па аднаму цвіку, у сярэдзіну — два. Спачатку нітку завязвалі на першым цвіку, пасля па чарзе на сярэдніх і на крайнім. Такі ніт быў больш зручны, таму што ткачыха прапускала аснову ў падрыхтаваныя вочкі. Палова ніта — весь верхні або ніжні рад яе петляў — называўся калоша: Верхнюю калошу ўжэ наніціла.(Акулінка Маз.), а дадатковая пяцелька, якая злучае верхнюю кабылку ніта з адпаведнай ніжняй — вочко, у очко: Простыя кросна — без вочка. (Балажэвічы Маз.); Верстат зўочком. (Углы Нар.).

Ніты рухаліся на спецыяльных блочках — прадаўгаватых брусках з колцамі, на якія падвешваюцца ніты: Блочкі — кругляшкі такія, за іх ніты цапляюць. (Бабры Маз.) або кацёлках, качолках — полым цыліндры з жалабкамі для вяровак, на якіх падвешваліся ніты: Вяровачкі ад нітоў перакідаюцца цераз кацёлкі. (Старажоуцы Жытк.); Штось качолкі няроўныя ў кроснах. (Старажоўцы Жытк.). Да вяровак прымацоўваліся косточкі (курыныя, гусіныя), якія запіраюць знізу петлі шнуроў, што трымаюць ніт і набілкі: Косточкі робяць, штоб падымалі ніт. (Каменка Маз.). Ніты злучаліся з панажамі.

Працяг чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.