Найти тему

Памёр расійскі рэпер Дэцл: пасля канцэрту ў яго спынілася сэрца

Дэцл у пачатку і ў канцы кар'еры
Дэцл у пачатку і ў канцы кар'еры

Памёр расійскі рэпэр Дэцл. Гэта адбылося сёння ўначы пасля канцэрту ў Іжэўску. Пра смерць музыкі паведаміў яго бацька Аляксандр Талмацкі.

“Кірыла больш няма”, напісаў ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Канцэртны дырэктар выканаўцы Павел Белянец паведаміў, што прычынай смерці рэп-выканаўцы стала спыненне сэрца, музыкант памёр пасля канцэрта ў Іжэўску.

“Сёння ўначы ён выступаў у Іжэўску. Пасля выступу пайшоў у грымёрку, праз некалькі хвілін яму стала дрэнна. Папярэдняя інфармацыя — у яго адбылося спыненне сэрца, і ён памёр”, — цытуюць Белянца на старонцы Вконтакте, прысвечанай Дэцлу.

Кірыл Талмацкі нарадзіўся ў 1983 годзе. Кар'еру ён пачаў у канцы 1990-х, узяўшы сцэнічны псеўданім Дэцл. Быў надзвычай папулярным сярод падлеткаў. Па звестках "Вікіпедыі", у Расіі прададзена больш за 1 млн копій яго альбома "Кто? ты", а выдадзены на ім хіт "Вечеринка" напачатку 2000-х гучаў літаральна адусюль.

Напачатку 2010-х Дэцл знік, пасталеў і вярнуўся на сцэну. Усяго Кірыл Талмацкі запісаў 8 студыйных альбомаў.