Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкаму накіравала ў падначаленыя структуры інфармацыю аб пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў садках і школах рэгіёну — «для разгляду і выкарыстання ў дзейнасці».
Свабодзе стаў вядомы змест гэтага дакумента. Мы дазналіся, чыя гэта ініцыятыва і ці будзе яна мець хоць які працяг.
У лісце прыводзяцца звесткі пра стан беларускамоўнай адукацыі, сабраныя абласным інстытутам развіцця адукацыі.
Што з беларускай мовай у дзіцячых садках Гомельшчыны
- У вобласці 664 дзіцячыя садкі, 209 з іх (31,5%) — з беларускай мовай навучання. Аднак у абсалютных лічбах на беларускай мове выхоўваюцца толькі 6,8% дашкольнікаў. Гэта можа тлумачыцца малымі групамі дзяцей у вясковых садках і вялікімі — у райцэнтрах.
- У параўнанні з 2015/2016 навучальным годам сёлета на 6 зменшылася колькасць садкоў з беларускай мовай навучання і колькасць выхаванцаў у гэтых установах (-279). Значнае зніжэнне колькасці выхаванцаў беларускамоўных групаў адзначана ў Брагінскім (-12%) і Кармянскім (-10,4%) раёнах.
- Пры аднолькавай колькасці ўстаноў з беларускай мовай навучання ў 2015/2016 і 2018/2019 навучальных гадах назіраецца зніжэнне колькасці выхаванцаў, для якіх навучальны працэс арганізаваны на беларускай мове, ва ўсіх раёнах вобласці, апроч Добрускага.
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і заўжды будзеце ў курсе цікавых навін і публікацый!
- Новая ўстанова дашкольнай адукацыі з беларускай мовай навучання адкрыта ў Гомлі. Цяпер тут два беларускамоўныя садкі са 127. Колькасць выхаванцаў садкоў з беларускай мовай навучання павялічылася на 0,1%.
Што з беларускай мовай у школах Гомельшчыны
- У вобласці 529 школ, у 231 з іх (43,6%) навучальны працэс арганізаваны на беларускай мове. Аднак у абсалютных лічбах па-беларуску вучацца толькі 11,03% дзяцей.
- У параўнанні з 2015/2016 навучальным годам колькасць школаў з беларускай мовай навучання зменшылася на 12, колькасць вучняў у іх — на 2624 чалавекі.
- Зніжэнне колькасці вучняў ва ўстановах з беларускай мовай навучання назіраецца ва ўсіх раёнах вобласьці, апроч Калінкавіцкага.
- Пры адсутнасці ў Гомлі ўстаноў з беларускай мовай навучання ў гімназіі № 36 імя Мележа існуюць тры беларускамоўныя класы (першы, другі і трэці) з 63 вучнямі.
Чаму «Гісторыю Беларусі» выкладаюць па-расейску і што з гэтым рабіць?
- Колькасць настаўнікаў, якія выкладаюць «Геаграфію Беларусі» на беларускай мове, павялічылася з 22% у 2016 годзе да 39% у 2018-м.
- Колькасць настаўнікаў, якія выкладаюць «Гісторыю Беларусі» на беларускай мове, у параўнанні з 2016 годам паменшылася ўдвая (з 65,5% да 31,5%).
- У школах Гомля не вывучаюць гэтыя прадметы на роднай мове.
Чаму ж «Гісторыю Беларусі» ў асноўным выкладаюць па-расейску? Па выніках апытання настаўнікаў гісторыі і метадыстаў раённых аддзелаў адукацыі ўлады вызначылі наступныя прычыны:
- нізкі ўзровень валодання беларускай мовай настаўнікамі-прадметнікамі;
адсутнасць ва ўстановах падручнікаў на беларускай мове; - недастатковы ўзровень слоўнікавага запасу вучняў, які не дазваляе ў поўнай меры засвойваць вучэбны матэрыял;
- недахоп вучэбных дапаможнікаў, вучэбных выданняў на беларускай мове для работы ў пазаўрочны час па вучэбным прадмеце.
У інфармацыйным лісце Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму паведамляецца, што летась абласны інстытут адукацыі арганізаваў павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў геаграфіі і гісторыі Беларусі з правядзеннем заняткаў па-беларуску. У 2019 годзе «праз адсутнасць заявак» такое павышэнне кваліфікацыі не запланаванае.
Беларускую мову настаўнікі выкарыстоўваюць выключна на ўроках
Афіцыйнае даследаванне паказала, што ў большасці ўстаноў з расейскай мовай навучання беларуская мова выкарыстоўваецца толькі пры правядзенні вучэбных і дадатковых заняткаў.
- На перапынках, пры арганізацыі выхаваўчай работы настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры выкарыстоўваецца расейская мова.
- Мерапрыемствы па мове, гісторыі і традыцыях беларусаў праводзяцца ў асноўным у межах тыдня беларускай мовы і літаратуры, міжнароднага Дня роднай мовы.
- Структура і змест урокаў беларускай мовы і літаратуры не адпавядае сучасным патрабаванням: адсутнічаюць тэкстацэнтрычны, лінгвакультуралагічны падыходы, не выкарыстоўваюцца прынцыпы дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, кантрольна-ацэначная дзейнасць зводзіцца да выстаўлення адзнак без каментарыяў.
Што інстытут разьвіцьця адукацыі рэкамэндуе аддзелам адукацыі?
- Забяспечыць пераемнасць мовы навучання пры аптымізацыі ўстаноў дашкольнай і агульнай адукацыі і пераводзе навучэнцаў у іншыя ўстановы.
- Спрыяць фармаванню беларускамоўных групаў пры адкрыцці груп, устаноў дашкольнай адукацыі.
- Разгледзець пытанне адкрыцця беларускамоўных групаў у садках для забеспячэння падрыхтоўкі і пераемнасці пры паступленні дзяцей у першыя класы школаў з беларускай мовай навучання.
- Прадугледжваць улік колькасці падручнікаў і дапаможнікаў, якія ёсць у раёне, пры пераходзе ўстаноў на другую мову навучання.
- Стварыць умовы для ўдасканалення прафесійнага майстэрства настаўнікаў геаграфіі і гісторыі Беларусі, якія выкладаюць прадметы на беларускай мове.
- Арганізаваць навучанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры спосабам выкарыстання абласнога віртуальнага рэсурсу на беларускай мове «Белы ветразь».
- Забяспечыць слоўнікамі школы ў колькасці, неабходнай для якаснай работы.
Можа, ёсць нешта добрае?
- У параўнанні з 2016 годам на 70 павялічылася колькасць устаноў, дзе на беларускай мове аформлена стэндавая інфармацыя, створаны этнаграфічныя куткі і музейныя пакоі.
- З 49 у 2016 годзе да 129 у 2018 павялічылася колькасць устаноў, у якіх дакументацыя і стэндавая інфармацыя аформлены і вядуцца на беларускай мове ў поўным аб’ёме.
- 56 устаноў адукацыі (у 2016 годзе — 6) вядуць сайты на беларускай мове.
Мясцовыя ўлады: «Нейкіх пэўных звышзахадаў рабіцца не будзе»
Начальніца аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Наталля Сапрыка сказала карэспандэнту Свабоды, што інфармацыя аб пашырэнні выкарыстання беларускай мовы падрыхтавана на ініцыятыву ўпраўлення.
«Гэта не цэнтралізавана, хоць існуе і агульны план, праводзіцца такая праца. Але гэта наш унутраны дакумент. Мы перыядычна глядзім усе кірункі дзейнасці, каб бачыць, як развіваецца сістэма адукацыі», — сказала чыноўніца.