У новых гістарычных абставінах усё большая ўвага звяртаецца на прадпрымальнікаў — купцоў і дваран — парэформеннага перыяду ў гісторыі Расійскай імперыі. Гэты перыяд звязваецца з такімі прозвішчамі, як Сава Марозаў, Іван Сыцін, Павел і Мікалай Рабушынкія, Аляксей і Мікалай Пуцілавы, Карл Ярашынскі, Раман Сангушка і многія іншыя. З рамана В.Я. Шышкова «Угрумака» вядомы характэрны легендарны персанаж той бурхлівай капіталістычнай эпохі — купец і прамысловец Прохар Громаў. На фоне гэтых імёнаў не губляюцца і прадстаўнікі роду Цярэшчанкаў.
Апошнім часам ва ўкраінскай гістарыяграфіі шырока асветлена грамадская дзейнасць прадстаўнікоў роду Цярэшчанкаў: у працах А.М. Доніка і В.В. Кавалінскага. Значна менш даследавана эканамічнае жыццё ў іх маёнтках: закраналася ў працах К.Г. Воблага, А.А. Несцярэнкі, Л.Г. Мельніка, Н.Р. Цяміравай, Т.І. Лазанскай, у дысертацыі Р.У. Бураўчанкі [1]. Базавым масівам крыніц для вывучэння жыцця і дзейнасці прадстаўнікоў роду з’яўляецца фамільны фонд 830 (Цярэшчанкі) у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны (г. Кіеў). Ён складаецца з двух вопісаў, што ўтрымоўваюць 2100 адзінак захоўвання. Варта адзначыць, што ў параўнанні з іншымі фамільнымі фондамі дадзенага архіва ён адрозніваецца выразнейшай асаблівасцю — цалкам належыць да парэформеннага перыяду. У той жа час іншыя фонды — звычайна тыя, што належаць дваранскім землеўласніцкім родам — пераважна асвятляюць дарэформенны перыяд у жыцці сваіх фондаўтваральнікаў і толькі каля 5 % адзінак захоўвання ў іх (па назве і архіўным апісанні) датычыцца парэформеннага перыяду1. У фондзе ж Цярэшчанкаў усяго блізу 10 спраў датычаць перыяду 1870-х гг. і толькі асобныя справы — 1850—1860-х гг. Асноўны масіў дакументаў адносіцца да канца XІX і пачатку XX ст. Такім чынам, фонд Цярэшчанкаў асвятляе менавіта той перыяд (1870—1919 гг.), калі яны дзейнічалі як буйныя землеўласнікі і цукрапрамыслоўцы.
Заўважана, што прадстаўлена ў дакументах найперш грамадская, дабрачынная дзейнасць, свецкае жыццё Цярэшчанкаў, а гаспадарчая дзейнасць у іх маёнтках — у адносна малой ступені (каля 1/10 ад усяго масіву дакументаў). Магчыма, апошняе абумоўлівае сітуацыю, што гаспадаранню Цярэшчанкаў ва ўкраінскай гістарыяграфіі не прысвячалася асобных буйных даследаванняў. Разам з тым у канцы XLX — пачатку XX ст. існаваў вялікі інтарэс сучаснікаў да гаспадаркі ў маёнтках Цярэшчанкаў. Гэта адлюстравалася ў тым, што выходзілі друкаваныя апісанні маёнткаў Мікалая і Фёдара Арцем’евічаў Цярэшчанкаў у 1896 і 1900 гг., асобныя артыкулы ў спецыялізаваных часопісах таго часу («Русское сахарное дело», «Земледелие») [2, с. 10, 16].
Заснавальнікам заможнай сям’і цукразаводчыкаў Цярэшчанкаў быў купец Арцемій Якаўлевіч з с. Локаць Глухаўскага павета Чарнігаўскай губерні. Шырока бытавала легенда пра пачатак яго багаццяў: як быццам, пры пабудове дома блізу гарадской сцяны Глухава ён знайшоў скарб. Адсюль паходзіла і яго мянушка «Карбованец» [3, с. 15—16]. Займаўся Арцемій Цярэшчанка гандлем хлебам і лесам. Яго сын Мікалайразбагацеў падчас Крымскай вайны праз тое, што, не без дапамогі хабару, падрадзіўся на пастаўку чумацкімі павозкамі пораху з Шосткінскага завода ў армію. У наступным ён стаў маркітантам пры дзеючай арміі, што таксама прыносіла немалыя прыбыткі. Новыя магчымасці для іх адкрыліся пасля скасавання прыгоннага права. З 1861 г. Мікалай Цярэшчанка разам з братамі Фёдарам і Сямёнам пачалі скупляць вялікія маёнткі [4, с. 20, 24]. Спачатку яны арандавалі зямлю і цукровыя заводы ў Глухаўскім павеце, дзе, у асноўным дзякуючы нястомнай руплівасці Мікалая Цярэшчанкі, наладзілі эфектыўную вытворчасць. Затым пачалі набываць валоданні ў памешчыкаў, якія не здолелі адаптавацца да новых парэформенных умоў гаспадарання, будучы пазбаўленымі права на рабочую сілу сваіх сялян і не здолеўшы рацыяналізаваць свае выдаткі. Такім чынам, у рукі Цярэшчанкаў яшчэ да 1870-х гг. патрапілі маёнтак і цукровы завод князя Качубея ў с. Хутар Мікалаеўскі, графа Рыбап’ера ў с. Цёткіна, князя Баратынскага ў с. Крупцы і с. Шалыгіне, некаторыя іншыя валоданні [3, с. 38].
12 сакавіка 1870 г. пры актыўным удзеле Кіеўскага генерал-губернатара князя Дундукова-Карсакова Арцемію Цярэшчанку і яго нашчадкам было пажалавана спадчыннае дваранства «… для поощрения его благотворительности» (…) «… в ознаменование заслуг его, оказанных делу водворения в Юго-Западном крае русского землевладения» [3, с. 18; 4, с. 46]. У тым жа 1870 г. браты Цярэшчанкі заснавалі «Таварыства цукровых і рафінадных заводаў братоў Цярэшчанкаў» з капіталам у 3 млн руб. Да 1890 г. гадавы абарот гэтага Таварыства дасягнуў 12 млн руб., а справамі яго займаліся 14 кантор у розных гарадах Расійскай імперыі [3, с. 40; 4, с. 46].
Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне каб быць у курсе новых публікацый і даследаванняў!
Паводле А.А. Доніка, са спасылкай на Т.І. Лазанскую, сцвярджаецца, што ў канцы ХІХ ст. Цярэшчанкам належала 200 тыс. дзес. зямлі [4, с. 34]. Спіс землеўласнікаў з выдання «Вся Россия» 1900 г. паказвае, што 16 прадстаўнікам роду належала 61 465 дзес. зямлі ў 11 паветах 5 губерняў; таксама — 3 вадзяныя і 1 паравы млыны, 3 вінакурныя і 3 цукровыя заводы, 1 смалакурны і 1 цагельны заводы, рыбалоўныя ўгоддзі, сады і іншая маёмасць [5, с. 320]. Калі датычна землеўладання лічба ў 200 тыс. дзес. сумніўная, то лік прадпрыемстваў у спісе 1900 г. заніжаны. А. А. Донік адзначае, што ў 1873 г. Таварыства братоў Цярэшчанкаў мела 6 цукровых заводаў і 1 млын з 376,2 тыс. руб. прыбытку, у 1884 г. — з 738,8 тыс. руб. У пачатку ХХ ст. у Цярэшчанкаў было ўжо 11 цукровых заводаў, у тым ліку буйнейшыя ў Расіі рафінадныя заводы (Міхайлаўскі і Тульскі — 80 % рафінаду ў краіне), і яны кантралявалі вытворчасць 1/10 расійскага цукру (даход не меней 5 млн руб.). Цярэшчанкі былі найбагацейшымі людзьмі на Украіне [4, с. 30—33].
У пачатку 1880-х гг. Андрушэўскі і Чэрвонскі заводы ў Жытомірскім павеце, што належалі Фёдару Арцем’евічу Цярэшчанку, уваходзілі ў чацвёрку буйнейшых цукровых заводаў імперыі. Апрача таго, у Ноўгарад-Валынскім павеце быў буйны Андрушэўскі цукровы завод, які належаў Мікалаю Арцем’евічу Цярэшчанку. На фоне іншых прадпрыемстваў «Таварыства братоў Цярэшчанкаў» гэтыя заводы адрозніваліся адноснай інтэнсіўнасцю. Разам з тым якасць сыравіны на Каравінецкім заводзе была мінімальная, што непасрэдна адбівалася на коштах цукру. Да прыкладу, гэты кошт на 1/10 перавышаў сярэдні паказчык па прадпрыемствах сям’і Цярэшчанкаў: 1,95 руб. за 1 пуд цукру ў сярэднім па 11 прадпрыемствах і 2,1 руб. на Каравінецкім, 2,08 руб. на Чэрвонскім заводах [6, л. 1 адв. — 4]. Адрознівалася сітуацыя на Андрушэўскім заводзе, дзе 1 пуд цукру каштаваў 1,88 руб. Апошняе тлумачылася высокай якасцю сыравіны і адносна нізкай энергаёмкасцю вытворчасці: калі на Андрушэўскім заводзе ішло 8,65 куб. сажняў дроў на апрацоўку 1000 беркаўцоў2 буракоў, то, напрыклад, на Варонежскім цукровым заводзе — 11,5 куб. сажняў дроў. Сітуацыя тлумачылася размяшчэннем завода на спрыяльнай лесастэпавай паўднёвай ускраіне Ноўгарад-Валынскага павета, якую варта адрозніваць ад уласна Палесся: утрыманне цукру ў бураках тут было істотна вышэйшае. Таксама сітуацыю тлумачыць адносна больш высокі тэхналагічны ўзровень вытворчасці на Андрушэўскім заводзе.
Пацвярджаецца меркаванне аб выключнай ролі сыравіны ў фарміраванні кошту прадукцыі цукровых заводаў на падставе параўнаўчай ведамасці па выдатках цукровых заводаў Ф.А. Цярэшчанкі за 1890—1891 гг. Выяўлена, што менавіта выдаткі на сыравіну дамінавалі сярод усіх эканамічных расходаў на цукровых заводах (40 %), уплываючы, такім чынам, у найбольшай ступені на кошт прадукцыі. У той жа час выдаткі на рабочую сілу складалі ўсяго 2 % [7, л.1-2]. Забяспечвала эфектыўнасць, датычна Каравінецкага і, у меншай меры, Чэрвонскага заводаў, пры адносна дрэннай сыравіне, — наяўнасць уласнай паліўнай базы (дровы) у маёнтках, што складала 7—9 % эканамічных выдаткаў і саступала па значэнню толькі сыравіне, тэхнічнаму аснашчэнню (да 25 % выдаткаў) і акцызу на цукар (14 % выдаткаў).
Цукровыя заводы былі засяроджаннем гаспадарчага жыцця двух буйных маёнткаў Ф.А. Цярэшчанкі: Каравінецкага (16,6 тыс. дзес., 9 эканомій) і Чэрвонскага (16,2 тыс. дзес., 17 эканомій) [8, с. 4]. Маёнткі ўтвараліся паступова, па меры прыкупкі зямлі ў 1878—1889 гг. [8, с. 3]. Разам з германскімі падданымі Вільгельмам Рау (Сцепанскі маёнтак з 40 тыс. дзес.) і князем Фердынандам Радзівілам (блізу 30 тыс. дзес.) усе Цярэшчанкі з 45 тыс. дзес. былі буйнейшымі землеўласнікамі на Валынскім Палессі, саступаючы толькі латыфундыстам з беларускага Палесся: князю Ф.І. Паскевічу (84,5 тыс. дзес.), графу Ф.В. Пуслоўскаму (117 тыс. дзес.), графу К.К. Патоцкаму (137,3 тыс. дзес.) [9, с. 32, 41; 10, с. 65-66, 69-70]. Эканамічнае жыццё, што паказальна, засяроджвалася ў больш паўднёвым і спрыяльным Чэрвонскім маёнтку. У паўночным жа Каравінецкім маёнтку 59 % плошчы займаў лес, а з планаў валодання бачна, што сядзібы ў маёнтку былі аддалены ад раскіданых і церазпалосных угоддзяў, не хапала ворыва і пад яго засвойваліся сухадольныя сенакосы, а ў многіх эканоміях захоўвалася трохполле [8, с. 4, 17].
У маёнтках былі разнастайныя пабудовы, замежны і лепшы расійскі гаспадарчы інвентар (плугі Сака, Экерта, брабантскія і простыя бароны, сеялкі Эльворці і Мендэля, інш.) [8, с. 6— 7]. У валоданні было 10 малацілак, з якіх 7 і спецыяльная майстэрня для інвентару засяроджваліся менавіта ў Чэрвонскім маёнтку. Таксама было да 1,5 тыс. валоў і 1 тыс. коней, існаваў конны завод з чыстакроўнымі рысакамі [8, с. 8]. Характэрна, што валы не вырошчваліся ў маёнтках, а набываліся ў суседніх губернях. За 4 гады іх рэсурс выпрацоўваўся, і яны год адкормліваліся на забой пры вінакурнях, што існавалі пры цукровых заводах.
Наяўныя дамовы на куплю зямлі паказваюць, што Ф. А. Цярэшчанка прыкупаў у свой час зямлю ў ваколіцах заводаў дзеля іх забеспячэння сыравінай і не лічыўся пры гэтым з выдаткамі. Так, з дамоў бачна, што ім праплочвалася запазычанасць па залогу памешчыкам, а сялянам пры размежаванні даваліся адступныя так, што тыя нават адмаўляліся на карысць новага ўласніка ад сваіх пасеваў [11, л. 1; 12, л. 2—12; 13, л. 1—4].